Мой шлях да Беларусі  Зінаіда Бандарэнка

Мой шлях да Беларусі

Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
64.34 МБ
MOM ШЛЯХ ДА БЕЛАРУСІ
КНІГАРНЯ
ПІСЬМЕННІКА
Зінаіда Бандарэнка
мой шлях
ДА БЕЛАРУСІ
Успаміны
Мінск «Медысонт» 2020
УДК 654.197(476)(092)+929Бандарэнка
ББК 76.032(4Бем)
Б23
Серыя заснавана ў 2009 годзе
У выданні выкарыстаны фотаздымкі Уладзімра Крука, Юрыя Іванова, Анатоля Каляды, Яўгена Коктыша, Сяргея Шапрана, Уладзіміра Джэйгалы, svaboda.org, lit-bel.org і сямейных фотаальбомаў.
Асаблівая падзяка Нобелеўскай лаўрэатцы па літаратуры 2015 года Святлане Алексіевіч
Падзяка генеральным спонсарам праекта:
Тэлеканалу «Белсат»
Саюзу беларускіх пісьменнікаў
Фонду «Вяртанне» / Паўлу Бераговічу
Выдавецтву «Медысонт»
Мэблевай ініцыятыве «Цесляры»
Інфармацыйнаму агенцтву БелПАН
Анатолю Сяргею
Ігару Жабароўскаму а таксама:
Людміле Атчанашанка, Зоі Бартош, Станіславу Багданкевічу, Аляксею Брыло, Алесю Вячорку, Святлане Галавач, Уладзіміру Джэйгалу, Яраславу Іванюку, Уладзіміру Іскарцаву, Святлане Калінкінай, Артуру Квяцінскаму, Міраславу Кобасу, Івану Кобзіку, Юліі Лабанавай, Жанне Літвіной, Паўлу Мажэйку, Алесю Мазаніку, Людміле Мірзаянавай, Генадзю Мерчы, Аляксандру Мядзеедзю, Яну Мяльніцкаму, Валянціне Навіцкай, Галіне Навіцкай, Сяргею Падсасоннаму, Наталлі Пархомчык, Паўлу Ржэвускаму, Любаміру Рэгаку, Ігару Сакалову, Пятру Станхевічу, Іосіфу Сярэдзічу, Якаву Трэмбольскаму, Ніне Шыдлоўскай, Аляксандру Шыпко
Вельмі ўдзячноя за інфармацыйную падтрымку Аляксандру Класкоўскаму і Сяргею Шапрану
Бандарэнка, 3. А.
Б23 Мой шлях да Беларусі / Успаміны / Зінаіда Бандарэнка. — Мінск :
Медысонт, 2020. — 236 с. — (Кнігарня Пісьменніка).
ISBN 978-985-7261-11-6.
Успаміны адной з самых яскравых і любімых савецкіх дыктарак, Народнай артысткі Беларускай ССР Зінаіды Бандарэнка. Расповед вядомай тэлевядучай будзе цікавы не толькі тэлегледачам сталага ўзросту, але і людзям маладым, якія мараць атрымаць прафесіюжурналіста, ці проста цікавяцца мастацтвам.
УДК 654.197(476)(092)+929Бандарэнка
ББК 76.032(4Бем)
ISBN 978-985-7261-11-6	© Бандарэнка З.А., 2020
© Афармленне. ТАА «Медысонт», 2020
Ёсць імёны, якія самі па сабе гісторыя. Адно з такіх імёнаў — Зінаіда Бандарэнка. 3 Зінаідай Бандарэнка звязана нараджэнне нашага нацыянальнага тэлебачання. Дзясяткі гадоў з дня ў дзень мы бачылі на экранах сваіх тэлевізараў гэтую прыгожую жанчыну, навіны «гаварылі» яе голасам. У гэтай кнізе яна сама расказвае пра сябе і пра савецкі, ужо міфалагізаваны, час. Яна — бясцэнны сведка, а сведка — гэта той чалавек, якому мы, знявераныя ў савецкіх ідэях, а таксама ў постсавецкім часе, яшчэ давяраем, бо мы па-ранейшаму не свабодныя. Свабода, як жар-птушка, заўсёды вабіць нас і вырываецца з рук. Аўтар гэтай кнігі разважае пра сябе і пра тое, чаму пакуты нашага народа не канвертуюцца ў свабоду, а занявольваюць нас. Мы прывыклі казаць пра свае пакуты, а свабоды баімся.
Такія кнігі вучаць нас свабодзе. Адгарніце першую старонку — і пачынайце думаць...
Святлана Алексіевіч
Маёй матулі, паляшучцы Марыі Клімовіч прысвячаецца.
Доўга думала, шукала, вагалася, з чаго пачаць мае ўспаміны?
