Мова  Віктар Марціновіч

Мова

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 272с.
Мінск 2021
70.72 МБ
Ну, мабыць, гэта такая гістарычная вобласць была ў Расіі, паспрабаваў я, пільна гледзячы на выраз твару гаспадыні. Твар скрывіўся. Нават, мабыць, не вобласць, a такая, дзяржава. Дзяржавіна такая. Дзяржавішча, я расцягваў словы, адсочваючы яе рэакцыю. Пра дзяржаву ёй болей спадабалася і я разгарнуў думку: Можа, нават цэлая імперыя, ведаеце, у часы пірамід. 3 фараонамі.
Тут Сварог ззаду не вытрымаў і пачаў рагатаць уголас. Цырыманіймайстар маўчаў, таму ягоная рэакцыя была не зразумелай.
Бачыш, за каго твае хлопцы гінуць, Рог, бліснула вачыма Цётка. Выраз адкрытай агіды, які чытаўся на ейным твары, мяне спужаў.
А дзе ж я памыліўся? шчыра запытаўся я.
Слухай! звярнулася яна да мяне, схапіўшы за руку. Так, яна проста паклала сваю гарачую тонкую далонь на маю. Чу Лінь ад такога панібрацтва мог знепрытомнець. Слухай! Гэта баліць нам усім, таму казаць пра гэта мы не любім. Была краіна. Хараство якой... яна запнулася і павярнула твар да агню. Я пабачыў, як у яе вачах бліснула знічка і хуценька зляцела па шчацэ. Была краіпа. Прыгожая краіна. Была гісторыя. Гісторыя ваяроў ды волатаў. Гісторыя людзей, а не чарвякоў. Была культура. Культура, якой больш няма. Былі замкі і палацы, былі касцёлы, са званіцамі, што адбіваліся ў зацішных азёрах. Была мова. Наша мова, Сяргей. Мы на ёй размаўлялі. Мы з табой. Калі зваліся беларусамі.
Тут я пачуў, як Сварог хліопнуў носам. Адзін шморг, які рэхам пранёсся па пакойчыку. Людзі, якія гінуць ды забіваюць іншых, людзі жорсткія і здольныя да невытлумачальнай лютасці, часам бываюць надзіва сентыментальнымі, калі размова заходзіць пра іх ідэалы. Я стаў разумець Сварога лепей.
Усяго гэтага болей няма. За мову спачатку сталі браць на вуліцах. Пры яе афіцыйным статусе дзяржаўнага сродку камунікацыі. Калі міліцыянты чулі, што чалавек размаўляе не па-руску, падыходзілі ды забіралі. Па артыкуле за дробнае хуліганства. «Махаў рукамі, лаяўся матам» пазначалася ў судовых выраках. Потым закрылі навучанне на мове. Потым абвясцілі яе наркотыкам і знішчылі ўсе кніжкі. Вось так.
Я сядзеў і маўчаў, агаломшаны. Гаспадыня сціснула мне далонь і, перад тым як прыбраць руку, запыталася са здзекам:
А ты, дурань, думаў, што мы тут наркотыкамі гандлюем?
ДЖАНКІ
Беларуская культура? He, не чуў! Беларуская літаратура? А вам самім не смешна? Беларуская дзяржава? Ну так, некалькі месяцаў у 4616 (1918) годзе, пад нямецкім «дахам». Потым прыйшлі саветы. Было яшчэ нешта незразумелае з 4689 (1991) года, Часы Смутку, але даволі хутка прыйшлі кітайцы. I навялі парадак і духоўнасць.
Я не спецыяліст па гісторыі балотаў, але сёе-тое прыгадаць магу. Ну так, была нейкая Саюзная Дзяржава Паўночна-Заходніх тэрыторый і Расіі. Кажуць, тут, у Мінску, узпік свой смешны дыялект, які складаўся са скаверканых лексемаў рускай і польскай моў. Якая краіна, такое і маўленне, а чо?
На дыялекце балбаталі змагары і адраджэнцы, то бок патэнцыйныя эмігранты і вытворцы магніцікаў на лядоўню. Усе іншыя імкнуліся да чысціні рускай мовы і рускай нацыі. Пушкін, «Любэ», Стас Міхайлаў. Земфіра, Верка Сярдзючка. Яшчэ былі нейкія крайнія нацыяналісты. Піва «Аліварыя», берцы, хакі, фа, антыфа. Слава нацыі смерць варагам. Але варагі тут гістарычна складаюць этнічную большасць, таму нацыяналісты павыводзіліся, бы матылі, якія аб’явілі вайну вераб’ям.
