Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Абвяшчэнне БНР і яе канстытуцыйных прынцыпаў. 9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады Усебеларускага з’езда ў адказ на Брэсцкі мір, які дзяліў Беларусь паміж Расіяй і Германіяй, выдае Другую ўстаўную грамату да народаў Беларусі, якая з’яўляецца канстытуцыйнай. У ёй нарэшце гаворыцца пра ўтварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі ў межах рассялення і колькаснай перавагі беларусаў (гл. карту IV). Заканадаўчую ўладу атрымлівае Рада (старшыня Іван Серада), а выканаўчую Народны Сакратарыят (Алесь Бурбіс, Іван Серада, Язэп Варонка, Васіль Захарка, Аркадзь Смоліч, Пётр Крачэўскі, Канстанцін Езавітаў, Антон Аўсянік, Леанард Заяц). Канчатковае рашэнне пытання аб уладзе ў Беларусі перакладалася на ўстаноўчы сейм, абраны шляхам свабодных выбараў. У Грамаце сцвярджаюцца сацыялістычныя прынцыпы, шануюцца правы нацыянальных групаў, касуецца прыватная ўласнасць нав зямлю, якая перадаецца тым, хто на ёй працуе, уводзіцца васьмігадзінны працоўны дзень. Па сваім дэмакратызме канстытуцыйная беларуская Грамата стаіць вышэй за канстытуцыю савецкай Расіі 1918 г. У БНР ніхто не пазбаўляецца права выбіраць і быць абраным. У ёй забараняецца вайна супраць рэлігіі і ўсялякая цэнзура. БНР паўставала як сацыялістычная дзяржава. Немцы да фармавання дзяржаўных структураў Беларусі ніякага дачынення не мелі. Чальцы Рады і ўрада БНР былі абраннікамі беларускага народа (Усебеларускі сход, снежань 1917 г.).
198
Перыяд 1914—1920
Першы ўрад БНР. Сядзяць (злева направа) Васіль Захарка, Язэп Варонка, Іван Серада, Алесь Бурбіс; стаяць (злева направа) Леанард Заяц, Антон Аўсянік, Канстанцін Езавітаў, Пётр Крачэўскі, Аркадзь Смоліч. 3 архіва А.А. Наліваева.
Аб’яднанне палітычных сілаў Мінска і Вільні. Апроч Мінска, значны палітычны асяродак беларусаў склаўся ў Вільні. Прыхільнікам беларускай справы ўдалося сабрацца там 2527 студзеня 1918 г. на канферэнцыю і стварыць Віленскую Беларускую раду. 18 лютага гэтая Рада аб’явіла пра разрыў сваіх сувязяў з Расіяй, а пасля таго, як літоўцы 19 лютага аб’явілі незалежнасць, адмовілася і ад планаў стварэння канфедэратыўнай літоўскабеларускай дзяржавы. У Мінску ж Рада Усебеларускага з’езда абвясціла сябе ў сакавіку Радай БНР і запрасіла ў свой склад дзевяць прадстаўнікоў Віленскай беларускай рады. Сярод кааптаваных былі Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі. У Раду БНР увайшлі таксама прадстаўнікі земстваў, гарадскіх самаўпраўленняў, нацыянальных меншасцяў у Беларусі (палякі, яўрэі, рускія, украінцы, літоўцы).
