Мова  Віктар Марціновіч

Мова

Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 272с.
Мінск 2021
70.72 МБ
* У. Шэкспір, санет 124 у перакладзе Уладзіміра Дубоўкі.
застаўся след ад кручка, якім небарака «сорак дзявяты» з асабістай гвардыі Майстра духмянасцяў спрабаваў «вылавіць» скарб. Яшчэ ў ім апынуўся гэты ці то дзённік, ці то блог, ці то проста аповед пра жыццё. Аповед я, Сварог, вырашыў перакласці на беларускую мову. Бо напісаны ён быў па-руску. Сярожа ж мовы амаль не ведаў, так, вучыўся патроху. Казаў смешна, з памылкамі. I ўсё ж брат Сярожа заслугоўвае таго, каб заняць годнае месца ў мове і вечнасці. 3 тэкстам гэтым таксама папрацаваў рэдактар, бо я не стыліст, я салдат. Рэдактар, як ён мне сказаў, выправіў «час дзеясловаў», бо дзённік быў напісаны «не ў мінулым», a літаратура чамусьці вымагае, каб пісалася «ў мінулым», я ў гэтым нічога не валаку. Я вам лепей пра зборку-разборку «калаша» расказаў бы.
Што да нашага пошуку, дык друкаванка Дубоўкі знікла назаўсёды ў надзейных, абароненых турэлямі і бранёй, сховішчах Дзяржнаркакантролю. Зразумець, што Сярожа зберагаў яе менавіта ў заплечніку, нам дапамог першы сказ апошняга абзаца, напісанага Сярожавай рукой: «У роспачы я расшпіліў маланку і дастаў са сваёй надзейнай схованкі друкаванку». Ён быў добрым чалавекам з чыстым тварам, таму мог спакойна насіць з сабой хоць дваццаць кіляў урану ніхто б ніколі не падумаў, што такі хлопец здольны на кантрабанду ці крымінал. Ён быў добры чалавек, Сярожа. Сапраўды добры. Ну а тое, што ён там напісаў пра мяне, я часткова выправіў, замяніўшы іншымі азначэннямі. Бо я ў яго выйшаў занадта нейкі... He ведаю. Сентыментальны, ці што. Я не такі па жыцці. Я брутальны і магутны, як зубр ці мядзведзь. Ну, вы бачылі той тэкст. Хоць адкуль вы бачылі, вы ж чытаеце ўжо выпраўленую версію!
Маё разуменне вечнасці Сярожа перакуліў дагары нагамі, але гэтых фрагментаў я не чапаў, проста перакладаў. Хай застанецца так, як ёсць, для гісторыі. Маё будзе са мной.
На жаль, Сярожа не пакінуў дэталёвага апісання сваіх стасункаў з кліентамі, якім прадаваў мову. А таму зразумець, хто дакладна яго забіў, складана. Вынікі ўнутранага расследавання справы аб забойстве Следчы камітэт чамусь
засакрэціў. Што, дарэчы, дзіўна, але навокал робіцца шмат дзіўнага. Нашыя хакеры ў таямніцу гэтага забойства не прабіліся. Але мы неяк разам, усе адначасова, падумалі на аднаго тлустага азызлага тыпа, якога паказалі па тэлебачанні. Ён удзельнічаў у «следчым эксперыменце», соўгаўся па кватэры забітага, блішчэў нахабнымі маленькімі вочкамі ды ўхмыляўся. Я ў тым сэнсе, што падазраваных было шмат. I ў «Крымінальнай хроніцы» на YouTube паказалі тры ці чатыры следчыя эксперыменты, кожны раз розны магчымы забойца. Але падумалі мы менавіта на гэтага. Занадта, казліна, быў у сабе ўпэўнены мабыць, атрымаў падзяку і «дах» ад нашых ворагаў за тое, што на друкаванку дапамог выйсці.
Агідная пыса, скура колеру хлебнага мякішу, тлустыя вусны. I яшчэ выраз на твары такі, быццам усе навокал гаўно, а ён такі, ведаеце, самы разумны. Пры гэтым важыць, відаць, кілаграмаў сто дваццаць. Што цікава, чмырыдла меў добрую адукацыю. Дзіўна, што стырчэўся да поўнай страты людскога аблічча. Мы яго спачатку думалі грохнуць проста дзеля прафілактыкі, даведаліся нават, што жыве на плошчы Мёртвых, нават ужо выканаўцаў вылучылі, але потым накацілі іншыя справы, і зрабілася неяк не да яго. Але я лічу, было б добра такога шчоўкнуць, нават калі ён і не вінаваты ў Сярожавым забойстве, проста за грэблівы выраз на хлябальнічку.
