Мы стваралі сваю Беларусь Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука Вольга Грыцук

Мы стваралі сваю Беларусь

Жыцьцё і дзейнасьць Аляксея Грыцука
Вольга Грыцук
Выдавец: Медысонт
Памер: 256с.
Мінск 2007
56.78 МБ
Сабралі крыху грошай, знайіплі аб’ект. Грошай не хапае, каб даць задатак. Алесь Грыцук пазычае свае апошнія грошы й зацягвае на сябе доўг, каб толькі беларускае жыцьцё трывала. У грамадзкім Доме патрэбныя кватаранты. Алесь Грыцук пакідае выгодную кватэру й пасяляецца ў шумным і нявыгадным памешканьні Беларускага Дому пры 1000 Дандэс.
Я набыў першы аўтамабіль. Алёша пасьля пару тыдняў кажа: «Ну, цяпер, Мікола, ня будзе праблемы з адведзінамі нашых далейшых асяродкаў». Па розных справах і нагодах то ў Манрэаль, то ў Садбуры або іншыя мясцовасьці. 3 аднаго такога падарожжа вярталіся ў галалёд васямнаццаць гадзін з Манрэалю. Алёша прадэклямаваў хіба мне палову беларускай літаратуры й расказаў навейшую гісторыю Эўропы, абы толькі шофэр не заснуў, бо іншыя пасажыры спалі.
Аляксей Грыцук ажаніўся, прыдбаў сабе хату, павялічылася сям’я. Ягоная хата сталася другім Беларускім Домам. Усе былі вітаныя ў яго хаце, адкуль бы хто ні зьявіўся. Зьмяніліся абставіны жыцьця, пайшоў на далейшую навуку. Здабыў новую прафэсію, але й мусіў некалькі разоў мяняць месца жыхарства. Аднак дзе б ні быў, у якіх матэрыяльных умовах, — на кожны зьезд, на кожнае сьвяткаваньне, на кожную сустрэчу або паседжаньне — у пагоду ці сьнег, летам ці зімой. Ажно толькі сёлета першы раз за дваццаць пяць год ня змог Алёша Грыцук быць на сьвяткаваньні 25 Сакавіка.
Я ведаў, што Алёша хоча ведаць, як усё адбылося. Колькі людзей? Як Акадэмія? Мастацкая частка ці добра ўдалася?
Вось чым жыў Аляксей Грыцук. Мала гэтага. Калі толькі мог, заўсёды цягнуў сваю хоць невялікую сям’ю. Стараўся як мог прышчапіць тое самае сваёй дачушцы. Сяньня ўжо, калі тэлефанічна гутарыў з Оляй, дык яны міма свайго нявысказанага гора й жалю цікавяцца тым, што адбываецца ў беларускім жыцьці. Мінула тры тыдні ад таго, як цябе адправілі на вечны супачынак, але парасткі твайго жыцьця, Алесь, мы бачым. Ты пражыў недарэмна на гэтым сьвеце.
Перада мной пажоўклыя ад часу лісткі «Зь Беларускага Жыцьця», нядзеля, 16 чэрвеня 1946г., № 7, Зальцбург, Аўстрыя.
Ня памятаю, хто пісаў перадавіцу, але зьмест і асабліва яе заканчэньне вельмі добра падсумуюць мае ўспаміны пра Алёшу Грыцука й чаму Ён быў такім. Чаму міма магчымасьці быць афіцэрам быў толькі «нашым падхаронжым», калі падобныя яму сталіся паручнікамі й маёрамі — іхнымі, ня нашымі...
Беларуса напаўнялі сілаю духу вялікія чыны мінуўшчыны. Напаіла яго сілаю духу родная зямля. Гэтую сілу ўлівалі ў ягонае сэрца казкі гаманлівых бароў і таямнічых пушчаў. Легенды цёмна-блакітных вазёр і рэчак. Матчыны песьні й калыханкі пра войнікаў-змагароў яшчэ ад калыскі паклалі пачатак сілы й веры ўяе...
Вяла, вядзе й будзе весьці яго наперад неўміручая сіла духу.
Барыс Аляксандрыў
ПАМЯЦІ БЕЛАРУСКАГА ПАБРАЦІМА 4
He было, здаецца, ніводнай важнай падзеі ў жыцьці беларускай грамады, у якой ня браў бы актыўнага ўдзелу заўжды ўсьмешлівы, прыветны, поўны аптымізму і цудоўнага гумару Андрый, або, як яго ласкава называлі сябры, Алесь Грыцук 5.