Што ў маім доўгім творчым жыцці самае галоўнае, а што другаснае?
Вырашыла пачаць так.
Сталіца Украінскай ССР Кіеў урачыста прымаў у сябе Першы ўсесаюзны фестываль тэлевізійных фільмаў. Гэта быў 1966 год.
На адкрыцці фестывалю ўсе 15 дыктараў саюзных рэспублік віталіся кожны на сваёй роднай мове. Дыктара Цэнтралынага тэлебачання Валянціну Міхайлаўну Лявонцьеву сустрэлі даволі стрымана. Большымі апладысментамі адарылі Тамару Чалую — дыктара ўкраінскага тэлебачання. Мой жа выступ прынялі лепш за іншых, а калі на беларускай мове перадала ўкраінцам прывітанне ад сінявокай Беларусі, апладысменты ператварыліся ў авацыі. I я ўбачыла, як людзі апладзіравалі і падымаліся з месцаў.
Калі вярнуліся дадому, у прэсе было шмат станоўчых каментарыяў. Да мяне падыходзілі, віншавалі. Упершыню адчула зацікаўленасць да сябе, калі раптам задавалі пытанне, дзе я нарадзілася?
Кожны тыдзень у нас праходзіла «лятучка», дзе збіраліся кіраўнікі аддзелаў, праграм і проста ўсе жадаючыя — нешта падобнае на «разбор палётаў». Калі дайшла гаворка да нашай украінскай паездкі, Вячаслаў Пятровіч Палескі, старшыня Рэспубліканскага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, адразу ўзяў слова: «Напэўна, усе вы бачылі, як сустракалі нашу Зіну. Думаю, яна разумее, што так віталі не яе, а нашу рэспубліку». I я, канечне, гэта разумела. Больш за тое, там, у Кіеве, упершыню адчула такі вялікі гонар за Беларусь, за нашых людзей.
У 1972 годзе наш знакаміты пісьменнік Іван Паўлавіч Мележ атрымаў Ленінскую прэмію за першыя два раманы
сваёй «Палескай хронікі» — «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы». Калі я чытала ў эфіры з тэлетайпнай стужкі паведамленне пра гэта, павіншавала Івана Паўлавіча з узнагародай, а на наступны дзень нечакана сустрэла яго. Паўтарыла віншаванні. Ён падзякаваў і раптам спытаў, адкуль я родам. 3 задавальненнем адказала, што з яго роднага Палесся. На гэта задаволены Іван Паўлавіч заўважыў: «Вось я і чую, што гаворка ў вас надта шляхетная».
Першыя крокі
Мама мая, Марыя Піліпаўна Клімовіч, родам з Гомельшчыны. Нарадзілася яна ў 1903 годзе не ў самай беднай сям'і. Скажу так: гэта была сям'я «сераднякоў». Паводле маміных расповедаў трошкі ўяўляю іх дом, хаця сама там ніколі не была. Між Рэчыцай і Лоевам была такая вёсачка — Лесуны, якая хавалася сярод палескіх лясоў. Гэта недалёка ад таго месца, дзе Сож упадае ў Дняпро. Мама мая з тых мясцінаў.
Сям'я была шматдзетная. Раней жа было як? Шанавалі Бога і баяліся граху. Колькі Богдаваў дзяцей, столькі нараджалі і гадавалі.
Маміна мама (мая бабуля) памерла вельмі рана. Зразумела, што доўга заставацца адзін дзед не мог. У дом прыйшла іншая жанчына, якая для маёй мамы стала мачахай. Мама была самая малодшая, дый ростам маленькая. У дзяцінстве перахварэла на залатуху, якая ў Беларусі тых часоў была вельмі распаўсюджанай. Хвароба моцна аслабіла яе здароўе. На хваравітую дзяўчынку не звярталі асаблівай увагі і вельмі здзівіліся, калі яна ператварылася ў прыгажуню. Пра такіх звычайна кажуць — ладна скроеная прыродай. Мама была вельмі зграбнай і прывабнай дзяўчынай.
Для ўсіх гэта было неспадзяванкай. I для сваякоў, і для суседзяў. На яе пачалі заглядацца вясковыя жаніхі. Сярод іх — і сын мясцовага багацея Павел. Маме тады было толькі шаснаццаць гадоў. Ён быў старэйшы гадоў на пятнаццаць. Яна яго амаль не ведала, а таму, калі Павел пасватаўся, гэта стала нечаканасцю. Такі шлюб быў вельмі пажаданы для яе сям'і, дарэчны, бо на той момант раптоўна памерла і мачаха.
Бацька адразу даў згоду сватам Паўла. Хутка ўзялі шлюб, справілі вяселле, што тады лазначалі толькі ў царкве.
