Мой сябар Дон Кіхот  Аляксей Якімовіч

Мой сябар Дон Кіхот

Аляксей Якімовіч
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 333с.
Мінск 2018
50.59 МБ
— Вы расказалі, што сюды прыляцелі, што другія суткі мяне шукаеце,— працягваў Кляйн.— А дзе Кока-Кола, дзе Банан, дзе Кальмар?
Ён па-гусінаму выцягнуў шыю, чакаючы ад нас адказу.
— «Яшчарка» ўзарвалася. Толькі мы выратаваліся,— адказаў Міхась.— Кока-Кола нам парашуты аддаў.
Кляйн скрыгатнуў зубамі.
— Узарвалася. Гэта праўда, цяпер я веру табе. Я сам знайшоў абломкі «Яшчаркі». Шкада яе. Далёка я на «Яшчарцы» лятаў. Шмат чаго прывёз у Эльдарада.
— I шымпанзэ прывезлі? — спыталася Наташа.
— А вы і сапраўды вундэркінды,— усміхнуўся Кляйн.— Я Мікі з Афрыкі прывёз. Думаў з яго паслухмяную малпу зрабіць, а ён...— Кляйн цяжка ўздыхнуў: — Што ж, Мікі і крыжавік даўно адзін аднаго не любілі. Толькі клеткі іх мірылі. Я прадчуваў, што будзе бяда. А ўсё Кока-Кола. 3-за яго так выйшла.
— Кока-Кола нам свае парашуты даў,— нясмела прамовіла Наташа.
Кляйн скрывіўся. Быццам чаго горкага з’еў.
— Гэта да яго падобна. Яму трэба было нарадзіцца не мужчынам, а міласэрнай сястрой. Вы як думаеце?
— Доктар Кляйн,— сказаў Міхась,— мы вунь колькі ляцелі. Мы ў лесе заблудзіліся. А вы...
— Хопіць, хопіць,— замахаў рукамі Кляйн.— Ты хочаш сказаць, што дапытваю вас? Што ж, Кляйн стары. Кляйну можна выбачыць. Болей не буду ні пра што пытацца. У маю лабараторыю запрашаю. Пачастую. Спаць пакладу. Кляйн добры. Вы ўбачыце, што Кляйн добры. За мною, мае галубкі-вундэркінды.
Кляйн сеў на каня, і мы па ўтаптанай коньмі траве пайшлі ў лабараторыю.
Мне так хацелася сказаць гэтаму «добраму» Кляйну, каб хоць Наташу на каня пасадзіў. Але трэба было маўчаць.
Частка трэцяя
«Добры» КЛЯЙН
I калючкі пякуцца
Яшчэ здалёку мы ўбачылі на пагорку вялікі двухпавярховы дом, а каля яго яшчэ некалькі аднапавярховых домікаў з бамбуку, чароту і пальмавых лістоў.
— Мая лабараторыя,— паказаў Кляйн на двухпавярховы дом.— Тут я жыву і працую. А цяпер, канечне, і гасцей прыму. У Эльдарада я ні разу гасцей не прымаў. Вы мае першыя госці.
Кляйн зірнуў на нас і зарагатаў, ажно прыпадаючы да грывы каня.
«Таўстапузы сяннік, калі ты ўжо лопнеш?» — падумаў я.
— Доктар Кляйн, а хто ў маленькіх хатках жыве? — спытаўся Міхась.
— Я.
— Вы?!
— Гэтыя хаткі на палях стаяць, каб пакоі ветрыкам прадувала. Там днём, калі горача, адпачываць добра.
— А дзе вашы, вашы...
Міхась так і не дагаварыў. He змог сказаць: слугі. He павярнуўся язык, каб чалавека слугою назваць.
— А-а, ты пра індзейцаў? У лабараторыі ёсць скляпенне. Там, бывае, доследы праводжу. Туды індзейцаў на ноч зачыняю. Канечне, не ўсіх. Некаторыя і ў лабараторыі жывуць, і ў хатках. Піф-Піф, напрыклад. Ён мне не раз дапамагаў. Піф-Піф, пакажы дарагім гасцям, як страляць умееш.
Мы пад’ехалі да рова, напоўненага вадою. На другім баку рова, якраз супроць нас, старчма стаяў драўляны мост (я здагадаўся, што гэта той пад’ёмны мост, пра які нам
Кока-Кола расказваў). За мостам была невялікая рознакаляровая будка. Дзівосны казачны домік яна нагадвала. Каля будкі, на траве, спаў індзеец.
Пакуль мы разглядалі ўсё гэта, Піф-Піф зняў з-за спіны лук, дастаў з пояса стралу, узвёў лук і, амаль не цэлячыся, стрэліў. Страла, прасвістаўшы ў паветры, засела каля самай галавы індзейца. Індзеец прыўзняў галаву і перавярнуўся на другі бок.
— Паказычы яго, Піф-Піф, паказычы,— прамовіў Кляйн.
