Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
— Дык і працавалі б у парніках. Навошта дзікіх пчол і павукоў-людаедаў выводзіць? — сказала Наташа.
— Навошта? Каб баяліся нас. Каб гнуліся перад намі. Сіла і салому ломіць. Ці не так?
— Але ж французскі фізік Жоліо Кюры пісаў, што нельга дазволіць, каб людзі накіроўвалі на сваё ўласнае знішчэнне тыя сілы прыроды, якія яны здолелі адкрыць,— не вытрымаў Міхась.
Я разумеў, што небяспечную спрэчку распачалі Міхась і Наташа. Ведаў, што дабром яна не скончыцца. Напэўна, і мае сябры выдатна разумелі гэта. Але хіба можна было згаджацца з Кляйнам?
Кляйн уважліва паглядзеў на нас.
— Пойдзем са мною,— сказаў рэзка, як аддаючы каманду.— Я адзін эксперымент праводжу. Паглядзіце.
Эксперымент доктара Кляйна
Кляйн каціўся па двары, як мячык. Мы ледзь-ледзь паспявалі за ім. Прабеглі адной дарожкай, павярнулі на другую.
— Стойце!
Кляйн спыніўся як укопаны. Мы ледзь не наляцелі на яго.
— Бачыце? — Кляйн паказаў на хатку, зробленую з бамбуку, чароту і пальмавых лістоў.
Каля хаткі, павярнуўшы набок галаву, сядзела аўчарка.
— Чаму яна так галаву выгнула? — запытаўся Міхась у Кляйна.
— А вунь ад тых слупоў калючы дрот працягнуты,— весела прагаварыў Кляйн.
Сапраўды, каля хаткі былі закапаныя два слупы, непадалёку адзін ад другога. Як для гайданкі звычайна закопваюць. Але замест гайданкі хтосьці (магчыма, і сам Кляйн) нацягнуў калючы заржавелы дрот, прыкладна ў метры ад зямлі, а мо і крыху вышэй.
— Навошта там дрот? — пацікавілася Наташа.
— Хутка даведаецеся,— пачулі ў адказ.
3-за хаткі выбег маленькі кудлаты сабачка. У зубах ён нёс кавалак мяса. Віляючы хвастом, падбег да аўчаркі, паклаў перад ёю мяса. А аўчарка нават галавы не павярнула. Толькі высунула язык і аблізнулася.
— Чаму гэты кудлацік аўчарцы мяса прынёс? Чаму так дагаджае ёй? Хіба гэтая аўчарка сабачы кароль? — здзівілася Наташа.
А кудлаты сабачка схапіў мяса ў зубы, устаў на заднія лапы і... даў аўчарцы. Аўчарка імгненна праглынула мяса.
— Сапраўдны кароль. Свайго слугу мае,— засмяяўся Міхась.— Някепска яму жывецца. Прыносяць і ў рот кладуць.
Кляйн хітра падміргнуў нам, прыжмурыўшы вока.
— Аўчарку нашыйнікам я за дрот зачапіў. Другі дзень яна тут стаіць.
У Наташы на вачах выступілі слёзы.
— Навошта так? — ціха сказала яна.
— Эксперымент. Навуковы эксперымент,— павольна расцягваючы словы, напэўна, каб лепей дайшло да нас, прагаварыў Кляйн.— Гэтыя сабакі даўно здружыліся. Маленькі хоча дапамагчы аўчарцы. Дарэмна. Кавалачкі мяса яе ўсё роўна не выратуюць. А дрот, каб маленькі і хацеў, не перагрызе. Зубоў не хопіць дрот грызці.— Кляйн уважліва паглядзеў на нас і дадаў: — Дрот тут як сімвал сілы. Сілу
нават дружба не адолее. Цяпер зразумелі, што значыць сіла?
Пакуль не ўсведамляючы, добра раблю ці кепска, я пайшоў наперад, туды, дзе сядзела аўчарка. Краёчкам вока заўважыў, што за мною ідуць Міхась і Наташа.
— Куды вы? — пачулася ззаду, як стрэл.
Я пайшоў хутчэй. Некалькі крокаў засталося да аўчаркі. Кудлаты сабачка адбегся і заскуголіў. А аўчарка загыркала, аскаліўшы іклы.
— Укусіць,— зноў ззаду, як стрэл.
Мяне апярэдзіў Міхась.
— Цюцька, цюцька,— ласкава прагаварыў ён.— He злуйся. Мы дапаможам табе.
Аўчарка замахала хвастом.
— Яна зразумела,— усхвалявана прашаптала Наташа.
Міхась ступіў яшчэ крок, працягнуў руку і адшпіліў нашыйнік. Аўчарка прысела на зямлю. Зняможылася за два дні.
Міхась пагладзіў яе па спіне:
— Ідзі. Хутчэй ідзі.
