• Газеты, часопісы і г.д.
  • Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)  Захар Шыбека

    Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)

    Захар Шыбека

    Выдавец: Энцыклапедыкс
    Памер: 490с.
    Мінск 2003
    134.29 МБ
    247
    не адбылося змяншэння падаткаабкладання і знікнення рэквізіцыяў. Але паступова, недзе да 1927 г., працавітае беларускае сялянства навяло на сельскагаспадарчых угоддзях парадак. Зніклі пустэчы, павялася жывёла, ажывіўся гандаль на кірмашах і рынках. З’яўляліся заможныя гаспадары, якія мелі магчымасць арандаваць зямлю і наймаць сельскагаспадарчых рабочых. Сялянам, якія вырошчвалі тэхнічныя культуры ці праводзілі меліярацыю, зніжаліся падаткі. 3 мэтай назапашвання сродкаў для капітальных укладанняў ва ўласныя гаспадаркі, сяляне стваралі сельскагаспадарчыя таварыствы (крэдытныя, машынныя, меліярацыйныя). Але задаволенасці ў вёсцы не адчувалася. He хапала зямлі. Пасля нацыяналізацыі яе асноўная частка была перададзеная ў дзяржаўныя лясны і зямельны фонды. Сялянам дасталося толькі 23,3%. Ленінскі дэкрэт аб зямлі фактычна застаўся нерэалізаваны, бо землеўпарадкавання ў 1927 г. дачакаліся толькі 15% сялянскіх гаспадарак Беларусі з тых, якія мелі ў гэтым патрэбу. А беларуская вёска, як нідзе, прымала шматлікіх галодных яўрэйскіх рабочых, бежанцаў, дэмабілізаваных чырвонаармейцаў, што вярталіся на радзіму. Бацькоўскія надзелы дзяліліся паміж дарослымі сынамі. Таму забяспечанасць зямлёй у Беларусі была на 41% меншая, чым у сярэднім па СССР. Усё больш адчувалася збядненне вёскі. Каб падтрымаць гаспадарку, на продаж часта везлі апошняе. Па афіцыйных звестках, каля 96% сялянскіх гаспадарак ледзь пракормлівалі сябе. Праблема малазямелля беларускай вёскі вырашалася наступным чынам: па прыкладзе Сталыпіна бальшавікі з 1926 г. пачалі перасяляць беларускіх сялянаў у Сібір і на Далёкі Усход, асвойваць новыя землі праз хутарызацыю, а таксама заахвочваць зыход у гарады, на лесараспрацоўкі і новабудоўлі. Вяскоўцы самі імкнуліся на хутары, бо каля 74% гаспадарак тут былі цераспалосныя. I народны камісар земляробства БССР Дзмітрый Прышчэпаў усяляк гэтаму садзейнічаў. Ен меў магчымасць пазнаёміцца з арганізацыяй сельскай гаспадаркі ў Даніі і Германіі і хацеў, каб беларускія сяляне жылі не горш ад замежных фермераў. Зямля ад саўгасаў перадавалася сялянам. На вёсцы быў папулярны прышчэпаўскі лозунг: “На свінні  да камунізму!” Але 7 чэрвеня 1929 г. ЦК КП(б)Б забараніў хутарскую форму землекарыстання, бо яна ўскладняла згон сялянаў у калгасы. У гэты час 3040% сялянскіх гаспадарак БССР былі хутарскія.
    Змены ў сельскагаспадарчай палітыцы. Дзяржаўныя рэформы на беларускай вёсцы ў перыяд 20х гадоў засталіся для заможных сялянаў малавыніковымі. Ад самага пачатку савецкай улады право
    248
    Перыяд 1921—1939
    дзілася палітыка іх руйнавання з мэтай стварэння паслухмянага дзяржаве класа сялянскай беднаты, будучай апоры калгаснага ладу. Тым больш, што сяляне адмаўляліся здаваць збожжа дзяржаве па заніжаным кошце. У 1927 г. бальшавікі адказалі пераходам да калектывізацыі. За год ад пачатку калектывізацыі калгасных гаспадарак было створана толькі каля 400 (1928 г.). 3 іх 170 былі яўрэйскія. Каля 40% яўрэйскага насельніцтва гарадоў і мястэчак савецкай Беларусі не мела сталага занятку. Таму яўрэйская бедната ратавалася ад голаду ў калгасах. 2154 яўрэйскія сям’і выехалі ў Крым і ў Яўрэйскую аўтаномную вобласць. Ствараліся саўгасы, дзяржаўныя гаспадаркі, якія атрымлівалі лепшыя землі і лепшую тэхніку. Але і гэта не спакушала вяскоўцаў развітвацца са сваімі аднаасобнымі гаспадаркамі.