Піф-Піф зноў узняў лук. Страла слізганула па валасах індзейца і з сілаю ўваткнулася ў пясок.
Індзеец ускочыў, спалохана азіраючыся.
Кляйн запляскаў у далоні.
— Клас! Вось гэта клас! — і ўжо цішэй паведаміў нам: — А гэтыя стрэлы атручаныя.
Індзеец пабег у будку. Праз секунду мост пачаў паволі апускацца.
— Электроніка,— пахваліўся Кляйн.— У будцы спецыяльныя кнопкі. Націснуў — мост падымаецца альбо апускаецца. Зручна?
Ён стукнуў каня абцасам і пераехаў на другі бок.
Адразу за мостам пачыналася дарожка, пасыпаная жоўтым пяском. Hi смяцінкі на дарожцы, толькі адбіткісляды. Паабапал раслі пальмы і ружы: белыя, чырвоныя, нейкія чорныя, як вугаль. Пад пальмамі, у цяньку, стаялі лаўкі.
Піф-Піф паехаў па дарожцы, спыніўся воддаль, а Кляйн злез з каня, закрычаў:
— Свіння! Вылазь з будкі.
Да мяне спачатку не дайшло, што ягонае «свіння» адрасавалася індзейцу-вартаўніку. Потым здагадаўся, калі Кляйн яшчэ мацней закрычаў:
— Вылазь з будкі. Я табе ўсё роўна не дарую!
Індзеец выйшаў з будкі, стаў, апусціўшы галаву.
— Свіння! Калі ты нарэшце выспішся?
— Доктар Кляйн, я дзве ночы не спаў. Вы ведаеце.
Кляйн, хутка-хутка перабіраючы нагамі, затупацеў. «Як нашы дзядзькі на вяселлі»,— падумалася мне. Я, не стрымаўшыся, засмяяўся. Міхась паказаў мне кулак.
— Маўчы.
— Ён зараз скрозь зямлю праваліцца,— кажу паціхеньку.
— Маўчы. Забыўся?
— Свіння! — крыкнуў Кляйн.
I, размахнуўшыся, стукнуў індзейца па твары. Індзеец упаў на траву. А Кляйн, павярнуўшыся да нас, сказаў:
— Хай ведае, што такое нямецкі парадак.
«Фашыст»,— хацеў крыкнуць я, ды падумаў, што гэтым словам Кляйна не пакрыўдзіш. Наадварот, яно палашчыць ягоны слых. Вось як бывае. Адзін словам «фашыст» і жывёлу пасаромеецца назваць, а другому яно як медаль, як гонар.
— Нямецкі парадак! О-о-о, нямецкі парадак! У мяне ўсюды парадак,— прыцмокваючы губамі, некалькі разоў паўтарыў Кляйн і, задаволена ўсміхаючыся, пайшоў да Піф-Піфа...
Я прыгадаў помнік, які стаяў у цэнтры нашай вёскі. На мармуровай пліце высечаныя прозвішчы тых, хто не вярнуўся з вайны. I майго дзядулі высечанае прозвішча. Яго Аляксандрам звалі. Я ніколі яго не бачыў. Нават на фотаздымку. Бо і фотаздымак у вайну згарэў. Я засунуў руку ў кішэню, намацаў у ёй нейкія паперкі і, не пазіраючы на іх, кінуў на дарожку, на жоўты пясок.
Я з нецярпеннем чакаў, калі адвернецца Кляйн. Я свідраваў позіркам яго тлустую спіну і бязгучна шаптаў: «Ненавіджу твой парадак! Ненавіджу! На злосць зраблю».
— Ты што задумаў? — тарганула за руку Наташа.
Яна нагнулася і хуценька сабрала паперкі.
— Кінь. Хай ляжаць.
Наташа затуліла мне рот далонню.
— Маўчы. Паперкі ад нашых цукерак. На іх па-беларуску напісана. Эх ты!
— Аддай.
— Супакойся. Мы не даруем Кляйну,— сказала Наташа.— Зараз ён патанцуе ў нас.
Наташа сарвала ружу, дакранулася ёю да маёй рукі. Я адхапіў руку — шыпы кальнулі, як сталёвыя іголкі.
Наташа падала ружу Міхасю.
— Схавай. Пакладзеш на лаўку, калі Кляйн будзе садзіцца.
— Коней на стайню адвядзеш. I каб парадак быў,— пачулі мы, як гучна сказаў Кляйн Піф-Піфу.
Піф-Піф паехаў па дарожцы.
— У беднага Кляйна ўжо ногі не ходзяць,— паскардзіўся Кляйн, падыходзячы да нас.— Праз паўгадзінкі папалуднуем, адпачнём. Я загадаў Піф-Піфу. Ён усё зробіць.
— Доктар Кляйн,— звярнулася да Кляйна Наташа,— вы адпачніце. На лаўку прысядзьце.
