Мой шлях да Беларусі  Зінаіда Бандарэнка

Мой шлях да Беларусі

Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
64.34 МБ
Гарадская ўлада не зварухнулася, як быццам і не ведала, што бюджэтных грошай хапае можа на чвэрць, што расійскія зоркі патрабуюць перадаплаты за паўгода да пачатку фестывалю.
Я крышку спрычынілася да той сітуацыі, таму пра гэта распавядаю.
Калі аднойчы ў Віцебску пасля вядзення канцэртаў Славянскага базару зайшла ў бухгалтэрыю атрымаць грошы за восем канцэртаў, з радасцю распісалася за суму, роўную тром маім месячным заробкам. Над маім прозвішчам стаяла прозвішча Надзеі Бабкінай — за ўдзел у двух канцэртах сума завоблачная.
Нас, беларусаў, яшчэ ў савецкі час прывучалі ведаць сваё месца. Вядома, мы гэтую сітуацыю абмяркоўвалі, але ў голас не выказваліся. Я да таго, каб ведалі, як даводзілася Уладзіміру Веньямінавічу разлічвацца з расійскімі і замежнымі зоркамі.
Перад тым, як паехаць на канцэрт у Крамлёўскі палац, сумленна папярэдзілі, што грошай для нас няма, і мы ўсе пагадзіліся: увечары выезд, раніцай рэпетыцыя, вечарам канцэрт — і адразу на вакзал.
Калі здарылася бяда, шмат што рабілася, каб дапамагчы Уладзіміру. Асабліва з боку яго калег і падначаленых з Магілёва. У яго цукровы дыябет, яму пастаянна патрэбныя лекі, а ён у калоніі строгага рэжыму.
Я ўсё гэта ведала, перажывала, але дапамагчы не магла. Раптам тэлефануе жонка Уладзіміра Браілоўскага Людміла Яўгенаўна: «Валодзя загіне, у яго абвастрэнне, не магу да-
біцца медыцынскай дапамогі». Тэлефаную Ігару Лучанку. А ён перад гэтым ужо адправіў зварот на імя прэзідэнта са сваім і Уладзіміра Співакова подпісамі. Калі спатрэбіцца, сказаў, далучуся яшчэ.
Пачала тэлефанаваць нашым вядомым артыстам. Некаторыя адразу падтрымалі, а некаторыя катэгарычна адмовіліся. Я сама магла толькі арганізаваць, бо мой подпіс мог стаць перашкодай. I тады тэлефаную Заслужанаму артысту БССР Уладзіміру Правалінскаму, чалавеку добраму і чулліваму. Ён адразу адгукнуўся. Па тэлефоне ўсё абмеркавалі. Былы музычны рэдактар Белтэлерадыёкампаніі Людміла Палкоўнікава склала зварот. Ігар Міхайлавіч Лучанок падпісаў і яго. Трымаем сувязь з адвакатам Браілоўскага і чакаем. Па-мойму, праз месяц нашага Уладзіміра Веніямінавіча вызвалілі. У той год са сваёй дыктарскай групай сабраліся ў мяне дома адзначыць мой дзень народзінаў. Раптам зусім нечаканы званок у дзверы. Хуценька бягу, адчыняю. Божа! Уладзімір Браілоўскі! Разам з музыкантам і кампазітарам Ізмаілам Капланавым. Такога падарунка я не чакала. Для мяне гэта была сапраўдная ўзнагарода!
* * *
У аркестры Фінберга мне ўдалося пратрымацца толькі да 2001 года.
Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў мне патэлефанавала праваабаронца Людміла Гразнова і прапанавала напісаць некалькі радкоў для «Народнай Волі». Там зрабілі адпаведную рубрыку і друкавалі меркаванні вядомых людзей наконт маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў.
Анатоль Ярмоленка сказаў, што на выбары не ходзіць, за што пасля некаторы час аказаўся ў ценю. Вядомая музыказнаўца Элеанора Язерская напісала, што ведае, за каго цяпер будзе галасаваць. Я ж думала ўсю ноч і напісала: «Спрадвеку беларусы лічацца працавітымі, добразычлівымі, лагоднымі і вельмі цярплівымі. Прыходзіць да нас хамская ўлада, а мы ўсё церпім. I вось нам даецца шанец». Цяпер мне падаецца, што даволі рэзка выказалася.
Як толькі гэта было надрукавана ў газеце, з самай раніцы мне патэлефанавалі з Міністэрства культуры і выказалі сумнеў у тым, што тэкст пісала я, што мяне проста падставілі. Катэгарычна абвергла версію падставы і яшчэ раз пацвердзіла сваё аўтарства: «Так думаюць многія, проста людзі баяцца выказвацца». I пачалося...
