Мой шлях да Беларусі
Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
чыўся. Цягнуўся ён менш за гадзіну. Такога ў маім жыцці не было ніколі. I калі ўжо ў дарослым узросце мне падчас выхаду на сцэну даводзілася цярпець боль па некалькі гадзін, я не раз успамінала чароўную палескую прыроду.
Але ўсё гэта засталося ў далёкім дзяцінстве...
Пасля вайны вёска Уборак хутка адбудоўвалася. У калгасе з'явіўся нават свой клуб, дзе адну палову невялікага драўлянага дома займала бібліятэка, а другую — канцэртная зала з маленькай сцэнай.
Згадваецца такі момант. Старшыня калгаса па прозвішчы Бабраўнічы аднойчы сустрэў нас, дзяцей, на вуліцы і сказаў: «Калі б вы замест бессэнсоўнага гойсання папрацавалі б трохі на таку, я правёў бы вас на канцэрт — вечарам у клубе будуць выступаць артысты».
Божачка! Мы ўсе завіхаліся, як пчолкі. А на таку — вялізныя горы зерня. Мы вёдрамі цягалі яго да веялак, засыпалі. Нехта круціў ручкі веялак. Потым зноў беглі па зерне. Я і не заўважыла, як больш чым трэба затрымала вядро над веялкай, і мой чырвоны сарафанік пачало ўцягваць у кола машыны.
Я крычу, мне ўжо няма чым дыхаць. Нарэшце людзі ўбачылі, падбеглі, пачалі адкручваць ручку назад. Стаю ўся ў мазуце. Людзі і спачуваюць, і смяюцца: «Міколаву дзеўку закруціла ў веялку!»
Але мы былі шчаслівыя ў надзеі на вячэрні канцэрт. Сабраліся ля клуба, чакаем старшыню. Ён неўзабаве прыйшоў са сваімі дзецьмі. А іх у яго было, можа, чацвёра, і мы ўсе з імі сябравалі. I што? Ён праходзіць, а нас нібы не заўважыў. Гэта быў першы ў маім жыцці падман з боку так званага дзяржаўнага чалавека.
Уборкаўскія хлопцы кінуліся на мяне з кулакамі: гэта ж я сагітавала ўсю вясковую дзятву на тую працу.
* * *
У 34-ю гомельскую сярэднюю школу я трапіла ў пяты клас. Нас усіх перавялі са старэнькай школы ў новы будынак. Ад яго я была ў сапраўдным захапленні. Мой клас
знаходзіўся аж на другім паверсе. Новая школа была пабудавана ля вялікай царквы. Пяцікупальная, адна на ўсю акругу, цяпер там знаходзіцца Свята-Мікольскі мужчынскі манастыр.
Канешне, праз незачыненыя дзверы мы зазіралі ўнутр, але заходзіць баяліся, бо ўсе былі піянерамі. Мама ж туды хадзіла рэгулярна, а штораніцу і штовечар я чула, як яна моліцца. Наш пакойчык быў маленечкі — ложак, табурэтка і тумбачка. Ад мамы я і вывучыла малітву «Ойча наш».
Добра запомніла свой першы Вялікдзень у новай школе. Класная кіраўніца загадала нам, пяцікласнікам, павязаць чырвоныя гальштукі і прыйсці на ўсяночную службу, каб паглядзець, хто з бацькоў там будзе, а потым расказаць ёй.
Нягледзячы на татальную антырэлігійную прапаганду, людзі працягвалі святкаваць царкоўныя святы. Асабліва Вялікдзень. Паскі пяклі амальусе.
Царква была літаральна набітая людзьмі. Кожны з нас убачыў сваіх бацькоў і сваякоў, але дзецям было цікавей глядзець на тое, як праходзіць усяночная, чым за некім сачыць.
Да даносаў нас прывучалі з дзяцінства. У панядзелак мы вельмі хваляваліся, бо не ведалі, што трэба казаць, калі прагучыць адпаведнае пытанне. На шчасце, яно не прагучала. Урок нашай класнай кіраўніцы быў апошнім, але, да гонару настаўнікаў, ні яна, ні тыя, хто быў раней, ні адным словам не прыгадалі «загад».
Калі пазней перабралася ў Мінск, імкнулася патрапіць у якую-небудзь царкву, але баялася праблем на працы. Тым больш, што на тыя часы ў Мінску былі толькі два дзеючыя храмы. Але калі даводзілася выязджаць за межы рэспублікі, сітуацыя мянялася. Памятаю, як са знакамітай актрысай Машай Захарэвіч у савецкія часы ў Маскве нас разам пасялілі ў адзін нумар гасцініцы «Космас», што знаходзіцца на ВДНГ. Вокны былі заштораныя. Калі мы рассунулі шторы, то ўбачылі цэлы царкоўны комплекс. Чароўная прыгажосць!