Часы былі надзвычай неспакойныя — рэвалюцыі, перавароты, змена ўлады... У глухое Палессе ўсе навіны даходзілі з вялікім спазненнем. Палешукі доўга не арыентаваліся, дзе і калі ў іх мясцовасці ўсталявалася савецкая ўлада, і наогул не ведалі, што гэта такое. Яно і зразумела: для селяніна самае галоўнае — своечасова пасеяць і сабраць ураджай, каб падрыхтавацца да зімы і перажыць яе бестурботна і сыта. А ўсё астатняе яго мала цікавіла.
У чужой сям'і маму сустрэлі прахалодна. Як вядома, свякрухі да нявестак звычайна ставяцца насцярожана. I гэты выпадак не быў выключэннем. Словам, сярод новай радні маме нават не было да каго прытуліцца. Яна амаль не ўспамінала той перыяд жыцця. Узгадвала толькі, што было вельмі цяжка. Мужа свайго яна не кахала, і нават мала ведала. Але падпарадкавалася лёсу. Гэтак яны пражылі год ці два.
У той час шмат хто з вясковага люду імкнуўся да гарадскога жыцця і сыходзіў з вёскі. Мама дазналася, што ў Гомелі жывуць нейкія далёкія сваякі. I яна вырашыла збегчы з сям'і, якая так і не стала ёй роднай. Аднаго разу на досвітку, калі ўсе пайшлі на працу (вярталіся толькі ўвечары), яна пешшу выправілася ў Гомель. Спачатку трэба было дабрацца да Лоева, а там — параходам да Гомеля. Ад Лесуноў да Лоева — 25 кіламетраў. Прабегла іх мама хутка (маладая ж была), а ў Гомелі знайшла прытулак у сваёй траюраднай цёткі Мяланні.
Яшчэ да рэвалюцыі Гомель стаў буйным чыгуначным вузлом, перакрыжаваннем розных дарог. Там былі дэпо і вагонарамонтны завод.
Павел не ведаў, куды збегла яго жонка, а яна хадзіла па дварах, зарабляла тым, што выконвала працу, якую давалі гаспадары. Працавала — і пакрысе ўцягвалася ў гарадское жыццё. Адукацыя ў яе была — чатыры класы царкоўнапрыходскай школы.
На адной вечарынцы мама пазнаёмілася з Сашам Бандарэнкам. Ладны, прыгожы. Толькі на год старэйшы. Ён
быў з сям'і чыгуначніка, вучыўся ў рамеснай вучэльні. Чыгуначнікамі тады называлі ўсіх, хто працаваў на чыгунцы. I не важна, кім працаваў чалавек, — у дэпо, токарам, слесарам, цесляром, ці абходзіў чыгуначнае палатно.
На пачатку трыццатых гадоў у вышэйшых навучальных установах для рабочай і вясковай моладзі былі ўведзеныя спецыяльныя квоты. Яны распаўсюджваліся і на новага мамінага знаёмага. Аднойчы яго запрасіла начальства (ён пачаў ужо працаваць у дэпо) і пацікавілася, ці не хоча ён паехаць у Мінск вучыцца на доктара. Маўляў, ім даюць адно месца.
Саша параіўся з бацькамі. Яны на хлеб зараблялі фізічнай працай, а тут сыну прапаноўваюць стаць доктарам! Для простага чалавека гэта прафесія была чымсьці недасягальным. Безумоўна, Сашавы тата і мама з радасцю пагадзіліся.
А што мая мама? Яна разумела, што для Сашы такой магчымасці можа больш і не быць, і імкнулася не замінаць. Нічога яму не сказала, а сама доўга плакала. Тады яшчэ маме падумалася, што са сваім каханым яна развітваецца назаўсёды.
Аднак праз некаторы час тата прыслаў маме ліст, у якім напісаў, што сумуе па ёй, не можа жыць без яе, і яна, шчаслівая, паехала ў Мінск. Там яны і пабраліся шлюбам.
Для мамы пачалося новае жыццё: уладкавалася афіцыянткай у рабочай сталоўцы — трэба было працаваць, інакш не пражыць. He ведаю, атрымлівалі тады студэнты нейкую стыпендыю ці не. Вядома толькі тое, што ў бацькоў Сашы магчымасці падтрымліваць яго фінансава не было.
У 1931 годзе (пасля шасці гадоў чакання гэта было Боскім падарункам) у іх нарадзіўся сын. Назвалі яго Ігарам, a ў 1939-м на свет з'явілася я. Сям'я наша жыла ў інтэрнаце медінстытута на Ленінградскай вуліцы амаль побач з чыгуначным вакзалам. Дарэчы, медінстытут тады быў адным з факультэтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.