Мы стваралі сваю Беларусь
Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
'“Правільна: Ягелёнскага ўнівэрсытэту.
" Да гэтага яна з год езьдзіла з вандроўным тэатрам Ігната Буйніцкага
па Беларусі.
якому на яго шнуры-палетку было «Вузка! цесна! мала!». Разьвязку гэтага пытаньня Цётка бачыла толькі ў рэвалюцыі ўсіх клясаў. Над разорамі, напоўненымі крывёю, салдат, парабак і работнік прысягаюць даць народу справядлівасьць: «Мы дамо! Мы сіла! Мы права!». А калі Астап пытаецца, адкуль узяць так патрэбную селяніну зямлю, увесь народ адказвае: «Глядзеце, во прасторы, во нівы, во лясы! Усё гэта ваша!». Сон Мацея з «Прысягі над крывавымі разорамі» — гэта такі моцны паэтычны вобраз, які стварыць мог толькі паэта неабыякавае сілы.
Яшчэ адзін нявымоўна сільны паэтычны вобраз стварыла Цётка ў вершы «Мора». Мора — народ бунтуецца супраць Бога — цара.
Мора злуе, крэпнуць хвалі, 3 дзікім шумам бераг рвуць; Гром грыміць у сіняй ральлі, 3 мора брызгі ў неба б’юць.
Бой распачаўся. Паэтка чакала такога бою, верачы, што ён прынясе вызваленьне беларускаму народу.
Такі бой вякамі жджэцца. Такі бой гігантаў дасьць, Ў такім боі толькі грэцца. У такім боі толькі пасьць!
Паэтэса не дачакалася выніку бою. Рэвалюцыя 1905 г. не прынесла зьдзяйсьненьня ідэалаў. Але бой трываў і трывае далей.
Вузкія рамкі гэтага артыкулу не дазваляюць на разгляд іншых, вельмі моцных рэвалюцыйных вершаў, таму спынімся толькі на гэтых.
Уся сіла паэтэсы выплывала толькі з адной крыніцы. Гэтай крыніцай была доля беларускага народу. Калі яна заклікала да барацьбы ўсе паняволеныя народы, а нават сам расейскі народ супраць цара («Хрэст на свабоду»), то яна верыла, што ў гэтай барацьбе паўстане вольная Беларусь. Гэтай ідэяй яна толькі і жыла.
Веру, братцы, людзьмі станем, Хутка скончым мы свой сон. На сьвет божы шырэй глянем, Век напіша наш закон.
Гэтую веру хацела паэтэса пераліць у свой народ. Праўда, паражэньне рэвалюцыі 1905 г. на кароткі час прыгнобіла Цётку, так што ёй здавалася, быццам бы
I песьні заціхлі, і сьмеху ня відна,
I дзеці старэнькімі сталі;
I ноты вясёлы музыкам браць стыдна, Радасны струны парвалі.
Небывалыя часы
Але гэта ненадоўга. Яна хутка ізноў перайшла да таго баявога, аптымістычнага настрою, бо «скора прыйдзе вясна» і будзе «скарэй, лягчэй рваць ланцуг цемнаты».
Акрамя паэта-рэвалюцыянера Цётка была яшчэ глыбокім лірыкам-філязофам. Апавяданьне «Міхаська», што нагадвае нам цудоўную старагрэцкую легенду аб Івікавых жураўлях, да глыбіні кранае нашае сэрца доляй беднага хлопчыка-сіраты і яго любоўю да жураўлёў. Вобраз сьмерці хлопчыка, напісаны з проста балючай акрэсьленасьцю і праўдзівасьцю, належыць да пэрлаў нашае лірыкі ў прозе. Апавяданьне «Лішняя» ўзбуджае ў нас рэфлексіі над дарогамі, якімі ходзяць шчасьце і няшчасьце паміж людзьмі. Як жа часта на няшчасьці аднаго чалавека будуецца шчасьце другога.
Зьмест апавяданьня «Зялёнка» нагадвае нам гісторыю барацьбы з жыцьцём самое паэтэсы. I яна, як Зялёнка, цяжка змагалася з доляй, каб здабыць асьвету. I яна, як Зялёнка, хворая на сухоты, у цяжкіх часох пецярбурскага жыцьця часта адбягала думкай у «цудоўны час свайго маленства». Узгадаваўчым ёсьць апіс салідарнасьці паміж студэнтамі, што да апошняй хвіліны не пакідаюць сяброўкі.
Акрамя лірычнай прозы, Цётка пакінула нам таксама колькі цудоўных паэзіяў. Найлепшыя зь іх — гэта «3 чужыны» і «Грайка». Блізкі па зьместу верш «3 чужыны» навейвае нам, як і паэтэсе, успаміны аб родным краі, «гдзе усё, усё чыста вярнуцца заве».
