Мой шлях да Беларусі  Зінаіда Бандарэнка

Мой шлях да Беларусі

Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
64.34 МБ
У нашай дыктарскай групе працавала найпрыгожая жанчына Давенора Галкіна. Мы з ёй сябравалі. Яна адна выхоўвала маленькую дачушку. 3 мужам, артыстам тэатра імя Горкага, жыццё не склалася. Усе ведалі, што Яўген Аляксандравіч Глебаў вельмі любіць нашу Вету. I раптам — разрыў. Я ніколі ў сяброўкі пра гэта не распытвала. Была ўпэўнена, што ініцыятарам таго разрыву быў Яўген Глебаў. Усё гэта адбывалася да сустрэчы Яўгена Аляксандравіча і Ларысы Васільеўны.
А Вета была вельмі добразычлівым, лёгкім у зносінах чалавекам з неверагодным пачуццём гумару. Аднойчы Галкіна прымусіла не проста смяяцца, а рагатаць усю тэлеглядацкую аўдыторыю, калі чытала ў кадры аб'яву пра тое, што ў крамы Мінска паступілі ў продаж электраяйка-
варкі. Напярэдадні рэдактар прынесла некалькі аб'яў, паклала на дыктарскі стол, сказала: перад мастацкім фільмам будзе паўза — прачытаеш. Калі ў эфіры дайшла чарга да гэтай самай аб'явы, Вета весела ўсміхнулася. Сапраўды смешна: і такога зместу аб'явы даводзілася чытаць тады дыктарам у кадры. «Паступілі ў продаж электраяйкі... — з усмешкай прамовіла Давенора. Потым: — Варкіяйкі... Яйкаваркі...» Карацей, перабірала розныя варыянты, і ўжо цяжка было стрымліваць смех, але Вета трымалася так лёгка і натуральна, што пра гэта доўга распавядалі, а тэлегледачы прасілі аб'явіць дыктару Давеноры Галкінай паДзяку.
Праз некаторы час Давенора выйшла замуж за маскоўскага кінадраматурга Аляксея Лявонцьева і, на наш вялікі жаль, з'ехала ў Маскву. I толькі цяпер Ларыса Васільеўна распавяла мне, што ініцыятарам разрыву была сама Вета, а калі больш дакладна, то яе дачка Лёля, якая рашуча не прыняла Яўгена Аляксандравіча. I каб не траўмаваць дзіця, маці вырашыла разысціся з каханым. Цяпер Лёля таксама жыве ў Маскве. Божа! Як усё ў нашым жыцці пераплятаецца, непрадказальна сыходзіцца і разыходзіцца...
Так, я заўсёды параўноўвала гэтых дзвюх жанчын. На мой погляд, адна адной не саступае ні ў чым: ні прыгажосцю, ні розумам, ні інтэлігентнасцю, ні пачуццём гумару. I з адной, і з другой, калі размаўляем (цяпер у асноўным па тэлефоне), насмяёмся ад душы. Як гэта важна ў нашым цяперашнім жыцці!
* * *
2012 год. Спартыўны самалёт са Швецыі заляцеў у Беларусь і раскідаў па нашай зямлі плюшавых мядзведзікаў. Калі пачула пра гэта, уявіла, як радасна адрэагавала б нейкае дзіцятка, каб злавіла аднаго з іх. Але да парушэнні мяжы як быццам бы меў дачыненне Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Каралеўства Швецыя ў Рэспубліцы Беларусь паважаны спадар Стэфан Эрыксан. Беларускі бок вырашыў не працягваць яго акрэдытацыю.
Часта ўспамінаю суботнюю раніцу ў канцы кастрычніка за два гады да той падзеі. Тэлефонны званок, і вясёлы голас:
— Добрай раніцы, спадарыня Зінаіда! Чым займаецеся?
— Збіраемся на лецішча.
— Вазьміце нас з Веранікай. Мы дзяцей адправілі на вакацыі і зараз вольныя.
— Божа, будзем шчаслівыя, калі ласка!
Паехалі. Акрамя нас была яшчэ адна нечаканая госця: залацісты рэтрывер Вафля, якая вельмі далікатна паводзіла сябе ў машыне. Пад'язджаем да хаты. Пачуўшы і ўбачыўшы Вафлю, мясцовыя «лайкі» напачатку пачалі кідацца на яе. Тая і ўвагі не звярнула на іх. Калі выскачыла з машыны — выхавана і інтэлігентна — яе высокая постаць не зварухнулася з месца. I тыя раптам змоўклі і неяк лісліва падціснулі хвосцікі. Яны пачалі падыходзіць бліжэй, і мы адчулі, што ім захацелася дакрануцца да гэтай прыгожай, годнай істоты. Мы ўсе з усмешкай назіралі за гэтым.
