Мой шлях да Беларусі
Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
Па завядзёнцы, для вядоўцы заўсёды ставяць два мікрафоны. Адзін на сцэне, другі — за кулісамі. Па першым на сцэнеты прадстаўляеш калектыў, а ўсе яго далейшыя песні анансуеш па закулісным. Пасля свайго першага выхаду на сцэну, за кулісы, дзе я рыхтавала абвяшчэнне другой песні хору, нечакана прыбег усхваляваны дырэктар нашай філармоніі Анатоль Іосіфавіч Каландзёнак. Ён быў у складзе нашай дэлегацыі і ўзбуджана, нервова пачаў выгаворваць: «Кто Вам дал право говормть на белорусском языке?» Я
не магла зразумець, як можна было зрабіць інакш, бо ўсе ўдзельнікі таго канцэрта былі з Беларусі. Як і я, усе ў нацыянальных строях. Ён працягваў, што ў зале сядзяць расіяне, якія нічога не разумеюць. Я разгубілася. Раптам да пульту падыходзіць маленькая жанчынка, якая была асістэнтам рэжысёра гэтага канцэрта і з якой я павінна была ўзгадняць усё па сцэнару. Яна стала паміж намі і абурана сказала: «Паслухайце, шаноўны! Як вы можаце такое казаць? Ды, калі вашая вядоўца пачне гаварыць па-руску, яе ў нас проста слухаць не стануць, закідаюць памідорамі».
Такіх пераўтварэнняў ад Анатоля Іосіфавіча я не чакала. Па адукацыі ён піяніст, і нават падаваўся добразычлівым чалавекам, таму для мяне гэта было вельмі нечакана. I тут ён раптам сцішыўся, апусціў вочы, ціха-ціха рушыў да выхаду з-за куліс. А рашучая ўкраінка пераможна сказала: «Працуй далей, дзіцятка!» А для мяне гэта быў яшчэ адзін маленечкі крок па шляху да Беларусі.
Прыгадваецца таксама гісторыя, якая шмат гадоў таму адбылася ў расійскім Краснадары. Там таксама праходзілі Дні беларускай культуры. На канцэрце закрыцця беларускія выступы ішлі разам з песнямі кубанскага казацкага хору, якім кіруе яго знакаміты стваральнік Віктар Гаўрылавіч Захарчанка. Пасля заканчэння канцэрту ён падышоў да мяне, пацалаваў руку і сказаў: «Я ведаю ўкраінскую мову, аднак не думаў, што беларуская яшчэ больш прыгожая. Колькі бываю ў Беларусі, ніколі яе не чуў. Размаўляйце толькі па-беларуску». Потым пачаўся банкет, ён сядзеў насупраць. Нехта нешта ў мяне запытаўся па-руску, і я пачала адказваць на рускай мове. Ён пачуў гэта і сказаў: «Гаварыце на беларускай мове, у вас яна лепш гучыць!»
Дзе б пазней ні праходзілі беларускія канцэрты: на Далёкім Усходзе, Маскве альбо ў Арменіі, я заўсёды прамаўляла па-беларуску. Трэба аддаць належнае Міхаілу Фінбергу, з якім я тады працавала, — на ўсіх канцэртах з маіх вуснаў гучалі толькі беларускія словы. I ўсюды мяне добра разумелі. I ў Петрапаўлаўску-Камчацкім, і ў Ніжнім Ноўгарадзе, і ў Кемерава, і ў Новасібірску.
Пасля таго, як адпрацавалі ў Кіеве канцэрт-адкрыццё, нас адправілі па ўкраінскіх абласцях. Разам з ансамблем цымбалістак пад кіраўніцтвам Заслужанай артысткі Беларусі Таццяны Сцяпанавай на Мікалаешчыну, Херсоншчыну і ў Адэсу.
Спецыяльна для такіх выступаў Анэля Тулапава напісала мне новы верш:
Паслухайце — сатканая з праменняў
Песня пад аблокамі плыве.
Адразу птушкі змоўклі ў здзіўленні,
Зачаравана сціхнуў салавей.
Сасонка песню гэтую спаймала,
I песня засталася з ёй навек.
Сюды прыйшоў аднойчы чалавек,
Паслухаў песню — і зрабіў цымбалы!
Пасля гэтых слоў я паказвала на цымбалы і дзевяць цымбалістак, якія стаялі за маёй спінай. Усе прыгожыя дзяўчаты, у нацыянальных строях! Канцэрты пачыналіся і заканчваліся апладысментамі. Часта яны праходзілі ў рыбацкіх калгасах. Памятаю, прыехалі ў адзін, якім кіраваў Герой Сацыялістычнай працы Мікалай Рабашапка. Спецыяльна да нашага прыезду яны пафарбавалі сцэну. А піяніна не было. Абысціся без яго немагчыма, бо з намі ездзілі Народны артыст Беларусі спявак Віктар Чарнабаеў, спявачкі Людміла Шамчук і Вольга Шутава. Інструмент знайшлі ў настаўніцы музыкі. Прыйшлося цягнуць яго на возе праз усю вёску. Свежую фарбу на сцэне садралі...