Верш «Грайка» — гэта адзін зь лепшых вершаў ня толькі нашай, але й сусьветнай літаратуры. Жаль за адыходзячым жыцьцём, пакора перад няўмольна надыходзячай сьмерцю выказаны так глыбока і так проста, як толькі можа выказаць паэта найвялікшай клясы. Паэтэса верыць, што праца яе ня пойдзе на марнае, што, можа, хтось скруціць жалейку з дрэўца, вырасшага на яе магіле, і так зайграе, «што ўсенька зямелька пачуе мой водгалас шчыры».
Заўчасная сьмерць перарвала маладое жыцьцё паэтэсы. Літаратурная спадчына яе хоць невялікая колькасна, але багатая тэматыкай. Разам зь Цёткай у беларускай літаратуры загучэлі новыя гукі — гукі рэальнай барацьбы за правы народу. Літаратура наша перайшла з тэматыкі чыста ўсьведамляючай і прабуджаючай народ на тэматыку змаганьня за «беларускую праўду».
Прадаўжаючы традыцыі Багушэвіча ў карыстаньні народнай лексыкай і народнымі вобразамі ў літаратурнай творчасьці, яна праклала далейшы шлях для разьвіцьця беларускай літаратурнай мовы. У тым яе вялікая літаратурная заслуга. 3 грамадзкага ж боку Алейза Пашкевіч (Цётка) засталася ў нас у памяці як палымнеючая змагарка-рэвалюцыянерка за беларускі народ у найранейшы пэрыяд ягонага адраджэньня.
Беларускі эмігрант. 16 лютага 1950 г. Ns 2 (24).
ФРАНЦІШАК СКАРЫНА
Адкрыцьцё новых зямель, вынаходкі ў розных галінах навукі і вялікая рэфармацыя філязафічнай думкі ўскалыхнулі ўсімі, здавалася тады, непарушнымі законамі як навуковага, так і палітычнага жыцьця канца XV-XVI ст. Вялікія вучоныя таго часу Мэлянхтон і Эразм з Ратэрдаму парвалі ланцугі ўсемагутнага схалястызму і адчынілі навуцы дзьверы да новых вышынь.
Гэтая рэвалюцыя ў навуцы, што ўзяла свой пачатак у Нямеччыне, хутка ахапіла ўсю перадавую інтэлігенцыю тагачаснага культурнага сьвету. Нічога дзіўнага, што ахапіла яна й Беларусь, найбольш культурную краіну сярод народаў Усходняй Эўропы. Кім для Заходняй Эўропы быў Эразм з Ратэрдаму, тым для Усходняй Эўропы быў доктар Францішак — Юры Скарына са «слаўнага града Полацка».
Навуку атрымаў ён у Кракаўскім і Падуанскім унівэрсытэтах. У Кракаве атрымаў першую навуковую ступень бакалаўра, а ў Падуі — доктара філязофіі. Прыяцель вялікага Капэрніка, Марціна Лютара і Вялікага Майстра Прусіі Альбрэхта, Францішак Скарына, як і ўсе людзі, што перарасьлі далёка розумам сваё пакаленьне, цярпеў перасьледы ад сваіх адсталых сучасьнікаў, так што часамі мусіў нават уцякаць з Бацькаўшчыны, ратуючы сваё жыцьцё.
Скончыўшы навуку ў Італіі, Скарына пераяжджае ў Прагу, дзе становіцца да працы над ажыцьцяўленьнем сваёй ідэі — зрабіць беларускаму народу даступнаю навуку ў яго роднай мове. У той час пануючай у навуцы была лацінская мова, але яна была знаная толькі невялічкаму кружку найбольш асьвечаных людзей, таму Францішак Скарына паставіў сабе за мэту перш за ўсё перакласьці навуковыя кнігі на беларускую мову, «абы брація мая Русь, людзі і паспалітыя чтучы маглі ясьней разумеці».
6 жніўня 1517 г. ёсьць вялікай датай у гісторыі беларускае культуры. У гэны дзень паявілася першая друкаваная на беларускай мове кніжка «Псалтыр». Прызначыў гэтую кнігу Францішак Скарына «детем малым, як пачаток всякое добрае навукі, граматы, ежэдобре чэсці і мовіць вучыць». Між 1517 і 1519 гадамі Скарына выдаў у Празе яшчэ 22 кнігі «Бібліі». У гісторыі сусьветнае друкаванае кніжкі беларуская «Біблія» Скарыны займае трэцяе месца пасьля нямецкай і чэскай.
Але жыцьцё ў Празе не адказвала плянам Францішка Скарыны. Ён сумаваў за Бацькаўшчынаю, «ібо люді, ікдзе зрадзіліся, к таму месту велікую ласку імаюць». Пераехаўшы ў Вільню, Скарына адразу ўзяўся за арганізацыю друкарства ў Беларусі. У доме віленскага бурмістра Якуба Бабіча і пад ягонаю пратэкцыяй ён залажыў, пры дапамозе мясцовага раднага Багдана Онькава, першую ўва ўсёй Усходняй Эўропе друкарню.