I хаця стаяў цёплы дзень, у нятопленай хаце было халаднавата. Мой гаспадар Генадзь вызваўся растапіць камін і згатаваць ежу, а мы рушылі ў грыбы. Лес за плотам. A Вераніка, жонка амбасадара, — заўзятая грыбніца. I пачалося: толькі і чуваць галасы: знайшла абабак, а я лісічку! A тут шмат кабылак, а ў мяне сыраежкі... Шкадавалі, што не знайшлі ніводнага рыжыка: іх сезон скончыўся.
I наша гаворка пра навакольны і раслінны свет Беларусі і Швецыі, пра тое, чым падобныя і чым адрозніваюцца нашы людзі, якія рысы характару найчасцей сустракаюцца ў шведаў і беларусаў... Прыгадалі, што ў часы Вялікага Княства Літоўскага ў нас была агульная мяжа. Так, была і вайна, але мы былі хаўруснікамі, а Браслаўскі павет нейкі час уваходзіў у Шведскае каралеўства і нават паспеў атрымаць узнагароду.
Вярталіся да абеду. Хата пратопленая, бульбачка беларуская зварана, марынаваныя белыя грыбочкі і шматчаго на стале... Мой гаспадар парупіўся.
I зноў — размовы. Я ведала, што Стэфан Эрыксан наведвае беларускія сем'і. Яму цікава было ведаць узаема-
адносіны родзічаў, блізкіх людзей, іх выхаванне, звычкі, традыцыі. У сваіх выступах ён распавядаў пра нас тое, чаго мы самі пра сябе не ведаем. Колькі рабіў амбасадар дзеля таго, каб нашы народы адчувалі сябе, нягледзячы на адлегласць, блізкімі!
Стэфан Эрыксан паказаў нам добры прыклад, як хутка можна вывучыць мову, карыстацца ёю, і быць такім прыцягальным чалавекам. Ён жа, адным з першых, пераклаў на шведскую мову некалькі апавяданняў Васіля Быкава, і ягоным прыкладам кіраваліся іншыя замежныя дыпламаты.
Ведаю, што шчыры сябар Беларусі славацкі амбасадар Любамір Рэгак, які таксама добра вывучыў беларускую мову (у яго кабінеце на сцяне вісела мапа Вялікага Княства Літоўскага), у гэты ж час пераклаў на славацкую мову вершы Ніла Сымонавіча Гілевіча.
А жыццё сапраўды робіць такія павароты! Пройдзе час, і спадар Стэфан яшчэ вернецца ў Беларусь.
* * *
Павел Шарамет. Гонар беларускай журналістыкі. I яго таксама няма побач з намі.
He верыцца, што гэта здарьілася: перад вачыма яго вобраз, добразычлівы позірк. Успамінаюцца самыя розныя нюансы нашых сустрэч, нейкіх падзей, на якіх пашчасціла перамовіцца, быць разам.
Калі Павел з'явіўся на беларускіх каналах у праграмах «Праспект» і «Эканаміст», гэта стала падзеяй, бо па тым часе гэта быў зусім іншы тыпаж журналіста: журналіст-суразмоўца, які спакойна, лагодна і добразычліва, робячы нечаканыя паўзы, думаў і прымушаў думаць нас, тэлегледачоў. Многія беларускія тэлевядучыя яго не ўспрынялі, таму што самі пайшлі па лёгкім шляху: і па сённяшні дзень шмат хто, карыстаючыся тэлесуфлёрам, гаворыць хутка, без унутранага перажывання, не вядзе дыялог з тэлегледачамі, як гэта рабіў Павел. На жаль, не вельмі часта на тэлебачанні нам даводзілася пры сустрэчах вітацца. I раптам даведваюся: абедзве яго праграмы выціснулі з эфіру.
Ужо калі працаваў на расійскім канале «ОРТ», Павел разпораз наведваў Беларусь, па-ранейшаму сачыў за нашым палітычным жыццём. Аднойчы арганізаваў канцэрт «Рок за свабоду» з удзелам расійскага музыканта і спевака Вячаслава Бутусава і групы «Ю-Піцер». Улады дазволілі імпрэзу на плошчы Бангалор пры ўмове, што на сцэну не выйдуць апальныя гурты «Палац», N.R.M., «Нейра Дзюбель», «Крама», спявак Зміцер Вайцюшкевіч. I вось што прыдумаў Павел: каб перад пачаткам канцэрта разам з шэрагам нашых палітыкаўя выйшла на сцэну і сказала некалькі слоў пра Беларусь. Хадзіла, думала, хвалявалася, што сказаць.