Беларусы яшчэ напэўна напішуць пра свайго пабраціма, высьвятляючы яго жыцьцё і дзейнасьць, падаючы сваім чытачам дакладнейшы сылюэт гэтага незвычайнага чалавека. Аднак і ўкраінская грамада, асабліва тыя, каму даводзілася ведаць гэтага «ўкраінскага беларуса», што пражыў і нават працаваў у адміністрацыі ўкраінскага лягеру ў Зальцбургу цэлыя тры гады, а таксама таронтаўскія ды атаўскія ўкраінцы, сярод якіх быў Андрый, успрынялі ягоную сьмерць зь вялікім смуткам. Адышоў ня толькі наш саюзьнік на цяжкім і надзвычай важным фронце ідэалягічнай барацьбы за нашу агульную незалежнасьць, але й нястомны матор беларуска-ўкраінскага культурнага супрацоўніцтва ў багатых дзялянках, асабліва ў дзялянцы літаратуры.
Аўтар гэтых радкоў пазнаёміўся з Андрыем адразу ж па вайне, у вялікай 4-павярховай Легенер-казарме ў Зальцбургу, што была тады прытулкам колькіх сотняў бяздомных і няпэўных у сваім далейшым лёсе ўкраінскіх ДыПі — перамешчаных асобаў. У тым часе яму было 33 гады, меў цёмную густую чупрыну над высокім ілбом, прамы нос і вялікія, сінія, заўжды вясёлыя вочы. Невысокага росту, але моцнага складу, рухлівы, ён хутка прабягаў па доўгіх калідорах Легенер-казармы, выстукваючы афіцэрскімі ботамі. Неафіцыйна нам было вядома,
4Друкуецца ў скароце.
5Відаць, пад імем «Андрэй» Аляксей Грыцук жыў у Аўстрыі. Чытаючы ўспаміны Барыса Александрыва, трэба гэта ўлічваць.
што падчас вайны Андрый належаў да кіраўнічага складу беларускага батальёну, што змагаўся на Ўсходнім фронце 6. Аднак зблізіліся мы на грунце не вайсковых, а літаратурных зацікаўленьняў. He прыгадваю, што канкрэтна прывяло да таго, але аднойчы вечарам я апынуўся ў таварыстве двух беларускіх паэтаў — Уладзімера Дудзіцкага і Алеся Салаўя, што жылі ў тым лягеры. Чацьвёртым прысутным быў Алесь Грыцук, не паэт, але энтузіяст і цудоўны знаўца паэзіі — і пад мэлядыйны звон чарак, якія напаўняў чымсьці пахкім і п’янкім Дудзіцкі, мы прасядзелі да ранку, чытаючы сваю і не сваю паэзію, дыскутуючы, параўноўваючы, перакладаючы і тлумачачы адзін аднаму значэньні беларускіх і ўкраінскіх словаў... Жывы ўдзел ува ўсім гэтым браў Андрый. Спачатку я думаў, што Андрый — таксама паэт, але Дудзіцкі патлумачыў, што ён — паэт душой, і з увагі на арыгінальнае паяднаньне ў ягонай асобе вайскоўца і літаратара мы, жартуючы, клікалі яго дзекабрыстам.
Так пачалося нашае знаёмства з Андрыем, знаёмства, якое, не зважаючы на істотную розьніцу ў нашым узросьце, перайшло ў доўгае, амаль 30-гадовае сяброўства. На пачатку 1948 г. ён выехаў у ролі лесасека ў Канаду, а ў канцы таго ж году доля прывяла ў Канаду й мяне. I вось мы зноў сустрэліся, ужо як родныя, бо ў далёкай заакіянскай чужыне аднавяскоўцы ці адналягернікі робяцца роднымі. I таму мы пасяліліся разам, разам пераяжджалі з памяшканьня ў памяшканьне, разам хадзілі да дзяўчат, аж пакуль кожны з нас не знайшоў сабе пару. Яго сяброўства з Вольгай Дуброўскай, колішняй жыхаркай і ўпрыгожаньнем украінскага лягеру ў Зальцбургу, было сапраўды лірычнай казкай, у стылі гэтага рамантыка і мройніка. Тады нашыя дарогі пайшлі ў розныя бакі, але ніколі не адцаляліся адна ад адной. Мы бывалі ў Грыцукоў прыватна, бывалі на іхніх грамадзкіх імпрэзах, а Грыцукі бывалі ў нас. Зь імі было лёгка й прыемна. У нечым розныя — Андрый вясёлы, экспрэсіўны, аптымістычны, Оля сьціплая, разважная і чуйная, — яны выглядалі як выключна ўдала падабраная пара, гарманічна дапаўняючы адно аднаго.
6 Відавочна, што Алеся блытаюць з братам Міколам Грыцуком, які належаў да Беларускага батальёну ў Беластоку, а потым змагаўся з бальшавікамі ў антысавецкім падпольлі. Алесь Грыцук быў асьветным афіцэрам 1-га Кадравага батальёну БКА ў Бэрліне, які не прымаў удзелу ў баявых апэрацыях.
