Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Прарыў войска польскага да Дняпра. Таму наступленне палякаў у Беларусі ажыццяўлялася паспяхова. 19 красавіка 1919 г. польскія вайсковыя злучэнні, у складзе якіх былі дзве беларускапольскія дывізіі, захапілі Вільню. Урад Літбел пераехаў у Мінск. Амаль адначасова (28 красавіка) палякі ўвайшлі ў Гародню і ліквідавалі там уладу ўрада БНР. Збіраючыся ў паход на Міншчыну, Віцебшчыну і Магілёўшчыну, Юзаф Пілсудскі шырока абвясціў жыхарам былога Вялікага Княства Літоўскага, што польскі меч нясе ім волю і дабрабыт. Гэта падрыхтавала прыхільную сустрэчу польскіх войскаў на беларускіх тэрыторыях. Арганізоўваліся асобыя паўстанцкія атрады, якія па ўзгадненні з польскім урадам дзейнічалі ў бальшавіцкім тыле. Але былі выпадкі, калі беларускія партызаны аказвалі супраціўленне польскім акупантам у першыя месяцы іх панавання (Случчына). 8 жніўня Мінск ужо знаходзіўся ў руках польскага генерала Станіслава Шаптыцкага. Польскае войска прасунулася да р. Бярэзіны (на лінію Любань Барысаў Полацк Дзвінск)’ і тут фронт стабілізаваўся да вясны 1920 г. Большасць беларускіх земляў трапіла пад польскую акупацыю. ЛітоўскаБеларуская Савецкая Сацыялітычная Рэспубліка перастала існаваць. Афіцыйнага акту яе самаліквідацыі
Барацьба за непадзельнасць
221
не было. Кіраўніцтва Літбел перабралося ў Смаленск, дзе пэўны час знаходзілася пры штабе Заходняга фронту разам з ЦК Кампартыі Літвы і Беларусі. Ленінскі ўрад разглядаў былую Літбел, занятую
польскімі войскамі, як тэрыторыю савецкай Расіі. БССР і Літбел узору 1919 г. стаялі ўбаку ад магістральнай лініі нацыянальнага развіцця Беларусі, а таму бясслаўна зніклі. У сакавіку 1920 г. наступленне палякаў узнавілася, і яны пры падтрымцы ўкраінцаў дайшлі да Дняпра. 3 поўдня націскаў Антон Дзянікін. Узнікла пагроза Маскве.
Маўклівае пагадненне Пілсудскага з Леніным. У красавіку, калі палякі занялі Кіеў, напалоханы ўрад У. Леніна прапанаваў Полыпчы ўсю тэрыторыю былой ЛітоўскаБеларускай Рэспублікі ўзамен на мірнае пагадненне. Правадыр савецкай Расіі выяўляў большую гібкасць, чым Дзянікін, які змагаўся за рэстаўрацыю былой Расій
скай імперыі ў поўным складзе. Таму Юзаф Пілсудскі і не падтрымаў маскоўскага наступлення дзянікінцаў. Ен ратаваў урад У. Леніна, каб потым дзяліць з ім беларускія і ўкраінскія землі. У. Ленін лёгка ішоў на тэрытарыяльныя саступкі, бо разлічваў на хуткую перамогу пралетарскай рэвалюцыі ў краінах Еўропы, а таксама на магчымую змену ваеннай сітуацыі на карысць савецкай Расіі.
Акупацыйны рэжым. Занятымі беларускімі тэрыторыямі кіраваў Генеральны камісарыят усходніх земляў, створаны пры штабе ЛітоўскаБеларускага фронту. Яго ўзначальваў Ежы Асмалоўскі, былы паплечнік Юзафа ДоўбарМусніцкага. Новыя гаспадары разагналі найперш сялянскія рады (мясцовыя органы самакіравання), якія ўзніклі пад нямецкай акупацыяй і баранілі беларускія вёскі ад польскіх вайсковых злучэнняў з канца 1918 года. Захопленыя на ўсход ад Беласточчыны беларускія землі дзяліліся на чатыры акругі Брэсцкую, Ва
лынскую, Віленскую і Мінскую, а тыя ў сваю чаргу на паветы на
Мінск падчас савецкапольскай вайны 1919—1920 гг. Злева на будынку гатэля “Еўропа” вывешаны польскі сцяг. НМГКБ.