Пазіраючы на нас слязлівымі вачыма, аўчарка ўстала і, ківаючыся, пайшла за вугал хаткі. Кудлаты сабачка паляцеў за ёю. He ведаю, як у Міхася і Наташы, а ў мяне на душы стала радасна. Упершыню тут, у Кляйна, адчуў радасць. Правільна кажуць: як нямнога трэба іншы раз для радасці, для шчасця!
Мне хацелася пабегчы за аўчаркай, хацелася лашчыць яе, карміць. I мы пабеглі б, і лашчылі б, і кармілі б, і смяяліся б, і расказвалі б, як ішлі, як адчаплялі яе, калі б не Кляйн.
Ён стаяў і спадылба пазіраў на нас.
— Смелыя,— вымавіў праз сцятыя вусны, калі мы падышлі да яго.
— Эксперымент скончыўся, доктар Кляйн,— зусім падаросламу сказаў Міхась.
— Адзін скончыўся, а другі толькі пачынаецца,— пачулі мы ў адказ.— Два заданні вам даю. Два,— Кляйн падняў угору два пальцы.— Піф-Піф вам усё растлумачыць.
Рэзка, па-ваеннаму павярнуўшыся, ён пакрочыў па дарожцы.
Здараецца, што і фразеалагізмы дапамагаюць
Ну й выдумаў для нас заданні Кляйн! Самі памяркуйце. Адно заданне — балотную ваду ачысціць. Другое — таксама ачысціць. Толькі не ваду, а насенне культурных раслін ад пустазелля. Гэткіх заданняў нам і ў школе не давалі.
Мы моўчкі хадзілі па пакоі. А на стале ў крыштальнай шклянцы стаяла мутная балотная вада. I поліэтыленавы мяшэчак ляжаў, дзе было змешана насенне культурных раслін з насеннем пустазелля.
Доўга мы так хадзілі, душу сабе вярэдзілі. У мяне нават галава разбалелася.
Вось і Міхась не вытрымаў. Узяў са стала шклянку з балотнай вадой, пакруціў у руках, прамовіў:
— А калі праз акно на двор выліць? Надакучыла ўсё.
— Я табе вылью,— насварылася на яго Наташа.— Забыўся, чаго сюды прыляцелі? А Кляйн? Ведаеш, як будзе з нас смяяцца?
— Будзе,— пагадзіўся Міхась.— Яшчэ як будзе.
Я ўявіў, як зойдзецца ад смеху Кляйн, як схопіцца за жывот, як пачырванее. Аж неяк нядобра стала. Што ж прыдумаць?
Міхась адчыніў акно.
— Ружы паліваюць,— сказаў ён задуменна.— Памятаеце, як мы вясною каля школы рабіны садзілі, а пасля ўсё лета палівалі? Я, здаецца, сто гадоў рабіны не бачыў. Давайце папросім Кляйна, каб свой парнік паказаў. Ён хваліўся, што рабіна ў ягоным парніку расце.
— Ты пра рабіну сказаў? Пра рабіну? — усхапілася Наташа.
— Пра рабіну. Ну і што? — пацепнуў плячыма Міхась.— А табе хіба не падабаецца рабіна?
— Вельмі падабаецца! — з нейкай асаблівай пяшчотай прамовіла Наташа.— Ягадамі рабіны нават мядзведзі ласуюцца. I галінкі ломяць, і дрэўцы, каб ягады дастаць.
— Ну і хай сабе ломяць на здароўе.
— Чаго ты нос апусціў? — прагаварыла Наташа.— Хай ломяць... А ты ведаеш, чаму яны гэтымі ягадамі ласуюцца?
— А мне што да таго? Мне з мядзведзямі не жыць.
— I што б вы без мяне тут рабілі? — уздыхнула Наташа.— Няўжо ты не здагадаўся, што я ведаю, як балотную ваду ачысціць?
— Жартуеш?
«Смяецца з нас Наташа,— падумаў і я.— Раней мы з яе смяяліся, калі пра Эльдарада расказвала, а цяпер яна. He можа дараваць».
— Я не жартую. Чаму мядзведзі горкімі ягадамі рабіны ласуюцца? Бо ягады рабіны патрэбны мядзведзям як лякарства. Фітанцыды выдзяляе рабіна. Лятучыя рэчывы. Я ў газеце пра гэта чытала. А мая бабуля лісцямі рабіны гародніну перасцілае. Каб не псавалася. Праўда, пра фітанцыды бабуля не чытала. Даўней так рабілі. I яна гэтак робіць.
— Выходзіць, галінкамі рабіны можна і балотную ваду ачысціць? Фітанцыды дапамогуць ачысціць? — спытаў Міхась у Наташы.
— Дапамогуць,— усміхнулася Наташа.
Міхась сеў на падаконнік.