Кляйн выняў з кішэні белую хусцінку, выцер з твару кроплі поту.
— Ты добрая дзяўчынка. Вельмі добрая. Ты разумееш беднага Кляйна. Я вельмі рады, што вы прыляцелі да мяне. Вы не пакінеце Кляйна, калі ён пастарэе.
Наташа вяла Кляйна да лаўкі, а ён, адступаючыся задам, усё паўтараў:
— Ты добрая. Вельмі добрая...
— Сядайце. Калі ласка.
Міхась, падміргнуўшы нам, непрыкметна паклаў ружу на лаўку. Кляйн сеў.
Некалькі секунд ён сядзеў, шырока адкрыўшы рот, і са свістам выдыхаў паветра. Паветра выходзіла з яго, як з прапоранага мяча. Пасля ўсхапіўся, падскочыў раз, другі.
— Танцуе,— шапнула мне Наташа.— А што я табе казала?
Але танцаваў ён нядоўга.
— О-о-о, як баліць! — заенчыў Кляйн.
Схапіў з лаўкі пакамечаную ружу, кінуў на дарожку і стаў да знямогі таптаць нагамі. Нарэшце спыніўся, зірнуў на нас ашалелымі вачыма.
— Гэтыя індзейцы мяне да інфаркту давядуць! Што мне з імі зрабіць? — I ён, схапіўшыся за балючае месца, хутка пакрочыў па дарожцы. Мы, пырскаючы ад смеху, пайшлі за ім.
«Гэта табе і за індзейца, і за нямецкі парадак,— цешыўся я.— Ты ў нас яшчэ не так патанцуеш».
Дарожка зварочвала направа, туды, дзе стаяў двухпавярховы дом. Я азірнуўся. Каля моста стаяў індзеец-вартаўнік і глядзеў на нас.
Я адразу перастаў смяяцца.
Індзеец бачыў, усё бачыў. Няўжо раскажа Кляйну?
Апусціўшы галаву, я пайшоў далей. А Міхась і Наташа радасна ўсміхаліся.
Хто каго, альбо жарты-сюрпрызы
Мы засталіся на двары, а Кляйн пабег у дом.
— Вымаць калючкі,— засмяялася Наташа.
Мы селі на лаўку, з цікавасцю разглядваючы двухпавярховы дом, пабудаваны з тоўстых круглякоў. Шырокія вокны дома беляхцелі фарбаю, страха, накрытая чаротам, строма падымалася ўгару. Чатыры прыступкі вялі да вузкіх і высокіх, як у царкве, дзвярэй.
Вакол дома былі разбітыя клумбы: трапецыямі, трохкутнікамі, шматкутнікамі, а каля вокнаў раслі архідэі. Ад дома ва ўсе бакі разбягаліся дарожкі, пасыпаныя жоўтым пяском. На дарожках стаялі індзейцы і са шлангаў палівалі кветкі.
Пахі п’янілі галаву, а цішыня закалыхвала, наганяла сон.
— Любіць Кляйн хараство,— сказала Наташа.
— He хараство любіць, а добра пажыць,— паправіў Міхась.— Сапраўдны дом адпачынку яму пабудавалі.
— Тут людзям трэба жыць,— прамовіла Наташа.— A ён агідных павукоў гадуе.
— Адальюцца воўку авечыя слёзкі,— сказаў Міхась.
Я шчыра пазайздросціў сваім сябрам. Гавораць колькі хочацца, а мне прыходзіцца маўчаць. А так карціць расказаць пра вартаўніка! Хай ведаюць, што бачыў, як ружу на лаўку паклалі.
Я азірнуўся па баках. Здаецца, далёка індзейцы-палівальшчыкі.
— А...— толькі раскрыў я рот, а Міхась як тупне нагою: маўляў, маўчы.
А сам не ведае, якая небяспека нам пагражае. Як жа расказаць яму пра гэта? Хіба на пяску напісаць?
Але напісаць я не паспеў. Высокія дзверы ў доме адчыніліся, і мы ўбачылі Кляйна.
— Заходзьце, дарагія госцейкі,— гучна сказаў ён.
Мне здалося, што гэтае «дарагія госцейкі» ён вымавіў са здзекам. Ды асабліва разважаць і думаць не было калі.
Дарагія госцейкі — гэта значыць я, Міхась і Наташа — усталі з лаўкі і пайшлі ў лабараторыю Кляйна. Кляйн ішоў паперадзе. Па драўлянай лесвіцы мы падняліся на другі паверх. Далей Кляйн павёў нас доўгім вузкім калідорам. Мы, калі цяпер не памыляюся, павярнулі налева, потым направа.
— Заходзьце, галубкі, заходзьце,— паказаў Кляйн на расчыненыя дзверы ў самым канцы калідора.— Залятайце ў клетку. Хі-хі-хі...
Пасярод пакоя, у які мы зайшлі, стаяў паліраваны прастакутны стол, а вакол стала — крэслы з выгнутымі спінкамі.