• Газеты, часопісы і г.д.
  • Мой шлях да Беларусі  Зінаіда Бандарэнка

    Мой шлях да Беларусі

    Зінаіда Бандарэнка

    Выдавец: Медысонт
    Памер: 236с.
    Мінск 2020
    64.34 МБ
    Мой муж Генадзь скончыў Сталінградскі сельскагаспадарчы інстытут. Яго накіравалі ў Ноўгарад, а адтуль — выкладчыкам сельскагаспадарчага тэхнікума ў правінцыю. Там Генадзя і знайшла прапанова «стаць чэкістам», пра што ён напісаў ліст дадому. Бацька адразу ўзрадаваўся і параіў даць згоду, а маці сказала: «Толькі праз мой труп!» Яна нямала пражыла ў Сібіры і шмат разоў бачыла, як ішлі цягнікі з «палітычнымі», як праз вокны выкідвалі целы памерлых, як людзі прыносілі хлеб, як намагаліся перадаць яго зняволеным. Бегала да цягнікоў і сама Ніна Пятроўна. Генадзь адказаў бацьку, што не хоча быць ваенным, і пытанне назаўсёды было вырашана. А потым прыехаў працаваць на «Гомсельмаш».
    * * *
    Але вернемся да нашага пераезду ў Мінск. Бацькі Генадзя таксама перабраліся ў сталіцу. Жлобінскае жытло яны фактычна падаравалі дзяржаве. Прасцей кажучы — пакінулі. Галоўная прычына — дапамагчы нам выхоўваць малога Сашачку. Мяне дома з-за працы амаль не было. Генадзь таксама шмат працаваў. Выклікаць з Гомеля маю маму было рызыкоўна: адносіны з зяцем так і не склаліся. Ужо праз шмат гадоў Генадзь змяніў сваё стаўленне да це-
    шчы. I калі я пачала збіраць архіў, свае ўспаміны да гэтай кнігі, Генадзь Мікалаевіч прапанаваў прысвяціць яе маёй маме.
    Свёкар, Мікалай Пятровіч, вельмі мяне любіў. Гэта быў незвычайны чалавек, з талентам бачыць самае асноўнае ў людзях альбо абставінах. Усім ён даваў дасціпныя добрыя мянушкі. Жонку нашага суседа і сябра, мастацтвазнаўцы Эдуарда Варашылава, Святлану (калі пабываў у іх музейна-мастацкага тыпу кватэры), называў «хозяйкой медной горы», а мяне «Эдзітай П'ехай» альбо «княгіняй». Свёкар навучыў шмат чаму карыснаму і мяне, і сваіх унукаў. Напрыклад, хадзіць па лесе і знаходзіць грыбы там, дзе для многіх іх не можа быць па вызначэнні. Гэта цэлая навука, таму не магу пагадзіцца з тымі, хто лічыць «ціхае паляванне» звычайнай справай.
    Міма нашага дома праходзіла шаша, па якой у вёску Дзяніскі Лагойскага раёна, дзе будавалася новая дарога, самазвалы вазілі пясок. У тых мясцінах вельмі шмат грыбоў. Шафёры добра ведалі Мікалая Пятровіча, і нават спаборнічалі паміж сабой, хто яго будзе падвозіць у лес, бо той быў цудоўным расказчыкам і ведаў безліч смешных анекдотаў.
    Я таксама ездзіла з ім некалькі разоў — такой колькасці рыжыкаў я нідзе не бачыла. Грыбныя запасы ў нас былі заўсёды. У першую чаргу таму, што мая свякруха Ніна Пятроўна была надзвычай умелай гаспадыняй. У нас заўсёды было чым пачаставаць гасцей. Апроч гэтага на ёй цалкам ляжала выхаванне нашых дзяцей.
    Спачатку ўсе мы жылі ў маленькай «хрушчоўцы» на Арлоўскай (28 квадратных метраў на пяць чалавек), потым перабраліся ў больш прасторную трохпакаёўку. А затым пераехалі ў чатырохпакаёвую кватэру на вуліцы Максіма Горкага, якую цяпер мінчане ведаюць як вуліцу Максіма Багдановіча.
    Адразу да нас пачало прыходзіць больш гасцей, маіх і Генавых калег па рабоце. Часта завітвалі і вельмі вядомыя людзі: Народная артыстка БССР Ліля Давідовіч, Народны
    мастак СССР, акадэмік AM СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Міхаіл Савіцкі, рэктар Медыцынскага інстытута (цяпер універсітэта) Аляксандр Ключароў, начальнік ВІЗРУ генерал-лейтэнант Юрый Кулікоў, доктар медыцынскіх навук, фтызіятр прафесар Яўгеній Мэве, трохразовы алімпійскі чэмпіён Аляксандр Мядзведзь, сям'я мастака па мэблі і інтэр'еры Леаніда і гукаінжынера Беларусьфільма Элечкі Піхоцкіх, падпалкоўнік Уладзімір Вяткін, сям'я Мікалая Чаргінца (з якой мы доўга і моцна сябравалі, але потым разышліся па палітычных поглядах) і шмат іншых.
