Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
274
Перыяд 1921—1939
1928 годзе віленскі біскуп забараніў беларусамкаталікам і найперш ксяндзам уступаць у Беларускую хрысціянскую дэмакратыю, чытаць яе газэту “Беларуская крыніца”. У 1937 годзе яе зачынілі ўвогуле. У 1938 годзе быў ліквідаваны Беларускі нацыянальны камітэт у Вільні. Засталіся толькі Беларускае навуковае таварыства і Беларускі музей імя Івана Луцкевіча. У 1938/39 навучальным годзе ў Заходняй Беларусі не працавала ніводная беларуская школа. Тады ж закрыўся адзіны беларускі кляштар у Друі. У міжваенны перыяд было разбурана каля 150 праваслаўных цэркваў, а колькасць касцёлаў узрасла з 157 у 1917 годзе да 416 у 1938 годзе. Назва “Беларусь” не выкарыстоўвалася а толькі “ўсходнія крэсы”. Людзі баяліся прызнавацца ў прыналежнасці да беларускага народа і называлі сябе “тутэйшымі”. Страх і непрыязь да ўсяго польскага глыбока ўкараніліся ў свядомасці беларусаў. У той жа час паранейшаму выходзілі часопісы “Беларускі летапіс”, “Калосьсе”, “Хрысьціянская думка”, “Студэнцкая думка”, “Шлях моладзі”. Беларускае навуковае таварыства мела свой “Гадавік” (“Запісы”). Гэтыя выданні былі адкрытыя і для нацыяналістаў, і для камуністаў, але іх чытала пераважна інтэлігенцыя. Беларускія дзеячы страчвалі магчымасць нацыянальнакультурнага ўплыву на вяскоўцаў.
Няздзейсненае паразуменне. Пад пагрозай нарастання нацызму камуністы падтрымалі ідэю стварэння ў Заходняй Беларусі Народнага фронту (у 1934 г. такі фронт выратаваў Францыю ад нацысцкага перавароту). Але ў іх амаль не было шанцаў узначаліць агульнадэмакратычныя сілы. Каб займець да сябе давер заходнебеларусаў, камуністам трэба было асудзіць рэпрэсіі ў БССР, заняць добразычлівую пазіцыю ў дачыненні да Польскай дзяржавы, якой пагражала нацысцкая Германія, і адмовіцца ад ідэі аб’яднання са сталінскай Беларуссю. Аднак КПЗБ не магла зрабіць гэтага ўжо таму, што знаходзілася пад няспынным наглядам органаў НКУС. У 1936 г. каталіцкая Беларуская хрысціянская дэмакратыя аб’ядналася з праваслаўным Беларускім сялянскім саюзам і Беларускім дэмакратычным аб’яднаннем і прыняла болей шырокую агульнабеларускую праграму. Новая палітычная арганізацыя ўзяла назву Беларускае народнае аб’яднанне БНА (Янка Пазняк, Станіслаў Грынкевіч). БНА супрацоўнічала і з камуністамі ў асветніцкіх і гаспадарчых установах. Гэта прымусіла кс. Вінцэнта Гадлеўскага адмежавацца ад яе дзейнасці. Паразумення левых і правых не адбылося нават перад пагрозай германскага нацызму. Больш за тое, расчараванне Мінскам і Варшавай падштур
Заходняя Беларусь
275
хнула асобных беларускіх дзеячаў у абдымкі нацызму. У 1935 г. па ініцыятыве Фабіяна Акінчыца была створаная Беларуская нацыяналсацыялістычная партыя. Арыентацыя партыі на нацысцкую ідэалогію не знаходзіла падтрымкі і ўспрымалася як кур’ёз, але яна сведчыла, што сярод беларускіх лідэраў узнік разлік на падтрымку беларускага пытання гітлераўскай Германіяй.
Разгон КПЗБ. У 1937 г. пачаўся чарговы эканамічны крызіс. Узрастала агрэсіўнасць нацысцкай Германіі. Нават адзін з лідэраў КПЗБ, Станіслаў Мертэнс, лічыў, што ў выпадку агрэсіі Германіі камуністы павінны абараняць Польшчу. Лозунг абароны незалежнай Польшчы, якая паважала б нацыянальныя і сацыяльныя правы беларускага народа, мог з’яднаць беларускія палітычныя сілы. Але такое не здарылася. 16 жніўня 1938 года КПЗБ разам з кампартыямі Полыпчы і Украіны былі пад націскам Іосіфа Сталіна распушчаныя рашэннем Прэзідыума выканкама Камінтэрна. Уся партыйная арганізацыя беларусаў абвяшчалася саюзніцай польскага імперыялізму. А польскае кіраўніцтва, са свайго боку, лічыла гэтую партыю саюзніцай маскоўскіх імперыялістаў. Лідэраў партыі выклікалі ў СССР і там расстрэльвалі.
