• Газеты, часопісы і г.д.
  • Надбярэзінцы  Фларыян Чарнышэвіч

    Надбярэзінцы

    Фларыян Чарнышэвіч

    Зпампаваць
    1.18 МБ
    Зпампаваць
    3.18 МБ
    Зпампаваць
    2.67 МБ
    — Слава Богу! — ускрыкнулі яны. — Слава табе, Найсвяцейшы!
    Агледзеўшыся і ўпэўніўшыся, што паблізу нікога не відаць, яны пусцілі каня крокам і зазірнулі да свайго палоннага, які перастаў адгукацца. Вочы ў яго набрынялі крывёй, ён ляжаў непрытомны і ледзь дыхаў. Але ўдыхнуўшы пару разоў свежае паветра, ён тут жа акрэп і пачаў варушыць вуснамі, даючы знак, што хоча нешта сказаць.
    — У мяне зараз няма часу на палітыку з табой, таварышч, — сказаў Косцік. — Калі будзеш ляжаць ціха, пакінем цябе жывым. Ты ўжо ўсё адно ад нас не ўцячэш.
    Яны зноў закапалі яго ў сена, гэтым разам паклаўшы тварам уверх і ледзьве прыпарушыўшы. Полік усеўся яму на калені, Стах зноў прыкрыў спадніцай, і яны далей паехалі рыссю.
    — Як табе толькі да галавы стрэліла такая смелая, але геніяльная ідэя? — пытаў Стах.
    — Геніяльная, кажаш? Ты ж мяне быў дурнем назваў праз тыя дзвесце рублёў, якія я дарма жыду аддаў! А бачыш, і я нечага варты! Па вопратцы відаць, што таварышч гэты — вялікая птушка. Дзе ён цябе склеіў?
    Стах падрабязна апавёў, як зайшоў на вакзал, што бачыў і як гэты бальшавік прычапіўся да яго з салодкім.
    — А калі так, то ён павінен шмат усяго ведаць, — сказаў Косцік. — А мне, калі я вас заўважыў на вуліцы, нібыта нехта на вуха шапнуў: завабіць яго пад паветку і схапіць. Ты выцер рукавом нос, а я, ведаючы, што ў доме бальшавікоў няма і паблізу іх нідзе не відаць, падумаў: на вялікую небяспеку не выглядае. Дай Божа толькі зацягнуць яго на падворак.
    — А дэкана вы не знайшлі? — спытаў Полік, здзіўляючыся, што пра таго неяк зусім не згадваюць.
    — Дэкана? Чаго гэта не знайшлі? Знайшлі, вядома, на вакзале, у бронецягніку замкнуты сядзіць.
    — У бронецягніку?! Значыць, уначы па яго прыбудуць аэрапланы?
    — Не, цяпер, калі нам удалося ў свае рукі дастаць галоўнага жлобінскага камуніста, нам яго абмяняюць на дэкана.
    — А што, гэта галоўны жлобінскі камуніст?! Значыць, дэкана зачынілі на ягоны загад?
    — Ясна, што на ягоны.
    — Давайце, панове, збочым, сцягнем яму порткі ды крапівой надзяром.
    — Надзяром мы яго крапівой, хлопча, але спярша да Бабруйска давязём.
    Убачыўшы, што ўланы не спяшаюцца з помстай, Полік засунуў руку ў сена, намацаў мяккае месца ў вязня і пачаў яго шчыпаць.
    Вечарэла, надвор’е пачынала псавацца. Неба зацягнула адной шэрай бясконцай хмарай. Яны не заўважылі, як сцямнела.
    Пасыпаў дробны дожджык.
    Калі яны вярнуліся на хутар, было за сёмую вечара. Дождж ужо добра ліў. Навісла непраглядная цемра. Каб не ставіць Дрыляў пад небяспеку, яны спыніліся і высадзілі вязня ў лесе, а Поліку сказалі ехаць самому і прасіць каго са старэйшых сямейнікаў, каб ім прынеслі адзежы і чаго пад’есці. Тым часам Стах скочыў на іншы бок паляны і прынёс схаваныя зранку лапці, бо ў іх хадзіць па лесе было ямчэй.
    Перакусілі, пераапрануліся, падзякавалі Дрылям і пусціліся цёмнай ноччу, у дождж, з таварышам праз лясы.
    Вяртацца было складана. Вязень, мяркуючы, што ён у руках хуліганаў і што яго дакладна чакае смерць, пастаянна маліў падараваць яму жыццё, таргаваўся, часам наўмысна хістаўся, упіраўся, таму ім даводзілася цягнуць яго гвалтам, узяўшы пад плечы. Дождж не спыняўся ні на хвіліну. Цемра месцамі была такая густая, што даводзілася шукаць дарогу навобмацак. У гэтай цемры яны блукалі, пракладаючы сабе шлях. Прамоклыя да ніткі, дарэшты стомленыя доўгай дарогай, пад раніцу яны ўжо ледзьве перастаўлялі ногі. Аднак усё ж вытрымалі і а восьмай раніцы дацягнуліся да Крапіўні.
    Апоўдні яны ўжо стаялі са сваім вязнем перад начальнікам і давалі падрабязны рапарт з выправы. Начальнік слухаў, ківаў галавой, шчоўкаў языком ад здзіўлення, а калі яны скончылі, сказаў:
    — Гляджу, вам адвагі хапіла б і ў Крэмль схадзіць.
    — Як трэба, то можам зранку і пайсці, — адказаў Косцік.
    — Хоць бы нават і ведалі загадзя, што за такую неразважнасць давядзецца галавой налажыць, — дадаў Стах.
    
