Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
III. ПЕРЫЯД УСТАЛЯВАННЯ РУСКАГА ДАМІНАВАННЯ IЗАПАЧАТКАВАННЯ БЕЛАРУСКАГАРУХУ. 1863—1904
12. ДЗЕВЯТЫ ВАЛ ДЭНАЦЫЯНАЛІЗАЦЫІ
Асноўным стрыжнем царскай палітыкі ў Беларусі пасля паўстання 1863 г. зноў стала русіфікацыя. Цяпер яна набыла яшчэ больш небяспечны характар, бо ахапіла беларускае сялянства.
12.1. Кіраванне краем
Фармаванне рускай адміністрацыі. У час паўстання мясцовая адміністрацыя, якая складалася пераважна з апалячанай шляхты, фактычна выйшла зпад падпарадкавання Пецярбурга, сабатавала яго загады, карыстаючыся сваім становішчам, вяла сярод насельніцтва агітацыю супраць расійскага панавання. А таму Міхаіл Мураўёў невыпадкова прасіў цара ўсе вышэйшыя пасады ў краі, а таксама пасады, што мелі дачыненне да народа, неадкладна запоўніць рускімі ўраднікамі, а пазней і на ўсе пасады ўвогуле прызначаць толькі рускіх. Аляксандр II пагадзіўся. Расійскія газэты пачалі заклікаць гадаванцаў універсітэтаў стаць місіянерамі рускай народнасці і друкавалі абвесткі пра вакансіі. Урад вабіў каланістаў эканамічнымі выгодамі. Падарожныя выдаткі аплачваліся дзяржавай у падвойным памеры, а службовыя аклады з улікам русіфікатарскай працы павялічваліся ў паўтара раза. Беларусь запаўнялася вялікарускімі бюракратамі. Прыліў быў такі, што ў беларускіх гарадах не хапала адукаваных жанчын, каб місіянерыўраднікі маглі завесці сям’ю. У варожым акружэнні і ад тугі яны бязбожна пілі і гулялі ў карты. Квітнела хабарніцтва. Багацеі маглі купіць сабе любую пастанову мясцовай адміністрацыі. Новымі прыгоннікамі сталі для сялянаў земскія начальнікі, якіх цар з 1889 г. паставіў для нагляду за вясковымі справамі. Гэтыя пасады маглі займаць толькі рускія. Беларусь была нашпігаваная расійскім войскам, на якое таксама ўскладалася русіфікатарская місія. Мясцовае насельніцтва пераймала рускія прымаўкі, песні, а таксама брыдка
Дзевяты вал дэнацыяналізацыі
103
слоўе. Ад дзяржаўнай службы адхілялася беларуская шляхта. Ураджэнцы Беларусі пасля заканчэння універсітэтаў звычайна імкнуліся на радзіму, але іх сюды не дапускалі. Толькі ў 8090 гадах, дый тое пераважна ў Віцебскай і Магілёўскай губернях, з’явіліся ўраднікі з ліку адукаваных беларусаў сялянскага паходжання. Руская адміністрацыя запанавала ў губернскіх і павятовых цэнтрах. I толькі сялянскае самакіраванне заставалася па нацыянальным складзе беларускім.
Паліцэйскія метады кіравання. I пасля паўстання 1863 г. Беларусь не пазбавілася ад рэжыму ваеннага становішча, якое было адмененае цалкам толькі ў 1870 годзе. Але не надоўга. Паслядоўнікі Каліноўскага не прыпынялі барацьбы з царызмам. Адзін з іх Ігнат Грынявіцкі, ураджэнец Мінскай губерні, студэнт Пецярбургскага політэхнічнага інстытута, 1 сакавіка 1881 г. зрабіў замах на Аляксандра II. Бомба, якая забіла цара, смяротна параніла і 25гадовага патрыёта. Новы самадзержац Аляксандр III (1881—1895) абвясціў “Палажэнне аб узмоцненай ахове”, якое пры неабходнасці ўводзілася ў той ці іншай губерні імперыі. Паводле гэтага “Палажэння”, губернатары і генералгубернатары мелі амаль неабмежаваную ўладу: выдавалі часовыя законы і каралі любога без суду і следства. Беларусь не раз перажывала ўсе жахі губернатарскага дыктатарства. Паліцэйскія метады кіравання парушалі натуральнае развіццё эканомікі і культуры Беларускага краю.
