Мы стваралі сваю Беларусь
Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
Бібліятэка Бацькаўшчыны
Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»
Кніга 13
Вольга Грыцук
Мы стваралі сваю Беларусь
Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Мінск «Меднсонт» 2007
УДК 94(476)(092)+929Грыцук
ББК 63.3(4Бен)6
Г91
Сэрыя заснаванаў 2004 годзе
Укладаньне і літаратурная апрацоўка
Вольгі Іпатавай
Камэнтары
Алега Гардзіенкі
Грыцук, В.
Г91 Мы стваралі сваю Беларусь : жіцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука / Вольга Грыцук. — Мінск : Меднсонт, 2007. — 256 с., [12] с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 13).
ISBN 978-985-6530-58-9.
УДК 94(476)(092)+929Грыцук
ББК 63.3(4Бен)6
ISBN 978-985-6530-58-9
© Грыцук В„ 2007
© Іпатава В., укладаньне, літапрацоўка, 2007
© Гардзіенка А.. камэнтары, 2007
© МГА «ЗБС «Бацькаўшчына», 2007
© Афармленьне. СТАА «Меднсонт», 2007
АД УКЛАДАЛЬНІЦЫ
Гэтая кніга — спроба аднавіць памяць пра аднаго зь лідэраў паваеннай эміграцыі ў Канадзе Алеся (Аляксея) Грыцука. Летась споўнілася трыццаць гадоў з дня ягонай сьмерці, але моцны духоўны імпульс, які пакінуў па сабе гэты таленавіты і мужны сын беларускага народу, захаваўся ў памяці яго сучасьнікаў. У выдавецтве «Бацькаўіпчына» ўжо выйшла кніга яшчэ пра аднаго з тых, хто арганізоўваў беларускае жыцьце ў Канадзе — Міколу Ганька' і кола ягоных аднадумцаў, да якіх адносіцца і Алесь Грыцук, таму чытач сустрэне ўжо знаёмыя імёны і некаторыя сытуацыі.
Кніга «Мы стваралі сваю Беларусь» зьмяшчае самае дарагое, што засталося пасьля нашага слыннага земляка, а менавіта ягоную спадчыну: артыкулы і дасьледніцкія працы, прамовы на сьвятах у гонар знакамітых дзеячоў Беларусі, а таксама разьдзелы зь ягонай дысэртацыі пра творчасьць Максіма Багдановіча. Выбраць да друку найлепшае са створанага Алесем Грыцуком было няпростай задачай: у адной кнізе трэба было спалучыць і навуковыя працы, і лісты, і ўспаміны, напісаныя ў розны час і на розных мовах. Алесь Грыцук пісаў ня толькі на беларускай, але і на ўкраінскай, польскай, ангельскай мовах — і гэта пры тым, што амаль усё сваё эмігранцкае жыцьцё працаваў не ў інтэлектуальнай сфэры, а пачынаў свой шлях у чужой краіне з самай чорнай працы і зь неймавернымі цяжкасьцямі, прыступка за прыступкай, ішоў да сваёй мары. 3 горыччу думаецца пра тое, колькі ён змог бы зрабіць для сваёй Бацькаўшчыны ў спрыяльных умовах! Але жыцьцё склалася так, што таленавіты беларус не дайшоў нейкі крок да пастаўленай мэты — абараніць докгарскую дысэртацыю і свабодна заняцца навуковай працай і гісторыяй Беларусі. Яго навуковая праца пра Максіма Багдановіча дзесяцігодзьдзі захоўвалася ў сямейным архіве і толькі цяпер энтузіясты з новай хвалі эміграцыі ўзяліся рыхтаваць яе для публікацыі. За час, што прайшоў ад напісаньня дысэртацыі, зьявілася мноства кніг пра творчасьць Максіма
1 Ганько Марыя. Каб сьведчылі пра Беларусь. Жыцьцё й дзейнасьць Міколы Ганька. Мінск: Беларускі кнігазбор, 2005. — 192 с. (Тут і далей заўвагі і камэнтары Алега Гардзіенкі.)
Багдановіча, гэтак жа як і артыкулаў па тэмах, закранутых А. Грыцуком, аднак жа варта памятаць пра тое, што тады, у 1950—1970-я гады, ён, ставячы пэўныя акцэнты, у многім апярэджваў дасьледнікаў у савецкай Беларусі. Апроч гэтага, яго слова ва ўмовах браку беларускай дасьледніцкай і мастацкай літаратуры было вялікай крыніцай натхненьня і духоўнай спатолі для эмігрантаў.
Ня ўсё, зробленае А. Грыцуком, удалося адшукаць у архівах. Але на Беласточчыне, адкуль ён родам, над яго спадчынай пачынаюць працаваць кампэтэнтныя дасьледнікі Алег Латышонак і Вячаслаў Харужы. Ва ўмовах сёньняшняй Беларусі зрабіць на дзяржаўным узроўні гэта практычна немагчыма.