    
    XXI
    
    З усіх сілаў
    
    Мінула восень, наступіла зіма, прайшлі ўсе святы, а мяжа Польшчы заставалася па Бярэзіне. У ваколіцах Бабруйска вайсковыя пасты пераходзілі раку да вёсак Падрэчча, Даманоўшчына, Ясны Лес і Зялёнкі, але толькі з мэтай прадухіліць магчымы напад на горад. Далей жа, у адзін і другі бок, Бярэзіна была часовай дзяржаўнай мяжой, дакуль сягала польская адміністрацыя і адначасова лінія фронту. Пара спробаў бальшавікоў выцесніць палякаў з гэтай лініі разбіліся аб адважныя вялікапольскія палкі, як аб браню, аддаючы шторазу ў польскія рукі шмат чубоў і рыштунку і насцеж адчыняючы вароты да Дняпра. Але палякі туды не ішлі, заўжды адступалі на Бярэзіну.
    Тым часам ворага вельмі паспяхова мардавалі «сакаліным ударам». Групы пяхоты загружаліся на рэквізаваныя падводы і разам з эскадронамі кавалерыі прабіраліся ноччу далёка ў варожы тыл, захоплівалі цэлыя палкі, часам без аніякіх страт са свайго боку. Спрыялі ў гэтых «сакаліных ударах» бяскрайнія забярэзінскія лясы і добра арганізаваная выведка, куды ўваходзілі людзі, душой адданыя справе. Гэтая выведка часам здабывала такую дакладную інфармацыю, што ведала не толькі тое, якая колькасць варожай зброі знаходзіцца ў пэўнай вёсцы ці мястэчку і як туды незаўважна прабрацца, але нават імёны камандзіраў і ў якім доме яны кватаруюць. Здаралася, што познанцы будзілі іх пад акном:
    — Уставай, ротный камандзір Лэйба Салавейчык! Уставай, палкавы Андрэй Зарубін! Уставай, врач Борух Герцэмберг! Уставай, бамбардзір-наводчык! — і гэтак далей.
    Такія «сакаліныя ўдары» мелі, аднак, і негатыўны бок — яны мучылі мірнае насельніцтва. Адданыя Польшчы людзі радаваліся кожнай значнай атацы і мроілі, што палякі застануцца тут ужо назаўсёды і пачнецца спакойнае жыццё, але пасля атрымлівалі балючае расчараванне. Пасля як найдаўжэй двухдзённага пастою польскіх войскаў у мясцовасць зноў вярталіся бальшавікі, свежымі палкамі запаўнялі прабоіны ў сваім фронце, праводзілі следства, шукаючы сярод польскага насельніцтва і рускіх кулакоў вінаватых у дапамозе непрыяцельскім войскам. Найбольш чапалі палякаў, амаль у кожным бачачы шпіёна і прыхільніка белых, праводзілі рэвізіі, забіралі маёмасць, спасылаючыся на тое, што нібыта хаваюць яе ад ворага, цягалі па арыштах, адбіралі жыццё ў святароў. Нават таго, што нехта падчас нападаў, не здолеўшы стрымаць пачуццяў, паразмаўляў з польскім жаўнерам, было дастаткова, каб быць абвінавачаным у здрадзе пралетарыяту.
    — І на халеру гэтае тармашэнне то ў адзін, то ў другі бок, — наракалі людзі. — Няхай бы ўжо забіралі пад сваю ўладу або ціха сядзелі за Бярэзінай.
    Застрашаныя варварствам раз’ятраных чэкістаў, расчараваныя ў польскім войску, яны хіліліся на бок бальшавікоў. Колькасць польскіх камуністаў і прыхільнікаў савецкага ладу ў засценках расла, а патрыётаў — змяншалася. Казалі, нават людзі з прыгожымі, спрадвечна польскімі прозвішчамі падлашчваліся і запабягалі перад старымі камуністамі, на якіх яшчэ некалькі месяцаў таму глядзелі з пагардай, пачыналі публічна пляжыць тое, што яшчэ нядаўна лічылі святым, на што маліліся.
    Але рабілі гэта толькі слабейшыя, якія і да вайны двум багам пакланяліся. Большасць усё ж трымалася цвёрда і годна: яны пакорліва зносілі прыдзіркі і рэпрэсіі, але ад паходжання свайго не адмаўляліся і Польшчу перад яе ворагамі не пляжылі. Яны адчувалі пэўную горыч што да польскіх войскаў, але спачувалі ім і не страчвалі надзеі, што тыя ўрэшце іх вызваляць. Яны спадзяваліся на гістарычную прыналежнасць свайго краю, на памяць і чулыя сэрцы вызваленых братоў і, урэшце, на сваіх сыноў, якія перайшлі Бярэзіну.
    Амаль за паўгода тых назбіралася даволі вялікая грамада. Сыны забярэзінцаў запоўнілі амаль усю службу бяспекі ў Бабруйску, важныя памежныя правінцыйныя пасты ў зоне дзейнасці дыверсійных брыгад і бальшавіцкіх шпіёнаў, сотні забярэзінскіх сыноў служылі ў польскіх палках. Яны ўмацавалі Польшчу на вызваленых землях, баранілі яе знутры і звонку. Але нават калі скласці іх усіх разам, выходзіла няшмат у параўнанні з лічбай змагароў, якіх адправілі ў іншыя землі на барацьбу за вызваленне Польшчы, — затое служылі яны шчыра. З усіх сілаў, ад усяе душы служылі. Служылі яны так аддана, бо там, за ракой, далёка за сінім лесам, вызвалення чакалі іх бацькі і сёстры. Бо прайграная бітва Польшчы была б паразай іх лёсу і жыцця. Бо яны мусілі скласці голаў — або адрачыся ад сваёй сям’і, хаты, зямлі і сваёй «зязюлі». Адцурацца роднай зямлі — дарагой і мілай сэрцу. Адцурацца хлебародных ніў, засаджаных дрэвамі пчаліных подкураў, аточаных наўкола лесам. Лесам незвычайным — магутным, некранутым, чарадзейным, які ёсць толькі за Бярэзінай. Таму яны шчыра служылі Польшчы.
    