Потым Расія запрасіла ў мытную дамову Кітай, каб прасцей было супрацьстаяць беспрынцыпнаму і смярдзючаму Захаду. Прыкладна праз пяць гадоў пасля гэтага ніякай Расіі ўжо не было, толькі Кітай. Для таго местачковага мінскага дыялекту не засталося месца на геапалітычнай мапе кантынента. Тутэйшыя маладзёны, якія імкнуліся да каштоўнаснай нішы «city intellectual» ці «upper middle», вучылі кітайскую. Усе астатнія цудоўна разумеліся на літаратурнай рускай.
Вы пытаецеся пра культуру? Ну дык я скажу вам сваю думку пра культуру.
Кітайцы пераймаюць японцаў. Глядзяць японскае анімэ, апранаюцца як японцы, адгадоўваюць доўгія кудлы, як японцы. Купляюць усе гэтыя дзівацкія японскія цацкі: па-
кемоны, шымаджыра*, ракоба**, чабурашкі. Увесь час дэманструюць хваравіты японскі dedication. Вешаюць паўсюль сцяжкі і стыкеры з дэвізамі. Пры гэтым кіёцкі менеджар са скінам «расціснуць продажы Мінамота да канца года» на працоўным планшэце выглядае прывабна і сапраўдна, а кітаец з прылепкай «хачу добра зарабляць да наступнага цыклу Месяца» на сценцы кухні, на якой разбірае курыныя вантробы, робіцца фэйкам і карыкатурай. Бо ўжо па тым, як ён працуе без запалу, гультаявата, відаць, што абвальваць яму тое мяса да канца жыцця. Варыянт чысціць рыбу (уздым кар’еры). I спадзявацца, што сцяжок «хачу добра зарабляць да наступнага цыклу Месяца» калі-небудзь «падзейнічае».
Кітайцы п’юць сваю зялёную гарбату, якая не такая добрая, як японская, з такімі ж, чорт яго бяры, медытатыўпымі тварамі, як японцы. Яны нават могуць зладзіць чайную цырымонію, падчас якой з покерфэйсам*** будуць лічыць прыбыткі за месяц, у адрозненне ад японцаў, якія цалкам аддадуцца працэсу гатавання і спажывання напою.
Але мы, рускія, яшчэ горшыя. Мы пераймаем кітайцаў, бо кітайцы нам бліжэйшыя і больш зразумелыя. Мы думаем, што кітайцы такія адданыя справе і задуменна-загадкавыя. He разумеючы, што мы бачым толькі адлюстраванне адлюстравання.
Мы у культурнай дупе, прычым гэтая дупа не нашая, а кітайская. А вы кажаце, «беларуская культура»!
БАРЫГА
Я сядзеў моўчкі і спрабаваў асэнсаваць пачутае. «Мова», «наркотыкі», «трыяды», Дзяржнаркакантроль усё гэта ліхаманкава круцілася ў галаве.
* Сімадзіра «туалетнае тыграня» цацка, якая вучыць японскіх дзяцей карыстацца ўнітазам.
** Электронныя гаджэты, якія сімулююць хатніх жывёл, рэагуючы на голас і дотык.
*** Ад анг. pockerface бесстаронні выраз.
Хочаш ліпавага цвету? запыталася Цётка.
А што гэта? я ніколі не чуў пра такі пачастунак.
Гэта тое, што пілі тут, тым часам як кітайцы цешыліся зялёнай ды чырвонай гарбатай.
Гаспадыня ўзяла вялікі медны імбрык і паставіла яго на агонь.
He трэба! спыніла яна Майстра духмянасцяў, які кінуўся быў ёй дапамагаць. He трэба, Чу Лінь! Я ведаю, што на аўдыенцыі кожны мае свой цырыманіяльны абавязак, і гатаваць гарбату для госця твая дзялянка. Але гэта, па-першае, не гарбата. Па-другое, у нас тут, на гэтай зямлі, свае спрадвечныя паняцці аб гасціннасці. I дазволь мне запарыць ліпавы цвет самой.
Чу Лінь паднёс Цётцы срэбны куфэрак з жоўтымі ссохлымі пялёсткамі. Яна кінула ў імбрык шчодра, адразу некалькі жменяў. Я тым часам знайшоў у сказаным Цёткай адну неадпаведнасць.
Пачакайце. Але ж «прыход» ад скруткаў сапраўды ёсць. I ён моцны. Каб яго не было, ніхто б мовы не купляў.
Можа быць, можа быць, паціснула плячыма гаспадыня. Мы з Рогам усё жыццё толькі на мове размаўляем. I таму ніякага замутнення ў галаве, чытаючы тэксты, ніколі не адчувалі.
Аднак адкуль псіхадэлічны эфект, калі, як вы кажаце, мы на мове раней проста размаўлялі?
