Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
Піф-Піф павёў нас тымі ж вузкімі змрочнымі калідорамі. Я пільна ўзіраўся пад ногі, бо штохвіліны чакаў новага сюрпрызу. «Вось адчыніцца які-небудзь люк,— думалася,— і звалімся ў скляпенне. Спачатку птушыныя спевы, a потым скляпенне. Кляйн на гэткае здатны».
Але, на шчасце, Піф-Піф вывеў нас на двор. На двары індзейцы палівалі кусты руж.
— Напэўна, і ноччу не спяць, паліваюць,— сказала Наташа.
Піф-Піф падвёў нас да пальмы, якая стаяла пасярод двара.
— Вымерайце таўшчыню гэтага дрэва,— сказаў.— Каля кораня.
Мы перазірнуліся. Жартуе? He. Здаецца, сур’ёзна кажа.
— Чым вымераць? — спытаўся Міхась.
Піф-Піф шчоўкнуў пальцамі. Да яго падбег індзеец, падаў метровую лінейку. Піф-Піф працягнуў яе Міхасю.
— Лінейкай вымерайце.
Міхась узяў лінейку, пакруціў у руках.
— Пілу нясі. Спілуем дрэва і вымераем яго таўшчыню.
— Без пілы вымерайце.
— А калі шнурком, калі вакол ствала яго абкруціць?
— Без шнурка вымерайце.
— Жартуеш?
— Так доктар Кляйн жадае.
Піф-Піф завярнуўся і пайшоў.
— Гэта экзамен,— прагаварыла Наташа.— Кляйн хоча праверыць нашу кемлівасць. Што будзем рабіць?
I фіту трэба ўмець рабіць
Даў нам Кляйн галаваломку. Таўшчыню дрэва драўлянай лінейкай вымераць... Вось каб гнуткая яна была, каб вакол дрэва можна было яе абкруціць,— тады хутка вымералі б. А драўляную не абкруціш, не сагнеш: адразу паломіцца.
— Каб гэта дрэва спілаваць, каб вымераць ды пасля каб на месца паставіць і смалою прыклеіць,— пачаў фантазіраваць Міхась.
«Бараду сабе прыклей, прафесар»,— хацеў сказаць я, але змаўчаў. Што, калі Кляйн ці хто з ягоных памагатых у кустах схаваўся, слухае нас?
Мне ў каторы раз за гэтыя дні ўспомнілася наша школа. Усё-ткі добра ў школе. Там настаўнікі. Калі цяжка, параяць, дапамогуць. А тут як на бязлюдным востраве. Нават горай у некалькі разоў. Бо Кляйн вачэй не спускае.
Успомнілася, як у школе нядаўна музей стваралі — «Музей хлеба». Як розныя рэчы ў музей прыносілі. Тыя прылады, якімі нашы дзяды і бабулі раней карысталіся. Я калаўрот прынёс. А хтосьці з нашых школьнікаў прынёс...
«Фіту»,— ледзь не крыкнуў я.
Ледзь не крыкнуў, бо здагадаўся, чым можна таўпічыню дрэва вымераць. Фітою. Такою прыладаю, якая ў нашым музеі ёсць.
Я таўхануў локцем Міхася, Наташу — маўляў, глядзіце — і на жоўтым пяску пальцам (калі ж які-небудзь кіёчак будзеш шукаць!) намаляваў, хоць крыху і нязграбна выйшла:
-2
— Дык гэта дрэвамер, па-нашаму, па-мясцоваму, фіта! — усклікнула Наташа.— Фітою раней леснікі таўшчыню дрэваў вымяралі. Цяпер і мы таўшчыню пальмы вымераем.
Наташа нагнулася і... пацалавала мяне ў шчаку. Ведаеце, як чырванее рак, калі зварыцца? А я ў гэты момант, напэўна, быў чырванейшы за варанага рака.
Я ўсхапіўся, наставіў рукі, засланяючыся. А што, калі Наташа зноў надумае пацалаваць?
Наташа звонка-звонка засмяялася:
— Ну й баязлівец!
— А чаго ты на яго накідаешся? — заступіўся за мяне Міхась.
— He буду. Болей ніколі не буду,— смяялася Наташа.
— Піф-Піф! — гучна крыкнуў Міхась.
Мы думалі, что Піф-Піф у доме, а ён ззаду вылез, з кустоў.
— Я вас слухаю.
Мы ажно падскочылі.
— Цьфу,— плюнуў Міхась на зямлю.— Піф-Піф, ты здань ці чалавек?
— Я вас слухаю.
— Да яго не дойдзе,— сказала Наташа.— He старайся, не выхоўвай.
Міхась паказаў на мой малюнак.
Піф-Піф, мы хочам зрабіць вось такую прыладу. Каб таўшчыню дрэва каля кораня вымераць. Як твайму гаспадару хочацца. Але голымі рукамі гэтую прыладу не зробіш. Нам патрэбны піла, малаток, два цвікі, аловак, долата і драўляныя рэйкі. Добра, калі паструганыя прынясеш. Зразумеў?
