Мы стваралі сваю Беларусь
Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
У камітэце, які стварылі беларусы, сталі адбывацца розныя нарады, на якіх рашаліся пытаньні, як наладзіць грамадзкае і культурнае жыцьцё ў лягеры. Было гэта вельмі няпроста, але змаглі зарганізаваць таксама сваю беларускую царкву і хор са сьвятаром айцом Нікіфаравым.
Алесь, апроч гэтага, часта ладзіў паэтычныя вечары, на якія зьбіралася шмат народу. Былі таксама і дыскусіі з удзелам беларускіх і ўкраінскіх паэтаў. Там завязалася сяброўства, якое доўжылася гады. Прынамсі, украінскі паэт Барыс Олександрів (Грыбінскі) " і праз шмат гадоў уключаў у свае кнігі пераклады вершаў Алеся Салаўя і У. Дудзіцкага, а таксама Максіма Багдановіча, якога Алесь асабліва любіў і заўсёды яго дэклямаваў. Думаю, што кніга Барыса «Слово о полку Ігоревім», якая выйшла ў Таронта ў 1960 г. у выдавецтве «Молода Украі’на», была навеяна менавіта размовамі і дыскусіямі яшчэ там, у лягеры, бо і Алесь таксама напісаў вялікую працу на гэтую ж тэму.
Быў Алесь мужны і бясстрашны чалавек, таму меў у лягеры вялікі аўтарытэт. Вось жа толькі адзін прыклад з тых часоў: у 1945-1946 гг., калі яшчэ не было ніякіх візаў на выезд з Аўстрыі ў іншыя краіны, ён хадзіў нелегальна цераз Альпы ў Нямеччыну, каб навязаць лучнасьць з Радай БНР, якая ў той час знаходзілася ў Мюнхэне. Кожны раз я моцна перажывала за яго, бо гэта было небясьпечна і таму, што пераходзіць цераз гэтыя велічэзныя горы простаму чалавеку, не альпіністу, зусім няпроста, а яшчэ таму, што гэта было забаронена і наступствы
10 Згодна зь бібліяграфіяй Вітаўта і Зоры Кіпеляў «Беларускі друк на Захадзе» (Нью-Ёрк; Варшава, 2006) «Пагоня» і «Зь беларускага жыцьця» былі рознымі выданьнямі, хоць і выдаваліся аднымі і тымі ж людзьмі. «Пагоня» — літаратурна-мастацкі (з № 3 — літаратурна-гістарычны) месячнік. Выйшлі чатыры нумары: у сьнежні 1945 г., у красавіку 1946 г., чэрвені-ліпені 1946 г. і лістападзе 1946 г. «Зь беларускага жыцьця» выходзіў у 1946 г. Выйшлі 37 нумароў. Ад № 11 —тыднёвік. Апошні нумар пазначаны 19 студзеня 1947 г. Рэдактары Алесь Грыцук, Алесь Салавей і Уладзімер Дудзіцкі.
11 Барыс Аляксандравіч Грьібінскі (псэўд. Олександрів альбо, па-беларуску, Аляксандрыў, 1921-1979), адзін зь вядомых паэтаў украінскай дыяспары.
маглі быць самыя цяжкія. Адтуль, зь Нямеччыны, Алесь прыносіў розныя навіны і весткі аб адраджэньні беларускага жыцьця, што для нас было вельмі важна.
Таксама ў 1946 г. Алесь наладзіў спатканьне зь япіскапам Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Апанасам |2, каб пераканаць яго прыняць удзел у адбудове беларускай аўтакефальнай царквы на чужыне. Было нам усім вельмі горка, калі мы даведаліся, што нашыя беларускія сьвятары нам здрадзілі і перайшлі ў Расейскую зарубежную царкву 13. Фактычна трэба было ўсё пачынаць ад пачатку — і беларускае школьніцтва, і сапраўдную, незалежную ад чужынцаў царкву.
Але самай галоўнай для яго падзеяй у Аўстрыі, як ён ня раз прызнаваўся, была нашая сустрэча.