Таму застаецца спадзявацца, што кніга «Мы стваралі сваю Беларусь» стане адпраўным пунктам для тых, хто будзе ва ўсім аб’ёме аднаўляць жыцьцё і дзейнасьць найлепшых дзеячоў беларускай эміграцыі на чужыне.
Вольга ІПАТАВА
ДЗЯКУЮЧЫ ІМ ЖЫЛА БЕЛАРУСЬ НА ЧУЖЫНЕ
Паўстагодзьдзя беларусы ў сьвеце былі падвойна адарваныя ад свае Бацькаўшчыны: адлегласьцю і жалезнай заслонай. Паўстагодзьдзя пераносіліся мы думкамі ў Беларусь і жылі марамі пра Беларусь. Чакалі на той дзень, калі зможам вярнуцца дахаты, у нашую вольную дзяржаву. Жылі надзеяй, хоць цяжка было ўявіць, як гэта можа адбыцца.
У міжчасьсе ўсе усьведамлялі сабе, што Беларусь бяз голасу. I таму найбольш ініцыятыўныя з нас вырашылі быць гэтым голасам.
Алесь Грыцук ад самага пачатку выгнаньня ўзяўся за працу. Яшчэ ў Аўстрыі2 здабыў сабе і адначасна Беларусі мноства прыяцеляў.
2У Аўстрыі Алесь Грыцук жыў у 1945-1948 гг.
Атрымлівалася гэта ў яго лёгка. Вечная ўсьмешка, ветлівасьць, энтузіязм — прыцягвалі як магніт.
Пераехаўшы ў Канаду, Алесь стаў сябрам групы маладых патрыётаў, якія адразу ўзяліся за арганізаваньне беларускага жыцьця, укладаючы ў гэта ня толькі ўвесь свой час, але і цяжка здабытыя заробкі. Так нашая грамада набыла свой першы дом 3, сваю газэту 4.
Нашая сям’я пазнаёмілася зь сям’ёй Грыцукоў у 1970 г., хутка пасьля нашага прыезду ў Канаду 5. Алесь, Оля і Юльянка былі нашымі найбліжэйшымі беларускімі суседзямі і хутка сталіся нашымі прыяцелямі. Да іх мы часта заяжджалі па дарозе [з Атавы] у Таронта. Алесь шмат расказваў пра пачаткі беларускага жыцьця ў Канадзе. Спатканьні нашыя заўсёды былі прыемныя і цікавыя.
3 Беларуская дыяспара амаль ва ўсіх краінах Захаду была падзелена на прыхільнікаў адноўленай у 1947 г. Рады БНР (Міколы Абрамчыка) і Беларускай цэнтральнай рады (Радаслава Астроўскага). I традыцыйна ўдзельнікі гэтага грамадзкага жыцьця ў сваіх успамінах згадвалі выключна пра сваіх прыхільнікаў і часта «забывалі» згадаць пра дзейнасьць у сваім горадзе палітычных апанэнтаў. У нашым выпадку гаворка вядзецца аб прабэнээраўскім Згуртаваньні беларусаў Канады, створаным у 1949 г. Зрэшты, спачатку ЗБК яднала ўсіх нацыянальна сьведамых беларусаў у Канадзе, але пасьля «паляваньня на ведзьмаў» (выгнаньня прыхільнікаў Радаслава Астроўскага) стала падтрымліваць Раду БНР. Першы свой дом у Таронта ЗБК набыла ў 1953 г., ён месьціўся па адрасе Вэст-Дандэс-стрыт, 1000 (да гэтага арандаваліся залі ва ўкраінцаў). Там знаходзіліся грамадзкая заля і парафія сьв. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1959 г. Беларускі грамадзкарэлігійны цэнтар перабраўся ў будынак па адрасе Сэнт-Кларэнс-авэню, 524.
Свой дом у Таронта ў 1953 г. таксама набылі і сябры Беларускага нацыянальнага аб’яднаньня. Трыма гадамі раней, у 1950 г., паўстала парафія сьв. Эўфрасіньні Полацкай Беларускай праваслаўнай царквы, што знаходзілася ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату.
Але гэта былі не адзіныя беларускія арганізацыі ў Канадзе. У 1950 г. ў правінцыі Манітоба (сталіца Вініпэг) быўзаснаваны Беларускі нацыянальны камітэт (кіраўнікі — Мікола Сільвановіч-Вярба і Г. Галожын), а ў пачатку 1950-х — Згуртаваньне беларусаў Квэбэку (зь сядзібай у Манрэалі). Апроч таго існавала пракамуністычная і прасавецкая Фэдэрацыя рускіх канадцаў, якая, нягледзячы на назву, яднала багата беларусаў. Напрыклад, яе кіраўніком быў Рыгор Акулевіч — у 1920-я гады адзін з кіраўнікоў Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі.
