Мой шлях да Беларусі
Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
Аказалася, прачакаўшы каля кінатэатра некаторы час і зразумеўшы, што я не прыйду, ён звярнуўся па дапа-
могу ў адрасную даведку. 3 прапанавых пяці варыянтаў выбраў самы падыходзячы. 3 той кватэры мы ўжо з'ехалі, аднак Гена праявіў небывалыя ўпартасць ды настойлівасць і знайшоў мяне. Яго першым пытаннем было: «Чаму Вы не прыйшлі ў кіно?» He памятаю, што тады адказала, але на наступны дзень мы сустрэліся зноў, і чымсьці ён мяне зацікавіў.
* * *
Трэба распавесці, што калі надышоў час майму брату Ігару служыць у арміі, мама пайшла да сваяка, памочніка ваенкама, і папрасіла, каб сына далёка не адсылалі. А тата, улічыўшы, што з Ігарам шмат клопатаў, папрасіў самога ваенкама, каб яго паслалі служыць як мага далей ад дому.
I вось з «татавага клопату» Ігар праслужыў тры гады на поўдні Грузіі, і толькі напрыканцы службы яго вайсковую часць перавялі бліжэй да Тбілісі, дзе быў завод танкавага ўзбраення. У Ігаравай часці гэтыя танкі потым выпрабоўвалі.
У Тбілісі Ігар пазнаёміўся з рускай дзяўчынай Надзеяй, якая неўзабаве стала яго жонкай, нарадзіла яму дзвюх дачок. Усё так добра пачыналася. Ігара вельмі любілі ў той сям'і. Чалавек ён быўталенавіты, добра граў на гармоніку, маляваў. Цешча Марыя Іванаўна адразу купіла піяніна. На слых Ігар падбіраў любую мелодыю.
Наша мама працавала на чыгунцы і мела права на бясплатны білет, а ў мяне падчас вучобы таксама былі льготы, таму мы з ёй даволі часта ездзілі ў Грузію. Паехалі туды і праз тыдзень пасля знаёмства з Генадзем. Цягам месяца ён пісаў кожны дзень.
У тым раёне Тбілісі жыло шмат курдаў. Тамтэйшая паштарка таксама была курдкай. Зычным голасам яна крычала на ўсю вуліцу: «Надзін, тваім сваякам ліст!» Канверты былі таўсценныя. Такіх прыгожых слоў мне ніхто раней не казаў. I самыя хвалюючыя для мяне словы: што сумуе і не можа дачакацца.
Па вяртанні мы сустракаліся зноў і зноў. I пасля, можа, двух тыдняў Гена прапанаваў выйсці за яго замуж. Выпадкова чарговая сустрэча адбылася каля будынку, дзе рэгіструюць шлюбы і дзе мяне добра ведалі. Нічога не тлумачачы, я папрасіла ў Гены пашпарт, зайшла ў ЗАГС і вярнулася з адпаведным штампам.
Калі праз паўгадзіны пасля афіцыйнай жаніцьбы мы расказалі пра гэта маёй маці, яна заплакала ад нечаканасці. Мама сказала мне тады: «Дай Бог, дачушка, каб ты не памылілася!» — «Не, матулечка, не памылілася», — адказала ёй тады, ды кажу і цяпер. I доказ гэтаму наша моцная, вялікая сям'я, традыцыі якой, я ўпэўнена, працягнуць нашы ўнукі.
Пасля слёз і абдымкаў, мы паехалі да Генавых бацькоў у Жлобін. Прыехалі апоўначы, усе ўжо ляглі спаць. I для іх наша навіна таксама была нечаканасцю.
Бацька Гены служыў у камендатуры вайсковых транспартных зносін (па-руску «ВОСО»), намеснікам вайсковага каменданта на чыгунцы. Яны жылі амаль ля самага чыгуначнага вакзала Жлобіна. Наша з'яўленне ў якасці мужа і жонкі было для бацькоў Генадзя сюрпрызам. Давялося паказваць пашпарты са штампамі.
А вяселле адбылося праз два месяцы — 8 верасня 1960 года ў Гомелі, у нашым адзіным, але даволі вялікім пакоі. Я запрасіла ўсіх супрацоўнікаў студыі. Прыйшоў галоўны канструктар «Гомсельмаша». Так пачалося наша сумеснае жыццё з Генадзем.
* * *
Як вядома, хвароба на сухоты пэўным чынам уплывае на стан жыцця. Рэнтгенаўскія здымкі мне рабілі даволі часта. I час ад часу яны паказвалі наяўнасць у лёгкіх так званых петрыфікатаў. Тата патлумачыў, што стрэптаміцын (тады гэта быў адзіны прэпарат, якім лячылі сухоты) у нейкім сэнсе падобны да цэменту — не дае хваробе прагрэсіраваць. Завапнаваныя праявы сухотаў і называюцца петрыфікатамі.