Дарэчы, на гэтага тлустага ёлупня, здаецца, падумала ўся Беларусь. Наогул, людзі ж усё заўсёды разумеюць, не трэба іх лічыць за быдла.
На пахаванні Мая Каханая вельмі плакала. Я разумею чаму тыя тры варыянты слова, якія вылучыў Сярожа, ён забраў з сабой у труну. Ніхто і ніколі больш не даведаецца, якая яшчэ ёсць назва для абазначэння пачуццяў мужыка да дзеўкі, акрамя «кахання» і «любові». А мо і не трэба мне дастаткова «кахання». I Майстру духмянасцяў таксама дастаткова. Каб яшчэ хто зрабіў для нас дваіх другую Цётку. Каб гэты жоўты не боўтаўся ў мяне пад нагамі.
«Балетмайстар», дарэчы, прыйшоў на Сярожава пахаванне. Хоць пры жыцці цярпець Сярожу не мог і нават ду-
маў уласнаруч прыдушыць яго, як ён тое слова прыгадае. А я з самага пачатку не мог зразумець такой лютасці. Ну здыхлік ён і ёсць здыхлік. Жанчынам жа падабаюцца дужыя, жылістыя асілкі. Волаты. Мядзведзі. Зубры. Самцы, ад якіх будуць добрыя, здаровыя нашчадкі. Мая Каханая ўсё яшчэ вагаецца, усё адхіляе маю прапанову яна ж каталічка, ёй патрэбныя ўсе гэтыя анёлкавыя атрыбуцікі шлюб, вянчанне, без гэтага нікуды, бо «загана», «грэх». Нават цалаваць сябе не дае.
Яна і Сярожам зацікавілася, калі той адмовіўся ад «балетмайстравага» hot pot вось, сказала, знайшоўся нарэшце чалавек, які не чэлесам думае, як вы, казлы старыя. 3 сэрцам чалавек. Але не, я не раўнаваў да яго. I не трэба думаць, што на аперацыю гэтага пацанёнка запрасіў, каб ён не застаўся з Ёй, калі мяне заб’юць. Я ласку хацеў яму зрабіць. Дрэнна, што ён вагаўся, гэта яго не вельмі добра характарызуе.
Ну вось, здаецца, усё. Так канчаецца гісторыя добрага чалавека Сярожы, кволага целам, але моцнага сэрцам. Так канчаецца і мая праца над перакладам, на якую я са стэнаграфісткай Волечкай ахвяраваў амаль тры тыдні. Заўтра мы ў складзе трох ударных групаў рушым да будынка тэлебачання на Камуністычнай, захопім апаратную жывога эфіру, уключымся ў вяшчанне і зробім так, што на мове зноў пачне размаўляць уся краіна. Мы растлумачым, што мова нашая, святая і вечная, не наркотык, а скарб народнай душы, які яднае людзей. Пасля гэтага людзі пачнуць шукаць ведаў пра мову, вучыцца ёй, цёмныя часы адступяць і пачнецца эра цноты і яснасці, калі гаўно, нарэшце, будзе названае гаўном, а героям усталююць помнікі на вуліцах, якія некалі насілі назвы катаў.
Я, Сварог, ЙШ, Чырвоны слуп трыяды «Светлы шлях», у гэта веру. I я за гэта памру.
ДЗЁГАЦЬ
Божа справядлівы, Божа літасцівы, злітуйся нада мной, бо вінаваты я.
Мая роля ў гэтай аперацыі палягала ў дубляванні асноўнага падрыўніка. У выпадку выбывання таго праз раненне ці смерць я мусіў узяць пакунак з трынітрафенолавай выбухоўкай, усталяваць яе ў падземным шурфе, які вядзе да запасной апаратнай жывога эфіру і забяспечыць падрыў, каб пасля пачатку нашага вяшчання ніхто не мог яго перарваць.
Я сорак дзевяць у трыядзе «Светлы шлях», маё імя Дзёгаць, пазыўны «дзвесце сорак тры» на чацвёртым канале. Я раскажу вам, як мы бралі тэлебачанне, бо вас падманваюць, вас падманваюць, і я не магу болей слухаць, як вас падманваюць.
Па-першае, ніякія мы не тэрарысты. Наша баявая група была сфармаваная з ліку былых байцоў БУСа, узначальваў яе Сварог, Чырвоны слуп «Светлага шляху». Цяпер, пасля таго, як усё скончылася, я магу называць нават імёны. Імёны герояў. Божа літасцівы, вінаваты я.