Асаблівасці царскіх рэформаў у Беларусі. Паўстанне 1863 г., а потым ваеннае становішча перашкаджалі правядзенню ў Беларусі рэформаў, задуманых Аляксандрам II. Яны ўводзіліся ці са спазненнем, ці з урэзкамі. Так, судовая рэформа 1864 г., якая сцвярджала бясстанавасць і адносную незалежнасць новых судоў, была распачатая ў Беларусі праз 19 год. Земскую рэформу 1864 г., якая ўводзіла выбарныя органы мясцовага самакіравання для арганізацыі пачатковай адукацыі, медыцыны, каморніцтва, статыстьгчнага ўліку, у Беларусі ўвогуле не збіраліся ўводзіць. Царскі ўрад баяўся, што, будучы даступным шляхце, земскае самакіраванне павялічыць апазіцыйнасць землеўладальнікаў каталіцкай веры. Урэшце ў 1903 г. у трох губернях Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай было ўведзенае ўрэзанае земства, якое не выбіралася, а прызначалася ўладамі. I толькі ў 1911 г. гэтыя губерні атрымалі выбарнае земства. Прычым закон даваў перавагу рускім і адхіляў ад выбараў яўрэяў. Што тычыцца Віленскай і Гарадзенскай губерняў, то яны царскага земства так і не дачакаліся
104
Перыяд 1863—1904
ўвогуле. Толькі ў Смаленшчыне беларусы не ведалі юрыдычнай дыскрымінацыі, бо Смаленская губерня лічылася чамусьці рускай. Але ў Расійскай імперыі грамадзянскімі правамі не забяспечваліся нават рускія дваране. Яны не маглі галасаваць і не мелі ў кіраванні дзяржавай хоць бы дарадчага голасу. Нават Прусія і Аўстрыя апярэджвалі Расію. У другой палове XIX ст. там выбарчае права пашыралася на сялянаў і рабочых.
12.2, Асвета
Рускамоўны манапалізм. Руская мова ў Беларусі пасля паўстання 1863 г. набыла дзяржаўны статус. Яна стала абавязковай паўсюдна. Міхаіл Мураўёў загадаў перапісваць па ўсім краі польскія шыльды, забараніў размаўляць папольску на сходах і ў грамадскіх месцах, увёў рускую мову нават у справаводства прыватных крамаў. Яшчэ ў 1859 г. выдаецца царскі загад аб забароне друку “польскім” (лацінскім) алфавітам паза межамі Каралеўства Польскага. У выніку пад забарону трапілі ўкраінская і беларуская мовы, не прыстасаваныя тады яшчэ да алфавіта рускага. Першай ахвярай такой цэнзуры ў Беларусі стаў, як вядома, пераклад паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”, зроблены Вінцэнтам ДунінымМарцінкевічам. Пасля паўстання 1863 г. забарона ажыццяўлялася яшчэ больш паслядоўна. Дый інтэлігенцыя краю спачатку грэбавала рускім шрыфтам. А калі пачало выспяваць жаданне і згода друкавацца пабеларуску рускімі літарамі, дык мясцовыя цэнзары звычайна лічылі за лепшае для надзейнасці забараняць усякі беларускі друк, на якім бы алфавіце ён ні быў. А таму закон 1859 г. і яго пашыранае тлумачэнне нанеслі цяжкі ўдар па фармаванню беларускай нацыі.
Адукацыя толькі для добранадзейных. Русіфікацыя школьнай справы ў Беларусі пачалася з рэпрэсіўных захадаў супраць патрыятычнай вучнёўскай моладзі. Навучальныя ўстановы найперш ачышчаліся ад удзельнікаў паўстання. Віну студэнтаў ГорыГорацкага земляробчага інстытута ўрад палічыў настолькі вялікай, што ў сакавіку 1864 г. зачыніў гэтую адзіную ў Беларусі вышэйшую навучальную ўстанову. У1866 г. ва універсітэтах і навучальных інстытутах Расіі ўводзілася працэнтная норма для студэнтаўкаталікоў. Гэтае абмежаванне распаўсюджвалася і на беларусаў каталіцкай веры. На шляху да вышэйшай адукацыі ставіліся перашкоды, бо памнажаць шляхецкую інтэлігенцыю (будучых сепаратыстаў) царскі ўрад не хацеў. Палі
Дзевяты вал дэнацыяналізацыі
105
тычна небяспечнай лічылася і інтэлігенцыя сялянскага паходжання. Яна звычайна станавілася на шлях барацьбы з урадам, бо магла параўнаць гаротнае жыццё вёскі, якое добра ведала, з раскошай багацеяў, доступ у асяроддзе якіх давала адукацыя. Таму царскі Пецярбург з вялікаю неахвотай ішоў на адкрыццё ў краі новых гімназіяў і так і не дазволіў узнавіць тут дзейнасць хоць бы адной вышэйшай навучальнай установы. Працэс фармавання высокаадукаванай беларускай інтэлігенцыі ўскладняўся.