    Часцей мы збіраліся пасля святочных парадаў і дэманстрацый. Дома нас заўсёды чакаў смачны, прыгатаваны Нінай Пятроўнай, абед.
    * * *
    Некалькі словаў пра майго старэйшага брата Ігара. Як ужо казала, лёс пакінуў яго ў Грузіі. Там ён асеў на сталае жыццё. Але яно не склалася. Пасля службы брат працаваў газаэлектразваршчыкам. Паслугамі яго працы шмат хто карыстаўся, а за працу звычайна разлічваліся віном. 3 часам Ігар прызвычаіўся да спіртнога. Яго нават лячылі. Я спецыяльна ездзіла ў Грузію. 3 маёй дапамогай яго ўладкавалі на прымусовае лячэнне.
    Але лепш бы я тое не рабіла. Як распавядаў потым Ігар, гэта была сапраўдная турма і здзек з людзей, яму там проста зламалі жыццё. Жонка не вытрымала, хоцьу іх было двое дзетак, — аднаго разу пасадзіла Ігара на самалёт і выправіла ў Мінск, бо ў Гомель самалёты з Тбілісі не ляталі. Так Ігар зноў апынуўся ў Беларусі. Мы з Генадзем у той момант адпачывалі ў Друскінінкаі. Сустракала Ігара свякроў Ніна Пятроўна. Яна дала тэлеграму маёй маме ў Гомель. Прыйшоў адказ: «Прыязджай сынок, чакаю». Паводле расповеду Ніны Пятроўны, Ігар, калі прачытаў, не па-мужчынску заплакаў.
    Таты нашага ўжо не было ў жывых. Мама разумела, што Ігара нельга пакідаць аднаго. Так яны ўдваіх і жылі-дажывалі. Я пастаянна да іх прыязджала ў Гомель. Мы з Гена-
    дзем дапамагалі пераехаць у двухпакаёвую кватэру, якую нарэшце мама атрымала ў сувязі са зносам барака, у якім жыла раней.
    Спачатку памерла мама, потым — Ігар.
    Калі Ігара не стала, менавіта мачаха, старэнькая Кацярына Іванаўна, перажывала, завіхалася на яго пахаванні. Потым не стала і яе.
    Як выпадае, езджу на іх гомельскія могілкі. Усе мае родныя пахаваны побач — мама, Ігар, тата, Кацярына Іванаўна. У зямным жыцці было так шмат перажыванняў, непаразуменняў, а смерць усіх прымірыла. Цяпер нам застаецца толькі пераглядаць старыя дакументы, узнагароды, ордэны і медалі нашага таты капітана медыцынскай службы Аляксандра Бандарэнкі: за абарону Масквы, фарсіраванне Одэра і Віслы, узяцце Берліна, за вяртанне ў баявы строй савецкіх салдат і афіцэраў. Усё гэта беражліва захоўвае мая родная сястра па бацьку Наталля Аляксандраўна.
    * * *
    Наш старэйшы сын Саша марыў стаць лётчыкам. У Беларусі рыхтавалі толькі тэхнічных спецыялістаў для авіяцыі, а не лётчыкаў. Ён абраў Бугуруслан, што знаходзіцца ў 170 кіламетрах ад Куйбышава (цяпер зноў перайменаванага ў Самару). Адміністрацыйна гэта ўжо Арэнбургская вобласць.
    Пасля заканчэння лётнай вучэлыні Саша вярнуўся дадому. Накіравалі ў сельскагаспадарчую авіяцыю, апрацоўваць палі рознымі хімічнымі вадкасцямі. Але ў Беларусі яны працавалі мала. Больш — у Краснадарскім краі. А потым пачалася Сярэдняя Азія з іх бясконцымі бавоўнавымі палямі. Словам, маладых хлопцаў кінулі ў шкоднае для здароўя экалагічнае пекла. Мы лічым менавіта так, бо з васьмі чальцоў іх эскадрыллі ў жывых застаўся толькі адзін...