Было лета. Цёпла. Кветкі нам неслі пастаянна. Я выйшла, абвясціла чарговы нумар. Павярнулася, яшчэ не дайшла да куліс, і раптам чую за спінай усклік залы: «Алёша!» Падумала, нешта здарылася. Што я ўбачыла? Маленькі хлопчык нёс мне кветкі з дальніх радоў, дабег да сцэны і заплакаў, бо я ўжо сышла. Я гэта ўбачыла і рванула праз усю залу яму наўздагон. Узяла яго на рукі і прынесла на сцэну. Надалей усе нумары мы прадстаўлялі разам.
Падобных кранальных здарэнняў было вельмі шмат. I ўсе яны ўспамінаюцца з такой цеплынёй і хваляваннем!
* * *
Пляцовак, дзе мы працавалі для эфіру, тады было вельмі мала: Дом афіцэраў, Палац спорту і Оперны тэатр. Усё астатняе не транслявалася і мела збольшага ведамасны характар — прадпрыемствы адзначалі свае юбілеі альбо прафесійныя святы, якія праводзілі мы, дыктары. Мы гэта любілі рабіць. Бо, па-першае, удасканаленне прафесійнасці. А па-другое, дададковая да заробку, невялікая, але капейчына. Канцэртныя стаўкі ў нас былі вельмі маленькія: ад 6.50 — 3-я катэгорыя, да 15 рублёў — вышэйшая. Па ўсіх тэлестудыях Савецкага Саюза, і ў Маскве таксама, канцэртныя стаўкі былі аднолькавыя.
Валянцін Георгіевіч Панамароў — масквіч, чалавек адукаваны і інтэлігентны. Калі мы пазнаёміліся, ён быў карэспандэнтам часопіса «Огонёк» у Мінску. Жонка яго, Клаўдзія Сяргееўна, выкладала рускую мову ў БДУ імя Леніна. Яны не аднойчы бывалі ў нас у гасцях. Потым Валянцін Георгіевіч атрымаў запрашэнне ад Машэрава і стаў яго памочнікам. Аднойчы пасля майго вядзення ўрадавага канцэрту ў Дзяржаўным тэатры оперы і балета Валянцін Георгіевіч пацікавіўся, колькі атрымліваю грошай за такі канцэрт. Адказала, што 4 рублі 50 капеек, таму што на той час у мяне не было яшчэ ніякай канцэртнай стаўкі. Ён быў вельмі здзіўлены, сказаў, што Клаўдзія Сяргееўна, якая прысутнічала на тым канцэрце, выказала меркаванне: 50 рублёў. Многія лічылі, што мы атрымлівалі вельмі вялікія грошы.
У сувязі з гэтым успамінаецца цікавая сітуацыя з Народным артыстам Савецкага Саюза Анатолем Папанавым. Ён разам з Маскоўскім тэатрам сатыры быў на гастролях у Мінску. Беларускае тэлебачанне выкарыстала гэта, Папанаў быў запрошаны ў студыю, і я на працягу гадзіны мела з ім гутарку. Гэта запісалі, потым павінен быў адбыцца мантаж з устаўкамі фрагментаў з кінастужак, у якіх прымаў удзел папулярны кінаартыст. Пасля запісу наша бухгалтэ-
рыя павінна была разлічыцца з Анатолем Дзмітрыевічам, і я правяла яго туды. Калі яму выклалі ў акенца 12 рублёў 50 капеек (такая ў яго была канцэртная стаўка), ён не зразумеў, спытаў: «А што гэта такое?», пачаў паказваць усе свае пасведчанні, узнагароды, казаць, што ваяваў і быў паранены. Я прасіла прабачэння, дзяўчаты з бухгалтэрыі таксама. Ён нават не хацеў браць тыя грошы. Як магла, я супакойвала Анатоля Дзмітрыевіча, але ўсё было дарэмна. Развітваліся мы ўжо ў іншым настроі. Пэўна, Масква ўсё ж знаходзіла больш спрыяльныя варыянты аплаты артыстам. Таму і была такая рэакцыя ў Анатоля Папанава.
Праз некаторы час усё кардынальна змянілася. Цяпер артысты атрымліваюць зусім іншыя грошы — так прымусіў шоу-бізнес. I розніца паміж заробкамі расійскіх і беларускіх артыстаў вельмі вялікая.