Праз некаторы час у суботні дзень Фінберг выклікаў мяне. Сказаў, што хоча яшчэ працаваць, што ў яго вялікі калектыў, а я яго падставіла. Сказала, каб не хваляваўся, у панядзелак прыйду і напішу заяву. На гэта пачула: не трэба панядзелка, пішы зараз. Што я і зрабіла. Выйшла з офіса і больш у яго не ўвайшла.
Цікава, што за два дні да майго сыходу з аркестра я стаяла з музычным рэдактарам на аўтобусным прыпынку Плошчы Перамогі, каб разам ехаць на рэпетыцыю. Размаўляем. Раптам нехта ззаду мякка бярэ мяне за плечы. Паварочваюся. Перада мной сімпатычны, добра апрануты чалавек, які кажа: «Дзякуй за тое, што вы ўсіх нас абаранілі!» Я ў адказ: «А вам дзякуй, што вы гэта заўважылі!»
Радасна падумалася, што людзі чытаюць «Народную Волю»!
Без працы я доўга не была. Мяне запрасілі ў Мінскі палац дзяцей і моладзі: спачатку працаваць з дзецьмі, а потым арганізавалі курсы для дарослых «Майстэрства тэлевядоўцы» пры аддзеле інфармацыйнага забеспячэння і рэкламы, якім кіруе Любоў Лебедзева.
Дзякуючы такім апантаным людзям, як яна, Алена Арэшка, Кацярына Шашыташвілі там па сапраўднаму віруе жыццё. Дзецям там цікава, іх вучаць тэлевізійным прафесіям, з імі займаюцца прафесіяналы з беларускага тэлебачання: журналісты, тэлеаператары, мастакі. Дарэчы, у канцэртнай зале палаца я правяла сваю юбілейную вечарыну ў 2014 годзе.
Працавала там да верасня 2018 года.
Так што ціск, які церпіць цяпер апазіцыя, сыходзіць не толькі ад улады. Шмат залежыць ад звычайных людзей, іх сумленнасці, разумення палітычнай сітуацыі.
* * *
Вельмі ўдзячна лёсу, што звёў маю сям'ю з Валянцінай Уладзіміраўнай Быкавай, роднай сястрой пісьменніка Васіля Быкава (светлая памяць гэтай незвычайнай жанчыне). У мой першы прыезд у Бычкі ўжо напрыканцы ўрачыстасцяў, а народу там заўсёды зашмат, я прысела на прызбу і раптам чую: «А я цябе, Зіначка, па голасе пазнала». Паварочваюся і пытаю: «А чаму толькі па голасе?» — «Так, бо я ж не бачу нічога», — чую ў адказ. Так мы і пазнаёміліся. Даведалася, што ўжо можа паўгода як Валянціна Уладзіміраўна аслепла, жыла ціхенька, нікому не скардзілася. Мясцовыя дактары раілі аперацыю, але гарантыі не давалі.
Вось тут усё і закруцілася.
3 дапамогай дацэнта зрокавага аддзялення 3-й клінічнай бальніцы Валерыі Іванаўны Навуменкі (дачкі пісьменніка Івана Навуменкі), уладкавалі Валянціну Уладзіміраўну на аперацыю. Імпартныя крышталікі выкупіў фонд Аляксандра Мілінкевіча і Іны Кулей. Наколькі я ведаю, гэты фонд дапамагаў многім. Аперацыя была зробленая вельмі добра, і паехала мая Валянціна Уладзіміраўна дахаты роўна на паўгода. Але не вытрымала рэжыму, падняла вядро з бульбай, калі садзіла яе на агародзе. I на адным воку парвала сятчатку. Мне патэлефанавала ўжо яе братавая Антаніна. Божа, па-мойму, Глеб Лабадзенка прывёз Валянціну да мяне. Аперацыя складаная, і зрабіць яе маглі толькі ў аддзяленні мікрахірургіі дзесятай клінічнай бальніцы. I зноў дапамагла Валерыя Навуменка. Дамаўлялася яна, але з умовай, што хірург не будзе ведаць пра тое, што гэта родная сястра Быкава. Мне было цяжка паверыць у гэта, але доктар баяўся, што гэта адаб'ецца на яго далейшай кар'еры. Я з сынам адвозіла Валянціну Уладзіміраўну, доктару сказала, што гэта мая родзічка. У хірурга рукі залатыя, але калі нечакана ўсё ж такі ён даведаўся, каму рабілася аперацыя, перастаў адказваць на мой мабільнік. Так і не змагла падзякаваць хірургу, гэта зрабіла мудрая Валерыя Іванаўна Навуменка.
