Мой шлях да Беларусі  Зінаіда Бандарэнка

Мой шлях да Беларусі

Зінаіда Бандарэнка
Выдавец: Медысонт
Памер: 236с.
Мінск 2020
64.34 МБ
Сапраўднае стаўленне ўлады высветліў мой памочнік Тадэвуш Віктаравіч, калі завітаў да аднаго свайго добрага знаёмага чыноўніка. Каб прадэманстраваць рэальныя адносіны да нас, той уключыў гучную сувязь і звярнуўся да мясцовага вертыкальшчыка. У адказ на просьбу наладзіць сустрэчу з выбаршчыкамі прагучала: «Памяшканне можаце даваць, але людзей на гэтую сустрэчу не пускаць ні ў якім разе».
Канкрэтных прыкладаў можна прывесці яшчэ шмат, і яны даволі красамоўна сведчаць пра тое, што такое «выбары» па-беларуску. Крыўдна, што ў гэтых фальсіфікацыях актыўны ўдзел прымаюць настаўнікі, якія потым вучаць нашых дзяцей.
Сумна было назіраць, як мяняецца стаўленне людзей. Пры маіх ранейшых прыездах у Смаргонь з канцэртамі я бачыла ў вачах захапленне. Людзі не ведалі, як і куды мяне пасадзіць і чым частаваць. А ў гэты прыезд адчувала вакол сябе вакуум. У адной школе на сустрэчы з выбаршчыкамі завуч выйшла да мяне і сказала: «Калі ласка, заходзьце». I адчыніла дзверы. А там — пустая зала. Людзі баяліся дапамагаць.
Тыя выбары былі сумешчаныя з рэферэндумам, які адмяняў абмежаванне колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, і ўсюды я казала пра небяспечнасць падобных змен. Шкада, улады рабілі ўсё, каб нас не слухалі.
Абавязкова хачу некалькі слоў сказаць пра Івана Фёдаравіча Крука, які быў памочнікам у Астравецкім раёне, бо, пасля змянення памераў выбарчых акруг, мае выбаршчыкі жылі і там. Сам ён некалі працаваў у міліцыі і бачыў памеры юрыдычнага беззаконня. Як чалавек сумленны, часам ён не мог гэта нават вытрымаць.
Вельмі ўдзячна былому палітвязню, адкрытаму і шчыраму чалавеку, адукаванаму і разумнаму палітыку Васілю Севасцьянавічу Лявонаву, светлая яму памяць, і сябру палітсавета АГП Анатолю Васільевічу Паўлаву. Калі даведаліся, што Андрэй Дзмітрыеў пакінуў мяне без дапамогі, яны разам з жонкай Васіля Лявонава Антанінай Міхайлаўнай прыехалі падтрымаць, далі мне шмат разумных парад, пазнаёмілі з вельмі карыснымі людзьмі, якія потым мне дапамагалі.
Гэта было так важна для мяне, бо на той момант я была ў разгубленасці.
Больш за дваццаць гадоў жыцця ў апазіцыйным асяроддзі прынеслі мне шмат цікавых знаёмстваў і кантактаў. Асобна хачу вылучыць Андрэя Клімава, бо з ім кантактавала не толькі я, але і мая стрыечная сястра Ганна Каваленка. Андрэй Клімаў — эмацыйны палітык, у нечым рамантык, летуценнік, настойлівы змагар за свае погляды. У адрозненне ад многіх іншых, яму было што губляць — банк, газета, будаўнічая фірма, заможнасць.
Так атрымалася, што падчас сваёй чарговай «адсідкі» ён апынуўся «на хіміі» ў Баршчоўцы — вёсцы паміж Гомелем і Рэчыцай.
Недалёка ў вёсцы Старыя Цярэшкавічы жыла мая сястра Ганна Мікалаеўна. Тая самая, што не раз згадвалася падчас успамінаў пра дзяцінства. Яна працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. У сваёй школе арганізавала «беларускі куток», куды я перадала адзін свой беларускі строй. Яе любілі і вучні, і бацькі. Яна прытрымлівалася дэмакратычных поглядаў, выпісвала «Народную Волю», з якой і даведалася пра перавод Клімава ў недалёкія ад іх мясціны. Адразу ж сабрала поўныя сумкі хатняй ежы і паехала шукаць Андрэя.