Абвяшчэнне незалежнасці БНР. 23 сакавіка віленскіх чальцоў Рады БНР запрасілі на пасяджэнне Народнага Сакратарыята. Абмяркоўвалася балючае пытанне: дзе ўзяць грошы. 3 прычыны таго, што бальшавікі, а потым немцы абрабавалі мінскую касу, было вырашана папрасіць пазыку ва ўрада Украінскай Народнай Рэспублікі. I гэтае
БНР і нямецкая акупацыя
199
рашэнне стала для Антона Луцкевіча падставай для выступлення з прапановай: перш, чым пасылаць дэлегацыю ў Кіеў, абвясціць незалежнасць Беларусі. Ён аргументаваў гэта наступным чынам. БНР фармальна з’яўляецца тэрыторыяй Расіі, бо федэратыўная сувязь з ёй, абвешчаная на Усебеларускім з’ездзе, ні Першай, ні Другой устаўнымі граматамі не касавалася. А таму ўкраінскі ўрад, які прызнаваўся і Расіяй, і Нямеччынай, не мог пазычыць грошы расійскай тэрыторыі без дазволу Масквы. А прымаць ад украінцаў ахвяраванне супярэчыла б годнасці беларусаў. Падругое, абвяшчэнне незалежнасці стала б пратэстам супраць Брэсцкага міру, супраць падзелу Беларусі. На чарговым пасяджэнні Рады, якое пачалося a 8 гадзіне вечара 24 сакавіка, фракцыя БСГ унесла прапанову аб абвяшчэнні незалежнасці БНР. Спавешчанне пра неабходнасць дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі зрабіў кіраўнік фракцыі, фактычна старшыня БСГ, народны сакратар земляробства Аркадзь Смоліч. Абмеркаванне спавешчання доўжылася дзесяць гадзінаў. I толькі каля шостай раніцы наступнага дня рэзалюцыя аб незалежнасці была прынятая. Прыхільнікі саюзу з Расіяй прадстаўнікі земстваў, гарадоў і Бунда апынуліся ў меншасці. Сябры Аб’яднанай яўрэйскай сацыялістычнай партыі і эсэры ад галасавання ўстрымаліся. Разам з упартай апазіцыяй яны складалі амаль палову Рады. У той самы дзень, 25 сакавіка, пасля перапынку з 7 да 12 гадзінаў пачалося паартыкульнае абмеркаванне Трэцяй устаўной граматы да народаў Беларусі. I нарэшце каля трэцяй гадзіныдняянабылазацверджаная. 325сакавіка 1918г. Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай, а Брэсцкі мірны дагавор касаваўся. Спрадвечная мара беларускіх барацьбітоў пра сваю незалежную краіну, насуперак волі вялікіх дзяржаваў, пачынала здзяйсняцца. I з акцыяй 25 сакавіка ўжо не маглі не лічыцца нават ворагі беларускай дзяржаўнасці.
21.2. Вымушанае двоеўладдзе
Рэарганізацыя Рады БНР. Пасля абвяшчэння акта аб незалежнасці Беларусі прадстаўнікі земстваў і гарадоў (сябры пераважна рускіх і яўрэйскіх партыяў) выйшлі з Рады БНР, бо не маглі адмовіцца ад свайго ідэалу адзінай і непадзельнай Расіі. Немцы разагналі Раду БНР і Народны Сакратарыятудзень абвяшчэння незалежнасці, а на пачатку красавіка забаранілі дзейнасць Народнага сакратарыя
200
Перыяд 1914—1920
ту. У пошуках кампрамісу Рада БНР 12 красавіка кааптавала ў свой склад дзеячаў Беларускага народнага прадстаўніцтва ў Мінску, якое складалася з правацэнтрьтсцкіх партыяў і арганізацыяў (БПНЗ, ХДЗ, Беларускі саюз памешчыкаў, Беларускі праваслаўны саюз і інш.), і пасля гэтага пачала ўлічваць інтарэсы гарадскіх домаўладальнікаў, ураднікаў, духавенства і землеўласнікаў. Лідэрамі гэтага аб’яднання былі Раман Скірмунт, Аляксандр Уласаў, Павел Аля'ксюк, генерал Кіпрыян Кандратовіч, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, протаіерэй Стафан Кульчыцкі. Сацыялістычная афарбоўка Рады адразу паблякла. I гэта супакоіла немцаў. Новыя радаўцы супраціўляліся нацыяналізацыі земляў і настойвалі на далейшым збліжэнні з акупантамі. Цікава, што перамены ў Мінску падштурхнулі Беларускі народны саюз правай арыентацыі захапіць і часова ўтрымліваць уладу ў прыфрантавым Віцебску, занятым бальшавікамі.
Перамовы з Літвой. Кіраўніцтва Віленскай беларускай рады, якое падпарадкоўвалася ўраду БНР, не выключала магчымасці дзяржаўнага саюзу з Літвой, якому маглі б паспрыяць немцы. На перамовах у Вільні з прадстаўнікамі Тарыбы (23 красавіка 1918) Антон Луцкевіч, Дамінік Сямашка, кс. Адам Станкевіч заявілі, што палітычны ідэал беларусаў гэта адраджэнне Вялікага Княства Літоўскага як федэрацыі Літвы і Беларусі. Для існуючай БНР рыхтавалася падстрахоўка. ЛітоўскаБеларуская дзяржаўная супольнасць лічылася ў тых складаных умовах болей жыццяздольнай. Спрацоўвала і гістарычная настальгія, і прагматычны разлік на тое, што спадкаемная Вялікаму Княству Літоўскаму дзяржава будзе мець большую міжнародную падтрымку і выхад да мора. Але літоўскае кіраўніцтва мела іншыя намеры: падпарадкаваць Віленшчыну і Гарадзеншчыну, атэрыторыям з беларускім насельніцтвам надаць аўтаномію. Каб выжыць паміж Польшчай і Расіяй, маладая літоўская дзяржава імкнулася тэрытарыяльна пашырыцца за кошт земляў гістарычнага Вялікага Княства Літоўскага. Сярод літоўскіх палітыкаў таксама былі прыхільнікі канфедэрацыі Літвы і Беларусі, але перавагу мелі незалежнікі. Яны запрашалі прадстаўнікоў беларускага народа ў Тарыбу. Беларуская дэлегацыя не прыняла такой прапановы, але незалежнасць Літвы прызнала.
