Мы стваралі сваю Беларусь Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука Вольга Грыцук

Мы стваралі сваю Беларусь

Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
56.78 МБ
Ды можа, Алесь, твая бесьсьмяротная душа ўсё гэта ведае. Тады мы, яшчэ тут жывыя, молім Цябе, бесьсьмяротную Тваю Душу: малі Бога за незалежнасьць Беларусі. «Сьвятая Эўфрасіньня Полацкая, малі Бога за нас! Сьвяты Ойча Кірыла, малі Бога за нас!»
Маліце Бога за Беларусь!
Бэры, Канада, 17 лютага 2006 г.
Вольга Іпатава
ПРАЗ ПРЫЗМУ ЧАСУ 12
Калі глядзіш на пажоўклыя старонкі выдання «Пагоня. Зь беларускага Жыцьця», якое выходзіла ў Зальцбургу ў 1947 г. і ініцыятарамі якога былі Алесь Грыцук і ягоныя сябры-паэты, то напачатку ўспрымаеш гэта ўжо выключна як музейныя экспанаты.
Але гарачыя словы, амаль шэсцьдзесят гадоў таму напісаныя маладымі энтузіястамі, якія перажылі многія цяжкія часы ды не страцілі сваёй любові і веры ў будучае Бацькаўшчыны, жывыя і сёння, яны нясуць усё той жа зарад любові і веры: «Беларуса напаўнялі сілаю духу вялікія чыны мінуўшчыны. Напаіла яго сілаю духу родная зямля. Гэтую сілу ўлівалі ў ягонае сэрца казкі гаманлівых бароў і таямнічых пушчаў. Легэнды цёмна-блакітных вазёр і рэчак. Матчыны песьні й калыханкі пра ваякаў-змагароў яшчэ ад калыскі паклалі пачатак сілы й веры ў яе...»
Гэтыя выданні, апроч свайго мастацкага і літаратуразнаўчага зместу, — яшчэ і частка жыцця жанчыны, якая некалі складала свежыя ад друкарскай фарбы старонкі ў сшыткі, якая стаяла там, у маленькай, амаль саматужнай друкарні разам са сваім абраннікам Алесем Грыцуком, не ведаючы, што рыхтуе ім будучае.
Сёння, калі іхняе сумеснае жыццё ўжо навекі адбілася ў вечных скрыжалях Часу, я, калі была ў Канадзе і прыехала ў Кінгстан, папрасіла спадарыню Вольгу Дуброўскую, у замужжы Грыцук, расказаць пра свайго мужа не як пра неаднаразовага старшыню Згуртавання беларусаў Канады ды сакратара
І2Друкуецца ў скароце. Паводле: Наша слова. 2004. Ns 22 (657). 9 чэр-
веня.
канадскага аддзела Беларускага інстытута навукі і мастацтва, выдатнага грамадскага дзеяча, але як пра чалавека, якога яна кахала і з якім пражыла амаль два дзесяткі гадоў, а перад тым дзесяць гадоў была разлучаная праз савецкую таталітарную сістэму, што панавала ў некаторых краінах Еўропы.
I яна ўзгадала — і тое, што ведалі толькі яны двое, і тое, што было навідавоку, у чым ёй дапамагалі блізкія і сябры: дайсці да яго праз гады, злучыцца ў сям’ю. Узгадваючы, яна тым як бы вяртала ў жыццё выдатнага беларуса, прыгожага чалавека, надзейнага і вернага мужчыну.
Яна сустрэла Алеся Грыцука ў Зальцбургу, калі разам з Ma­ili, хворай сястрой і маленькім пляменнікам апынулася на чужыне, бо іх выгнаў з радзімы — карані сям’і ў Дзісне — страх перад вяртаннем камуністычных парадкаў і пераследаў Яны, галодныя і дашчэнту знясіленыя, жылі ў вагончыку сярод развалінаў, і дзяўчына настойліва шукала землякоў і нейкага больш надзейнага прытулку. Выпадкова пачуўшы на вуліцы ўкраінскую мову, яна падышла да гэтых людзей і ад іх даведалася аб беларускім дапамаговым камітэце. Разам з сястрой яна прыйшла туды і здзівілася той радасці і прыязнасці, з якою яе сустрэлі. Адзін з тых, хто ўзяўся дапамагчы няшчаснай сям’і знайсці прытулак (аказалася, што яго можна знайсці толькі ва ўкраінскім лагеры, дзе яшчэ заставалася колькі вольных месцаў), быў невысокі, але ладны хлопец, з цёмнай густой чупрынай над высокім ілбом, з сінімі ўсмешлівымі вачыма. Сябры клікалі яго Алесем, ён жа называў госцю «спадарычняй Дуброўскай», а пасля колькіх дзён знаёмства — проста Оляй.