    * * *
    Косцік са Стахам працягвалі працаваць у выведцы. Палка забярэзінскіх уланаў стварыць не ўдалося. Колькі разоў яны ні пачыналі збіраць кандыдатаў, заўсёды знаходзіліся або канкурэнты, якія раней заляцаліся да Карусі, або зайздроснікі, якія самі марылі быць правадырамі, усчыналі бунт супраць Косціка і руйнавалі ўсе ягоныя намаганні. Іншага арганізатара — ні з народу, ні з памешчыкаў — не знайшлося. У штабе гэтай справе вялікай увагі не надавалі — відавочна, не бачылі сэнсу ў стварэнні асобнай адзінкі або таксама не верылі ў магчымасць сабраць дастатковую колькасць ахвочых.
    Засмучаныя няўдачай у гэтай справе, хлопцы ўсёй душой аддаліся службе ў выведцы.
    — Няма нашага войска, — сказалі яны, — з якім мы маглі б адпомсціць ворагу за крыўды нашых людзей, таму самі будзем грызці яго, пакуль хопіць сіл!
    І яны грызлі. Яны былі цэнтральнымі фігурамі ўсёй выведкі. Ім давяралі найважнейшыя справы, іх звесткамі кіраваліся перад галоўнымі наступленнямі. Яны працавалі ва ўсім зарэччы: ад Барысава — галоўнага шляху, якім адступаў Напалеон, — ажно да Рэчыцы, дастаўляючы інфармацыю пра ворага не толькі познанскай дывізіі ў Бабруйску. У адной мясцовасці яны з’явіліся ў выглядзе жабракоў, у другой — цыганоў, дзесьці як прадаўцы рашотаў, бёрдаў і лыка, але заўжды як муж і жонка. А пара з іх атрымалася выдатная: Косцік, старэйшы, з расліннасцю на твары, плячысты, і Стах — ніжэйшы, хударлявы, з гладкім тварам, з далікатнымі жаночымі вуснамі. Косцік адгадаваў доўгую бараду, а Стах — валасы. Яны прызвычаіліся звяртацца адзін да аднаго як муж і жонка, засвоілі адпаведныя сваім ролям рухі і манеры.