Мама тады рабіла мне лёгкія камізэлькі з воўны. А яшчэ перыядычна гатавала народныя лекі. Аднойчы гэта нечакана стала прычынай ледзь не скандалу. Маці прыгатавала знаёмыя тым, хто калісьці хварэў на сухоты, лекі: шакалад, мёд, алоэ, унутраны тлушч, які ў нас называўся здор. Сумесь застывала, і тры разы на дзень перад ежай я павінна была з'есці сталовую лыжку. Ужывалася гэта перыядычна: месяц-другі ясі, а потым — перапынак.
Перад вяселлем я моцна схуднела, праз год зацяжарала — і мама вырашыла зноў падтрымаць арганізм. Па савецкіх часах было распаўсюджанай справай, калі людзі мелі тое, што выраблялі на сваёй рабоце. У выпадку Гомеля — гэта шакалад фабрыкі «Спартак». Як цяпер гандлююць лялькамі ў Жлобіне, так раней у нас гандлявалі вакол цукеркавай фабрыкі. За 3 рублі можна было набыць даволі вялікі кавалак шакаладу.
Суседка працавала на «Спартаку», і па просьбе мамы прынесла шакалад. Калі Генадзь прыйшоў з працы, ён ўбачыў шакалад на стале. Даведаўшыся пра абставіны яго з'яўлення, пачаў раз'юшана крычаць: «Вы крадзеце ў дзяржавы! Разам з суседкай я вас пасаджу ў турму! I сам сяду!»
3 неверагоднай цяжкасцю скандал спынілі, на што спатрэбілася нямала нерваў і часу. Калі прыехалі бацькі Гены, яны проста пасмяяліся.
Між іншым, тэлебачанне ў Гомелі арганізавалі крыху раней, чым у Мінску. Ужо ў 1955 годзе ў Гомелі пайшлі першыя пробныя перадачы, а ў Мінску яны адбыліся ў 1956м. Калі дакладна — 1 студзеня 1956 года выйшла пробная перадача, якую вяла Тамара Паўлаўна Бастун.
У 1959 годзе, калі я скончыла медвучэльню, гомельскае тэлебачанне працавала ўжо на поўную моц — з тэлепраграмай, штатным раскладам і г.д. Нягледзячы на дыплом акушэра (тата настойваў, каб я яго атрымала), я ніводнага дня не адпрацавала ў гэтай сферы. Хаця адзін раз на практыцы нават паспела прыняць роды (у якасці асістэнта, зразумела).
Ніколі не забуду, як мы, дыктары, самі хадзілі ў Аблліт. Хто жыў у савецкія часы, добра ведае пра гэтыя цэнзарскія ўстановы. Наша была пры аблвыканкаме. Тэлестудыя спачатку была ў паддашкавым блоку Палаца імя Леніна, a потым для яе пабудавалі дом на вуліцы Пушкіна. Адтуль праз сквер да цэнзара мы і хадзілі. Спыняліся каля яго кабінета. Аддавалі яму тэчку, а потым сядзелі і чакалі, пакуль ён прачытае. На кожным лісце ён ставіў свой дазвол. Цікава, што праз шмат гадоў гэты цэнзар трапіў на прыём да маёй сястры Наталлі, якая лічылася адным з лепшых пульманолагаў Гомеля і спецыялізавалася на кардыялогіі. Ён эмацыйна ўзгадваў, як я прыходзіла да яго па дазвол, як даваў мне парады па рабоце на тэлебачанні і прадказваў вялікую будучыню.
* * *
Як я трапіла ў Мінск?
У тыя гады не было магутных рэтранслятараў. Гамяльчане не мелі магчымасці глядзець перадачы з нашай сталіцы. I мінчане наўпрост не маглі ўключыць абласныя цэнтры. А тут павінны былі адбыцца Дні Гомельскай вобласці. Дзеля гэтага мне з рэжысёрам неабходна было прыехаць у Мінск і праз рэспубліканскае тэлебачанне расказаць мінскім тэлегледачам пра ўсё добрае, што робіцца на Гомельшчыне. Пасля майго з'яўлення на сталічным тэлеканале на студыю паступіла шмат тэлефонных званкоў кіраўніцтву: тэлегледачы станоўча выказваліся менавіта пра вядучую дзён Гомельскай вобласці. Пра гэта я даведалася значна пазней, а тады мяне запрасіў на папярэднюю размову сам старшыня Дзяржкамітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Васіль Пятровіч Несцяровіч, які сказаў, што я вельмі спадабалася мінскім гледачам, і прапанаваў пераехаць у Мінск. Аднак я была ўжо замужам і чакала дзіця. Вядома ж, прапанова аб пераездзе была прыемнай нечаканасцю, але, нягледзячы на тое, што цяжарнасць яшчэ была нябачнай, я пасаромелася сказаць праўду, і адмовілася. Сказала, што патрыётка свайго горада і буду раіцца з мужам.
