Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Бальшавіцкі генацыд
283
прамысловая вытворчасць пашыралася. Пад канец другой пяцігодкі прамысловасць БССР выпускала фанеру (29% саюзнай прадукцыі), пакост (30%), дрожджы (25%), запалкі (28%), спірт, металарэзныя станкі і розныя металавырабы, паперу, цэмент (Крычаў), ільновалакно (Орша), трыкатажныя вырабы, абутак. Прамысловасць працавала яшчэ на людскія патрэбы, а не толькі на вайну. Блізкасць мяжы з Польскай дзяржавай стрымлівала будаўніцтва тут прадпрыемстваў ваеннага значэння. Тэмпы індустрыялізацыі былі ніжэйшыя ў параўнанні з агульнасаюзнымі.
Што азначаў эканамічны скачок для беларусаў. 3 дапамогай індустрыялізацыі Масква яшчэ больш падпарадкавала сабе беларускія землі. Яны эканамічна прывязваліся да расійскай бальшавіцкай гаспадаркі. Індустрыялізацыя аплачвалася стратай эканамічнай самастойнасці. У 1931 г. разам з біржамі працы зніклі і беспрацоўныя. У прамысловую вытворчасць уцягваліся ўсё новыя і новыя людзі. Рабочыя з сем’ямі складалі ў 1939 г. 22% беларускага насельніцтва. Працы хапала ўсім, але заробкі былі мізэрныя, а іх выдача часта затрымлівалася. Нізкія заробкі вымушалі жанчын ставаць за варштат побач з мужчынамі. Улады атрымлівалі патрэбныя працоўныя кадры на выпадак ваеннай мабілізацыі. Штурмаўшчына, сацыялістычнае спаборніцтва аслаблялі жыццёвыя сілы рабочых. Рост гарадскога насельніцтва абвастрыў жыллёвую праблему. Новых рабочых сялілі ў бараках, дзе ў адным пакоі часам туліліся дзве сям’і. У галодным 1932 г. гарады не забяспечваліся нават хлебам, які ішоў за мяжу у абмен на валюту для індустрыялізацыі. У Барысаве 8 красавіка пасля памяншэння хлебных нормаў натоўп галодных жанчын і дзяцей разрабаваў хлебную краму. Работнікі запалкавай фабрыкі “Бярэзіна” спынілі працу і патрабавалі ад адміністрацыі павелічэння выдачы хлеба. Хваляванні былі спыненыя абяцаннем узнавіць старыя нормы. Выступленне супраць уладаў дорага каштавала барысаўцам: 200 чалавек былі расстрэленыя, 1200 сасланыя ў лагеры. У Віцебску 26 мая адбылася дэманстрацыя галоднай чаргі, якая не дачакалася прадуктаў. Тавараў не хапала. У 1928—1934 гг. дзейнічала картачная сістэма, якая забяспечвала толькі мінімальны жыццёвы ўзровень. У другой палове 30х гадоў жыццё ў гарадах паляпшаецца. Бальшавікам удаецца справіцца з масавымі эпідэміямі. А ад голаду выратоўвала сістэма самазабеспячэння, на якую пераводзіліся і гараджане. Толькі ў 1934 г. каля 60 тыс. гарадскіх сем’яў БССР атрымалі індывідуальныя зямельныя надзелы. Але і ў 1938 г. у гарадах не
284
Перыяд 1921—1939
хапала мяса, малака, практычна адсутнічалі ў продажы сыр і масла. Для папаўнення дзяржаўнай казны рэзка павялічыўся выпуск папяровых грошай. Чырвонец перастаў канверсавацца. За 1928—1940 гг. індэкс рознічных цэнаў узрос у БССР у 6,3 раза. А пакупная здольнасць рубля знізілася за гэты час на 60%. Па меры набліжэння вайны расла інтэнсіфікацыя працы. На прамысловых прадпрыемствах уводзіўся казарменны парадак. Ужо ў 1938 г. пачалася трывога. Людзі забіралі грошы з ашчадных касаў, назапашвалі газу, соль, цукар, мыла, запалкі. Індустрыялізацыя Беларусі праводзілася бальшавікамі не дзеля яе насельніцтва, а коштам яе насельніцтва.
26.3. Запрыгоньванне сялянаў
Пераход да прымусовых збожжанарыхтовак. Узімку 1927/28 г. у СССР выбухнуў збожжанарыхтоўчы крызіс. Экспарт збожжа прыпыніўся, грошы на індустрыялізацыю не паступалі. Цэны на збожжа не стымулявалі продажу лішкаў. Сялянам выгадней было гадаваць жывёлу і вырошчваць тэхнічныя культуры. Ізноў уводзілася харчразвёрстка. У 1927/28 гаспадарчым годзе збожжа ў беларускіх сялянаў забралі ў 3,5 раза болей, чым у папярэднім. У 1928/29 г. цяжкасці з нарыхтоўкамі паўтарыліся. I зноў былі скарыстаныя надзвычайныя меры. Пачалося “раскулачванне”, але высяляць так званых кулакоў даводзілася з дапамогай вайсковай сілы.