Становішча некамуністычных сілаў. Ліквідацыя арганізаванага камуністычнага руху ў Польшчы не прывяла, аднак, да ўзмацнення антыкамуністычнай плыні ў беларускай нацыянальнавызваленчай барацьбе. Усякі беларускі рух паранейшаму разглядаўся ў Польшчы як пракамуністычны. Выразная антыбеларуская палітыка польскага ўрада прывяла да аслаблення найбуйнейшых легальных беларускіх партыяў Беларускага народнага аб’яднання на чале ксяндзом Адамам Станкевічам і Беларускага сялянскага саюза пад кіраўніцтвам Фабіяна Ярэміча. Хрысціянскія дэмакраты даволі актыўна намагаліся зрабіць сваю партыю галоўнай беларускай палітычнай сілай у Польшчы: яны пашыралі дзейнасць сярод праваслаўнага насельніцтва, шчыльна кантактавалі з партыяй Фабіяна Ярэміча. Але яны ўжо не здолелі згуртаваць збянтэжаных беларусаў, якіх рэпрэсавалі і польскія, і расійскія ўлады. Польская дэфензіва праводзіла арышты беларускіх дзеячаў нават у жніўні 1939 г., за некалькі дзён да нападу нацысцкай Германіі. Нацыянальнавызваленчая барацьба ў Заходняй Беларусі вялася пераважна ў межах сацыялістычнай ідэалогіі. I лёс падараваў заходнім беларусам магчымасць крыху пазней пераканацца ў яе “прывабнасці” на ўласным досведзе.
276
Перыяд 1921—1939
25.5. Эканамічнае становішча беларускага народа
Узровень прамысловасці. Заходняя Беларусь заставалася аграрным краем. Палітычная нестабільнасць перашкаджала прытоку сюды прамысловых капіталаў. Развіваліся пераважна толькі харчовая і дрэваапрацоўчая вытворчасць. Прадпрыемствы былі невялікія. Рабочыя Заходняй Беларусі атрымлівалі ў паўтарадва разы меней, чым у цэнтральных раёнах Польшчы. Падрапежніцку знішчаліся лясныя багацці краю. У красавіку 1924 г. у Варшаве быў падпісаны дагавор з англійскім кансорцыумам на распрацоўку лясоў у раёнах Белавежскай пушчы, Гародні і Слоніма тэрмінам на дзесяць гадоў за тры млн. фунтаў стэрлінгаў. Па Нёмане лесаматэрыялы сплаўляліся за мяжу. За 1921—1936 гг. плошча лясоў у заходнебеларускіх ваяводствах зменшылася больш як на 400 тыс. гектараў.
Праблемы вёскі. Больш за 90% беларускага насельніцтва жыло з працы ў сельскай гаспадарцы. Польскі ўрад быў няздольны вырашыць здаўна напружаныя стасункі беларускіх сялянаў і землеўласнікаў. Асобам, якія лічылі сябе беларускімі абшарнікамі, належала толькі каля 4% памешчыцкіх земляў. Па законе 1920 г. землі бежанцаў абвяшчаліся дзяржаўнымі і перадаваліся асаднікам. А ў 1919— 1924 гг. на радзіму з Расіі вярнулася каля мільёна ўцекачоў. На родных месцах яны часта знаходзілі чужых людзей, а таму лёгка далучаліся да антыпольскай партызанкі. У ліпені 1925 г. польскі сейм прыняў закон аб зямельнай рэформе. Улады ўзяліся за парцэляцыю (падзел на дробныя палеткі) часткі памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі, каб пусціць яе ў продаж. Праводзілася камасацыя (хутарызацыя) сельскіх гаспадарак. Рэформа спрыяла станаўленню беларускіх фермераў, але не змяншала колькасці малазямельных і беззямельных. Бяднейшыя вяскоўцы, якія вялі амаль натуральнае гаспадаранне, не мелі сродкаў для перасялення на хутары і выступалі супраць хутарызацыі. Польскія суды былі заваленыя сялянскімі скаргамі ў сувязі з ліквідацыяй сервітутаў (1923—1926 гг.). Рэформы амаль не закранулі памешчыцкае землеўладанне. Сяляне плацілі большыя, у параўнанні з абшарнікамі, пазямельныя падаткі. Паводле прэзідэнцкага ўказа 1938 г. “Пра стаўленне дзяржавы да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы”, праваслаўныя сяляне мелі абмежаванні ў праве на набыццё зямлі.