— Да-па-мо-гуць, да-па-мо-гуць,— па складах праспяваў.
— Асцярожна. Упадзеш,— сказала Наташа.— Магнітам цягне да акна.
Міхась саскочыў з падаконніка, падбег да стала, схапіў поліэтыленавы мяшэчак і высыпаў насенне на падлогу.
Наташа ажно рукамі пляснула.
— Калі цяпер пазбіраем?
— Магнітам? Ты сказала «магнітам цягне»? — спытаў Міхась.
— Сказала. «Магнітам цягне» — гэта фразеалагічны выраз.
Я толькі галавою круціў, пазіраючы то на Міхася, то на Наташу. Сёння я не разумеў іхніх загадак.
А Міхась узяў рукі ў бокі і пайшоў упрысядкі, прыпяваючы ў такт:
— Тра-та-та , тра-та-та...
— Хопіць трататакаць,— не вытрымала Наташа.— Што прыдумаў?
Міхась неяк зусім па-вучонаму стаў тлумачыць:
— 3 усім гэтым насеннем мы перамяшаем металічны парашок. Паверхня насення пустазелля шурпатая, а ў насення культурных раслін яна гладкая. Да шурпатай паверхні насення, вядома, прыліпне металічны парашок. I тады мы паднясём магніт. Што будзе? Задача з адным арыфметычным дзеяннем. Рашайце.
— Насенне пустазелля разам з металічным парашком прыліпне да магніта, а насенне культурных раслін на падлозе застанецца,— адказала Наташа.
— Вось і другую задачу рашылі,— весела сказаў Міхась.
А Наташа яму:
— Міхась, фразеалагічны выраз «магнітам цягне» табе падказаў, як гэтую задачу рашыць. А ты некалі казаў, што ні мова, ні літаратура табе не патрэбны. Болей не будзеш нас, лірыкаў, ганіць?
— Вялікія вучоныя таксама памыляліся. А што пра мяне казаць? Я неяк змяніўся тут. Вось і з табою не сварымся. А-а,— махнуў рукою.— He хочацца пра гэта. Трэба Піф-Піфа паклікаць. Хай рабіну, магніт і металічны парашок нясе.
— He трэба Піф-Піфа клікаць,— пачулі мы гучны голас Кляйна.— Я слухаў вас. Правільна вы разважалі. Адпачніце пакуль. Я іду працаваць, адключаюся. Усё.
У мяне ажно ў горле перасохла, як пачуў голас Кляйна. Зноў падслухоўваў. А думалася, што хоць паўгадзіны спакойна пасядзім.
Кляйнавы пчолкі балюча джаляць
Прайшла хвіліна, другая. Мы сядзелі, як у здранцвенні. Першым апамятаўся Міхась. Ён падышоў да дзвярэй, адчыніў іх, зірнуў у адзін бок, у другі. Затым махнуў рукою, паклікаў мяне і Наташу.
«Штосьці незвычайнае ўбачыў»,— падумаў я.
Мы з Наташай на дыбачках падышлі да Міхася. Міхась кіўнуў: маўляў, на калідор выходзьце. Выйшлі на калідор — ціха, ні душы.
Міхась шчыльна зачыніў дзверы.
— Ух! — з сілаю выдыхнуў з грудзей паветра.— Ведаеце, я быццам гару з плячэй скінуў. Так нясцерпна ў пакоі было.
— Тут можна смела гаварыць? — пацікавілася Наташа.
— Можна. Апаратура, відаць, толькі ў пакоях стаіць.
— I мне можна? — ледзь чутна прашаптаў я.
— Можна.
— Дзякую. Нарэшце. У мяне ўжо пашчэнкі звяло.
А Міхась:
— У цябе пашчэнкі працуюць, як бабулін калаўрот.
Я зусім не пакрыўдзіўся на яго. Хай параўноўвае мае пашчэнкі хоць з бабуліным калаўротам, хоць са швейцарскім гадзіннікам. Хай, калі яму так падабаецца. Абы гаварыць дазволіў.
— А вы ведаеце, што індзеец-вартаўнік бачыў, як мы ружу на лаўку паклалі? — я паведаміў тое, што найбольш мяне непакоіла.
— Якую ружу? — не зразумеў Міхась.
— Ды тую, на якую Кляйн сеў. Індзеец стаяў каля моста і ўсё бачыў.
— Чаго ты маўчаў? — накінуўся на мяне Міхась.
Ну й дзівак! Сам прымусіў маўчаць, а цяпер пытаецца. — А хто прыдумаў, каб я маўчаў? Вінаватага шукаеш? — Прабач,— сказаў Міхась.— Зусім забыўся. У мяне ў галаве ўсё пераблыталася. He падумалі мы, што індзеец бачыць. Замітусіліся. He даруе нам Кляйн, калі пра гэта даведаецца.