    Зразумела, і ў нас усё адбылося не адразу. Саша ажаніўся і жыў у сваёй кватэры. Калі ён да нас прыходзіў, заўважыла, што сын часта бегае ў прыбіральню, і пацікавілася прычынай. Ён адказаў, што не ведае. Я адразу прапанавала здаць
    аналізы. Сын не бачыў у гэтым нічога добрага, бо аналізы за яго, як стала вядома пазней, ужо здавалі калегі. На той час сын скончыў завочна Кіеўскі авіяцыйны інстытут.
    Пачатак дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя быў надзвычай складаным. Айчынная авіяцыя амаль развалілася, і на яе руінах стваралі «Белавія». Трэба было хутка перавучвацца на новыя самалёты.
    Аналізы паказалі, што цукар у сына перавышае норму ў некалькі разоў. У такіх выпадках — толькі інсулін, і толькі ўколы. Саша яшчэ хацеў працягнуць змагацца за месца ў авіяцыі, але ўсё гэта было дарэмна. Выглядаў сын, мякка кажучы, не вельмі добра, пачаў набіраць вагу, што пры дыябеце — звычайная справа. У 28 гадоў яму давялося адмовіцца ад мары, камісавацца і шукаць новую працу. Тады гэта было надзвычай цяжка. Месца ў структурах «Белавія» для яго не знайшлося. Спачатку працаваў у фірме, якую стварыў яго школьны сябар, а потым перайшоў у адзін з банкаў.
    У той дзень з раніцы я паехала на споведзь і літургію ў Ратамку, дзе ў мяне ёсць духоўны настаўнік протаіерэй Аляксандр Міхейчык. Раней у Маладзечне ён адрадзіў надзвычай прыгожую царкву, а потым перабраўся бліжэй да Мінска. Здолеў пабудаваць царкву і тут. Усе абразы ў ёй упрыгожаныя вышыванымі ручнікамі! Утульнасць і дабрыня ад бацюшкі адчуваюцца адразу, як туды заходзіш. На службы беларускамоўнага святара айца Аляксандра прыязджаюць вернікі з усёй акругі, і з Мінску таксама. Дарэчы, вельмі ўдзячная Галіне Васільеўне Сіўчык за тое, што першы раз у Ратамку на службу да святара Аляксандра запрасіла мяне яна.
    Вярнуўшыся з Ратамкі, я толькі зайшла дадому, як патэлефанаваў муж, параіў мне прысесці і раптам: «Сашы нашага ўжо няма...» Сыну было толькі 42 гады...
    Увечары я даведалася, што мой малодшы сын Уладзімір таксама ў гэты дзень быў у храме (святога князя Аляксандра Неўскага) і прычасціўся. Так ён вырашыў адсвяткаваць свой дзень нараджэння, не ведаючы, што ў гэты час назаўсёды пакідае гэты светяго родны брат Аляксандр...
    Дачка Сашы, мая старэйшая ўнучка Марыя, час ад часу нас наведвае. Яна скончыла Беларускі інстытут правазнаўства ў Мінску. Замужам за добрым прыстойным маладым чалавекам з Браслава.
    Праект помніка на магілу старэйшага сына я выпакутавала сама. Дапамог мне скульптар Аляксандр Кострыкаў. А рабілі яго ў Камбінаце архітэктуры і помнікаў. Менавіта там убачыла ў двары гэтай установы былы герб Беларускай ССР. Яго замянілі «Пагоняй», але не ведалі, што рабіць з савецкім гербам, і проста кінулі ля будынку камбіната. Змена сімвалаў тады пратрымалася нядоўга. А мне падумалася: пройдзе час — і зноў вернецца «Пагоня».
    Калі Саша захварэў, мне патрэбна была інфармацыя пра захворванне. Я пазнаёмілася і пачала супрацоўнічаць з беларускай няўрадавай гуманітарнай арганізацыяй «Дзіцячы дыябет», якую ўзначальваюць два вельмі добрыя чалавекі, у якіх дачка таксама хворая на дыябет, — Святлана Аляксандраўна і Павел Міхайлавіч Захаравы. Вельмі карысную справу робяць гэтыя людзі. Шкада, што з-за інфаркту Павел Міхайлавіч крышку адышоў ад працы. Чальцы гэтай арганізацыі — не толькі дзеці, але і людзі без абмежавання ўзросту. На ўсе нашы мерапрыемствы прыязджаюць людзі з розных куткоў Беларусі. А ў Мінску мы праводзім «Дні прафілактыкі дыябету». Круглыя сталы, у час якіх праводзяць кансультацыі і адказваюць на пытанні вядучыя эндакрынолагі Баларусі: Клаўдзія Арсенаўна Радзюк, прафесары і дактары медыцынскіх навук Алена Аляксееўна Холадава, Ларыса Іванаўна Данілава, Таццяна Васільеўна Мохарт і іншыя. Тут жа можна змераць узровень цукру ў крыві.