Звычайна было так: раніцай прыязджаеш, вечарам — канцэрт, пасля яго — адразу на цягнік. Чыноўнікі ад культуры эканомілі кожную капейку. А тут раскоша — два дні ў Маскве. Тую царкву мы наведалі двойчы. Адзін раз — перад рэпетыцыяй, другі — перад самым ад'ездам, ужо з рэчамі. Жанчыны, якія сядзелі пры ўваходзе, прапанавалі пакінуць іх побач з імі. Маўляў, ніхто не возьме. Так і адбылося. Я яшчэ тады сказала Машы: «Як добра, калі цябе ніхто не ведае. Заходзіш — і можна нікога не баяцца...»
Толькі на пачатку дзевяностых гадоў я змагла спакойна прыходзіць у праваслаўны храм у Мінску. Якраз пачаліся набажэнствы ў Петрапаўлаўскім саборы. На маіх вачах ад службы да службы дэмантаваліся бетонныя перакрыцці, якія ў савецкі час падзялялі будынак храма на чатыры паверхі і як быццам засланялі ад нас неба. Сёння гэты выдатны велічны сабор радуе вернікаў беларускамоўнымі набажэнствамі, якія я люблю наведваць. Таксама люблю бываць на службах на беларускай мове ў храме Мінскай духоўнай акадэміі, дзе вучыцца мой малодшы сын.
* * *
Аднак вернемся ў Гомель. Пакойчык, у якім мы жылі, быў настолькі маленькі, што нам з мамай даводзілася спаць на адным ложку — «валетам». На тумбачцы стаяў невялікі радыёпрыёмнік. Звычайная радыёкропка. Мне надзвычай падабалася перадача «Тэатр ля мікрафона», якую перадавалі з Мінску. Калі першы раз пачула «Паўлінку», была ў захапленні. Мама сыходзіла на працу вельмі рана, падымалася ў шэсць гадзін раніцы. Я абяцала ёй, што буду слухаць ціха-ціха. «Тэатр ля мікрафона» заканчваўся роўна а дванаццатай ночы — пачыналі біць крамлёўскія куранты. Я нагой дацягвалася да радыё і выключала — там быў спецыяльны рычажок.
Заўсёды гэта атрымлівалася, але аднойчы радыё са страшэнным грукатам звалілася на падлогу. Маці ўскочыла з ложка. Прыёмнік зламаўся. Я заплакала. Мама зразумела, але нічога мне не сказала. Раніцай аднесла яго ў
майстэрню — і хутка ён зноў стаяў на тумбачцы, а я працягвала слухаць тэатральныя пастаноўкі.
Настаўнікі ў новай школе былі цудоўнымі ва ўсіх сэнсах. Фізкультуру вяла сапраўдная прыгажуня. Практыкаванні дзяўчатам і хлопчыкам яна звычайна давала розныя. У сёмым класе яна заўважыла, што некаторыя з дзяўчат пачынаюць сарамліва сутуліцца. Усё зразумела, хлопчыкаў адпусціла, а з дзяўчынкамі мела размову. Як кажуць, ад прыроды нікуды не падзенешся...
Жыццёвы кірунак
Недзе ў сёмым класе на ўрокі літаратуры, на якіх дзеці звычайна на памяць чытаюць вершы, пачаў прыходзіць кіраўнік школьнага драматычнага гуртка. Ён адразу запрасіў мяне на рэпетыцыі. Памятаю, ставілі спектакль «Юбілей» паводле п'есы Чэхава, мне выпала галоўная роля — Таццяны Аляксееўны. Мама з гэтай нагоды дзесьці прыдбала прыгожую доўгую сукенку. Менавіта тады ўпершыню пачула апладысменты, адрасаваныя асабіста мне.
Да гэтага часу мянушка ў мяне была «Бандароўна», на якую я чамусьці крыўдзілася. Пасля той пастаноўкі яна змянілася на «Артыстку». Першай мяне так назвала настаўніца матэматыкі Ніна Барысаўна Цогліна.
