• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мой шлях да Беларусі  Зінаіда Бандарэнка

    Мой шлях да Беларусі

    Зінаіда Бандарэнка

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 236с.
    Мінск 2020
    64.34 МБ
    Вучыўся тата вельмі добра. Калі я нарадзілася, ён ужо скончыў ардынатуру, паступіў у аспірантуру і працаваў у
    хірургічным аддзяленні ваеннага шпіталя, які сёння знаходзіцца на праспекце Машэрава.
    Вайна заспела нас, калі тата быў на дзяжурстве ў шпіталі. Мінск бамбілі ўжо 22 чэрвеня 1941 года. Вакзал гарэў, мама раз-пораз з намі, дзецьмі, і суседзямі бегала ў бамбасховішча на вуліцы Карла Маркса. Тое, што мы бегалі менавіта туды, ужо значна пазней удакладніў наш вядомы паэт Мікола Аўрамчык. Дзесьці раней у інтэрв'ю я ўзгадвала бамбасховішча, насып якога дагэтуль узвышаецца ў Ленінградскім (цяпер Міхайлаўскім) скверыку. А Мікола Якаўлевіч мне патэлефанаваў і выправіў тую гістарычную памылку. Аказалася, што, як рэдактар газеты «Чырвоная змена», ён публікаваў матэрыялы пра акупаваны Мінск і дакладна ведаў: бамбасховішча ў Ленінградскім скверыку пабудавалі для сябе немцы перад самым сыходам з горада.
    Увечары 24 чэрвеня са шпіталя прыбегла ўся ў слязах медсястра Марыя Ісакаўна і сказала: «Трымайся, Марыя, твой Саша загінуў. У аперацыйную трапіла бомба. У шпіталі ідзе эвакуацыя, і фашысты вось-вось уварвуцца ў горад. Нам трэба хутчэй уцякаць».
    Са слязьмі мама адразу пачала збірацца ў дарогу.
    3 сабой узяла як мага больш рознай вопраткі — разумела, што давядзецца мяняць яе на ежу. Прымацавала Ігару за плечы торбачку, узяла мяне на рукі, і мы разам з той жанчынай пачалі выбірацца з горада, які ўжо гарэў, у напрамку Бабруйска. Ішлі пераважна начамі. Удзень дарогу бамбілі фашысты, абстрэльвалі з самалётаў, бо па ёй адступалі нашы войскі, рухаліся бежанцы.
    Дарогі былі перагружаныя. Мы ішлі па начах, а ўдзень хаваліся ў хмызняку. Часам хтосьці падсаджваў нас на грузавік ці падвозіў на кані. Гэтак мы дабраліся да вакзала Бабруйска. Марыя Ісакаўна засталася ў сваякоў, а мама паспрабавала сесці на цягнік і даехаць да Масквы. У сталіцы жыў з сям'ёй родны браттаты Васіль, і мама спадзявалася на яго дапамогу. Але на вакзале ёй сказалі, што цягнікі да Масквы не даходзяць, за 150—200 кіламетраў пасажыраў
    высаджваюць і вяртаюць назад. Масква людзей не прымала.
    Тады матуля вырашыла рухацца ў родныя мясціны, на Гомельшчыну. I мы пайшлі далей па ваенных дарогах. Ногі ў мамы і Ігара апухлі. Калі мы дабраліся да Гомеля, то там было адносна ціха, нашы зеніткі адганялі фашысцкія самалёты. Працавалі нават райкамы, пошта. Часовы прытулак знайшлі ў сястры таты Любы.
    Як вядома, фашысты рваліся да Масквы. Іх націск стрымліваўся пад Магілёвам. А ў кірунку Гомеля іх яшчэ не было.
    У час нашага доўгага шляху ў Ігара пачаліся праблемы са страўнікам. Больш за дзесяць сутак малы не мог схадзіць на двор. А ў ваенным гарадку «Ляшчынец» непадалёку ад дома цёткі Любы знаходзілася ваенная частка. Мама звярнулася па дапамогу да дактароў шпіталя, расказала пра мужа — і Ігара пакінулі там. Праз суткі маме сказалі: «Жанчына, яшчэ некалькі гадзін, і вы страцілі б сына...» Мама плакала і кідалася цалаваць дактарам рукі.
    У тыя доўгія гады акупацыі яна не магла змірыцца, што яе Сашы няма. Значна пазней мы даведаліся, што падчас авіяналёту тата сапраўды разам з іншымі хірургамі знаходзіўся ў аперацыйнай. Менавіта ў рог гэтага будынка якраз і трапіла бомба. Няцяжка ўявіць, што там рабілася: грукат, пыл, крыкі, стогны. Высвятляць, хто ўцалеў, а хто загінуў, часу не было. Шмат было параненых. Налёты ішлі бясконца. I пачалася эвакуацыя шпіталю.