Празь іх мы пазнаёміліся зь беларускім грамадзкім актывам Канады, і тут было таксама нямала цікавых знаходак. Можа, таму, што беларуская грамада ў Канадзе, калі параўнаць яе з украінскай, не была асабліва шматлюднаю, людзі кампэнсавалі нешматлікасьць выключнай актыўнасьцю. За адносна кароткі час яны купілі ў Таронта будынак, тады ж запачаткавалі царкву і свой культурны асяродак. Ва ўсім тым незвычайна актыўны ўдзел браў і Андрый Грыцук. Быў ён гэтак жа актыўны ў беларускай ды ўкраінскай прэсе, пісаў артыкулы й рабіў даклады на палітычныя ды літаратурна-культурныя тэмы. Адно зь яго вялікіх эсэ, што друкаваліся ў свой час у часопісе «Нові дні», мела назву «Да гісторыі ўкраінска-беларускіх узаемаадносінаў у XVII стагодзьдзі».
Моўныя (ангельскамоўныя) цяжкасьці цэлую дэкаду — 50-я гады — трымалі нас на выпадковых працах, якія часам зусім кепска аплачваліся. У выпадку Андрыя гэта былі яшчэ й цяжкія работы, як тая ж праца на лесапавале, а потым — на будоўлі дарог. Аднаго разу ён зрабіў спробу стаць прадпрымальнікам і разам зь некім купіў майстэрню па вырабе гузікаў, з чаго, як і можна было спадзявацца, неўзабаве выйшаў поўны крах. Натой майстэрні «прадпрымальнік» Андрый страціў амаль усе свае заробленыя ў лесе грошы. Адзінае, што засталося яму ад таго прадпрыемства, — вялікі, у паліраванай скрынцы патэфон і плыткі, што якімсьці чынам належалі да гузікавага прадпрыемства, а па яго развале перайшлі ў Андрыеву ўласнасьць. Пад гукі таго патэфона мы ня раз сядзелі позна вечарам і дыскутавалі пра ўсё на сьвеце, чыталі беларускую і ўкраінскую паэзію, дзяліліся ўражаньнямі ад сучаснасьці і ўспамінамі мінулага, пераважна пра далёкі, зь сёньняшняга погляду такі цудоўны Зальцбург.
Аптымізм і ветлівасьць, любоў да ўсяго прыгожага — былі прыкметнымі ўласьцівасьцямі гэтага вечнага эпікурэйца. Ад яго болей, чымся з кніжак, даведаліся мы пра непараўнаных паэтаў-рамантыкаў Максіма Багдановіча, Натальлю Арсеньневу, Масея Сяднёва, Максіма Танка... Былі ў яго ўлюбёныя паэты і ўлюбёная паэзія, якую ён часта дэклямаваў. Вельмі лёгка запамінаў ён таксама ўкраінскія вершы і ня раз цытаваў розныя паэтычныя радкі ў размове і ў сваіх літаратурных працах. Найчасьцей чулі мы ад яго лірычную баляду пра беларускага батрака, што безнадзейна закахаўся ў прыгожую дачку багацея — сэнтымэнтальную аповесьць, што пад магічным пяром Максіма Танка пералівалася эмацыйнай вясёлкай:
Ой, калышацца вецер На сухой на асіне...
Мы, невялікае ўкраінскае таварыства, дзе бываў Грыцук, раз-пораз прасілі яго чытаць усе вершы, аж пакуль ледзь ня цалкам ужо ведалі на памяць.
Яшчэ да вайны Андрый закончыў унівэрсытэт і меў ступень магістра. Аднак тая ступень, у практычным сэнсе, не давала яму ў Канадзе анічога. Патрэбна было мець канадзкі альбо амэрыканскі дыплём, і, працуючы джэкгамэрам7 на дарозе, Андрый ужо плянаваў працягваць вучобу ў Канадзе. У 1962 г. ён пасьпяхова закончыў бібліятэчную школу ў Атаве, а паралельна працаваў над дактаратам. He асабліва лёгкія абставіны жыцьця, што прымушалі яго зь сям’ёй пераяжджаць зь месца на месца, не спрыялі навуковай працы, але і не знеахвочвалі Андрыя. Ён пасьпяхова абараніў дысэртацыю пра творчасьць беларускага паэта Максіма Багдановіча і восеньню гэтага ж году [1975] меў магчымасьць жыць ужо з дыплёмам доктара літаратуры Атаўскага ўнівэрсытэту. Мара доўгіх гадоў набліжалася да жаданага завяршэньня. Падчас нашай апошняй (хто б мог падумаць?) сустрэчы ў Кінгстане я прачытаў два разьдзелы зь ягонай дысэртацыі. Яна зрабіла на мяне ўражаньне грунтоўнай і вельмі кампэтэнтнай працы.