    Узровень жыцця. “Новая эканамічная палітыка” доўжылася каля шасці гадоў. За гэты час насельніцтва Беларусі не надта разжылося. Назіраўся рост беспрацоў’я. У 1927 г. лішак рабочай сілы ў сельскай гаспадарцы складаў 3040% вясковага насельніцтва, а ў прамысловасці  каля 25% ад усіх наёмных рабочых. Жыллёвы крызіс у гарадах абвастраўся раскватараваннем у памежнай паласе ўвесь час новых вайсковых злучэнняў. Улетку 1928 г. беларуская вёска галадавала, але прэс абавязковых дзяржаўных збожжарыхтовак не слабеў. Сяляне пратэставалі і нават нападалі на бальшавіцкія сельсаветы (Дубровенскі раён). Больш як 60ці працэнтам дзяцей школьнага ўзросту не хапала месца ў існуючых школах, каля 20% раёнаў не мелі шпіталяў. Тым не менш, каля паловы рэспубліканскіх даходаў накіроўвалася на агульнадзяржаўныя мэты.
    Пераход да адміністрацыйнакамандных метадаў. У верасні 1927 г. Саўнаркам рэспублікі канфідэнцыйна дакладваў Маскве, што прамысловасць і таваразварот савецкай Беларусі так і не ўзняліся да даваеннага ўзроўню. Старыя прадпрыемствы патрабавалі пераабсталявання, а пераарыентацыя народнай гаспадаркі з захаду на ўсход адпаведнага часу. Нэпаўскага эканамічнага цуда, які прыпісваўся Уладзіміру Леніну, у савецкай Беларусі не адбылося. Беларускія землі напаткаў лёс занядбалай ускраіны бальшавіцкай дзяржавы. Бальшавіцкі лібералізм у эканоміцы тут быў занадта кароткі. У 20х гадах у першую чаргу ствараліся ўмовы для пераходу да каманднаадміністрацыйнай эканомікі. Пра гэта сведчаць падаткі, якія часам нагадвалі рэквізіцыі, дзяржаўны кантроль за цэнамі і рэалізацыяй прадукцыі, недапушчэнне прыватнай уласнасці з мэтай стварэння сітуацыі эканамічнай залежнасці грамадзянаў ад дзяржавы.
    БССР у 20х гадах
    249
    24.3.	Асобая нацыянальнакультурная палітыка
    Межы ўплыву беларускіх камуністаў. Уступіўшы ў КП(б)Б, беларускія дзеячы занялі ў савецкай Беларусі даволі высокія кіраўнічыя пасады. Аляксандр Чарвякоў стаў старшынём ЦВК БССР, Зміцер Жылуновіч  рэдактарам “Савецкай Беларусі”, Усевалад Ігнатоўскі  наркамам асветы, Алесь Бурбіс  намеснікам наркама замежных справаў, Антон Баліцкі і Язэп Каранеўскі  намеснікамі наркама асветы, А. Сташэўскі  першым сакратаром ЦВК і СНК рэспублікі. Яны мелі магчымасць уплываць на фармаванне бальшавіцкай палітыкі, асабліва ў Наркамаце асветы. Там беларускія сілы пераважалі і рабілі ўсё магчымае для пашырэння нацыянальнай школы, развіцця нацыянальнай культуры. Дзейнічалі спачатку неафіцыйна, пад пастаяннай пагрозай, што шасціпавятовая савецкая Беларусь зноў стане Заходняй вобласцю. Зацятымі ворагамі беларускасці выступалі бальшавікі немясцовага пахо
    Старшыня Савета народных камісараў Аляксандр Чарвякоў.
    1927 г. НМГКБ. ”
    джання, якіяпераважаліўдзяржаўныхструктурах. У сакавіку 1921 г. з трыбуны X з’езда РКП(б) нават прагучала абвінавачванне, што ў Мінску мясцовыя камуністы штучна ствараюць беларускую нацыю. Але нечакана ў абарону беларусаў выступіў народны камісар па справах нацыянальнасцяў Іосіф Сталін. Абставіны прымушалі крамлёўскае кіраўніцтва на фармальнае прызнанне не толькі свабоды прадпрымальніцтва, але і права нацыяў на самавызначэнне аж да поўнага дзяржаўнага аддзялення. Бальшавіцкае кіраўніцтва СССР лібералізавала нацыянальную палітыку, каб прыцягнуць на свой бок насельніцтва нацыянальных рэспублік. Гэтым скарысталіся беларускія камуністы для актывізацыі культурнаасветнай дзейнасці. Але энтузіястычны перыяд натуральнай беларусізацыі быў нядоўгі  да 1924 г.
