Мы стваралі сваю Беларусь Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука Вольга Грыцук

Мы стваралі сваю Беларусь

Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
56.78 МБ
Крэўская вунія была тым ключом, што адчыніла дзьверы польскай экспансіі на беларускія землі. Гарадзельская вунія замацавала гэтыя адчыненыя дзьверы для далейшага бесьперашкоднага ўтручваньня палякаў у нашыя справы.
Найбольш падатным элемэнтам на польскія ўплывы аказаліся ахрышчаныя на каталіцтва жамойты, супраць палякаў заўсёды энэргічна выступалі беларусы.
Ідэалам палякаў было зрабіць з Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага «адно цела, адзін народ, адну дзяржаву», беларусы ж трымаліся ідэі дзьвюх самастойных дзяржаваў, злучаных пэрсанальнай вуніяй для лепшай абароны перад ворагам.
Пакуль польскія каралі з роду Ягайлавічаў не клапаціліся аб патомстве, для іх нават карысна было ўтрымаць пэўную
5У 1399 і 1410 гг. адпаведна.
самастойнасьць Вялікага Княства як сваёй фактычнай айчыны. Калі на пасад польскі ўступіў Зігізмунт Аўгуст6 [1548], выбраны адначасова і Вялікім Княствам Літоўскім, сытуацыя зьмянілася.
Зігізмунт быў бязьдзетным і страціў надзею атрыманьня патомства. Па яго сьмерці вунія магла аўтаматычна распасьціся, таму цяпер як кароль, так і польскія дзяржаўныя мужы пачалі ўсімі сіламі старацца канчаткова зьліць Карону (Польшчу) і Вялікае Княства ў адну непадзельную дзяржаву — Рэч Паспалітую.
Большасьць беларускіх магнатаў была супраць вуніі, аднак дробная шляхта, змучаная вайною з Масквой, ставілася да саюзу з Польшчай прыхільна, спадзяючыся ад яе вайсковае дапамогі.
Для палагоджаньня гэтае справы ў 1569 г. быў скліканы сойм у Любліне. Пачаўся ён з абапольнага высьмейваньня беларускімі магнатамі «пратухлых дакумэнтаў» папярэдніх вуніяў і польскіх дамаганьняў вуніі.
Аднак маючы на сваёй старане караля, палякі канчаткова пастанавілі дабіць торгу і злучыць Вялікае Княства з Польшчаю за ўсялякую цану.
Беларускія магнаты, бачачы, што справа йдзе не па іх думках, сарвалі сойм і выехалі з Любліна. Тады палякі пастанавілі правесьці вунію пры дапамозе дробнай шляхты, пераважна з Украіны.
Першым актам Люблінскага сойму было беспасярэдняе прылучэньне да Полыпчы ўсіх украінскіх земляў, што належалі да Вялікага Княства Літоўскага. Бачачы гэта, беларускія паслы вярнуліся ў Люблін, каб ратаваць сытуацыю. Тады ім падсунулі гатовыя, раней уложаныя ўмовы вуніі і сказалі на іх прысягаць.
Дарэмна ў палкай прамове Юры Хадкевіч7 выказваў каралю, якая крыўда дзеіцца Вялікаму Княству, дарэмна беларускія паслы на каленях прасілі караля не прысягаць на вунію. Кароль быў непахісны, і 1 ліпеня 1569 г. была запрысяжана г. зв. у гісторыі Люблінская вунія. Самастойнасьць Вялікага Княства перастала фактычна існаваць.
Як цень самастойнасьці засталіся Вялікаму Княству асобны скарб і асобнае войска, урадавая беларуская мова і нутраное самаўрадніцтва.
6У беларускай традыцыі — Жыгімонт Аўгуст (1520-1572).
’У сучаснай беларускай гістарыяграфіі Рыгор Хадкевіч (?-1572(3)).
Ад гэтага часу існуе адна Рэч Паспалітая, што складаецца зь дзьвёх часьцін: Кароны (Польшчы) і Літвы (Беларусі). На чале стаіць супольна выбіраны кароль, што зьяўляецца адначасна і вялікім князем. У Літве ўведзены такія самыя ўрады, як былі ў Кароне. Вунія гэтая названая вуніяй «роўных з роўнымі, вольных 3 вольнымі».
Люблінская вунія так моцна абмежавала самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага, што ў далейшым цяжка гаварыць пра яго як пра асобную дзяржаву.
Праўда, яшчэ пасьля вуніі Вялікае Княства доўга выяўляла сваю беларускую гаспадарсьцьвенную, культурную і эканамічную жыцьцёвасьць, але гэта было ўжо дагараючае полымя даўняй вялікасьці.