    Калі ўжо стала тэледыктаркай, мне давялося весці імпрэзу, прымеркаваную да 200-годдзя Галоўнага клінічнага шпіталя Узброеных Сіл БССР у Акруговым доме афіцэраў. Калі рыхтавалася да правядзення юбілейнай даты, папрасіла даць мне кароткую гістарычную даведку пра Вайсковы шпіталь і пералік людзей, пра якіх трэба было расказаць асобна.
    3 рэкламнага буклета Ваеннага шпіталя чытаю: «22 чэрвеня 1941 года шпіталь быў узняты па трывозе, у 12.00 пачалі паступаць першыя параненыя. 24 чэрвеня ў 11 гадзін
    раніцы прамым пападаннем бомбы была ўшчэнт разбурана аперацыйная. Раненых эвакуіравалі ў лазарэт 100-й стралковай дывізіі». Мой тата ў той момант быў якраз у аперацыйнай. Калі я распавядала пра ўсё гэта на сцэне, як быццам бы разам з татам перажыла тую бяду.
    Мама разумела, што надалей заставацца ў Гомелі нам нельга, бо ў лазарэце, дзе лячылі Ігара, даведалася, што ўсіх ваенных эвакуіруюць.
    Мама напісала свайму роднаму брату Міколу ў вёску Уборак на Лоеўшчыну, і літаральна праз тыдзень ён прыехаў на кані і забраў нас. Па сутнасці, мама выратавала нам з Ігарам жыццё.
    Ад Гомеля да Уборка — больш як семдзесят кіламетраў. Сюды да сваёй другой жонкі і перабраўся жыць дзядзька Мікола. Тут пабудаваў добры, досыць прасторны дом. Памятаю яго вялікі падворак з двума хлявамі-кароўнікамі, свінарнікам, у якіх было шмат хатняй жывёлы.
    Немцы, калі наязджалі ў вёску, заўсёды спыняліся менавіта ў дзядзькі. Асобнага гарнізона ў вёсцы не было. Бліжэйшы знаходзіўся ў Холмечы.
    Запомнілася, як мы з дачкой дзядзькі Ганначкай ляжалі на печы і назіралі, як яго жонка цётка Соня падае абед немцам. Адзін з іх падняўся і даў нам шакаладку. Той смак з 1943 года памятаецца мне па сёння.
    Жыхары Уборка сустрэлі нас даволі прыязна, хаця з братам Ігарам адразу, як мы прыехалі, пачаліся непрыемнасці. Тата ў нас быў смуглявы, чорнавалосы. Бацькі яго з вёскі Бабовічы, што за Гомелем у чарнігаўскім напрамку; палова жыхароў вёскі мелі прозвішча Бандарэнка. Ігар надта быў падобны да бацькі — таксама смуглявы і чорнавалосы. Вельмі прыгожы хлопчык. 3 гэтай нагоды ў вёсцы было шмат плётак. Казалі, што муж Марыі быў камуністам і, мусіць, габрэем, і некаторыя вяскоўцы называлі Ігара «жыдком». Калі немцы ці паліцаі заходзілі ў вёску, то брата адразу хавалі далей ад іх вачэй. Мне ж, блакітнавокай і светлавалосай, нібыта нічога не пагражала. Але мы жылі ў заўсёдным страху.
    У нашай вёсцы немцы прызначылі старасту. Канечне ж, ён пра Ігара ўсё добра ведаў і папярэджваў пра прыезд паліцаяў.
    Першыя гады вайны я не памятаю, а вось час, бліжэйшы да вызвалення, прыгадваецца добра. Мне было ўжо амаль пяць гадкоў. Асабліва запомнілася ўборкаўская царква. Яна была вельмі прыгожая. Мне здавалася вялікай, прасторнай, велічнай. Яе пазалочаныя купалы былі бачны адусюль. Бліжэй да канца акупацыі прыбегла неяк да мамы жанчына, якая працавала прыбіральшчыцай у камендатуры, і ўсхвалявана сказала, што ў вёску неўзабаве могуць прыехаць карнікі, а яна на свае вочы бачыла ў спісе на знішчэнне прозвішча нашай сям'і як сям'і камуніста і габрэя.
    Перад яе прыходам мы чулі страляніну. «Гэта паліцаі», — патлумачыла жанчына. На нашым падворку ў той час гуляла дзяўчынка Тамара Курзіна. Жанчына сказала, што ўсіх Курзіных ужо забралі — нібыта хтосьці ў іх быў у партызанах. Тамара, як пачула гэта, рванула з двара. Мама схапіла яе, нікуды не пусціла, схавала ў нас. Так яна выратавала дзяўчынцы жыццё. Бо потым мы даведаліся, што сям'ю Курзіных зачынілі ў хляве і спалілі.