4 Гутарка ідзе пра месячнік «Беларускі эмігрант», які выдаваўся зь лютага 1948 г. па красавік 1954 г. (рэдактар Кастусь Акула). Выйшла 58 нумароў. Прыхільнікі БНА пачалі з 1952 г. выдаваць «Беларускі голас», які з 1957 г. стаў цалкам на незалежніцкія пазыцыі.
5Сям’я Сурвіллаў пераехала з Гішпаніі.
У 1974 г., калі Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Канадзе 6 выбраў мяне і Алеся старшынёй і сакратаром-скарбнікам Інстытуту, мы разам узяліся за арганізацыю Тыдня Беларусаведы ў Атаўскім унівэрсытэце, які адбыўся зь вялікім посьпехам у красавіку 1975 г. і быў адной з найбольшых падзеяў у беларускім жыцьці Паўночнай Амэрыкі.
Перадчасную сьмерць Алеся ўся беларуская грамада адчула як страшэнную страту. He дачакаўся наш сябра незалежнасьці Беларусі, за якую ўсё жыцьцё змагаўся. Але памяць пра яго жыве ў сэрцах усіх, хто яго ведаў, а партрэт вісіць да сёньня ў залі Беларускага рэлігійнаграмадзкага цэнтру ў Таронта.
Хацела б тут аддаць чэсьць усім патрыётам, якія, апынуўшыся, як Алесь Грыцук, на чужыне, ня кінуліся шукаць для сябе выгадаў — даступных, між іншым, усім нашым працавітым суродзічам, — а ўзяліся за працу для Бацькаўшчыны. Гэта дзякуючы ім жыла Беларусь на чужыне, а сьвет пакрысе даведваўся пра існаваньне паняволенай краіны, якое так старанна хавалася акупантам.
Івонка СУРВІЛЛА, старшыня Рады БНР
6БІНІМ у Канадзе заснаваны 17 верасьня 1967 г. на паседжаньні ў Беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры. Сёньня старшыня — прафэсар унівэрсытэту Ватэрлоо Зінаіда Гімпялевіч.
Вольга Грыцук
МЫ СТВАРАЛІ СВАЮ БЕЛАРУСЬ
Жыцьцё і дзейнасьць
Аляксея Грыцука
МАЛАДЫЯ ГАДЫ АЛЕСЯ
Мой муж Аляксей Грыцук нарадзіўся 3 ліпеня 1910 г. у Міхноўцы на Беласточчыне Бацька яго Юльян і маці Хрыстына з дому Харкевічаў мелі вялікую сям’ю: чатырох сыноў (Ігнат, Антон, Аляксей і Мікалай) і пяць дачок (Оля, Маня, Нюра, Насьця, Таня).
Сям’я была надзвычай рэлігійная, дзе шанавалі народныя традыцыі і звычаі. Калядныя песьні, якія так любіў сьпяваць Алесь, засталіся ў ягонай памяці зь Беласточчыны, і ён ведаў іх мноства. Сьвяты заўсёды стараўся сустракаць так, як гэта рабілі ў ягонай вёсцы, калі зьбіраліся цэлымі сем’ямі.
Бясспрэчным у вялікай і дружнай сям’і быў аўтарытэт бацькі, які назаўсёды застаўся для Алеся ўзорам сапраўднага чалавека высокіх маральных якасьцяў і добрых гаспадарчых здольнасьцяў.
Юльян Грыцук меў даволі вялікую гаспадарку, а таксама паравы млын у Старым Ляўкове. Юлья, як называлі яго ў ваколіцы, быў заможным гаспадаром. Дзяцей сваіх ён любіў і стараўся даць ім лепшую долю. Дачок выдаў замуж, надзяліўшы кожную добрым пасагам. Кожная з дачок пражыла даўгое жыцьцё. Найстарэйшая Оля і Насьця дажылі да 80 гадоў, Нюра — да 90 гадоў, Маня дажыла да 92 гадоў. Наймалодшая — Таня — выйшла за земляроба-беларуса — яны гаспадарылі на матчынай зямлі — і памерла ад паралічу.
Бацька Алеся таксама ведаў, што асьвета — гэта шлях да лепшай будучыні, таму паслаў вучыцца ўсіх сваіх сыноў. Найстарэйшы Ігнат яшчэ за царскім часам скончыў рускую гімназію і выехаў у Беларусь, і радня ніяк не магла яго знайсьці. Антон навучыўся ў гаспадарча-агранамічнай школе, а потым застаўся на бацькавай гаспадарцы ды памёр у 68 гадоў. Алесь