Рынак працы. Нізкая кваліфікацыя перашкаджала беларусам уладкоўвацца на прамысловыя прадпрыемствы. Праца на прадпры
Заходняя Беларусь
277
емствах, што дзейнічалі ў маёнтках, аплачвалася прадуктамі харчавання. Дробныя беларускія прамыслоўцы і гандляры канцэнтраваліся ў пасёлках і мястэчках, дзе прыбыткі, у параўнанні з гарадамі, былі нізкія. Беларусы не дапускаліся да службы ў дзяржаўных установах, на транспарце, сувязі ім не давяралі, баючыся дыверсіяў або сабатажу. I нешматлікая беларуская інтэлігенцыя (галоўным чынам настаўнікі і дробныя службоўцы з часоў царызму) часцей за ўсё пераходзіла ў разрад наёмных рабочых, а гэта рабіла яе праціўнікам існуючых у Полыпчы парадкаў. На пачатку 30х гадоў толькі трэць сялянскіх гаспадарак кармілася са сваёй зямлі. Паратункам для іншых былі лесараспрацоўкі, батрацтва, эміграцыя. 3 1925 па 1938 г. з заходнебеларускіх ваяводстваў у іншыя краіны эмігравалі больш за 78 тыс. чалавек.
Некаторыя параўнанні. Эканамічны спад 1924—1925 гг. і асабліва эканамічны крызіс 1929—1933 гг. істотна пагоршылі становішча жыхароў Заходняй Беларусі. Беспрацоўе было хранічнай з’явай. У1928 і 1934 гг. вёска галадавала. Сяляне хадзілі ў лапцях і саматканай ільняной вопратцы. Нямецкі сахарын, што паступаў праз літоўскую мяжу, лічыўся вялікім ласункам. Беларускае насельніцтва цярпела эканамічную дыскрымінацыю. Узровень механізацыі і, адпаведна, ўраджаі ў Беларусі былі ніжэйшыя, чым у Польшчы. He выпадкова беларускія паслы ў сейме лічылі становішча свайго краю каланіяльным. Тым не менш, заходнія беларусы былі пазбаўленыя тых неверагодных эканамічных і сацыяльных эксперыментаў, якія з іх суайчыннікамі на ўсходзе праводзілі бальшавікі. У перадваенныя гады эканамічнага ўздыму (1937—1938) Віленскае, Наваградскае і Палескае ваяводствы дасягнулі па ўраджайнасці збожжа і бульбы паказчыкаў Францыі. Сяляне Палескага ваяводства адкормлівалі на забалочаных сенажацях па 1220 і болей галоў буйной рагатай жывёлы на сям’ю, прадавалі мяса, а за атрыманыя грошы набывалі збожжа, якога ў тых месцах не хапала.
...Трапіўшы за сталінскія краты, вядомы філолаг, літаратар і палітычны дзеяч Язэп Лёсік яшчэ ў 1930 г. палічыў неабходным паведаміць сваім катам, што без незалежнай Польскай дзяржавы не было б і БССР.
278
Перыяд 1921—1939
26. БАЛЬШАВІЦКІ ГЕНАЦЫД 30Х ГАДОЎ
Бальшавіцкае кіраўніцтва займалася татальным вынішчэннем сваіх падцаных, а потым рэабілітавала іх. Няўжо пакараныя напраўду былі ні ў чым не вінаватыя? Няўжо яны падтрымлівалі дзяржаву, якая вынішчала свой народ, пагаджаліся з яе палітыкай і пакорліва клалі галовы на плаху?
26.1. Узмацненне жорсткасці сталінскага рэжыму
Суд над лістападаўцамі. У БССР усіх беларускіх нацыянальных дзеячаў загадзя, яшчэ ў 1924 г., узялі на ўлік. А ў сакавіку 1926 г. у Мінску прайшоў судовы працэс над антысавецкай арганізацыяй Юрыя Лістапада. Былы ўдзельнік Слуцкага паўстання і сябар Якуба Коласа разам з іншымі настаўнікамі Случчыны расклейваў антысавецкія лістоўкі, пашыраў нелегальную літаратуру, заклікаў сялянаў змагацца супраць бальшавікоў, якія распальвалі класавую варожасць сярод беларусаў. Тады ўлады яшчэ не адважваліся расстрэльваць і далі кіраўніку антысавецкага падполля ўсяго пяць гадоў турмы. Пяцёра яго паплечнікаў атрымалі ад трох да пяці гадоў турмы.