    Дзядзька Мікола, пачуўшы вестку, што мы ў спісе на знішчэнне, вывеў з хлява дзвюх кароў, загадаў маме збірацца ды ісці ў Бурыцкія лясы — самую глухую мясціну паблізу. Тамару Курзіну, а таксама двух сыноў дзядзькі Міколы мы ўзялі з сабой. Сам жа ён з жонкай і дачушкай Ганначкай рушыў у кірунку балота: «Можа, хто і выратуецца», — сказаў на развітанне, прывязаўшы да рукі другую карову.
    Па дарозе, памятаю, калі мама несла мяне на руках праз балота, я парэзала аб асаку ручку. Яна была ўся ў крыві, што моцна ўсіх перапужала. Той шрам застаўся ў мяне дагэтуль як напамін пра вайну...
    У лесе, пад векавымі соснамі, мы пражылі да глыбокай восені. Зрэшты, якое там жыццё? Пакутавалі. Спалі ў так званым курані — будане з адтулінай уверсе замест коміна. Навокал месціліся ўцекачы з суседніх вёсак. Шматлюдзей.
    Курані ставілі купкамі ў звыклым парадку, нібы паўтараючы мапу вёсак: Пракісель, Ваўкашанка, Уборак, Ястрабка, Грамыкі...
    Дарэчы, карову-карміцельку мама прывязвала на ноч да нагі. Каб тая не адышла, бо партызаны маглі пусціць яе на харчы. Яны часта наведваліся — як з суседняй Украіны, так і свае. Больш за іншых бязлітаснасцю вызначаліся партызаны знакамітай украінскай брыгады Каўпака. Іх баяліся як агню. Забіралі яны літаральна ўсё, што можна есці.
    Мясцовыя былі больш чалавечнымі. Аднойчы яны прыйшлі і да нашага кураня. Маці Хрыстом Богам маліла, каб не забіралі карову. Калі ўбачылі малых дзяцей, злітаваліся. А ў каго з уцекачоў мелася па дзве каровы, дык і размовы не было: адну абавязкова рэквізавалі.
    Маленькую Тамару ў хуткім часе забраў да сябе яе сваяк, намеснік камандзіра партызанскага атрада.
    Фронт набліжаўся, кананада чулася ўсё гучней і гучней. I вось аднойчы сяджу ў курані і бачу — бяжыць мама, ад радасці задыхаецца.
    — Дачушка, — крычыць, — нашы прыйшлі!
    Я думаю: «Якія нашы? Мо дзядзечка Мікола з цёткай Соняй?»
    А яна: «Чырвонаармейцы ў лесе. Глядзі, чым пачаставалі», — і дастае з-пад ватоўкі бохан бялюткага хлеба. На сваёй памяці я такога ў вочы не бачыла. Мама наліла мне малака (карова нас тады выратавала ад галоднай смерці) ды адламала ці не чвэрць бохана. Божа, якая гэта была смаката! Тады ж упершыню адчула і смак солі. Бо там, у лесе, усё елі несалёнае: бульбяное варыва з шалупіння з малачком і тое, што маглі сабраць, — ягады, грыбы...
    Тым часам маці тлумачыць: дачушка, Уборак ужо вызвалены, будзем вяртацца ў вёску. 3 нашай кароўкай да вёскі мы шкандыбалі, напэўна, цэлы дзень, а як падышлі — анямелі. Ацалела толькі некалькі хатаў, астатнія — папялішчы. Памятаю, што па дарозе дамоў ляжала шмат забітых. Мама прыкрывала мне даланёй вочы і загадвала глядзець пад ногі.
    А ўшчэнт разбітая прыгожая царква стаіць у мяне перад вачыма і сёння. Распавядалі, што, калі ішоў бой за вёску Уборак, на званіцы засеў фашысцкі кулямётчык. Метка касіў. I наша артылерыя знішчыла нетолькі кулямётчыка...
    Праз некаторы час завітаў у вёску бацюшка ды пахрысціў усіх уборкаўскіх дзяцей, і нас з Ігарам таксама, на прызбе адной з ацалелых хат. Добра памятаю, як стаяла ў чарзе да бацюшкі. Крыжыкі ўсім надзявалі простыя, самаробныя, на зрэбнай нітачцы. 3 радасцю яго насіла, але потым, не памятаю ўжо калі, згубіла, пра што дагэтуль вельмі шкадую...
    Людзям трэба было перажыць зіму, і вяскоўцы пачалі капаць зямлянкі. Каля нашай зладзіў калодзеж дзядзька Мікола. У яго была цудоўная сям'я. Цётка Соня заўсёды імкнулася даць мне большы кавалачак хлеба. Хаця побач знаходзілася яе родная дачушка. Так яна шкадавала мяне, сірату. Дзеці ўсё заўважаюць. А дзядзька Мікола вельмі любіў нас з мамай, а мы яго. Потым ён часта прыязджаў да нас у Гомель, а я ездзіла да яго на летнія вакацыі.