Піф-Піф моўчкі павярнуўся і пайшоў.
— Да Кляйна пасунуўся,— сказала Наташа.
Мы селі на лаўку і сталі гадаць: прынясе ці не прынясе Піф-Піф усе гэтыя інструменты?
Мне не вельмі хацелася, каб ён іх прынёс. Рабіць фіту на такой гарачыні? He, лепей у цяньку пасядзець. Можа, пашкадуе нас Кляйн? Мы здагадаліся, як таўшчыню дрэва вымераць. Скажа: «Прыдумалі — і хопіць».
Ды Кляйн, відаць, усё рабіў наадварот. Праз паўгадзіны Піф-Піф прынёс і пілу, і малаток, і долата, і цвікі, і доўгую драўляную рэйку, і аловак.
Мы прыняліся за работу. Адрэзалі ад рэйкі тры кавалкі: два меншыя, роўныя, а трэці крыху большы — на метр. На маім малюнку ён пад лічбай адзін паказаны. На адным канцы прыбілі да яго цвікамі калодачку — невялікі кавалак ад рэйкі,— прыставілі лінейку, нанеслі дзяленні, сантыметровыя і нават міліметровыя.
А вось далей прыйшлося папацець. Долатам на канцах меншых планак давялося дзіркі дзяўбсці. А гэта работа нялёгкая. I далікатная. У адной планцы, якая на малюнку паказана пад лічбай два, выдзеўблі дзірку так, каб гэтая планка магла пасоўвацца па планцы, дзе дзяленні нанесеныя. А ў другой планцы выдзеўблі дзірку якраз на таўшчыню метровай планкі, той, што з дзяленнямі. Прасадзілі яе ў гэтую планку, замацавалі нерухома. Так і фіту зрабілі.
— Вось якія рагулькі ў нас выйшлі! — узрадавалася Наташа.
— Гэтыя рагулькі мех золата каштуюць,— сказаў Міхась.— 3 мяне, пакуль зрабіў, сем патоў выцекла.
Узялі мы фіту, рагулькамі да ствала прыставілі, каб шчыльна-шчыльна са ствалом было. Трыццаць тры сантыметры пяць міліметраў — вось якую таўшчыню фіта на дзяленнях паказала.
Ніколі я не думаў, што давядзецца таўшчыню неспілаванага дрэва мераць. А давялося.
Дзікія пчолы і іншае
У гэты дзень мы палуднавалі без Кляйна. Зноў нас кармілі і цяпай, і патрашкай. А потым прынеслі смажаную бульбу з салёнымі агуркамі. Адставіўшы ўбок талеркі з цяпай і патрашкай, мы дружна накінуліся на бульбу. ПіфПіф, які гаспадарыў за сталом, напэўна, глядзеў на нас і здзіўляўся: чаму раптам у нас такі апетыт з’явіўся?
Калі мы ўсталі з-за стала, Піф-Піф сказаў:
— Доктар Кляйн прасіў, каб вы яго пачакалі.
Зноў селі за стол. Індзейцы сабралі са стала посуд, выйшлі з пакоя. Разам з імі пайшоў і Піф-Піф. Дзверы ён пакінуў адчыненымі. Мы зразумелі, што хутка з’явіцца Кляйн.
I не памыліліся. Кляйн увайшоў у пакой, прагаварыў, не прывітаўшыся:
— Малайцы, галубкі, малайцы. Хвалю за кемлівасць.
А я сядзеў і разважаў: «Чаму ён да нас прыйшоў? Што яшчэ прыдумаў? Магчыма, загадае, каб дрэвы ў лесе палічылі. Адвядзе якую-небудзь дзялянку: лічыце, лайдакі, няма чаго мой хлеб дарма есці. Някепска было б, каб такое заданне даў. I яго папрасілі б, каб з намі пайшоў. А там паказалі б, як Рымша з панам гаварыў. Прывязалі б да дрэва і лупцавалі б, пакуль тры скуры не сышло б. I вайну яму ўспомнілі б, і Эльдарада».
Вось так я разважаў, хоць і разумеў, што такое разважанне — самая звычайная фантазія. Цяпер я ведаў: з Кляйнам няпроста змагацца. Але ж такая фантазія цешыла. Дык чаму не паразважаць, калі на душы прыемна становіцца?
— Доктар Кляйн,— перабіў мае разважанні Міхась,— дзе вы так доўга бавіліся? Ці не ў Еўропу па бульбу і агуркі ляталі?
Кляйн неяк радасна заржаў. (He, не думайце, што я памыліўся. Менавіта заржаў. Недзе з самага горла ішоў ягоны смех і вельмі нагадваў конскае ржанне.)