Яны размаўлялі шмат гадзін і паўтаралася гэта амаль кожны тыдзень. Па тэлефоне Ганна мне не раз казала, што палюбіла Андрэя як сына. Захаплялася яго мужнасцю і светапоглядам. У Баршчоўку ездзіла альбо яна сама, альбо яе муж Сцяпан, былы экскаватаршчык. Яна нагатуе ежы, Сцяпан адвозіць. Адны каструлі пакідае, іншыя забірае.
Як яна радавалася, калі даведалася, што Андрэя адпускаюць раней тэрміна! Але вечарам таго дня яна мне патэлефанавала і сумным голасам сказала, што Клімава выпусцілі, і ён да яе не заехаў.
Хутка сястра трапіла ў бальніцу і праз дзён дзесяць памерла.
Некаторыя звязваюць гэтыя дзве падзеі, але я б не спяшалася з абагульненнямі і высновамі. Ведаю, што Андрэй моцна перажываў гэты момант, і мы неаднойчы гаварылі пра тое.
Калі Ганны не стала, на пахаванне прыйшла амаль уся вёска. Старыя Цярэшкавічы — даволі вялікае паселішча. 3 птушкафабрыкай, з размешчаным непадалёк племзаводам, дзе вырошчваюць элітных бычкоў. 3 аднаго боку жывуць сталыя жыхары, з другога — чарнобыльскія перасяленцы. Маю сястру ведалі ўсе. Такую колькасць народу, як на развітанні з ёй, я бачыла толькі ў Мінску на пахаваннях вядомых людзей.
* * *
У 1993 годзе мяне запрасілі быць вядоўцай новага праекту Міжнароднага хрысціянскага фестывалю духоўнай музыкі «Магутны Божа», які ладзілі ў Магілёве. Першы яго ініцыятар і кіраўнік быў пробашч касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Станіслава Уладзіслаў Блін. Праз некалькі гадоў яго перавялі на працу ў Віцебск. Ягоным пераемнікам, а таксама кіраўніком і дырэктарам фестывалю стаў ксёндз Раман Факсіньскі.
3 якой цеплынёй успамінаю гэтыя фестывалі!
Гарадскія ўлады слаба дапамагалі арганізацыі свята, усё трымалася на ініцыятыве кіраўніцтва касцёла, саміх вернікаў і некаторых сяброў з Польшчы. Напрыклад, з Ганнай і Станіславам Сцепанчук з Беластоку мы і дагэтуль падтрымліваем добрыя стасункі.
Мяне запрасілі быць вядучай фестывалю, дапамагчы з афармленнем сцэны, падключыць тэлебачанне. Вялікія ўрачыстыя канцэрты праходзілі ў Магілёўскім Палацы хімікаў, конкурсныя — у касцёле і ў музычным каледжы. Іх удзельнікамі былі канкурсанты з блізкага і далёкага замежжа.
Гасцей заўсёды было вельмі шмат. На першы фестываль прыехалі паломнікі ў складзе 200 замежных студэнтаў з Масквы, якія прадстаўлялі ўсе хрысціянскія канфесіі. Былі нават студэнты-хрысціяне з Афрыкі. Толькі на першым фестывалі ў Магілёве пабывалі прадстаўнікі духоўнага мастацтва амаль з 20 краін свету. Прыязджалі многія епіскапы і святары праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў Беларусі і замежжа.
Для Магілёва гэтыя фестывалі былі сапраўдным духоўным святам і праваслаўных, і каталікоў. Напачатку я вяла іх адна. Потым падключыла сваіх маладых калег Ірыну Смольскую і Сашу Байкова, а таксама сына Уладзіміра з яго песнямі духоўнага зместу. Афармляла сцэну мастачка тэлебачання Галіна Холад. Ну як жа прафесійна яна зрабіла гэтае афармленне! Яно было падаравана фестывалю нашым тэлебачаннем і доўгія гады ўпрыгожвала сцэну.
Над рэстаўрацыяй касцёла святога Станіслава ў 1991 годзе працаваў мастак Алесь Пушкін разам з Феліксам Янушкевічам. У правым баку касцёла яны ў знакавых асобах Беларусі адлюстравалі гісторыю нашай краіны: старшыню Рады БНР Яна Сераду, кіраўніка партыі БНФ Зянона Пазняка; была намалявана Канстытуцыя Беларусі 1995 года... Калі прыехала на фестываль, увесь гэты роспіс быў задрапіраваны белым палатном, а праз чатыры гады па патрабаванні гарадскіх уладаў яго наогул замалявалі белай фарбай.