У 1525 г. Францішак Скарына выпусьціў у сьвет друкаваную кнігу «Апостал» і пазьней «Малую падарожную кніжыцу», у склад якое ўвайшлі: Акафіст, Псалтыр, Часаслоў, Шэстаднеў, Каляндар і Пасхалія. Кнігі, выдрукаваныя Скарынаю, ішлі ў Маскоўшчыну і на Украіну, да паўдзённых славян і на заходнія рынкі, разносячы славу беларускае кулыуры й мовы як першыя друкаваныя кнігі ва Усходняй Эўропе і адны з першых ва ўсім сьвеце.
Францішак Скарына ня толькі ўславіўся як першы друкар ва Усходняй Эўропе, але і як вялікі вучоны тагачаснасьці. Ен быў наскрозь прасякнуты ідэямі гуманізму і пашыраў іх на сваёй Бацькаўшчыне Беларусі. Слава яго выйшла далёка па-за межы Беларусі.
Усе вялікія гуманісты першай паловы XVI ст. ганарыліся знаёмствам з выдатным беларускім вучоным. Ён першы на той час ня толькі словам, але і чынам шырыў ідэю, што навука павінна быць даступная ня толькі выбранай клясе народу, але і «люду паспалітаму». Яго думкі і выказваньні пра роўнасьць усіх людзей перад Богам і правам перарастаюць на колькі пакаленьняў усе найсьмялейшыя выказваньні ягоных сучасьнікаў. За гэта наш першы дэмакрата прыдбаў сабе, акрамя славы й прызнаньня ўсяго вучонага сьвету, шмат ворагаў.
Першымі выступілі духоўныя абодвух абрадаў. У 1520 г. каталіцкія манахі засудзілі Скарыну на спаленьне. Хаваючыся ад перасьледу, Скарына ўцёк у Прусію пад ахову вялікага Майстра Крыжаносцаў Альбрэхта, які сам быў захоплены ідэямі гуманізму, а пазьней прыняў прагэстантызм.
Вярнуўшыся ў Вільню, Скарына працягваў сваю працу над друкаваньнем кнігаў у роднай мове, але ў 1530 г. спалілі ягоную друкарню разам з кнігамі праваслаўныя манахі.
Аднак гэта не ўстрымала яго ад працы. Скарына, хоць і меў магутных знаёмых, пражыў апошнія гады свайго жыцьця ў вялікай бядзе, бо ўсе грошы выдаваў на перапісваньне і выдаваньне кніжак.
Пішучы гэты кароткі артыкул з нагоды 425-й гадавіны выданьня першае друкаванае кніжкі на Беларусі і 433-й гадавіны выданьня наагул першае беларускае кніжкі, варта зацеміць, што жыцьцё і творчасьць нашага вялікага суродзіча Францішка Скарыны ня ёсьць поўнасьцю дасьледаваныя і чакаюць яшчэ на свайго гісторыка.
Беларускі ыігрант. 30 верасыія 1950 г.№8 (30).
БЕЛАРУСЬ У Х-ХІІ СТАГОДЗЬДЗЯХ 12
Мала хто ўжо сягодня сумняваецца ў існаваньні асобных народаў — беларускага, украінскага і расейскага, а сярод заходняга сьвету, асабліва англа-саксонскага, усьцяж яшчэ пануе неправідловая думка, што гэтыя народы такія блізкія, што амаль немагчыма іх разьдзяляць і што сужыцьцё гэтых народаў у супольнай дзяржаве ёсьць гістарычнай канечнасьцю. Многа яшчэ заходніх навукоўцаў пры разгляданьні гісторыі Расеі ідуць дарогай ад Кіева праз Маскву, Петраград і ізноў да Масквы, сьцьвярджаючы цягласьць гісторыі Расеі ад Кіеўскай Русі і спадкаемства на ўсе ўсходнеславянскія народы. Яскравым прыкладам гэтага ёсьць гісторыя Расеі швайцарскага вучонага, які дзеліць гісторыю Расеі на чатыры пэрыяды: Русь Кіеўскую, Русь Маскоўскую, Русь імпэрыялістычную і Русь камуністычную. Коратка ён фармулюе ў гэтых высновах «цягласьць і непадзельнасьць рускага народу». Гэта нас ня дзівіць, бо заходні навуковы сьвет праз сотні гадоў пераважна карыстаўся працамі расейскіх «дзяржаўных» гісторыкаў, на іх вырабляў свой погляд, так што нават сягоньня ў многіх заходніх унівэрсытэтах «ех katedra»13 падаецца веда аб непадзельнасьці народаў Расеі. Дык трэба нам усюды і заўжды цьвердзіць, што такі погляд на гісторыю ёсьць шкодны для незалежніцкіх памкненьняў славянскіх народаў беларусаў і ўкраінцаў, адначасна шкодны і для навукі, бо нязгодны з праўдай.