Гэтае імя ёй пасавала — хаця на той час яна была худой і знясіленай, усё ж яркая, прыгожая маладосць рабіла яе вельмі адметнай. На яе абарочваліся на вуліцах, а хлопцы з лагера, куды Алесевы сябры вельмі хутка перавезлі іхнюю сям’ю, гужам хадзілі вакол Вольгі Дуброўскай. (Яна і цяпер захавала былую прыгажосць — сінія вочы, акварэльныя фарбы твару, стройную постаць, мілую ўсмепіку і нейкую даверлівую чуллівасць.)
Неўзабаве яна атрымала працу, але галоўны ейны занятак быў тут, у беларускім асяроддзі, дзе хлопцы наладзілі выпуск часопіса «Пагоня. Зь беларускага жыцьця», які прагна чыталі «лагернікі», дзе праходзілі розныя імпрэзы і пастаноўкі і дзе яна ўжо не адчувала сябе жахліва адзінокай і няшчаснай, нягледзячы на тое, што яе трыццацігадовая сястра Марыся аказалася хворай на сухоты, якія неўзабаве звялі яе ў магілу. Іхняя
сям’я, як і тысячы іншых беларускіх сем’яў, была раскіданая, ніякіх звестак пра астатніх членаў некалі даволі вялікага сямейства атрымаць не было магчымасці, маці пакутавала ад гэтага і таксама бясконца хварэла, а маленькі пляменнік патрабаваў догляду.
Ва ўспамінах, падпісаных ініцыяламі М. Г. (відавочна, гэта пісаў Мікола Ганько), падаюцца некаторыя штрыхі тагачаснага жыцця маладых беларусаў і асабліва кіпучай, нястомнай энергіі Аляксея Грыцука: «Узьнікла думка выдаваньня інфармацыйнага лістка для Беларусаў у Аўстрыі. Каб хоць які рататар, машынка да пісаньня, матрыцы й папера, кажу я, дык крыху практыкі маю, можна паспрабаваць. Алесь за пару дзён кажа, што ёсьць рататар і машынка, дырэктар ЮНРРА дае прыдзел матрыцаў і паперы, арганізуем рэдкалегію й будзем выдаваць “газэту”. Слабая друкарня, малады друкар запэцкаўся чарніламі з галавы да ног, Алесь памагае. Сшыткі складаюць Алесь і Оля» (Беларус. 1976. № 230-231).
У гэтай сумеснай працы на карысць беларускай грамады нараджалася моцнае пачуццё паміж маладымі людзьмі. Яно, як зазвычай бывае з каханнем, развівалася і расло разам са сваімі маленькімі вірамі, непаразуменнямі, клопатамі і прыгодамі.
Звыкаючыся з чужым краем, маладыя людзі ўсё болей заўважалі ў ім прыгажосці і чараўнічай вабнасці прыроды. Яны пачыналі хадзіць на канцэрты класічнай музыкі, глядзелі пастаноўкі аперэт, якія на дзіва хутка адраджаліся ў музычнай Аўстрыі. Вабілі іх і горы. Усе яны ўмелі хадзіць на лыжах, і калі аднойчы Алесь Грыцук разам са сваім сябрам Міколам Ганько прапанаваў Вользе паехаць пакатацца з гор, яна згадзілася. Патроху яны прывыкалі да заходняга сэрвісу — лыжы і вопратку можна было ўзяць напракат, што нават яны, са сваімі маленькімі заробкамі, маглі сабе дазволіць. Пад’ёмнік узняў іх высока, адкуль можна было захапляцца незвычайнымі для беларусаў краявідамі. Велічнае відовішча ўзвышала іх душы і нібы гаіла раны выгнанцаў.
Вольга каталася з маленькіх горак, хлопцаў вабіла вышыня. I калі яны ўжо сабраліся дадому, Аляксей апошні раз захацеў з’ехаць з гары. Яны стаялі ўнізе і бачылі, як на апошнім павароце нага яго падламілася (якраз у гэтую нагу Алесь быў цяжка паранены пад Варшавай) і ён кумільгам паляцеў уніз. Тры разы перакуліўся ў паветры — і з пераламанай нагой упаў у гурбу снегу.
Пакуль яны дабеглі да выратоўцаў, якія з сенбернарамі тут жа паспяшаліся на выручку, пакуль прывезлі Алеся ў бальніцу і, з загіпсаванай нагой, выпусцілі яго назад у барак, куды прывезці яго было таксама няпроста, прайшло нямала часу. Яна перажыла адчай і надзею і, раніцай дабраўшыся да свайго лагера, не мела сіл пайсці на працу, ды ўсё ж мусіла гэта зрабіць.