    Абвяшчэнне беларусізацыі. Пасля “ўзбуйнення” 1924 г. беларуская справа пачала брацца пад кантроль прамаскоўскай адміністрацыі. 15 ліпеня 1924 г. II сесія ЦВК БССР аб’явіла палітыку беларусізацыі. Мясцовыя бальшавікі ставілі за мэту на працягу аднаготрох
    250
    Перыяд 1921—1939
    гадоў перавесці на беларускую мову ўвесь партыйнасавецкі апарат і дыслацыраваныя ў БССР злучэнні Чырвонай Арміі, папоўніць органы кіравання беларусамі, разгарнуць усебаковае вывучэнне Беларускага краю. Масква не перашкаджала сваёй адміністрацыі прыстасоўвацца да мясцовых умоваў: ведаць мову, гісторыю, культуру, традыцыі беларускага народа, прыцягваць яго прадстаўнікоў да нізавога кіравання з мэтай саветызацыі Беларусі. Нацыяналкамуністы падтрымалі савецкую беларусізацыю, прыняўшы ўмовы Крамля. Культурная традыцыя, закладзеная супрацоўнікамі газэты “Наша ніва” і кіраўніцтвам БНР, рашуча адкідалася. Тэарэтыкам савецкай беларусізацыі выступіў Усевалад Ігнатоўскі.
    Стан рэлігіі. Бальшавіцкі ваяўнічы атэізм у часы НЭПа спаў. На хвалі лібералізацыі ў 1922 г. у Мінску сабраўся Краёвы Сабор і абвясціў аўтакефалію (незалежнасць) Беларускай праваслаўнай царквы, якая адмовілася падпарадкоўвацца патрыярхату ў Маскве. Мітрапаліт Мельхісэдэк выступаў за ўвядзенне беларускай мовы ў царкоўны ўжытак. Знаходзіліся і ксяндзы, якія адмаўляліся ад апекі Варшавы і выступалі за стварэнне ў БССР самастойнай епархіі, залежнай толькі ад Рыма. Евангелісты заявілі пра сваю падтрымку савецкай уладыідапушчальнасцьслужбыўЧырвонайАрміі. Зсакавіка 1923 г. праводзілася кампанія па канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў для галоднага насельніцтва Паволжа. Святароў судзілі за непадпарадкаванне. Мітрапаліт Мельхісэдэк у 1925 г. быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі, а ў 1931 г. раптоўна памёр у Маскве.
    Моўная палітыка. Ha VII з’ездзе КП(б)Б у сакавіку 1923 г. стараннямі старшыні Савета народных камісараў Аляксандра Чарвякова была прынятая рэзалюцыя, у якой сцвярджалася, што беларуская мова з’яўляецца адзінай дзяржаўнай мовай на тзрыторыі БССР. Аднак паранейшаму ў рэспубліцы панавала руская мова. У1924 г. мясцовае кіраўніцтва пацвердзіла дэкрэт былога ўрада ЛітоўскаБеларускай ССР аб раўнапраўі ў Беларусі ў якасці дзяржаўных беларускай, рускай, яўрэйскай і польскай моваў (дакладна такі самы дэкрэт аб раўнапраўі польскай, літоўскай і беларускай моваўвыдала ў 1916 г. акупацыйная нямецкая адміністрацыя). Ідэалагічную апрацоўку жыхароў Беларусі лягчэй было весці на іх родных мовах. Канстытуттыя 1927 г. хоць і зацвярджала перавагу беларускай мовы над іншымі, але дзяржаўнымі мовамі заставаліся яшчэ і руская, і польская, і ідыш.
    Рэакцыя бюракратыі. Перавод на беларускую мову партыйнасавецкага апарата марудзіўся. Бальшавіцкая бюракратыя, у боль
    БССР у 20х гадах
    251
    шасці рускаяўрэйская, адмаўлялася хадзіць на курсы па вывучэнні беларускай мовы. Беларусізацыя кіраўнічых структураў ішла марудна. У савецкай Беларусі існавалі адзіная тэрытарыяльная дывізія Чырвонай Арміі і аб’яднаная школа камандзіраў, якія камплектаваліся з беларусаў. На беларускай мове тут вяліся толькі палітзаняткі, афармляліся насценныя газэты, вывешваліся заклікі. У іншых вайсковых злучэннях беларускую мову толькі вывучалі.
    Фармалізм беларусізацыі. Людзі бачылі, як несур’ёзна і фармальна бальшавікі ставіліся да беларусізацыі, і адчувалі, што “мода” на беларускую мову хутка пройдзе. I праўда, увядзенне беларускай мовы ў побыт і культурнае жыццё прамаскоўская адміністрацыя адкладала. Беларусізацыя была для Крамля ўсяго толькі зброяй барацьбы з нацыянальнай ідэалогіяй беларусаў і з польскім уплывам на беларускіх землях. Пад выглядам беларусізацыі вялася бальшавіцкая ідэалагічная апрацоўка насельніцтва, на якую адгукалася найперш моладзь.