Мы стваралі сваю Беларусь Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука Вольга Грыцук

Мы стваралі сваю Беларусь

Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
56.78 МБ
I ўсё пачалося адпачатку... Нават яго ўлюбёнае настаўніцтва. У Нараўцы ўзьнікла беларуская школа, і дзядзька вярнуўся да сваёй прафэсіі. Напэўна, ён павінен быў неяк да гэтага падрыхтавацца, але стрыечныя сёстры толькі згадваюць, што як вучаніцы яны ня раз праходзілі некалькі кілямэтраў дарогі ў кампаніі дзядзькі Алёшы — ужо настаўніка і выхавальніка. Вось тады доўгая дарога станавілася кароткай і вясёлай...
Распачалася савецка-нямецкая вайна, і сытуацыя радыкальна зьмянілася. Савецкая ўлада не расьпешчвала сваіх грамадзян, магла быць жорсткай, але нямецкая акупацыя — гэта
1	Паводле пакту Молатава — Рыбэнтропа Беласточчына ў верасьні 1939 г. адышла да СССР (Савецкай Беларусі) і знаходзілася ў яе складзе да жніўня 1945 г.
ўжо сапраўднае рабства. Аднак і ў рабстве трэба неяк існаваць, часам змагаючыся, часам знаходзячы спосаб выжыць. У сваім хітрым кіраваньні немцы зрабілі ўяўныя ўступкі на карысьць беларускага нацыянальнага руху. Я не разумеў шмат чаго з тагачасных палітыка-этнічных адносінаў, аднак у пэўны момант убачыў, што пэўная частка беларускай моладзі дае загнаць сябе ў пастку. Дзядзька Коля (Грыцук) уступіў у Самаахову, якая павінна была ахоўваць насельніцтва ад бандаў і партызанаў з пушчы, дзядзька Алёша застаўся пры сваім школьніцтве. Засноўваў беларускія школы, сачыў за захаваньнем іх узроўню. Стрыечная сястра Валя згадвае паскораныя настаўніцкія курсы, якія павінны былі хутка падрыхтаваць пэдагагічныя кадры. Згадвае яшчэ і пра тое, што дзядзька браў удзел у стварэньні падручніка на беларускай мове, становячыся адначасова ініцыятарам, зьдзяйсьняльнікам і дагляднікам амбіцыйна патрыятычнага, нязвыкла цяжкага пляну ратаваньня дзяцей і моладзі ад дэградацыі падчас вайны.
Памятаю вакацыі 1943 г. у Нараўцы, у доме дзядоў за чыгункай, у доме, поўным тады руху, спрэчак і разгубленасьці. Зьехалася туды, дзе разам кіраваў цяпер зь дзедам дзядзька Антоні, шмат людзей з нашай вялікай сям’і. I дзядзька Алёша, і дзядзька Коля, і мы — станавілася цесна. Таму што былі яшчэ і цётка Тэкля, і цётка Таня, і дзьве мае маладзюткія стрыечныя сястры. Тут лесапільня, там млын — немцы ўсё гэта хацелі забраць, найбольш непакоіўся гэтым патрыярх роду дзед Юльян, бо немцы маглі таксама спаліць цэлую вёску, як спалілі ўсе іншыя вакол пушчы, жадаючы адрэзаць схаваных у лесе партызанаў ад іх базаў забесьпячэньня. А вось дзядзька Алёша быў спакойны, калі зьявіўся немец з плянам ліквідацыі вёскі Плянта, да якой быў прыпісаны дзедаў двор. Немец загадаў цягам найбліжэйшай гадзіны пакінуць дом. Дзядзька Алёша адразу растлумачыў немцу, што тэрыторыя, на якой знаходзіцца дом, гэта ня вёска Плянта, а толькі пасёлак Плянта — гэта частка за чыгуначнымі пуцямі, што, на шчасьце, была адзначана на карце. Немец скрупулёзна праверыў, разьвітаўся і сышоў, адчуваючы пад пахамі прыемныя формы бутэлек з самагонам.
Можа, таму і дома замочвалі гэтае выратаваньне. Маладыя людзі пераможна авалодвалі сыта застаўленым сталом і гучна спрачаліся пра лёс сьвету. Рэй вёў дзядзька Коля, які ў стане моцнага ўзбуджэньня заклікаў свайго суседа, даўняга сябра са школы, разам зь ім патрыятычна крычаць: «Жыве Беларусь!». А хлопец адмовіўся і паўтараў сваё: «У парадку, савецкая
Беларусь!». Аж дайшло да таго, што дзядзька для падмацаваньня сваёй аргумэнтацыі схапіўся за пісталет і стрэліў у столь. На гэта па-свойму адрэагаваў Алёша: «Глядзі, Коля, бо разбурыш дом, які мы толькі што ўратавалі!». Тады супольны сьмех разрадзіў напружаньне, аднак ува мне застаўся звычайны страх.
