Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Алаіза Пашкевіч (Цётка). 3 архіва А.А. Наліваева.
Першы нумар газэты меў 10тысячны наклад. Яго хутка разабралі. Часткова газэта рассылалася сялянам па пошце. Асобныя нумары партыйнага органа БСГ, на думку віленскага цэнзара, “нагадвалі падпольныя пракламацыі”. На сёмым нумары “Наша доля” была забароненая. Але ў лістападзе па даручэнні віленскіх кіраўнікоў БСГ Аляксандр Уласаў адразу пачаў выдаваць новую штотыднёвую
144
Перыяд 1905—1914
легальную газэту “Наша ніва”. Яе першая перадавіца пачыналася з абяцання служыць усяму пакрыўджанаму беларускаму народу, змагацца за яго нацыянальную і сацыяльную роўнасць праз Дзяржаўную думу. Беларускія сацыялісты адыходзілі ад пастулатаў класавай барацьбы, рэвалюцыі і рабілі крок да нацыянальнай скіраванасці і парламенцкіх метадаў вырашэння праблемаў.
Пачатак эвалюцыі да агульнанацыянальнай платформы. У хадзе рэвалюцыі стала відавочным, што агульнанацыянальныя інтарэсы беларускай, пераважна сялянскай, нацыі (вынішчэнне паўпрыгонных перажыткаў у землеўладанні і дзяржаўным ладзе) былі мацнейшыя за супярзчнасці паміж багатымі і беднымі. Палітычная неэфектыўнасць пралетарскага інтэрнацыяналізму і кансалідацыя болей шматлікіх суседзяў рускіх і палякаў па нацыянальных крытэрыях прымушала і БСГ браць на сябе функцыю агульнанацыянальнай партыі. Аднак грамадаўцы не імкнуліся стаць на пазіцыі нацыянальнага эгаізму. Іх партыя і прафсаюзы заставаліся адкрытымі для ўсіх жадаючых. Лідэры БСГ адмаўляліся ад сацыялізму расійскага дэспатычнага ўзору, ад класавай барацьбы і рабілі выбар на карысць нацыянальнавызваленчага руху і еўрапейскага парламентарызму. I ўсё ж БСГ заставалася пераважна сялянскай партыяй.
Выбары ў II Думу. У выбарах II Думы (1907) левыя сілы не правялі ніводнага дэпутата ад Беларусі. Ідэі сацыялізму не надта вабілі мясцовых сялянаў. Іх пісьмовыя звароты (наказы) у Думу чарговага склікання паказалі, што беларуская вёска не прымала ліквідацыі прыватнай уласнасці на зямлю і не заўсёды падтрымлівала заклікі да знішчэння памешчыцкага землеўладання. Сяляне дамагаліся не адмены, а карэннага пераразмеркавання прыватнага землеўладання. Беларускія сяляне галасавалі за прарускіх (у значнай ступені пад прымусам) і прапольскіх кандыдатаў. Гэты факт адкрыў перад грамадаўцамі пагрозлівую перспектыву расколу нацыі. Стала відавочнай неабходнасць гуртавання нацыянальнай інтэлігенцыі і выхавання ў сялянскім асяроддзі нацыянальнай самасвядомасці.
Крызіс рускага парламентарызму. Перад Другой думай, што адкрылася ў лютым 1907 г., паўсталі тыя ж праблемы, што і перад Першай знайсці выхад з аграрнага і нацыянальнага крызісу. Агульнага паразумення дэпутатаў і паміж сабой, і з урадам не адбылося. Патрабаванні польскабеларускіх аўтанамістаў аднавіць Каралеўства Польскае з уласным заканадаўчым сеймам і даць беларускім,
Беларусь у рэвалюцыі 1905—1907 гг.
145
літоўскім і ўкраінскім губерням шырокае самакіраванне выклікалі адмоўную рэакцыю нават у сялянскіх дэпутатаў Міншчыны. He падтрымлівала польскі аўтанамізм і “Наша ніва”, асцерагаючыся ўзмацнення ўплыву каталіцкіх памешчыкаў. У цэлым Дума зайшла ў палітычны тупік і 3 чэрвеня, як і яе папярэдніца, была разагнаная ўрадам. Чарговыя выбары планавалася правесці па новым, яшчэ больш рэакцыйным выбарчым законе, які ўводзіўся без згоды дэпутатаў. Урад перастаў лічыцца з апазіцыяй, бо за яе плячыма ўжо не стаяў рэвалюцыйны рух народа. Спадзяванні на веснавы ўздым сялянства не спраўдзіліся. Рэвалюцыя пацярпела паражэнне.