Калі паглядзець мой атэстат сталасці, то там пяцёркі толькі па беларускай літаратуры і прыродазнаўстве. Па прадметах Ніны Барысаўны ў мяне заўсёды былі тройкі. Аднойчы на ўроку геаметрыі таемна чытала кніжку «Мая малодшая сястра» нейкага французскага аўтара. 3 кнігамі ў тыя пасляваенныя гады ўвогуле былі вялікія праблемы. Іх папросту не хапала. Я шмат чытала і дзеля гэтага пастаянна бегала ў бібліятэку Палаца чыгуначнікаў. Ніна Барысаўна забрала тую кніжку і расказала пра гэты выпадак у настаўніцкай. «Пакаранне» для мяне было знойдзена даволі арыгінальнае. Выкладчыца беларускай мовы і літаратуры сказала: «Хутка мы будзем праходзіць трылогію «На ростанях» Якуба Коласа. Раман толькі выйшаў, кнігу не даюць «на рукі», і прачытаць яе можна выключна ў чытальнай зале бібліятэкі. He ўпэўнена, што гэта зробіць кожны з вучняў. Калі ты такая аматарка чытаць — прачытаеш трылогію, а потым будзеш пераказваць змест рамана ўсяму класу».
Амаль тыдзень пасля школы бегала ў бібліятэку — і да яе закрыцця чытала раман. А пераказы зместу кнігі ў класе сталі ў маім жыцці першымі публічнымі выступамі... Менавіта з гэтай прычыны Ніна Барысаўна і назвала мяне артысткай. Мы любілі Ніну Барысаўну. Нягледзячы на строгасць і прынцыповасць, яна была вельмі добрым і шчырым чалавекам. I жыла вельмі сціпла, у чым мы пераканаліся, калі прыйшлі да яе дадому віншаваць са святам 8 Сакавіка.
Добра памятаю 9 сакавіка 1953 года, дзень пахавання Сталіна. Першым урокам была матэматыка. Ніна Барысаўна падышла да акна, убачыла прыспушчаны чырвоны сцяг з жалобнай чорнай стужкай на будынку рабочага інтэрната — і пачала гучна рыдаць. Неўзабаве плакаўувесь клас, плакала ўся школа. I гэта не перабольшванне. Многім тады здавалася, што са смерцю Сталіна жыццё заканчваецца. Людзі не думалі, ды проста не ведалі пра тое, колькі гора і слёз пакінуў у краіне гэты чалавек.
Згадваецца таксама «школьная бульба», калі нас накіравалі на працу ў адзін з калгасаў Рагачоўскага раёна — як мы пяклі шарлотку, чым вельмі здзівілі мясцовых гаспадыняў, як беглі ўздоўж чыгуначнага палатна, калі работу закончылі на некалькі дзён раней, а аўтобус па нас прыязджаў толькі ў выходныя.
У Гомелі мы жылі на розных кватэрах, але адна запомнілася больш за ўсё — вуліца Дзяржынскага, 158. У гаспадыні гэтага дома было тры дачкі, усе дактары. Адна з іх выйшла замуж за Героя Савецкага Саюза. На ўсю зіму гаспадыня з'язджала ў Маскву да сваёй сярэдняй дачкі, аднак мы з мамай ніколі не жылі ўдвух. У гаспадыні быў трохпакаёвы дом. У адным пакойчыку жылі мы, адзін яна зачыняла для асабістых мэтаў, а ўтрэці пускала яшчэ адных кватарантаў.
Менавіта ў ім і пасяліся маладая пара са сваёй мамай Марыяй Яфрэмаўнай, якія аказалі вялікі ўплыў на маё развіццё і на мой светапогляд.
Сям'я Шчагловых пераехала з Сярэдняй Азіі на працу
пасля заканчэння Ленінградскага электрамеханічнага інстытута. Мы адразу моцна пасябравалі. Я вельмі любіла цётку Таю і дзядзьку Толю. 3 імі было вельмі цікава. Яны столькі ўсяго распавядалі пра жыццё ў Сярэдняй Азіі. Часта прыязджалі іх родзічы з Кіргізіі, прывозілі самыя розныя няведамыя нам ўсходнія пачастункі. У маладосці Марыя Яфрэмаўна была сакратаркай у Міхаіла Фрунзэ, калі той служыў у Кіргізіі. Яна расказвала шмат цікавага пра наркама, а яшчэ пра тое, як пасля размеркавання яе дзяцей чытала ў старой энцыклапедыі інфармацыю пра беларускі горад Гомель. I дазналася, што большасць насельніцтва складаюць габрэі, і чамусьці перад пераездам у Гомель пачала баяцца такога асяроддзя. Да вайны так і было, але пасля яе ўсё істотна змянілася...