Уся мая сям'я вельмі пасябравала з Валянцінай Уладзіміраўнай. Пасля аперацыі яна жыла ў нас. Вельмі інтэлігентная, шчырая і добразычлівая. А колькі цікавага распавядала пра сябе, Васіля Уладзіміравіча. Мы стэлефаноўваліся і нават перапісваліся. Калі муж папрасіў яе перанесці на паперу свае ўспаміны, яна даслала два таўстасценныя лісты. Яны ляжаць, чакаюць свайго часу. Асабліва цікавы яе расповед, як пяць беларускіх дзяўчат адразу пасля вайны накіравалі ў Германію. Там савецкія салдаты сабралі некалькі сотняў безгаспадарных кароў. Гэты статак яны паўгода пешшу гналі амаль праз усю Еўропу. Асабліва цёплыя ўспаміны ў яе былі пра Аўстрыю. Як ім дапамагалі тамтэйшыя людзі. Але да Ушач яны прыгналі толькі палову статка. Дзяўчаты так і не атрымалі па карове, як ім абяцаў ва ўзнагароду старшыня калгаса. Журналіст Глеб Лабадзенка зняў расповед Валянціны Уладзіміраўны на камеру. На мой погляд, гэты матэрыял варты мастацкага фільма.
Няскоранасць ад матулі
Даволі часта чую розныя прэтэнзіі да беларускай алазіцыі, у большасці цалкам абгрунтаваныя. Але лічу: у сучасных умовах апазіцыя і не можа быць іншай. Умовы, у якіх яна зараз існуе, жорсткія і неспрыяльныя.
Маю на гэты конт адпаведны асабісты досвед. У беларускіх выбарах прымала ўдзел двойчы. Падтрымліваю погляды амаль усіх дэмакратычных плыняў. Але Аб'яднаная грамадзянская лартыя, якую да нядаўняга часу ўзначальваў Анатоль Лябедзька, аказалася самай блізкай па духу. Вельмі яго паважаю за прыстойнасць і мэтанакіраванасць.
У 2004 годзе я ішла на выбары па Смаргонскай выбарчай акрузе.
Прыехалі мы туды з Анатолем Лябедзькам і Андрэем Дзмітрыевым. Тады яны яшчэ былі разам. Планавалася, што Дзмітрыеў будзе дапамагаць мне ў выбарчай кампаніі. Перад гэтым мясцовая выбарчая камісія знайшла ў маёй дэкларацыі аб даходах «жахлівую» недакладнасць — аж 20 рублёў. Нават давялося ісці ў Цэнтрвыбаркам на адпаведнае пасяджэнне ЦВК.
Нягледзячы на тое, што перад падачай дэкларацыі з усімі намі шчыльна працаваў юрыст і вядомы знаўца выбарчага заканадаўства Міхаіл Пліска, я дапусціла крыўдную памылку. Калі перапісвала дадзеныя з чарнавіка на чысты варыянт, замест чацвёркі напісала двойку. На жаль, ніхто з нашай каманды гэтага не заўважыў.
Лідзію Ярмошыну я ведала яшчэ па Бабруйску, куды мы ездзілі з аркестрам Фінберга на канцэрт. Тады яна толькі пачынала сваю кар'еру. Як звычайна, пасля канцэрта, які праходзіў на цэнтральнай плошчы, быў банкет. Да майго
століка падышла Лідзія Міхайлаўна, расказала пра сваю цікаўнасць да мастацтва і захапленне працай Міхаіла Якаўлевіча. Потым на пасяджэнні ЦВК Ярмошына выказалася прыблізна так: «Тут у нас ёсць прыклады, калі ў кагосьці на 800 тысяч канцы з канцамі не сыходзяцца. Няўжо мы з-за нейкіх 20 рублёў будзем закрываць шлях паважанаму чалавеку?»
У Смаргонь мы прыехалі з маім мужам Генадзем Мікалаевічам за дзён дзесяць да выбараў. Знялі кватэру. Спачатку Андрэй Дзмітрыеў пачаў актыўна мне дапамагаць, аднак хутка кінуў мяне і паехаў у Расію на выбары зарабляць грошы ў якасці паліттэхнолага. Гэта была здрада. Як высветлілася — далёка не апошняя.
Увесь клопат па арганізацыі выбараў узяў на сябе былы завуч сярэдняй школы, выдатны педагог і чалавек, Тадэвуш Картавік, светлая яму памяць. Разам са смелай настаўніцай, дэпутаткай мясцовага Савета, Ірынай Верштадтяны былі літаральна рухавікамі каманды. У сустрэчах з выбаршчыкамі нам не адмаўлялі, але заўсёды гэта былі пустыя залы. Улада рабіла ўсё магчымае, каб людзі нас не чулі: зрывалі абвесткі, прызначалі мерапрыемствы праз гадзіну пасля заканчэння працоўнай змены альбо адпускалі людзей з работы дадому за паўгадзіны да пачатку сустрэчы з выбаршчыкамі.