Перад намі стаяла задача пранікнуць у будынак тэлебачання на вуліцы Чырвонай, урэзацца ў вяшчанне з загадзя падрыхтаванай праграмай, якая мусіла паведаміць людзям, што мова не наркотык, а наш культурны здабытак, які трэба берагчы. Мэта аперацыі вяртанне мовы ў актыўнае камунікацыйнае абарачэнне. А ніяк не заахвочванне наркатычнага збыту, як кажуць вам цяпер.
Мы рушылі на двух чорных мікрааўтобусах «Сэн Ян» з дадатковай бранёй на баках. Нас было васямнаццаць чалавек два ўзводы забеспячэння і ўзвод спецыялістаў: хакер, сапёр, санітар з прыкрыццём. Пасля дасягнення пункту разгортвання (вуліца Камуністычная) мы прыстасавалі ражкі да аўтаматычнай зброі і далі каманду кіроўцам збочыць непасрэдна да будынка тэлебачання. У нас былі падрабязныя планы, мы набылі нават ЗО-мадэль студый і апаратных і тры тыдні трэніраваліся па ёй.
Рог чакаў, што непасрэдны ўваход у бой пачнецца ўжо на гэтай стадыі. Ён лічыў, што сярод нас ёсць крот, які зліе
інфармацыю пра падрыхтоўку такой маштабнай аперацыі. I нас абавязкова будзе чакаць спецназ МУС «Альфа». Дзеля ўвядзення супраціўніка ў зман мы былі апранутыя ў дакладную копію формы спецназу МУС «Альфа». Іх адзенне ўсё роўна шыецца ў Кітай-горадзе, на адмысловую абаронную замову. Таму нам нескладана было здабыць васямнаццаць камплектаў, бо мы кантралюем усю вытворчасць у гэтым квартале.
Для нас было дзівам, што, пад’ехаўшы да будынка, мы не сустрэлі супраціву: тут не было ніякага дадатковага ўзмацнення, увогуле, ля каланады стаялі толькі цывільныя машыны. Мы пачакалі дзве з паловай хвіліны, ацэньваючы тактычную абстаноўку. Візуальнага кантакту са снайперамі ці цяжкай тэхнікай не было, таму Рог зрабіў выснову, што мы з’явіліся нечакана, нашы дзеянні будуць непрадказальнымі для ворага. Мы нацягнулі маскі, знялі аўтаматы з засцерагальнікаў і пачалі разгортвацца ўглыб будынка. Я быў узброены кароткарульным АК дэсантнай мадыфікацыі са складным прыкладам. Ішоў я побач з асноўным падрыўніком, каб, у выпадку яго страты мёртвым або параненым, перахапіць груз са стабілізаваным трынітрафенолам і выканаць баявую задачу.
Мы пашыхтаваліся па розныя бакі ад дзвярэй і запусцілі таймер мы разлічвалі час такім чынам, што ў нас будзе прыблізна дзесяць хвілінаў ад моманту, калі дзяжурны ў будынку заўважыць людзей са зброяй на маніторах відэаназірання, і да прыбыцця ліквідацыйнай групы. Таму нам варта было дзейнічаць вельмі хутка. Група прарыву забяспечыла праход мы да смерці напалохалі нейкую цётачку, якая выходзіла з будынка з раскошнай драцэнай у гаршку драцэна апынулася на зямлі, гаршчок на друзгі. Цётачка пачала вішчаць, але я ёй сказаў, праходзячы: «Не бойтесь, міліцыя», і яна вішчаць перастала. У нашым горадзе нават калі нехта пешаходу будзе адразаць вуха вялікім дэсантным нажом і пры гэтым скажа, што ён «міліцыя», ніхто не зверне ўвагі. Ну, міліцыя дык, значыць, так трэба.
Хол аказаўся значна цямнейшым, чым было на ЗО-мадэлі. Рамка металашукальніка не працавала, за стойкай ля яе
драмаў той самы дзяжурны, які, па нашых разліках, мусіў выклікаць дапамогу. Рог падышоў да яго, сказаў «ку-ку», той прачнуўся, асавела паглядзеў па баках і атрымаў прыкладам аўтамата па галаве. На нейкі час ён быў цалкам нейтралізаваны. ІІашэнціла паводле нашага плана, ён мусіў загінуць першым. Магчыма, дарэчы, ён усё добра зразумеў і, пабачыўшы 18 цяжкаўзброеных байцоў на маніторах, толькі выгляд зрабіў, бы спіць. Каб нс ўцягвацца ў страляніну, у якой для яго не было ані найменшага шанцу.