У 380-ю гадаўшчыну Люблінскай падзеі мімаволі прыходзяць на думку сяньняшнія тэорыі фэдэрацыяў дзяржаваў, уякіх мела б калісь знайсьці сабе месца вольная Беларусь. Многа з іх ужо сяньня насувае сумнівы, што да іх шчырасьці, але, навучаныя гісторыяй, беларусы павінны перш добра падумаць, пакуль прымуць адну з найбольш карысных нам формаў дзяржаўных сувязяў.
Беларускі эмігрант. 1 кастрычніка 1949 г. № 9 (20).
АЛЕЙЗА ПАШКЕВГЧ (ЦЁТКА) — ПАЭТ-РЭВАЛЮЦЫЯНЕР
Нацыянальнае і сацыяльнае паложаньне беларуса на пераломе XIX і XX ст. было вельмі цяжкое. Пазбаўленыя свае дзяржавы і зраўняныя ў правох з каляніяльнымі народамі, беларусы душыліся ў ціскох царскіх ураднікаў. Адабралі ім ня толькі родную мову, выкідаючы яе са школаў і афіцыйнага жыцьця, але нават пазбавілі іх нацыянальнага назову. Мянушка «тутэйшы» — гэта назоў беларуса з часоў найбольшага наступу царскае рэакцыі на беларускія землі. 3 сацыяльнага ж боку беларускі селянін, гэтая аснова нашае нацыі, уціснуты ў вузкія палеткі і шнуры, вёў паўгалоднае існаваньне. Беручы гэта пад увагу, нам ясна, чаму беларускія адраджэнцы заўсёды спалучалі ў сваёй нацыянальнай барацьбе з акупантам два асноўныя элемэнты: нацыянальны і сацыяльны. Гэтыя два элемэнты былі праводнай ідэяй у жыцьці нашае вялікае паэтэсызмагаркі Цёткі.
Сапраўднае прозьвішча яе было Алейза Пашкевіч. Нарадзілася яна ў 1876 г. у фальварку Стары Дуб 8 Лідзкага павету. Маленства дало ёй цьвёрдую школу жыцьця. Да 10 год яна выхоўвалася ў дзеда, які ўзяў яе да сябе, каб аблегчыць многасямейнага бацьку Алейзы, беднага селяніна. Далёка ад сям’і, пад апекай суровага дзеда, у яе вырабіўся характар, прывыкшы палягаць толькі на собскія сілы. Вярнуўшыся дамоў пасьля сьмерці дзеда, яна ўзялася інтэнсіўна за навуку і, крыху падвучыўшыся ў вандроўных настаўнікаў, выехала ў Вільню,
8 Паводле афіцыйнай вэрсіі Алаіза Пашкевіч нарадзілася ў маёнтку Пешчын Лідзкага павету (сёньня Шчучынскі р-н Гарадзенскай вобл.). Гл.: Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2003. С. 101-102. Аднак, чытаючы гэты і іншыя артыкулы А. Грыцука, трэба памятаць наступнае: усе тэксты праз брак крыніцаў ці іх поўную адсутнасьць (засталіся на Бацькаўшчыне) пісаліся па памяці, таму ім і ўласьцівыя памылкі.
дзе паступіла ў 4-ю клясу жаночае гімназіі Празоравай 9. Зарабляючы цяжка на штодзённы хлеб і аплату за навуку, Алейза Пашкевіч захварэла на сухоты і была вымушана пакінуць школу ды паехаць на вёску настаўнічаць. Паправіўшы крыху здароўе, яна ізноў вярнулася ў Вільню і, вучачыся зь перапынкамі, скончыла гімназію ў 1901 г. Пасьля гадавога перапынку Алейза выяжджае ў Пецярбург і паступае на Вышэйшыя пэдагагічныя курсы Лесгафта. Мыцьцём падлогаў і лекцыямі яна зарабляе цяжкі грош, каб аплаціць сьціплы харч, школу і беднае памешканьне на падстрэшніцы. У 1904 г. Алейза вяртаецца ў Вільню і стае адразу адным з найактыўнейшых сяброў Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Тут яна пачала друкаваць свае вершы ў беларускіх газэтах «Наша доля» й «Наша ніва». Акрамя гэтага легальнага друку, яна пісала запальныя вершы-праклямацыі і распаўсюджвала іх нелегальным спосабам, друкуючы на шапірографе, што перахоўвала ў сябе для друкаваньня лістовак Беларускай Сацыялістычнай Грамады. Папулярнасьць Алейзы ў Вільні была велічэзная. Сьведчыць аб гэтым хаця б факт, што ў 1905 г. яна была выбраная дэлегаткай на Усерасейскі зьезд жанчын у Маскву. У сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці Алейза заўсёды выступае як прадстаўніца паняволенага беларускага народу. Яе нацыянальная сьведамасьць вырасла зь зярна, пасеянага Францішкам Багушэвічам, пазьней прызнаным бацькам беларускага адраджэньня. Аб гэтым яна так піша ў прадмове да свайго зборніка вершаў «Скрыпка беларуская», што выйшаў пад псэўдонімам Мацей Крапіўка: «Доўга я гадаў і думаў, як сябе назваць, ці то палякам, ці літоўцам, бо слова “тутэйшы” мне ніяк не смакавала. I так колькі год я хістаўся, то на адну, то на другую сторану, аж покі не папала мне ў рукі “Дудка” Мацея Бурачка (Ф. Багушэвіча). Яна-то мне сказала, што хто гаворыць па-тутэйшаму, па-мужыцку, значыць — ён гаворыць па-беларуску, а хто гаворыць па-беларуску, той беларус. Прачытаўшы тую “Дудку”, я сказаў: дзякую табе, М. Бурачок, чэсьць і слава твайму слову. А ты, дудка, грай, і мне голас дай. 3 таго дня пачаў я майстраваць інструмэнт. Выйшла з-пад рук скрыпка».