Клерыкалізацыя школы. Адцаным памочнікам Міхаіла Мураўёва ў справе русіфікацыі стаў Іван Карнілаў, які ў 1864—1867 гг. займаў пасаду папячыцеля Віленскай вучэбнай акругі. У аснову рускага выхавання і навучання ў Беларусі легла праваслаўная рэлігія. Вучням убівалася ў галаву, што ўсе каталікі палякі. Выходзіла, што беларусаў сярод каталіцкіх вернікаў не існавала ўвогуле. Галоўнай асобай у любой школе рабіўся праваслаўны святар. Ен выкладаў законы веры і свяшчэнную гісторыю, а галоўнае сачыў за адданасцю настаўнікаў цару і рускай праваслаўнай ідэі.
Насаджэнне рускіх настаўнікаў. Царскія ўлады звольнілі са школаў усіх беларускіх настаўнікаў каталіцкай веры, бо лічылі іх за палякаў. Неадпаведнымі для русіфікацыі лічыліся нават святары, якія раней спавядалі уніяцтва. У школах не было каму працаваць. Тады святароў і настаўнікаў пачалі выклікаць з цэнтральнай Расіі на такіх самых ільготных умовах, што і ўраднікаў. Але ўжо пры віленскім генералгубернатары Аляксандры Патапаве (1868—1874) ад мураўёўскіх дзікунскіх метадаў русіфікацыі давялося адмовіцца, каб не даваць падставаў мясцовай шляхце далучацца да апазіцыі.
Школьная рэформа 1864 г. Рэформа давала права адкрываць народныя, а з 1872 г. і гарадскія вучэльні, якія падпарадкоўваліся Міністэрству народнай адукацыі. Усе астатнія пачатковыя школы розных ведамстваў і прыватных асобаў закрываліся. Мужчынскія гімназіі падзяляліся на два тыпы класічныя і рэальныя. Першыя спецыялізаваліся на гуманітарных навуках, другія на прыродазнаўчых. Пазней рэальныя гімназіі былі ператвораныя ў рэальныя вучэльні.
Пачатковая адукацыя. Міхаіл Мураўёў выступаў за як мага большае пашырэнне рускай народнай школы сярод беларускіх сялянаў дзеля іх русіфікацыі і выхавання ў духу хрысціянскай цярплівасці і пакорлівасці ўладам, а таксама любові да цара. Праўда, народныя вучэльні адчыняліся не коштам дзяржавы, а на сродкі сялянаў і збораў з землеўладальнікаў за ўдзел у паўстанні. Калі ж сяляне зза бед
106
Перыяд 1863—1904
Навучанне дзяцей у вясковай школе Мсціслаўскага павета. Канец XIX cm. НМГКБ.
насці пачалі адмаўляцца ад утрымання школаў, іх колькасны рост прыпыніўся. Праграма русіфікацыі беларускага сялянства зрывалася. Галоўная афіцыйная асоба, што кантралявала праваслаўную царкву Расіі, оберпракурор Сінода Канстанцін Пабеданосцаў не мог з гэтым мірыцца. 3 1884 г. ён пачаў адкрываць у Беларусі царкоўнапрыходскія школы (ЦПШ), якія ўтрымліваліся на сродкі духоўнага праваслаўнага ведамства. Іх адчынялі ў беларускіх вёсках тысячамі. Хутка яны колькасна намат пераўзышлі народныя вучэльні Міністэрства народнай адукацыі. Столькі ЦПШ не было нідзе, і нідзе пачатковая адукацыя не мела такой рэлігій
нарусіфікатарскай скіраванасці, як у Беларусі ды Украіне. Але афіцыйная ідэалогія не надта затрымлівалася ў галовах беларускіх селянскіх хлопцаў, а ў будзённым працоўным жыцці забывалася і рускае пісьмо. Сціпла, але без прыніжэння селянін пры выпадку звычайна казаў, што ён “тутэйшы”.