222
Перыяд 1914—1920
чале са старастамі. Грамадзянская акупацыйная адміністрацыя ва ўсім падпарадкоўвалася ваеннаму кіраўніцтву і самастойнага значэння практычна не мела. Польскія жаўнеры адбіралі ў сялянаў тое, што не паспелі прыбраць папярэднія акупанты. Даставалася і яўрэйскім гандлярам, крамы якіх аддаваліся на рабаванне. Ужо ў жніўні 1919 г. выйшаў загад аб вяртанні адчужанай бальшавікамі маёмасці былым уласнікам. Абшарнікі атрымлівалі вышэйшыя пасады як у цэнтры, так і на месцах ды не раз помсцілі вяскоўцам за самавольства. Але ў першую чаргу палякі распраўляліся з камуністамі, часам уяўнымі. За камуністычныя асяродкі лічыліся нават праваслаўныя цэрквы і сінагогі. Прадукты харчавання маглі атрымаць толькі тыя, хто ўступаў у польскія кааператывы, а ў апытальных лістах запісваўся палякам. Зразумела, што галодныя беларусыкаталікі не маглі не павялічыць на заходнебеларускіх землях колькасць “польскага” насельніцтва. Якраз тут з 1919 г. нараджаўся інстытут асаднікаў. Для польскіх шавіністаў не было Беларусі і беларусаў, а былі “крэсы ўсходнія” і “крэсавякі”. Польская акупацыя выклікала супраціўленне беларускага народа і давала добрую глебу для пашырэння бальшавіцкай прапаганды. He выключалася і палітыка заляцанняў. 20 жніўня 1919 г. выйшаў чарговы загад аб карыстанні беларускай мовай. Яна дазвалялася ва ўжытку, але дзяржаўнай лічылася польская. Пайшла паланізацыя. Беларускія школы маглі працаваць толькі ў Мінскай акрузе. Вацлаву Іваноўскаму ўдалося адчыніць у Мінску Беларускі педагагічны інстытут. На Гарадзеншчыне ж і Віленшчыне беларускія школы закрываліся, каталікам перадаваліся праваслаўныя храмы. 3 усходняй Беларусі ў Полыпчу вывозіліся рэдкія кнігі, карціны, музейныя каштоўнасці. Гэта мела свае далёкія мэты.
Польская стратэгія. Ужо ў першы год польскай акупацыі рыхтаваліся ўмовы для паступовага ўключэння беларускіх земляў у склад польскай дзяржавы. Але не ўсіх. Польскае кіраўніцтва (не выключана, што і Юзаф Пілсудскі) пачынала разумець усю нерэалістычнасць узнаўлення Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Прынцып большасці польскіх палітыкаў быў такі: “На ўсходзе трэба праглынуць роўна столькі, колькі можна асіміляваць за адно пакаленне”. Усходняя Беларусь была для палякаў разменнай манетай, якую яны рыхтаваліся перадаць бальшавікам за іх адмову ад Беларусі заходняй. А таму заходнія беларускія землі паланізаваліся, а ўсходнія рабаваліся. Палякі паўтаралі манеўр папярэдніх акупантаў немцаў. Узнёслыя ідэалы польскіх сацыялістаў на чале з Юзафам Пілсудскім аб дзяржаўным
Барацьба за непадзельнасць
223
саюзе (федэрацыі) народаў былой Рэчы Паспалітай, што ўзніклі яшчэ ў рэвалюцыйным 1905 годзе, разбіваліся аб жорсткую рэчаіснасць. Акупацыйная ваенная і цывільная адміністрацыі пра гэтыя ідэалы, магчыма, і не ведалі. Іх практычная дзейнасць адпавядала лініі нацыянальнага дэмакрата (эндэка) Рамана Дмоўскага на поўную інкарпарацыю заходнебеларускіх земляў. I ў сацыялістаў, і ў эндэкаў пераважала думка, што беларусы няздольныя да незалежнага існавання і стварэння ўласнай дзяржавы (нібыта не існавала БНР). Ідэя федэралізму выстаўлялася, трэба меркаваць, у тактычных мэтах. Тым больш, што яна не знаходзіла падтрымкі ў літоўцаў і поўнай падтрымкі ў украінцаў, якія імкнуліся да незалежнасці.