Тэлеграма Вільгельму II і раскол БСГ. 25 красавіка 1918 г. па ініцыятыве Рамана Скірмунта і яго групы Рада БНР адправіла імператару Нямеччыны Вільгельму II тэлеграму з падзякай за “вызваленне Беларусі ад чужацкага ўціску” і з просьбай дапамагчы ва ўмаца
БНР і нямецкая акупацыя
201
ванні дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці краю ў саюзе з нямецкім рэйхам. Якраз напярэдадні, 23 красавіка, Вільгельм II прызнаў незалежнасць Літвы і перадаў ёй Віленшчыну. Аднак беларусам ні гэтае, ні іншыя намаганні дзеля юрыдычнага прызнання Германіяй БНР выніку не далі. Берлін паранейшаму прытрымліваўся літары Брэсцкага трактата аб міры. Тэлеграма Вільгельму II выклікала раскол БСГ, найбольш уплывовай партыі ў Радзе БНР. Многія грамадаўцы ўспрынялі гэты крок як здраду беларускай дэмакратыі. Тым не менш, з пункту погляду ўмацавання беларускай дзяржаўнасці спроба абаперціся на немцаў мела сэнс.
Партыйнае размежаванне. На месцы БСГ узніклі новыя партыі: Беларуская партыя сацыялістаўрэвалюцыянераў (БПСР, эсэры), Беларуская сацыялдэмакратычная партыя (БСДП, эсдэкі), Беларуская партыя сацыялістаўфедэралістаў (БПСФ, эсэфы). Усе яны характарызаваліся левацэнтрызмам. Найбольш уплывовая была партыя эсэраў (лідэры Тамаш Грыб, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Мамонька), якая працавала сярод сялянства і арыентавалася на федэратыўны саюз з Расіяй. Вядомыя эсдэкі Браніслаў Тарашкевіч, Сымон РакМіхайлоўскі, Аркадзь Смоліч, Алесь Гарун, Язэп Лёсік, браты Луцкевічы шмат рабілі для пашырэння беларускага руху, але заставаліся нібы штабам без арміі (вядома, пралетарскай), бо рабочых беларусаў у гарадах тады было мала. Таму яны і арыентаваліся на падтрымку заходнееўрапейскіх краінаў. Да эсэфаў належалі Язэп Варонка, Алесь Цвікевіч, Пётр Крачэўскі, Васіль Захарка. Ад эсэраў іх адрознівала варожасць да бальшавізму. Правей эсэфаў стаялі група СкірмунтаАлексюка і Беларуская хрысціянская злучнасць. Сярод беларускіх клерыкалаў вылучаліся ксяндзы Вінцэнт Гадлеўскі (заснавальнік партыі), Аляксандр Астрамовіч (вядомы як паэт Андрэй Зязюля), Фабіян Абрантовіч, Адам Станкевіч, Кастусь Стаповіч (ён жа паэт Казімір Сваяк). Названыя партыі мелі сваіх прадстаўнікоў у Радзе БНР, што сведчыла пра яе дэмакратычнасць, але і пра наяўнасць фракцыйнай барацьбы і магчымасць расколаў.
Змена ўрадаў. Тэлеграма германскаму імператару выклікала крызіс і ў беларускім урадзе. На пачатку мая Народны Сакратарыят пакінулі Аркадзь Смоліч, Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Леанард Заяц. Прэм’ер Язэп Варонка таксама падаў у адстаўку. Сацыялісты пакінулі і Раду БНР. У выніку правацэнтрысты атрымалі ў беларускім парламенце большасць і сфармавалі свой урад на чале з Раманам Скірмунтам. У яго кабінет уваходзілі Кіпрыян Кандратовіч, Павел
202
Перыяд 1914—1920
Аляксюк, Радаслаў Астроўскі. Новы ўрадавы крызіс распачаўся ў чэрвені. Правым і левым удалося дамовіцца аб стварэнні кааліцыйнага ўрада, які ўзначаліў Іван Серада. Старшынём Рады БНР стаў Язэп Лёсік. Але супярэчнасці захоўваліся. Прадстаўленая ва ўрадзе БНР новая інтэлігенцыя з сялянаў, якая прытрымлівалася пераважна народніцкай ідэалогіі, ніяк не магла паразумецца з прадстаўнікамі мясцовай шляхты.