Дзядзька Алёша, як чалавек асьветы, далей павінен быў удзельнічаць у тым, што вельмі супярэчыла ягоным ідэйным прынцыпам. Калі праз год Алёша разьвітваўся з бацькамі, уцякаючы ад расейскага фронту, ён ведаў, што цяпер гэта расстаньне назаўсёды. Прынамсі, такія былі яго апошнія разьвітальныя словы: «Пэўна, ужо больш ня ўбачымся». Гэта было нядобрае разьвітаньне, як бы супраць прыроды: пакідаў родную зямлю, для якой мог зрабіць у сто разоў больш. Нельга адпраўляцца на выгнаньне бяз права вярнуцца. Нават тады, калі пакідаеш пасьля сябе зерне, якое надалей прыносіць плён.
3 польскай мовы пераклаў Антон Кузьміч
Марыя Ганько
АЛЯКСЕЯ ЛЮБІЛІ ЎСЕ
Аляксея любілі ўсе. Ён ніколі ні пра кога не сказаў благога, а розныя канфлікты, што зрэдзьчасу здараліся, стараўся палагодзіць, хоць сам быў вельмі эмацыйны, перажываючы за ўсё грамадзкае, як за сваё. Ніколі не шкадаваў часу на грамадзкае — пастаянна езьдзіў па Канадзе, наведваючы беларускія асяродкі.
Алесь быў сапраўдным рухавіком усіх працэсаў, якія адбываліся ў самыя першыя гады ў Згуртаваньні беларусаў Канады. Купля дому, збор грошай, сьвяткаваньне значных падзей беларускай дзяржаўнасьці, асабліва літаратурных юбілеяў, — усё гэта ладзілі тады яшчэ зусім маладыя хлопцы, у якіх было сапраўднае дзяржаўнае мысьленьне, а Аляксей Грыцук сярод іх быў вельмі адметны. Гэта ўжо пазьней, калі ён зь сям’ёй пераехаў з Таронта, ня мог столькі часу аддаваць грамадзкай працы, але і ён, і Оля Грыцук пастаянна прыяжджалі сюды, часта выступалі з рознымі прамовамі і рэфэратамі. I ня толькі выступалі — яны ўсе гэтыя гады пастаянна ахвяравалі (а Оля робіць гэта і цяпер) значныя сумы на нашую царкву і ЗБК. Усюды, дзе б Алесь ні быў, ён стараўся ўнесьці ў жыцьцё беларускі праменьчык: напрыклад, зладзіў цудоўны сэмінар пра Беларусь, на які сабраў шмат навукоўцаў з усёй краіны.
Мы і сёньня часта ўзгадваем яго, і памяць гэтая заўсёды будзе з намі. Хацелася б, каб імя Алеся Грыцука добра ведала ня толькі сёньняшняя маладая эміграцыя, але і грамадзкасьць у Беларусі, якую ён так любіў.
Мікола Ганько
СІЛА ДУХУ 2
Спраўна па дарозе ідзе аўтамабіль. Знаёмая дарога. Шмат разоў па розных патрэбах прыходзілася сюдою праяжджаць. To ў Манрэаль, то ў Кінгстан. Думкі то забягаюць наперад, то зноў вяртаюцца дзясяткі год назад. Сумнае падарожжа сяньня. Пару гадзін таму атрымалі вестку, што адышоў на вечны супачынак дарагі сябра Алёша Грыцук. Цяжкая бязьлітасная хвароба перамагла. Спынілася вясёлае, бадзёрае, поўнае надзеяў і плянаў жыцьцё чалавека, які жыў ня толькі для сябе, але заўсёды думаў і дбаў пра свой народ і бацькаўшчыну. Любіў прыпамінаць мінулае, але заўсёды глядзеў і думаў наперад.
Хачу, дарагія чытачы, падзяліцца з вамі сваімі сьціплымі ўспамінамі пра Алёшу Грыцука, якога я знаў на працягу больш чым трыццаць год.
Прыпамінаю такое здарэньне. Лета 1938 г. На нашым хутары, што знаходзіўся пад Галяновым, часта мелі заняткі жаўнеры польскага войска, якога 86-ы полк пяхоты 3 стаяў у Галянове. У часе з адных такіх заняткаў у нашу хату забег падхаронжы рэзэрвы. Разгледзеўшыся па хаце, папрасіў напіцца. Мама пытаецца: «Малака ці квасу, панок?» — «Кубак малака, цётачка»,— адказвае «па-нашаму» пан падхаронжы. Бацькі зацікавіліся, пачалі весьці гутарку.
— Адкуль будзеш родам, сынок?
— Ад Белавескай пушчы.