12 Апанас (сьвецкае імя Антон Мартас, 08.09.1904, в. Завітая, сёньня Нясьвіскі р-н Менскай вобл. — 03.11.1984). Скончыў тэалягічны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту. Магістар тэалёгіі. У 1927 г. пастрыжаны ў манахі пад імем Апанас (Афанасій). У 1942 г. у Менску высьвячоны на япіскапа Віцебскага і Полацкага. У паваеннай Нямеччыне выкладаў рэлігію ў беларускай гімназіі ў Ватэнштэце, супрацоўнічаў зь беларускай праваслаўнай прэсай, выдаў падручнік Старога Запавету па-беларуску. Празь перасьлед беларускіх палітыкаў — прыхільнікаў аўтакефаліі, пры канцы 1940-х зьехаў у Аўстралію, затым жыў у Буэнас-Айрэсе (Аргентына). У 1966 г. выдаў кнігу Белорусь в йсторнческой государственной w церковной жйзнй (прадмова па-беларуску). У 1971 г. Сынод РЗПЦ забараніў чытаньне й распаўсюд кнігі, а аўтара адлучыў ад рэлігійнай дзейнасьці. У 1950-1970-я неаднаразова запрашаўся прыхільнікамі падпарадкаваньня беларускіх прыходаў канстантынопальскаму патрыярху (Радаслаў Астроўскі, Іван Касяк, Дзьмітры Касмовіч, Мікалай Лапіцкі) узначаліць беларускія прыходы і стаць япіскапам Беларускай праваслаўнай царквы.
13 Маецца на ўвазе пераход япіскапаў Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў лона РЗПЦ у 1945 г.
МАЁ ЖЫЦЬЦЁ ДА СУСТРЭЧЫ 3 АЛЕСЕМ
Мая радзіма — Дзісеншчына. I дасюль, як заплюшчу вочы, бачу свой родны дом, над якім узыходзіць сонейка, росныя ранкі, прыгожую беларускую прыроду. Усё гэта застаецца з чалавекам навечна, і я не магу зразумець тых, хто лёгка забываецца на сваю зямлю, сваю родную мову, на ўсё тое, што робіць чалавека чалавекам. Вельмі важным мне здаецца пачаць не зь мяне, а з нашага роду.
Бацькі маёй маці, безьзямельныя сяляне дзед Антон Барылка і бабуля Марыя з дому Аношкаў, мелі трое дзяцей. Двое зь іх памерлі ад тыфусу ў дарослым веку, засталася толькі мая мама. Яны працавалі як парабкі ў паноў Дзядзюляў у маёнтку Дзедзялёва Дзісьненскага павету. Дзед Антон працаваў фурманам, а бабуля — ахмістрыняй у двары. Калі пастарэлі і занядужалі, пераехалі жыць у Дзісну. У 1910 г. дзядуля пачаў будаваць дом на вуліцы Дарожкаўскай ад стараны ракі Дзьвіны (дарэчы, гэтая вуліца за палякамі насіла імя апошняга караля Рэчы Паспалітай Панятоўскага, а за Саветамі — Пушкіна). Яны падарылі гэты новы, прасторны, толькі што пабудаваны дом у пасаг за маёй мамай.
Мой бацька Васіль і мама Параскева з дому Барылкаў былі аднагодкамі. Абое нарадзіліся ў 1886 г., абое былі граматныя. Бацька скончыў у Дзісьне прыходзкае вучылішча, а пасьля ў Віцебску вучыўся на бухгальтара, затым на гэтай пасадзе і працаваў у Дзісьненскім банку. Перад вайной рабіў у латыскай фірме, што скупляла лес у купца Рэйніка, бухгальтарам, часта езьдзіў у Рыгу. Ён з мамай меў шасьцёра дзяцей: тры дачкі і тры сыны. Я была наймалодшая з усіх, прыйшла ў сьвет, калі маме было ўжо трыццаць сем гадоў.
Я нарадзілася 29 кастрычніка 1923 г. у вёсцы Кадушкі Дзісьненскага павету 14. Чаму там, а не ў Дзісьне? Тата і мама,
14 Сёньня, як і Дзісна, знаходзяцца ў Мёрскім раёне Віцебскай вобласьці.
што была ў цяжы, паехалі на вясельле стрыечнай сястры бацькі ў Кадушкі. Мама ня надта хацела ехаць, але па іх прыслалі фурманку — не адпраўляць жа назад! I якраз на тым вясельлі і пачаліся ў яе роды. Сястра, што выходзіла замуж, мела імя Оля. Яна і стала мне хроснай, а я атрымала тое самае імя. Будучы наймалодшым дзіцем, мела шмат тых, хто мяне песьціў ды любіў — мама, бабуля ды сёстры.