Мы адчувалі заўсёдную залежнасць ад Масквы. А тэхнічных магчымасцяў у нас заўсёды было менш.
У той час суперпапулярнай была праграма «Ад усяе душы», якую па-майстэрску артыстычна вяла Народная артыстка Савецкага Саюза Валянціна Лявонцьева. Гэта была першая ў СССР тэлеперадача, дзе займаліся пошукам людзей. У нейкім сэнсе яна стала правобразам для «Чакай мяне».
У Мінску тады таксама спрабавалі зрабіць нешта падобнае, толькі ў нас гэта назвалі «Савецкі лад жыцця». Як і цяпер, копія атрымалася не вельмі добрай, і яе ціха закрылі. Размах і грошы тут заўсёды былі не такія, як у Маскве.
Калі ў Беларусі, а дакладней, у Любані Мядзельскага раёна, здымалі праграму з Валянцінай Лявонцьевай «Ад усяе душы», беларускія ўлады імкнуліся дапамагаць ва ўсім. Тэксты ў яе былі вялізныя. I яна ўсё вывучвала напамяць, як і мы таксама. У нас тады суфлёраў не было. Значна пазней цэнзары паслабілі свае патрабаванні. I можна было імправізаваць.
Я не паспела пакарыстацца тэлесуфлёрам. Дыктары-вядоўцы таго часу больш любілі працаваць, як кажуць, вочы ў вочы. На гэты контуспамінаюцца мне канцэрты майстроў
мастацтва «Беларусь сінявокая», якія адбываліся ў Маскве ў 1984 годзе ў спартыўным комплексе «Алімпійскі». Тыя канцэрты ладзіў Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны артыст Рэспублікі Валянцін Дудкевіч. Глядзельная зала ўмяшчала каля 20 тысячаў гледачоў. Хвалявання не перадаць. Табе як быццам хочацца адарвацца ад зямлі. A галоўнае — еднасць, еднасць з гэтай вялікай канцэртнай залай, ты адчуваеш яе подых, як бы кіруеш яе настроем. Радкі верша Эдзі Агняцвет вельмі трапна дапамагалі перадаць пачуцці, твой настрой гледачам. Вось некалькі радкоў з яго.
Я ў сэрцы ўсю цябе ўвабрала,
I міла слухаць кожны раз
Гул Беларускага вакзала —
Сталіца сустракае нас.
Паклон вам ад зямлі крынічнай,
I хлебаробнай, і лясной,
Ад Беларусі будаўнічай,
Ад Беларусі баявой!
Канцоўка вельмі трапна прагучала б і сёння. А ў тыя васьмідзясятыя гады масквічы прымалі прывітанне ад Беларусі партызанскай. Таму што тыя канцэрты былі прысвечаныя саракагоддзю вызвалення Савецкага Саюза ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Два тыдні мы знаходзіліся ў Маскве. Хачу тут падзяліцца сваім адчуваннем ад развітання з Радзімай. Толькі ад'еду, хоць заўсёды рвалася на гастролі, — і адразу такі сум падбіраецца да сэрца. А ўжо калі пад'язджаем да свайго роднага вакзала ці падлятаем да Мінска, стрымаць слёз на вачах немагчыма. I гэта не толькі ў мяне адной. 3 многімі артыстамі, калегамі дзялілася, — усе перажываюць тое ж самае. Можа, гэта і ёсць той самы шлях, які мы шукаем.
I калі пасля апошняга з тых канцэртаў мы прыехалі на Беларускі вакзал, расселіся па вагонах, раптам пранеслася пагалоска: «Масквічы скралі адзін ручнік». Сцэна «Алім-
пійскага» была аформлена двума вялікімі ручнікамі памерам 2 на 20 метраў. Яны былі вытканы беларускімі ткачыхамі на адной з фабрык і доўгі час упрыгожвалі сцэну мінскага Палаца спорту на розных імпрэзах — і вось адзін ручнік знік. Так нам «аддзячылі» за нашы канцэрты.
* * *
Ганаровае званне Заслужанай артысткі БССР у пэўным сэнсе я атрымала дзякуючы Расіі. Дакладней, вядомаму творчаму маскоўскаму дуэту — кампазітару Аляксандры Пахмутавай і яе мужу паэту Мікалаю Дабранрававу. У СССР тады праходзілі фестывалі савецкай песні, ініцыятарам і арганізатарам якіх заўсёды быў Ігар Міхайлавіч Лучанок. Мы з ім шмат супрацоўнічалі. У рамках аднаго з такіх фестываляў адбываўся канцэрт у Палацы спорту. Фінальны. Разам са мной яго вёў акцёр Купалаўскага тэатра Валодзя Рагаўцоў. Журы конкурснай праграмы ўзначальвала Аляксандра Мікалаеўна Пахмутава.