Першая спроба суцэльнай калектывізацыі. Сталінскае кіраўніцтва вырашыла фарсіраваць калектывізацыю сялянскіх гаспадарак, абвешчаную яшчэ ў 1927 г. Гэта дазваляла пазбавіць сялянаў гаспадарчай самастойнасці і ператварыць іх у паслухмяных дзяржаве выканаўцаў. У адпаведнасці з загадам Масквы студзеньскі (1930) Пленум ЦК КП(б)Б прыняў абавязацельства завяршыць суцэльную калектывізацыю да 1931 г. Аднак у лютым 1930 г. Бюро ЦК КП(б)Б у адказ на заклік Масквы вырашыла калектывізацыю істотна паскорыць. У вёску накіраваліся тысячы ўпаўнаважаных, на гарадскіх прадпрыемствах ствараліся спецыяльныя брыгады дапамогі калектывізацыі. За тры месяцы, да 1 сакавіка 1930 г., бальшавікі Беларусі загналі ў калгасы больш за 430 тыс. гаспадароў. Працэнт калектывізаваных двароў узрос амаль у дзесяць разоў да 58. Праводзілася суцэльнае абагульванне маёмасці. Мясцовыя бальшавіцкія функцыянеры арыштоўвалі сялянаў, якія не падпарадкоўваліся, рабавалі іх
Бальшавіцкі генацыд
285
маёмасць і высылалі з родных месцаў у Сібір і на Поўнач. He было літасці і да ўчорашніх чырвонаармейцаў.
Антыкалгасныя паўстанні. Сяляне адказвалі антысавецкімі ўзброенымі выступленнямі. Састудзенядасярэдзіныкрасавіка 1930 г. такіх выступленняў адбылося ў БССР больш за 500. Паўстанцы грамілі калгасы і разбіралі сваё абагульненае дабро, забівалі камуністаў і іх памагатых, абаранялі ад гвалту так званых кулакоў. Міліцыя разганяла натоўпы сялянаў з дапамогай зброі. Сяляне рэзалі на мяса жывёлу, перамолвалі збожжа, каб нічога не дасталося калгасам. Да вясны 1930 г. пагалоўе коней, кароў і свіней скарацілася на чвэрць. У Гарадоцкім раёне Віцебскай акругі паўстанцы насілі белы сцяг з надпісам “Няхай жыве Пілсудскі!”. 2 сакавіка 1930 г. Іосіф Сталін быў вымушан прыпыніць празмернае шчыраванне сваіх паплечнікаў па ўсёй краіне, каб пазбегнуць выбуху новай грамадзянскай вайны. У Беларусі асцерагаліся, што ў выпадку сялянскага паўстання яго падтрымае Полыпча. У сакавіку 1930 г. сяляне Бешанковіцкага раёна Віцебскай акругі ў колькасці 500 чалавек накіраваліся да раённага цэнтра, каб паскардзіцца на невыкананне сталінскага загада аб скасаванні калгасаў, але былі сустрэтыя кулямі. Тым не менш, адчуўшы паслабленне, калгаснікі Беларусі да жніўня 1930 г. амаль цалкам вярнуліся да аднаасобнага жыцця. Большасць калгасаў развалілася. У Чэрвенскім і Мсціслаўскім раёнах увосень 1930 г. расклейваліся антысавецкія, антыкалгасныя лістоўкі. Улады імкнуліся прыпыніць гэты працэс. I зноў гэта прыводзіла да адкрытых сутыкненняў.
Другая хваля калектывізацыі. 3 1931 г. бальшавікі ўзнавілі калектывізацыю і праводзілі яе яшчэ болей жорсткімі метадамі. Заможных сялянаў разам з сем’ямі вывозілі на Урал, у Сібір і Казахстан. Канфіскаваная маёмасць часцей за ўсё раскрадалася кіраўніцтвам калгасаў і раёнаў. Бяднейшыя праціўнікі калгаснага жыодя ізаляваліся: пазбаўляліся надзелаў у калгасных вёсках і атрымоўвалі новыя паза іх межамі. Калі зямлі не хапала, беднякоў перасялялі ў своеасаблівыя канцлагеры. Тыя, хто супраціўляўся, без суду і следства па рашэнні “троек” (першы сакратар райкама партыі, старшыня выканкама раённага савета і начальнік ДПУ) адпраўляліся ў турмы ці расстрэльваліся. Такім чынам бальшавікам зноў удалося да пачатку 1932 г. загнаць у калгасы больш за палову вясковых гаспадароў. Колькасць раскулачаных сялянскіх двароў у асобных раёнах даходзіла да 1015%, а месцамі і да 20%, тады як заможныя сяляне сярод вяскоўцаў
286
Перыяд 1921—1939
Група старшыняў калгасаў Талачынскага раёна. 30я гады. НМГКБ.