Журы ўзначальваў Народны артыст СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР прафесар Віктар Уладзіміравіч Роўда. У складзе журы былі народныя артысты БССР Любоў Каспорская і Віктар Скарабагатаў, прафесар Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская. Заўсёды апладысментамі сустракалі загадчыка аддзялення музыкі фонду Ф. Скарыны Брытанскай нацыянальнай бібліятэкі, спадара Гая дэ Пікарда, светлая яму памяць, Заслужанага дзеяча Украіны Ігара Маціеўскага, дырыжора кафедры хору з горада Торунь музыказнаўцу Рамана Гручу.
Разам з энтузіястамі: хормайстрам і выкладчыкам філіяла музычнай акадэміі Магілёва Жанетай Ялфімавай, Ганнай Каржанеўскай, Віктарам Скарабагатавым — сядзелі за поўнач, распісвалі канцэртныя праграмы, каб раніцай паспець выклікаць удзельнікаў на рэпетыцыю. I ў нас ніколі не ўзнікала пытання, а колькі нам заплацяць, бо мы ведалі, што гэта ляжа на плечы вернікаў.
На адзін з апошніх фестываляў запрасілі аднаго вядомага артыста з Мінска, каб ён разам са мной правёў канцэрты адкрыцця і закрыцця фестывалю. Пасля першай жа рэпетыцыі ён спытаў: колькі мне заплацяць? Ксёндз Раман Факсіньскі з радасцю (таму што раней у яго не было такой магчымасці) адказаў: 100 даляраў. I раптам у адказ: «Што? Ды я толькі за аб'яву ў Палацы Рэспублікі па закулісным мікрафоне «На сцэну запрашаецца прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка!» атрымліваю 50 даляраў. Атутувесь вечар на сцэне!» Ён правёўтолькі канцэрт адкрыцця, атрымаў свае 100 даляраў — і з'ехаў у Мінск.
Ксёндз Раман вельмі смелы чалавек. Колькі ён змагаўся за мяне!
Гарадскія ўлады ціснулі, паставілі ўмову: ці фестываль, ці Бандарэнка. Ксёндз Раман мне тэлефануе: «Прыязджайце ўсё роўна, папрацуйце ў конкурсных канцэртах». Мой адказ быў такі: «Паважаны айцец Раман, вам трэба захаваць фестываль, не рызыкуйце». I я перастала ездзіць у Магілёў. Адразу са сцэны знікла беларуская мова, дый фестываль паціху пачаў сыходзіць.
Дадам яшчэ, што неаднойчы на наш фестываль прыязджаў і вітаў са сцэны Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, уладыка Мітрапаліт Філарэт. I мне самой даводзілася сустракацца з Яго Высокапраасвяшчэнствам на розных мерапрыемствах, размаўляць з ім, бываць на яго службах — і заўсёды атрымлівала духоўнае падмацаванне.
* * *
Мая мара: каб беларуская мова стала роднай для ўсіх беларусаў. Але гістарычна склалася так, што беларусы доўга жылі ў польскамоўным асяроддзі, доўга жылі, і зараз жывуць у рускамоўным асяроддзі. Наша грамадства падзеленае. Каб нас аб'яднаць, моўная палітыка павінна праводзіцца вельмі асцярожна.
Мы жывем у шматнацыянальным свеце, і павінны асабліва ўважліва ставіцца да культуры і мовы іншых. Але пры гэтым мы маем права патрабаваць такой жа павагі і да сябе. I як прыклад гэтага: беларуская грамадзянка, напалову ўкраінка, атрымала Нобелеўскую прэмію за кнігі, напісаныя на рускай мове. I ўспрымаецца гэта добра.
Мне часта задаюць пытанне: ці не шкадую, што з-за сваёй пазіцыі апынулася па-за дзвярыма тэлебачання. Быць несвабодным чалавекам радасці мала. I я рада, што сябрую з журналістамі, якія працуюць у незалежных сродках масавай інфармацыі: на тым жа «Белсаце», ці ў маёй любімай газеце «Народная Воля».
Шчаслівая, што далучылі мяне да вядзення самага ўрачыстага свята для Беларусі — 100-годдзя з Дня абвяшчэння
незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Нечаканы быў дазвол улады. I тое, што столькі беларусаў прыйшлі на святкаванне, напалохала ўсіх галоўных чыноўнікаў, таму і зноў пачаўся ўціск і забароны.
Калі перагортваю старонкі свайго жыцця і параўноўваю з днём сённяшнім, бачу, адчуваю, як мы змяніліся. Змяніліся ўсе мы.