Генадзь працаваў тады інжынерам-канструктарам у патэнтным бюро на «Гомсельмашы», што азначала бясконцыя камандзіроўкі. Трэба было высвятляць, запатэнтаваны іншым прадпрыемствам новы агрэгат камбайна альбо не. Да шлюбу ён жыў у заводскім інтэрнаце, а потым пераехаў да нас. I нам давялося жыць у адным пакоі камунальнай кватэры дома барачнага тыпу. Мама параіла для зручнасці перагарадзіць пакой фанерай.
Неўзабаве ў нас нарадзіўся сынок. Назвалі мы яго Сашачкам. Трэба было падумаць пра больш-менш зручнае жытло. Генадзю, хоць ён і лічыўся маладым спецыялістам, ніякай кватэры не абяцалі: з жыллём на заводзе былі вялікія цяжкасці. Па мамінай парадзе я пайшла да старшыні абласной тэлерадыёстудыі Фёдара Мікалаевіча Нікіфарава, аднак нічога суцяшальнага не пачула. Больш за тое, стала ясна, што чакаць сваё жыллё мне давядзецца не адзін год.
А вырашыў гэтую складаную кватэрную праблему муж. Ён часта ездзіў у Мінск. Аднаго разу зайшоў да Несцяровіча і расказаў, чаму я адмовілася пераязджаць у сталіцу. Старшыня камітэта сустрэў яго не вельмі ветліва, толькі запытаў, у якім я стане і ці ў форме. Генадзь распавёў яму. Несцяровіч сказаў, што я павінна прыехаць у Мінск і паказацца мастацкаму савету. Так я і зрабіла. I ў хуткім часе ўжо працавала на мінскім тэлебачанні,
Яшчэ мушу нагадаць, што ў Гомелі я завочна вучылася на беларускім аддзяленні філфака Гомельскага педагагічнага інстытута, куды паступіла адразу пасля медвучэльні. А па пераездзе перавялася на філалагічны факультэт БДУ. У мяне ўвогуле такое ўражанне, што ўсё жыццё я вучылася. Школа — медвучэльня — БДУ, шматлікія (два-тры тыдні альбо нават месяцы) дыктарскія семінары ў Маскве, дзе сачылі за гэтым надзвычай прынцыпова і пільна.
Літаральна з першых дзён работы на сталічным тэлебачанні пачалі прыходзіць лісты, у якіх гледачы шчыра віталі з'яўленне новага адметнага дыктара, але я ні на што апроч працы не звяртала ўвагі. Памятаю, на трэці дзень маёй
новай работы адбыўся даволі непрыемны для мяне выпадак. Пасля змены я выходзіла з будынку тэлебачання, каля дзвярэй сядзелі вартаўнікі ў валёнках і ватоўках. Яны глядзелі на мяне, калі казаць мякка, не вельмі прыязна. Аказалася, прычынай стала тэлеграма наступнага зместу: «Пакажы ім, як трэба працаваць!» Пад тэкстам не было подпісу, але я адразу зразумела, што яе прыслаў мой муж, які яшчэ заставаўся ў Гомелі. Ён доўга не прызнаваўся, але потым саступіў.
Нечаканыя выпрабаванні
Пасля гэтай тэлеграмы пэўны час мне было вельмі няёмка перад калегамі. Асабліва перад ужо вядомымі дыктарамі, такімі, як Тамара Паўлаўна Бастун, Давенора Галкіна. Адчувала сябе крыху зацятай, бо звонку магло паказацца, што прыехала маладая зорка з Гомелю, якая лічыць сябе самай лепшай. Насамрэч, усё было зусім не так.
Хаця гомельская дыктарская школа, сапраўды, была для мяне даволі моцнай. За мной сачылі надзвычай уважліва. Кожны выхад у эфір рабіўся прадметам дэталёвага абмеркавання. Як ужо казала, згаданы Сяргей Паўлавіч Астравумаў, галоўны рэжысёр Гомельскага тэлебачання, уважліва адсочваў мае выступы, і калі нешта заўважаў, добразычліва звяртаў на гэта ўвагу. Ён быў маім настаўнікам і педагогам да самага пераезду ў Мінск. Больш за тое, калі потым прыязджала да маці ў Гомель, мы заўсёды сустракаліся з ім і падрабязна размаўлялі пра маю працу ў Мінску. Вельмі ўдзячная рэжысёрам студыі Сяргею Шпанаву і Савелію Замоўскаму.