Спадзяванні на Пілсудскага. У Беларусі спачатку шмат хто чакаў дапамогі ад Юзафа Пілсудскага. Беларускія дзеячы ведалі, што ён нарадзіўся на Віленшчыне і ўмеў размаўляць пабеларуску, што прымаў у сваё войска мясцовых сялянаў і не забараняў ім карыстацца роднай мовай. 1214 чэрвеня 1919 г. з дазволу акупацыйных уладаў працаваў з’езд беларускіх дэлегатаў Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У сваёй рэзалюцыі да ўсіх народаў і вялікіх дзяржаваў свету дэлегаты выказалі настойлівае жаданне бачыць Беларусь непадзельнай. З’езд асудзіў намеры Калчака ўзнавіць Расійскую імперыю і падтрымаў ідэю стварэння федэратыўнай беларускалітоўскай дзяржавы і беларускага народнага войска. Абраную дэлегатамі Цэнтральную Беларускую раду Віленшчыны і Гарадзеншчыны ўзначаліў эсэр Клаўдзій ДужДушэўскі. Потым яго змяніў Браніслаў Тарашкевіч, які меў прапольскую арыентацыю. He выключалася магчымасць стварэння і беларускапольскай федэрацыі. Пра гэта якраз вялася гаворка падчас сустрэчы дэлегацыі Рады з Юзафам Пілсудскім 20 чэрвеня. А на Парыжскай мірнай канферэнцыі падчас перамоваў Антона Луцкевіча з польскім прэм’ерам Ігнатам Падарэўскім справа дайшла да выпрацоўкі 1 ліпеня 1919 г. праекта дамовы паміж урадамі БНР і Полыпчы, якая прадугледжвала стварэнне беларускай дзяржавы ў саюзе з Польшчай. Але праект не атрымаў належнай падтрымкі ў польскага кіраўніцтва. Калі польскія вайсковыя аддзелы занялі Мінск Пілсудскі 19 верасня 1919 г. выступіў перад прадстаўніцтвам мінчанаў з прамовай пабеларуску. Ен ужо недвухсэнсоўна дэклараваў неабходнасць дзяржаўнасці для беларусаў. У Мінску быў утвораны прадстаўнічы орган беларускіх арганізацыяў Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК) на чале з Алесем Гаруном. Яго намеснікам быў Усевалад Ігнатоўскі. Камітэт падтрымліваў ідэю канфедэрацыі
224
Перыяд 1914—1920
Беларусі з Полыпчай, але дамагаўся ад польскага ўрада папярэдняга прызнання незалежнасці БНР і аднаўлення дзейнасці яе Рады. У польскай сталіцы 22 кастрычніка 1919 г. Пілсудскі прыняў Луцкевіча, які знаходзіўся ў Варшаве з 1 верасня. I тады кіраўнік польскай дзяржавы абяцаў беларусам усяго толькі садзейнічаць у стварэнні беларускіх вайсковых злучэнняў.
Пазіцыя Рады БНР: супраціўленне ці супрацоўніцтва? У Мінск нават з Берліна ехалі дзеячы БНР, якія ўключаліся ў культурнаасветную працу. 10 лістапада ўзнавіла сваю дзейнасць Рада БНР. На першым пасяджэнні беларускія эсэры не падтрымалі ідэю ўгодаўцаў паслаць прывітанне Пілсудскаму. Гэта занепакоіла мясцовую польскую адміністрацыю. 20 лістапада Пілсудскі выклікаў да сябе Луцкевіча і прапанаваў замяніць дзяржаўны статус Рады БНР на нацыянальны і назваць яе Нацыянальнай радай. Луцкевіч дыпламатычна пагадзіўся і атрымаў дазвол на скліканне сесіі Рады БНР на 12 снежня. Сярод радаўцаў утварыліся дзве групоўкі. Беларускія эсэры і сацыялфедэралісты лічылі, што працаваць з акупантамі няма ніякай магчымасці. Яны ўжо вялі з палякамі партызанскую барацьбу. На лістападаўскай (1919) канферэнцыі эсэраў было вырашана змагацца на два франты: супраць польскіх уладаў і супраць прыхільнікаў дзянікінскай Расіі. 3 расійскімі бальшавікамі эсэраўскія лідэры спадзяваліся дамовіцца аб стварэнні незалежнай Беларускай сацыялістычнай рэспублікі. Але правацэнтрысты і часткова сацыялдэмакраты даводзілі, што яшчэ ёсць надзея дачакацца ў польскай палітыцы зменаў да лепшага. Яны разлічвалі з дапамогаю Полынчы ўзняць культурны ўзровень і нацыянальную самасвядомасць народа і гэтым забяспечыць умовы для далейшай незалежнасці Беларусі. Большасць Рады лічыла гэта нерэальным.
Раскол Рады БНР. На гэтым грунце 13 снежня адбыўся раскол Рады БНР. Антыпольская фракцыя (50 чалавек) утварыла Народную раду БНР на чале з беларускім федэралістам Пётрам Крачэўскім і свой кабінет міністраў на чале з беларускім эсэрам Вацлавам Ластоўскім. А тыя, хто спадзяваўся на падтрымку палякаў (37 чалавек), склалі Найвышэйшую раду БНР і выбралі свой урад на чале з сацыялдэмакратам Антонам Луцкевічам. Праўда, у Мінску Луцкевіча не было. Ён быў у Варшаве (відаць, не па сваёй волі). Пасада старшыні Найвышэйшай рады дасталася федэралісту Івану Серадзе. Раскол Рады БНР аслабіў беларускі pyx. I не выключана, што гэта было вынікам загадзя скаардынаванай акцыі прабальшавіцкіх палітыкаў.