— Дзе гэта? Гэта мусіць ад Бельска, там, дзе добрае сукно на касьцюмы робяць, — здагадваецца тата.
2 Друкуецца ў скароце паводле кнігі Марыі Ганько «Каб сьведчылі пра Беларусь: Жыцьцё і дзейнасьць Міколы Ганька». Мінск, 2005.
3 Ва ўспамінах Вольгі Грыцук называецца 77-ы полк.
Тата пытаецца пра гаспадарку. «Ага, мой тата мае сто дзесяцін зямлі й матаровы млын».
Сьвісток. Жаўнеры пайшлі «ў атаку». Бачылі мы яшчэ пару разоў «нашага падхаронжага», нават як адвозіў Кажухоўскіх дзяўчат дадому з балю. Дарэчы, пасьля мы даведаліся, што гэты «наш падхаронжы» быў бы афіцэрам. Калі б наадрэз не адмовіўся зьмяніць веру й нацыянальнасьць.
Мінула лета. Рэзэрвісты вярнуліся дадому. Прыйшла вайна. Новыя людзі, новыя падзеі, новыя перажываньні й клопаты.
Позьняе лета 1945 г. Я сам адзін сярод чужых у Зальцбургу, Аўстрыя. Сумна за домам, няма падзяліцца сваімі думкамі й перажываньнямі. Аднойчы вечарам ад аднаго з украінскіх сяброў даведаўся, што ў другім лягеры ёсьць Беларускі Камітэт. Быў чацьвер. У пятніцу мушу ісьці да працы, не магу дачакацца суботы. Раніцай пяшком прыбег туды, дзе было сказана. Распытваю. Накіравалі. Уваходжу, з правага боку дзьвярэй — стол. Прыпёршыся да стала, малады прыстойны чалавек жартуе з сакратаркай. Падыходжу, прадстаўляюся.
— Дакумэнты якія маеш? Ведаеш таго? Чуў пра тое? Адкуль? 3-пад Галянова? Я там рэзэрву адбываў. Колькі дзяўчат было ў Кажухоўскага? Я, напэўна, у вашай хаце быў. У твайго таты два грамаадводы на дварэ. Адна белая карова з чорнай галавой, а рэшта чорныя зь белымі галовамі.
Я кажу, што бацькі называлі цябе «наш падхаронжы». «Так, таму што наш, — дык і быў бы падхаронжым, каб не вайна. Аляксей Грыцук называюся».
Спатыкаемся часта. Гутаркі заўсёды накіроўваюцца на грамадзкія тэмы. Пры адным з такіх спатканьняў выявілася думка выдаваньня інфармацыйнага лістка для беларусаў, што апынуліся ў Аўстрыі. Каб які рататар, машынка да пісаньня, матрыцы й паперы, дык я кажу, крыху маю практыкі, дык можна пасправабаць. Алёша за пару дзён кажа, ёсьць рататар і машынка. Дырэктар ЮНРРА дае прыдзел матрыцаў і паперы, арганізуем рэдкалегію й будзем выдаваць «газэту».
Слабая друкарня, малады друкар вымазаўся чарнілам з галавы да ног, Алёша памагае. Складаюць сшыткі Алесь, Оля. Алёша арганізуе «кальпартаж» новага выданьня «Зь беларускага жыцьця», № 1, Зальцбург, Аўстрыя.
Беларускі Камітэт у Аўстрыі хоча навязаць лучнасьць зь беларусамі й беларускім жыцьцём у Заходняй Нямеччыне. Легальна чужынцам не дазваляюць улады пераезд мяжы. Грыцук на аднэй з нарадаў кажа, што пры дапамозе суседзяў
і іхных арганізацыяў ёсьць магчымасьць пераходу мяжы «начорна». Хто можа зь нейкай карысьцяй адбыць такое падарожжа? Грыцук пайшоў, вярнуўся ды пайшоў яшчэ раз. Прынёс весткі, навязана лучнасьць.
Пачынаецца эміграцыя. Апынуліся ў Канадзе. Адбылі кантракты. Далучаемся да арганізацыйнага жыцьця, запачаткаванага тымі, што прыехалі крыху раней з Італіі. Ізноў рататар, машынкі да пісаньня, паседжаньні рэдкалегіі «Беларускага Эмігранта» й Галоўнае Управы на прыватнай кватэры таго ці іншага. Алёша Грыцук здабыў ад нікога не залежнае памяшканьне пры слаўным гузікавым інтарэсе. Асабіста на гэтым ён выйшаў стратным, але праз год часу таронтаўская група беларусаў мела сьвятліцу. Дзякуючы Грыцуку мелі пазьней лепшую сьвятліцу, але праз цэлы час Алёша стараецца сам, падганяе іншых, каб набыць свой Дом, заарганізаваць парафію БАПЦ у Таронта.