БССР складалі перад калектывізацыяй усяго 1,5%. 3 800 тыс. сялянскіх гаспадарак савецкай Беларусі было “раскулачана” (разбурана) прыкладна 95,5 тыс.
Калгаснае жыццё. Людзі не маглі змірыцца з калгаснай безгаспадарлівасцю, ураўнілаўкай і зладзействам. Назначаныя раённым начальствам старшыні адчувалі сябе маленькімі князькамі: здзекаваліся з людзей білі іх, штрафавалі, пагражалі арыштам, здымалі са сцен абразы, закрывалі цэрквы, не давалі коней на асабістыя патрэбы. I калгаснікі аралі на сабе. Асабліва лютавалі рабочыядваццаціпяцітысячнікі, прысланыя з Расіі наводзіць калгасныя парадкі. У 1931 г. мясцовыя ўлады былі нават вымушаныя 65 такіх памагатых аддаць пад суд за злоўжыванні. Калгасныя заробкі ў большасці выпадкаў не пракормлівалі сялянаў, колькі б працадзён яны ні мелі. Таму ўжо з 1930 г. пачала ўводзіода практыка дапамогі вёсцы ад гараджанаў, якіх прысылалі ў калгасы на ўборку ўраджаю.
Правал калектывізацыі. Прымусовая калектывізацыя перавярнулася ў сельскагаспадарчы крызіс. У 1932 г. ураджайнасць асноўных культураў знізілася на 623 працэнты, рэзка скарацілася пагалоўе жывёлы. Вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі з 1926 па 1932 г. зменшылася больш як на чвэрць. Беларускія сяляне харчава
Бальшавіцкі генацыд
287
ліся горш, чым у гады НЭПа. Дзяржаўныя цэны на збожжа і іншыя прадукты не кампенсавалі выдаткаў на іх вытворчасць. Яны былі ў 1012 разоў ніжэйшыя за рыначныя. На пачатку 1932 г. голад ахапіў Ельскі, Нараўлянскі, Тураўскі, Гомельскі і некаторыя іншыя раёны поўдня Беларусі. Сотні беларускіх вяскоўцаў паміралі галоднай смерцю, а збожжа тым часам вывозілі на экспарт. 3 Тураўскага раёна калгаснікі пісалі: “Калі не дапаможаце, вымушаны паядаць сваіх дзяцей”. У выніку калектывізацыі, раскулачвання і рэпрэсіяў пашырыўся жабрацкі промысел. Нягледзячы на відавочны правал палітыкі калектывізацыі, яна ўпарта праводзілася бальшавіцкім кіраўніцтвам самымі жорсткімі метадамі.
Дзяржава супраць сялянаў. Людзі ўцякалі з калгасаў, як з турмы. Былыя калгаснікі вярталіся да аднаасобнага жыцця, хоць мясцовыя ўлады літаральна душылі іх невыноснымі падаткамі, за нявыплату якіх пагражала канфіскацыя маёмасці. Былі выпадкі, калі бальшавікі ў бядняцкіх хатах вольных хлебаробаў здымалі з гаспадароў нават фартухі, кашулі і штаны. Але і гэта не ламала такіх сялянаў. Калгаснікі часам ратаваліся тым, што расцягвалі калгаснае дабро. Якраз тады, у 1932 г., быў прыняты сумна вядомы закон аб пяці каласках, які дазваляў расстрэльваць ці кідаць галодных сялянаў на 10 год у турму, калі яны падбіралі нават тое, што засталося на калгасным полі пасля ўборкі. У адпаведнасці з гэтым законам у Беларусі ў 1933—1934 гг. было асуджана больш за 10 тыс. чалавек. Калгаснікі і аднаасобнікі ўцякалі ў гарады, у Сібір, на Украіну і Паўночны Каўказ, дзе жылося крыху лягчэй. Але каб сяляне не разбегліся зусім, у 1932 г. у СССР уводзілася пашпартная сістэма з прапіскай па месцы жыхарства. Ніводзін вясковец пад пагрозай турмы не мог пакінуць месца жыхарства без пашпарта, які сельскім жыхарам на рукі, аднак, не выдавалі. Так савецкія сяляне амаль на 30 гадоў ператварыліся ў прыгонных бальшавіцкай дзяржавы. Адзначаліся выпадкі масавага пераходу сялянаў праз мяжу на польскі бок. Яны сем’ямі беглі з сацыялістычнага “раю”, абы не памерці з голаду і не трапіць да чэкістаў. Жаданне выехаць з СССР выказвалі сяляне латышскай, літоўскай і нямецкай нацыянальнасцяў. Бальшавіцкія ўлады былі вымушаныя ўзмацняць памежную ахову і ствараць лятучыя атрады. У студзені 1932 г. у Асвейскім раёне была знойдзеная лістоўка, у якой калгаснікі заклікаліся забіваць камуністаў, арганізоўваць партызанскія атрады, якім на дапамогу хутка прыйдуць еўрапейскія дзяржавы. Толькі ў 1934 г. бальшавіцкім уладам удалося большменш запрыгоніць бела