3 натуры я была ціхае, сарамлівае дзіця. У доме мяне называлі пястухай і маленькай прылепачкай. Мама прыбірала мяне прыгожа — сукеначкі былі найболей пастэльных колераў, якія мне вельмі пасавалі. У шэсьць гадоў я пайшла ў школу. Беларускіх школ не было, трэба было вучыцца ў польскай. Вучылася добра, і клопатаў са мной не было. Мела шмат сяброў, мы пасьля школы гулялі ў мячык, зьбіралі прыгожыя каменьчыкі і шукалі ў вадзе сьлімакоў. Памятаю, як старанна выразалі розныя ўзоры з паперы. У свае 12 год я ўжо належала да вучнёўскага царкоўнага хору, які сьпяваў у царкве. На правым клірасе там быў хор для дарослых, на левым — дзіцячы. Кожны год 10 жніўня ў Дзісьне ладзілі вялікі фэст Узьнясеньня і нашае храмавае іконы Адзігітрыя (яе пасьля скралі, і дзе яна — невядома). Хросны ход ішоў па ўсёй вуліцы, і тысячы людзей прымалі ў тым удзел. Я была ўключана ў дапамогу па продажы білетаў на царкоўную лятарэю ды ў зьбіраньні грошай на патрэбы царквы. Прадавалі мы маленькія ружова-блакітныя банцікі, якія людзі прычэплівалі да вопраткі і за тое дарылі грошы ў царкоўную скарбонку. На фэст дзяўчаты звычайна апраналіся вельмі прыгожа. Памятаю адзін зь іх, калі мая сукенка была ясна-ружовая, з буфастымі кароткімі рукаўчыкамі, з фальбанкамі. Ішла ў белых туфельках, а валасы былі закручаныя ў францускія локаны. Побач ішоў хлопчык, мой партнэр, ён таксама быў прыгожа апрануты і пазіраў на мяне з захапленьнем.
Мама вучыла нас усяму, што патрэбна ў жыцьці. Яна была вялікага сэрца і цёплай душы. Любіла паўтараць: «Дбайце, дзетачкі, і шануйце ўсё, што маеце». 1 яшчэ была ў яе любімая прымаўка: «Як цябе відзяць, так цябе й пішуць». Яна была і добрая гаспадыня: смачна варыла, пякла, была цудоўнай майстрыцай, любіла прасьці, шыць, вышываць. Яна перадала нам, дзецям, свае таленты, і мы захавалі іх на ўсё жыцьцё. Наша сям’я была сапраўды вельмі таленавітай, але найбольшай вядомасьці дабіўся мой дзядзька па бацьку Мікалай Дуброўскі, які стаў славутым опэрным сьпеваком у Расеі, куды ён паехаў
яшчэ да вайны. Бацька даведаўся пра тое выпадкова: слухаў аднойчы радыё і пачуў голас брата.
Так я расла, рабілася дарослай. Мною пачалі цікавіцца хлопцы, але надышлі вялікія зьмены. У 1939 г. да нас прыйшлі бальшавікі. Усё зьмянілася. Школы зачыніліся, пачаліся арышты, вывазы, калектывізацыя. Для моладзі было ўсё няпэўна ■— што рабіць, куды ісьці далей. 9 сакавіка 1941 г. ад паралічу ў выніку высокага крывянога ціску памёр мой бацька, і ўсё лягло на маміны плечы. Бацьку трэба было неяк пахаваць. Якраз тады, пры Саветах, Узьнясенская царква была зачыненая: яе так абклалі падаткамі, што людзі не маглі выкупіцца. Адкупіліся раз, другі, трэці — але пасьля ня вытрымалі. Увогуле жыцьцё тады стала нейкае неверагоднае: людзей высылалі, выганялі з собскіх дамоў, асабліва тых, у каго яны былі вялікія і прасторныя. Да нас таксама падсялілі ўкраінца, Лысенку, да яго потым прыехала сям’я. Мы пабачылі, якое там было бядоцьце, у чым яны прыехалі з той савецкай Украіны...
Такім чынам, на ўсю Дзісну засталася толькі адна царква на могілках. Але не было сьвятароў! Аднаго вывезьлі ў Сібір разам зь дзецьмі. Быў другі — але ня меў права хаваць. А маміна радня была ў Лугаўцах 1S, брат Лёнька ўначы пабег туды і папрасіў бацюшку прыехаць. Яго прывезьлі ў цывільным з дамовай, што ён справіць у хаце толькі паніхіду. Ён быў такі бедны, што ня меў галёшаў, і мы яму аддалі татавы, паколькі падаў вільготны сьнег і ягоныя ногі зусім прамоклі... Часы і Псалтыр чытаў сусед Панізьнік, які ведаў стараславянскую мову. Былі толькі сям’я і сябры: баяліся, каб ніхто не данёс. Таму на пахаваньне прыйшло зусім няшмат людзей — Дзямешка, Панізьнік, Алешка, Ластоўскі, Маеўскія, Кандакевічы. Было горка, што даводзіцца хавацца ад уладаў, каб пахаваць тату пахрысьціянску... Старэйшыя ўвогуле ўсе былі прыгнечаныя: яны спадзяваліся на іншае, бо прапаганда столькі казала, якое шчасьлівае жыцьцё абяцаюць Саветы...