Цётка зноў пачала гаварыць вельмі горача:
А ты паспрабуй узяць нацыю, навязаць ёй іншы моўны кшталт і цалкам забараніць спрадвечныя словы. Мову, на якой нацыя ўзгадаваная. Словы, якімі маці спявала песні, калі ты быў у калысцы. Пасля гэтага дай нарадзіцца і пасталець аднаму пакаленню цалкам без мовы. I вось гэтаму пакаленню без радзімы і каранёў прадай фрагменты родных пісанак за грошы, з-пад крыса, з пагрозай арышту на 10 гадоў «за наркотыкі». «Кайф» узнікне сам сабою, ад сутыкнення падсвядомасці з тым кодам, у адпаведнасці з якім структуравана бессвядомае.
Я не зразумеў складанага слова «бессвядомае», і таму вырашыў прамаўчаць. Цётка, падумаўшы, удакладніла:
Hi ў адным месцы на зямлі не было такога вар’яцкага эксперыменту. Нават у Ірландыі часоў панавання ангельскай адміністрацыі, нават на Шры-Ланцы! Ніхто і ніколі не ставіў задачы поўнага вынішчэння слоў, якімі гавораць людзі. А таму хто яго ведае! Каб ангельцам забаранілі размаўляць па-ангельску і гэтая забарона пратрымалася цэлую генерацыю, можа, наступная генерацыя ўжо п’янела б ад ангельскай, як ад наркатычнага рэчыва!
Імбрык закіпеў і пачаў плявацца кіпнем. З’явіліся парцалянавыя кубачкі на плеценым падносе з лазы. Яна ўзяла імбрык і наліла мне ўзвару. Вадкасць была празрыстай, амаль без колеру. Я глынуў, апякаючы вусны і гартань. Ніякага прысмаку. Амаль як простая вада. I тут, на другім глытку, узнік і пачаў распускацца ў роце прыемны травяны водар. Гэта было падобна да акварэльнага малюнку, у параўнанні з якім звычайная кітайская гарбата грубы, насычаны ды бліскучы алей.
Прыгожа, не вытрымаў я. Менавіта так. He смачна, а прыгожа.
Яна глынула са свайго кубачка і задаволена нахілілася да мяне праз падлакотнік фатэля:
А ты б яшчэ маёй гарбаты са святаянніку пакаштаваў. Яна цёмная атрымліваецца, з гаркавінкай.
Вы казалі, што я магу вам нечым дапамагчы, нагадаў я, бо мне падалося, што я занадта затрымліваю яе. He злавіць бы потым ад Майстра духмянасцяў па печані.
Цётка памаўчала, мабыць збіраючыся з думкамі.
Разумееш, Сярожа. Ідзе вайна. Нябачная. Мы ваюем за кожны скрутак, за кожную старонку. Нашыя людзі працуюць па замежных бібліятэках, робяць копіі таго, што яшчэ не скрадзена, а скрадзена амаль усё, прычым не намі і не тымі, хто стыхійна гандлюе. Крадуць і нішчаць нашыя ворагі. Іх веды пра мову перавышаюць нашыя веды. Кажуць, у іх там, у галоўным будынку, за бетоннымі сценамі і электроннымі сістэмамі аховы, бібліятэка на чатыры тысячы
тамоў, і кожны з іх унікальны, бо аналагі старанна вынішчаны. Як збяруць усё спаляць. Ці не будуць нішчыць, a захаваюць у падземным сховішчы назаўсёды, гэткім музеем забароненай спадчыны. Мова, на якой не гавораць і на якой нават чытаць не ведаюць як, мёртвая мова. I тады ў нас не застанецца нічога. Нават успамінаў.
Яна вылавіла некалькі ліпавых суквеццяў са свайго кубачка і кінула іх у вогнішча.
Ідзе вайна, паўтарыла яна. I мы ў ёй не гандляры. I не марадзёры, якія нажываюцца на людской бядзе. Мы ратавальнікі. Гуманітарная місія ААН. Мы ратуем словы. Вышукваем, складаем вопісы. Ёсць свая бібліятэка і ў нас але, на жаль, адна палічка, толькі адна палічка друкаванак. Розных гадоў і месцаў выдання. Дванаццаць поўных томікаў, два без вокладкі, яшчэ два сабраныя па старонках і зноў склееныя. Ну і, вядома ж, горы разрозненых фрагментаў: абзацы тэксту з невядомых кніг назаўсёды страчаных аўтараў. Хто іх напісаў і калі цяпер ужо высветліць немагчыма. Нашыя лінгвісты працуюць з гэтым багаццем: разбіраюць, супастаўляюць, каталагізуюць. Дагэтуль няма ніводнага поўнага падручніка іх шукалі і нішчылі ў першую чаргу, бо яны самыя «небяспечныя».