— У мяне ёсць свая Еўропа. Хоць і маленькая. У мяне свае парнікі. Там і бульба расце, і ўкроп, і цыбуля, і памідоры. Нават парэчкі, маліна, рабіна. Гэта мая маленькая Еўропа. Вядома, я мог бы абысціся і без парнікоў. У Эльдарада заўсёды цёпла. Але індзейцы... Раскрадуць усё. Дый парнікі я спачатку для пчол будаваў.
— Для пчол? — вырвалася ў Наташы.— Пчолы ў вуллях сядзяць.
Твар у Кляйна свяціўся, як новы самавар. Я здагадаўся, што сёння асаблівы настрой у яго.
— Пчолы ў мяне незвычайныя. Атрутныя і вельмі агрэсіўныя. На любую жывую істоту роем нападаюць. Вось і паставіў я вуллі ў парнікі.
— Вы баяліся, што яны па Эльдарада разляцяцца, індзейцаў пакусаюць? — дрыготкім голасам прамовіла Наташа.
Кляйн гучна шчоўкнуў пальцамі.
— Баяўся, каб у мой дом не заляцелі. А індзейцы... Індзейцы што. Яны да ўсяго прывыкаюць. Дый скура ў іх дубільная. Ніякая пчала яе не праткне. Ха-ха-ха...
Кляйн рагатаў, шырока адкрыўшы рот. А я падумаў: «Вось каб тую пчалу туды кінуць. Хай патанцаваў бы».
— А дзе цяпер вашы пчолы? — спыталася Наташа.
— Тут. А колькі раёў да суседзяў, у Амерыку, выпусціў. Для эксперымента. Яны лятаюць па Амерыцы, на жывёл нападаюць, на людзей. А я пра гэта па радыё слухаю. Слухаю і розуму набіраюся.
У мяне ажно ў скронях затахкала, як пачуў такое. Я ўспомніў пра другога нямецкага вучонага, які, як і Кляйн, таксама жыў у Баварыі. Толькі ў васямнаццатым стагоддзі. Пра Якуба Шафера. Ён назіраў за тым, як восы сваю хатку будуюць. Адгрызаюць кавалачкі гнілога дрэва і ляцяць з імі да сваёй хаткі. А там перажоўваюць іх і сцены робяць, падобныя да прамакаткі. Шафер прыйшоў дамоў, сабраў валокны драўніны, апілкі, стоўк у ступе, прасеяў праз рэ-
шата, вадою развёў. Затым тое месіва прыціснуў прэсам, высушыў. Так ён навучыўся паперу вырабляць. Ды іншых навучыў. А гэты? Што ён вярзе?
— Вы не думалі пра тое, што людзям страшна? — спыталася Наташа.
— Ха-ха-ха... Страшна... Ха-ха-ха...
Рагочучы, Кляйн паваліўся на крэсла. Я нечакана для сябе націснуў на кнопку. Вы, напэўна, памятаеце, што ў Кляйна, калі націснуць на кнопку, што справа, крэслы падскоквалі, як наравістыя коні?
— Авой! — падскочыў Кляйн разам з крэслам.— Авой! Авой!
«Пакатайся крыху на сваім коніку, пакатайся. Яшчэ не так завойкаеш»,— радаваўся я.
Кляйн націснуў на кнопку, што злева. Крэсла перастала падскокваць.
— Гэтыя кнопкі я паздымаю,— прагаварыў Кляйн, уважліва пазіраючы на мяне.— Душу вытрасуць. He заўважыў, як націснуў на праклятую.
Доктар Кляйн, чаму ў вас так часта ружы паліваюць? — вырашыў перавесці гаворку на іншае Міхась.
— Назіральны ты. Малайчына,— пахваліў Кляйн Міхася.— Чуў, што такое фітатэрапія? Лячэнне пахам кветак. Пахі многіх кветак жыццядзейнасць арганізма падтрымліваюць. А калі пах кветак асабліва ўзмацняецца? Пасля дажджу. Тады эфірнае масла хутчэй выпараецца з нектарніка кветкі. Гэта ад таго, што дажджынкі ў нектарнік трапляюць. Вось я і хачу, каб ружы не толькі пасля дажджу моцна пахлі.
«Я хачу...» Хачу — і ўсё. Такі ягоны закон. Быццам малое дзіця разважае. «Я хачу...» А як астатнім?
— Праўда, што вы ведаеце, як жыццё прадоўжыць? спытаўся Міхась.
Кляйн пагладзіў сябе па жываце.
— Я шмат чаго ведаю. Я, напрыклад, ведаю, што неўзабаве атрымаю прадукты з метала. Такая складаная сістэма, як жывая клетка, функцыянуе паводле цвёрдых законаў хіміі. Гэта адкрыццё дазволіла мне атрымаць клеткі з патрэбнымі для маіх задум характарыстыкамі. Я нават стварыў зусім новыя гібрыды клетак. Гэта пераадольвае бар’ер несумяшчальнасці. У маім парніку растуць гібрыды яблынь і вішань, бульбы і памідораў. Уяўляеце?