Урокі рэвалюцыі для нацыянальнавызваленчага руху. Сацыялістычны варыянт барацьбы бедных супраць багатых не прывёў да звяржэння царызму ў Расіі і нацыянальнага вызвалення яе народаў. Варыянт нацыянальнага саюза бедных з багатымі супраць цара, відавочна ж, быў эфектыўнейшы, але недаацэньваўся. Аграрнае пытанне засланіла нацыянальнае. Збяднелае беларускае сялянства ахвяравала нацыянальнай незалежнасцю дзеля набыцця хоць нейкага кавалка зямлі з рук рускага цара. Аднак элементы вайны ўскраінаў супраць цэнтра ў першай расійскай рэвалюцыі ўсё ж прысутнічалі. Чэрава рускай дзяржавы было няздатнае ператравіць шматлікія этнасы і спарадзіць новую інтэграваную расійскую нацыю. 1905 год даў першы сімптом нястраўнасці. Ен запачаткаваў ідэалы незалежнасці. I ўсё ж ні беларускі народ, ні беларуская інтэлігенцыя тады яшчэ не ўсведамлялі, што яны павінны быць разам дзеля агульнай нацыянальнай справы, вышэйшай за народныя жаданні і інтэлігенцкія тэорыі.
146
Перыяд 1905—1914
17. У АПОШНІМ БЛЯСКУ ЦАРСКАЙ ІМПЕРЫІ
Хоць праграме выхаду з рэвалюцыйнага крызісу, прапанаванай урадам Пятра Сталыпіна, супрацьстаяў цэлы шэраг праграмаў апазіцыйных партыяў, яна атрымала маўклівую згоду большасці насельніцтва, а сам прэм’ер нечуваныя паўнамоцтвы ад цара. I гэтага было дастаткова, каб кабінет Пятра Сталыпіна за кароткі тэрмін (1906— 1911) вывеў імперыю на ўзровень стабільнага і большменш цывілізаванага жыцця, якога яна ніколі раней не ведала.
17.1. Палітычны адказ на небяспеку развалу імперыі
Вынішчэнне палітычнай апазіцыі. Паслярэвалюцыйная стабілізацыя пачыналася ў Расіі з жорсткай барацьбы супраць партыяў, якія арыентаваліся на нелегальныя метады барацьбы за ўладу. У Беларусі ў выніку рэпрэсіяў дзейнасць бальшавікоў, меншавікоў і эсэраў з 1908 г. фактычна зусім прыпынілася і была ўзноўленая толькі ў 1917 г. Нават шэрагі бундаўцаў істотна парадзелі. Адны былі арыштаваныя, другія далучыліся да шырокай яўрэйскай хвалі эміграцыі ў Амерыку. Шмат каго расчараваў факт, што найстарэйшы чалец ЦК Бунда Каплінскі, як высветлілася, быў правакатар. Бундаўцы пакідалі рэвалюцыйную справу і браліся за развіццё яўрэйскай культуры, пашырэнне мовы, дамагаліся культурнанацыянальнай аўтаноміі. Яшчэ падчас рэвалюцыі такі ж паварот зрабіла і іншая нацыянальная партыя краю Беларуская сацыялістычная грамада. Грамадаўцы абвясцілі пра роспуск партыі і згуртаваліся вакол газэты “Наша ніва”. Расчараванне рэвалюцыяй і марксізмам выяўлялася і сярод той часткі расійскай інтэлігенцыі, што аб’ядналася вакол зборніка “Вехі”. Яго аўтары папракалі рэвалюцыянераў за тое, што іх шлях вёў у нікуды, і заклікалі звярнуліся да нацыянальных традыцыяў.
Рэакцыйны курс у нацыянальнай палітыцы. Захаванне пасля 1905 г. царскай улады азначала і захаванне Расійскай імперыі. Царызм і рускі імперыялізм не маглі існаваць адзін без аднаго. Пётр Сталыпін, які пачынаў сваю службовую кар’еру ў Беларусі, узяў цвёрды курс на ўмацаванне вялікай Расіі. Праводзілася палітыка строгага падпарадкавання ўскраінаў цэнтру. Увосень 1913 г. усю імперыю ўскалыхнуў судовы працэс над кіеўскім яўрэем М. Бэйлісам. Беларускія яўрэі ў дзень суду пачалі агульны пост і забастоўку пратэсту. Урэш
У апошнім бляску імперыі
147
це М. Бэйліс, абвінавачаны паклёпнікамі ў забойстве хрысціянскага хлопчыка нібыта ў рытуальных мэтах, быў апраўданы.