Дзейнасьць Алейзы Пашкевіч як на грамадзкім, так на літаратурным полі хутка зьвярнула на сябе ўвагу царскай паліцыі, і маладой паэтэсе цесна зрабілася на вялічэзных прасторах Расеі.
9 Маецца на ўвазе Віленскае сямікляснае вучылішча В. Прозаравай, якое А. Пашкевіч скончыла ў 1901 г.
Перайшоўшы на нелегальны стан, яна хутка была вымушаная пакінуць Беларусь і выехала за мяжу ў Аўстрыю.
Адбіўшыся ад беспасярэдняга ўдзелу ў буйным рэвалюцыйным жыцьці на Бацькаўшчыне, Алейза змагла больш часу прысьвяціць сабе. Для папаўненьня асьветы яна паступае ў Львоўскі ўнівэрсытэт. 3 Львова пераяжджае ў Кракаў, дзе канчае філялягічны факультэт Ягайлаўскага 10 ўнівэрсытэту. У Аўстрыі Алейза Пашкевіч выйшла замуж за летувіса інжынэра [Стэпонаса] Кайрыса.
Жыцьцё на чужыне было надта цяжкое для паэтэсы. Зьмяніўшы прозьвішча на мужавае, яна ў 1912 г. вяртаецца ў Вільню", каб прадаўжаць далей палітычна-грамадзкую дзейнасьць, арганізуючы школы і ведучы ўсьведамляючую работу сярод беларускіх сялян.
Вайна 1914-1918 гадоў перарвала маладое яшчэ жыцьцё паэтэсы. Як мэдычная сястра яна паехала працаваць у шпіталь, каб ратаваць беларускіх сялян ад эпідэміі тыфусу. Заразіўшыся сама гэтай хваробай, яна памерла 5-га лютага 1916 г.
Алейза Пашкевіч Цётка ўсё сваё жыцьцё прысьвяціла службе беларускаму народу. Яму аддала свае арганізатарскія здольнасьці, для яго выгалошвала палкія прамовы на незьлічоных мітынгах, яму сьпявала яе муза. Здавалася б, адкуль бярэцца сіла ў гэтай кволай, вымучанай хваробай жанчыны? Сапраўды, сілы паэтэсы былі неабыякія. Калі Іван Франко назваў Лесю Украінку адзіным мужчынам таго часу на Украіне, то на Беларусі гэтыя самыя словы можна аднесьці да Цёткі, бо сапраўды яна была сільнейшая духам за ўсіх мужчын у той раньні пэрыяд нашай вызвольнай барацьбы.
Літаратурная спадчына невялікая, але варта таго, каб яе вывучаць. Як ува ўсім яе жыцьці, так і тут выразна адчуваюцца два элемэнты: рэвалюцыйна-сацыяльны і рэвалюцыйна-нацыянальны. Абодва гэтыя элемэнты так цесна з сабой зьвязаны, што амаль немагчыма разьбіраць іх асобна.
Найвыдатнейшымі творамі рэвалюцыйна-сацыяльнага тыпу будуць «Прысяга над крывавымі разорамі», «Хрэст на свабоду», «Мора», «Пад штандарам» і «Ласы».
«Прысяга над крывавымі разорамі» напісана прозаю, гэта мастацкае абагульненьне ўмоў жыцьця беларуса-селяніна,