Прыехала, прабілася да сцэны. Першае ўражанне: моладзь ідзе ды ідзе, мноства міліцыянтаў. Павел папярэдзіў, каб была гатовая да выступлення ў любую хвіліну. Нікога з выступоўцаў не было бачна. I толькі пад'ехаў мікрааўтобус з Бутусавым — і войкнуць не паспела, як узляцела на сцэну з дапамогай Паўла. Ён яшчэ паспеў крыкнуць: «Ваша выступленне чацвёртае, пачынайце без паўзы!»
Тым часам беларускія музыканты сказалі па некалькі слоў і — мая чарга. Прачытала тры чатырохрадкоўі пра Беларусь. Прыгадаю апошняе:
Адчыніць гатовы дзверы
I на захад, і на ўсход,
Бо жыцця і лепшай долі
Ўсё чакае наш народ.
— Калі вас сабрала гэтая плошча з удзелам Вячаслава Бутусава, — перайшла я на прозу, — вы падтрымліваеце акцыю «Рок за свабоду»?
— Так! — грымнуў натоўп.
— Вы за тое, каб наша Беларусь была вольнай, незалежнай, дэмакратычнай дзяржавай?
— Так! — разнёсся дружны кліч тысячаў маладых суайчыннікаў.
— Тады — жыве Беларусь!
— Жыве! — на ўсю моц выгукнула шматтысячная плошча.
Кажуць, што многія прыйшлі тады на канцэрт, каб проста паслухаць вядомага расійскага спевака, але для мяне гэта было сапраўднае яднанне беларусаў. Я была так уражаная гэтым эмацыяналыным відовішчам, што не заўважыла, як зноў апынулася на руках Паўла Шарамета. Ён асцярожна паставіў мяне на зямлю. Трэба было хутчэй выбірацца з натоўпу, бо ўжо чуліся крыкі адказных за парадак чыноў: «Хто дазволіў? Адкуль яна ўзялася? На сцэну нікога не пускаць!»
Тым часам Анатоля Лябедзьку, Валерыя Фралова, Сяргея Калякіна не дапусцілі да сцэны. Дагэтуль не разумею, як Паўлу ўдалося ўсё пралічыць, зарыентавацца і зрабіць так, каб я паспела прамовіць свае словы.
Ніколі не забуду, як частавала ў сябе дома Паўла Шарамета і Святлану Калінкіну смажанымі ў кляры грыбамі-парасончыкамі. I як, смакуючы і смеючыся, ён па-дзіцячы захапляўся пачастункам, імкнучыся адгадаць: з чаго ж гэта прыгатавана — мяса птушкі ці труса?
Гэта Павел пазнаёміў мяне і майго мужа з Барысам Нямцовым. Мы паехалі ў Маскву на сустрэчу з прадстаўнікамі дэмакратычных колаў Расіі. На Беларускім вакзале нас сустракаў Павел. I калі мы выехалі з прывакзальнай плошчы, ён раптам прапанаваў: «У нас яшчэ ёсць час. Заедзем да Барыса Нямцова?» Божа, гэта была такая нечаканая і такая радасная сустрэча! Мне падалося, што вялікая зала офіса стала цеснай для гэтых двух вялікіх і прыгожых мужчын. Адразу адчулася, што яны сябры: задавалі нам пытанні і адначасова абменьваліся ўражаннямі, жартавалі.
Знешне яны былі вельмі розныя, і адначасова было такое падабенства паміж імі: абодва валодалі выключнай харызмай, пачуццём гумару, нейкай прыцягальнай сілай і даверлівасцю позірку. Даведаўшыся, што мы не былі яшчэ ў храме Хрыста Збавіцеля, арганізавалі нам яго наведванне. Тады не было ніякага прадчування велізарнай трагедыі, непапраўнай страты для Беларусі, Украіны і Расіі. Нашага Паўла не стала праз год пасля забойства Барыса Нямцова...
У дзень, калі грымнуў той страшэнны выбух у цэнтры Кіева, з самага ранку і да позняй ночы, і ў наступны дзень
амаль усе асноўныя тэлеканалы Украіны (у адрозненне ад беларускіх) вялі праграмы пра Паўла Шарамета. Колькі цікавых фактаў, колькі людзей выказваліся пра слыннага сына Беларусі! He забуду словы маладога ўкраінца: «У Беларусі Шарамет адседзеў у турме, з Расіі яго выціскалі як маглі, а ва Украіне яго забілі».