Царская “верацярплівасць”. Прыняты 17 красавіка 1905 г. закон аб верацярплівасці выклікаў у Беларусі масавы пераход у каталіцкую веру былых уніятаў, якіх раней гвалтам загналі ў праваслаўе. Мясцовыя ўлады забаранілі каталіцкаму архібіскупу Шэмбеку перамяшчэнне па Беларусі. Для барацьбы з пашырэннем каталіцызму ствараліся праваслаўныя брацтвы. Царква прываблівала вернікаў тым, што арганізоўвала харавыя спёвы, хрэсныя хады. Адкрываліся таварыствы цвярозасці, ладзіліся народныя чытанні, дзе безупынна гучалі пропаведзі вернасці праваслаўю і рускаму цару. Тым не менш, толькі ў Віленскай губерні з 1905 да 1909 г. у каталіцызм перайшло каля 18 тыс. чалавек. Рым выказваўся за ўзнаўленне ў Расіі уніяцтва, але праваслаўная царква не дапусціла гэтага, бо баялася, што не вытрымае канкурэнцыі на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. А гэта азначала, што беларусы (як і ўкраінцы) паранейшаму не карысталіся поўным правам на свабоднае веравызнанне. Новы закон толькі паглыбляў рэлігійны раскол беларусаў. Іх паланізацыя праз акаталічванне ўзмацнялася, а русіфікацыя, якая праводзілася праваслаўнай царквой, не слабела. Працэс русіфікацыі праваслаўных беларусаў узмацняўся яшчэ й тым, што яны цалкам ўраўноўваліся ў правах з рускімі. Быць рускім рабілася выгодна.
Дыскрымінацыя беларускай мовы. Самабытнасць беларускага народа, як і ўкраінскага, упарта не прызнавалася. Права на выкладанне сваёй мовы ў якасці асобнага прадмета ў школах заходніх губерняў у 1905 г. атрымалі. толькі палякі і літоўцы (закон ад 1 мая). Праўда, на роднай мове дазвалялася выкладаць закон Божы, але ў гарадах ніводзін беларус гэтага не патрабаваў, а ў вёсках гаворка малапісьменных і блізкіх да сялянскага жыцця святароў была дзеткам і так зразумелая. Царызм і пасля рэвалюцыі не пайшоў на адкрыодё дзяржаўных беларускіх школаў, не даваў ходу беларускай мове. Ва ўсіх дзяржаўных установах (у тым ліку навучальных) размаўлялі паруску. А таму арганізацыя прыватных беларускіх школаў, за якія так змагаўся нацыянальны дзеяч Сяргей Палуян, не мела для бацькоў практычнага значэння.
Узмацненне русіфікацыі праз адукацыю. У расійскай сістэме адукацыі назіраліся станоўчыя змены. Пачатковыя царкоўнапрыходскія школы замяняліся народнымі вучэльнямі свецкага характару. Пашыралася прафесійнае навучанне. Вялікую папулярнасць набывалі
148
Перыяд 1905—1914
такія сярэднія навучальныя ўстановы, як камерцыйныя вучэльні. Побач з настаўніцкімі семінарыямі пачалі адчыняцца настаўніцкія інстытуты у Віцебску (1910), Магілёве (1913) і Мінску (1914), якія фактычна давалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. 3 1911 г. пачало дзейнічаць Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, дзе Аляксей Сапуноў чытаў курс гісторыі ПаўночнаЗаходняга краю. Яго гадаванцы атрымлівалі няпоўную вышэйшую адукацыю. Віцебскае адцзяленне супрацоўнічала з такім самым аддзяленнем у Смаленску. Расійская школа заставалася найважнейшым сродкам русіфікацыі. Што да беларускага сялянства, дык яно заставалася адгароджванае ад сярэдняй і вышэйшай адукацыі не толькі ў сувязі з недастатковасцю пачатковых школаў і немагчымасцю заплаціць за навучанне, але і зза тых дадатковых намаганняў, якія даводзілася рабіць, каб авалодаць ненатуральнай і чужой для сябе рускай мовай. Руская сярэдняя школа ў Беларусі не мела надзейнага грунту і не магла задаволіць патрэбаў нацыянальнага развіцця беларусаў.