(Дасюль, калі спадарыня Вольга Грыцук расказвае пра гэтае здарэнне, голас яе дрыжыць. Яна спалохалася за жыццё чалавека, якога, сама сабе ў тым не прызнаючыся, ужо моцна кахала. Але паміж закаханымі заўсёды імкнецца прашмыгнуць якаясьці злая і чорная сіла, і яна ўмяшалася ў адносіны, якія гатовыя былі ўжо завяршыцца прызнаннем. I для яе важныя ўсе нюансы, яна ўзгадвае ўсё, і гэтае «Усё» мае над ейнай душой тую, ранейшую сілу, бо ўжо падсумаванае часам і ў мінулым не зменіцца ніводная рыска. Але тое, што тады было амаль трагедыйным, сёння падаецца ёю з гумарам.)
Пакуль Алесь не мог рўхацца ў сваім бараку з-за паламанай нагі, у лагер прыехаў хлопец, які некалі кахаў Вольгу. Каб расказаць яму пра тое, што адбылося з ёю, і развітацца, яна згадзілася пайсці разам у кафэ, дзе іх убачылі дзяўчаты з Алесевага лагера.
I быў разрыў, і абое пакутавалі ад яго, але ніводзін не хацеў зрабіць крок першым. Ёй не было ў чым апраўдвацца, ды ён і не хацеў слухаць апраўданняў...
Але аднойчы да яе зазірнуў Мікола Ганько (дарэчы, брат яго, Міхась Ганько, быў у свой час кіраўніком Саюза беларускай моладзі, а сам Мікола з часам таксама стаў знаным грамадскім дзеячам на эміграцыі). Тады гэта быў проста малады, адданы свайму сябру хлопец, які ёй сказаў: «Зрабі што-небудзь, Вольга. 3-за цябе Алесь ні пісаць, ні газету выпускаць не можа. Адно сядзіць і глядзіць у вакно».
I тады яе мудрая маці разам з ёю пайшла ў адведкі да хворага. Вольга тулілася за ейнай спінай, Алесь спачатку яе не заўважыў. А калі ўбачыў і калі сустрэліся іхнія вочы, яны абое адчулі, што цяпер не расстануцца ніколі...
Ад таго іхняга канфлікту засталася жартаўлівая «Арыя трох нешчасліўцаў», запісаная 10 кастрычніка 1945 г. рукой Уладзімера Дудзіцкага. Прыводжу тут яе першую старонку (здаецца, гэты сумесны твор двух выдатных паэтаў беларускага замежжа зусім невядомы для літаратуразнаўцаў):
Арыя трох нешчасліўцаў
Лебядзіная песьня Алеся Салаўя і Уладзіміра Д.
Аляксей: I гора ў мяне і няшчасьце: Ня сплю я і ўдзень і ўначы, Такія я зношу напасьці — Дзяўбуць мне душу крумкачы. Згубіў кашалёк свой і тэчку, I Вольгі ўжо больш не люблю. Ой кінуся, кінуся ў рэчку I там сваё гора ўтаплю.
Вольга: Ой родненькі мой, даражэнькі, Алёшка, сябе не губі!
Дзяўчынка ж яшчэ я, паненка, Прыйдзі, прыгалуб, палюбі! Як толькі прыплюшчу я вочы — Твой вобраз мне сэрца кране. Прыйдзі, калі моцна так хочаш... Ня будзеш злаваць на мяне. Ня прыйдзеш — пагашу я сьвечку, Апошнія сьлёзы пральлю. Ой кінуся, кінуся ў рэчку I там сваё гора ўтаплю.
Дуэт Аляксея і Вольгі: Ой, кінуся, кінуся ў рэчку I там сваё гора ўтаплю (2 разы).
Яны заручыліся, але неўзабаве іхнія лагеры, як і ўвогуле па ўсёй краіне, сталі зачыняць. Трэба было выбіраць новыя шляхі жыцця. У лагеры прыязджалі камісіі з ЮНРРА, яны прапаноўвалі кантракты ў тыя ці іншыя краіны. У Аўстралію захацеў паехаць Алесь Салавей, у Венесуэлу — Уладзімір Дудзіцкі. I аднойчы Алесь Грыцук прыйшоў да сваёй нарачонай, каб сказаць, што запісаўся лесарубам у Канаду. Ён клікаў яе за сабой. Але на ейных руках была хворая маці, маленькі пляменнік, якіх ніхто нідзе не чакаў і не клікаў. Да таго ж, ужо з год назад пачатыя праз Чырвоны Крыж пошукі сям’і Дуброўскіх далі плён: у Польшчы знайшліся Вользіныя сястра Люба, a таксама браты Коля і Лёня. Сям’я мусіла ўз’яднацца, маці клікала дачку ў Польшчу (сястра Марыся памерла ў Аўстрыі 19 мая 1948 г.).