Насельніцтва Беларусі Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення

Насельніцтва Беларусі

Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення
Выдавец: Універсітэцкае
Памер: 176с.
Мінск 1992
54.67 МБ
Там, дзе эканамічная структура гаспадаркі мае больш складаны характар, як правіла, несельскагаспа-
дарчага або змешанага профілю сістэмы АПК, разгалінаваную сістэму сувязей, развіты транспарт, шырокі набор элементаў сацыяльнай інфраструктуры, магчымасць працаўладкавання ў бліжэйшым горадзе, зусім іншыя магчымасці прадастаўляюцца і для заняткаў насельніцтва, у тым ліку жаночага. Такія пасяленні больш прэстыжныя, яны прыцягваюць насельніцтва, а таму маюць і больш спрыяльную дэмаграфічную сітуацыю: люднасць іх павялічваецца, натуральны прырост дадатны, структура па полу і ўзросту больш спрыялыіая, міграцыйныя страты невялікія.
Значыць, каб буйны міжгаспадарчы апорны цэнтр рассялення змог выконваць ускладзеную на яго функцыю, ён павінен мець больш складаную народнагаспадарчую структуру, вышэйшыя звёны аграпрамысловага комплексу, прамысловыя аб’екты, навучальныя ўстановы сістэмы прафесійнай адукацыі.
Задача заключаецца не ў тым, каб пакінуць у вёсцы ўсю моладзь. Важна, каб заставалася тая яе частка, якая атрымала для гэтага спецыяльную падрыхтоўку і ўтварае аснову рабочай сілы галіны. Таму пытанне прафесійнай падрыхтоўкі сельскай моладзі неабходна рашаць паралельна з праблемамі аграпрамысловага комплексу. У прыватнасці, узрастае патрэба ў кадрах асаблівай падрыхтоўкі, якая злучае веды ў галіне сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці; актуальнымі застаюцца пытанні прафесійнай падрыхтоўкі сельскіх жанчын для аўтаматызаваных відаў працы ў жывёлагадоўлі, для сферы паслуг і прадпрыемстваў па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Больш рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў мясцовай моладзі можа садзейнічаць мэтавае накіраванне на вучобу з улікам патрабаванняў гаспадаркі або сумежных звенняў АПКУ прыватнасці, ніхто з сучаснай моладзі не гатовы самастойна весці фермерскую гаспадарку, вучоба патрэбна і ў гэтым выпадку.
2.4.	КАНЦЭПЦЬІЯ МІГРАЦЫЙНАЙ ПАЛІ7ЫКІ
Міграцыя насельніцтва з’яўляецца свайго роду барометрам спрыяльнай ці неспрыяльнай сітуацыі на ўсёй тэрыторыі краіны і ў кожным населеным пункце. Яна выступае адначасова як вынік агульнага эканамічнага і сацыяльна-дэмаграфічнага становішча і як яго прычына. У любым выпадку з міграцыяй насельніцтва звя-
заны многія працэсы: дэмаграфічнае развіццё населеных месц, фарміраванне працоўных рэсурсаў, іх тэрытарыяльнае размеркаванне, фарміраванне сацыяльнай, нацыяыальнай, полаўзроставай структуры насельніцтва, характар міжсялібных сувязей. Таму ўдасканаленне тэрытарыяльнай арганізацыі вытворчасці і насельніцтва і ў цэлым сацыяльна-эканамічнага развіцця той або іншай тэрыторыі не можа быць паспяховым без добра наладжанай і арганізаванай міграцыйнай палітыкі.
Міграцыйная палітыка — гэта сістэма дзяржаўных мер, накіраваных на рэгуляванне міграцыі з мэтай аптымізацыі перамяшчэнняў насельніцтва, рацыяналізацыі маштабаў, структуры і напрамку міграцыйных патокаў.
На сучасным этапе ўсе краіны свету праводзяць актыўную міграцыйную палітыку. Адны з іх зацікаўлены ў тым, каб частка працоўных рэсурсаў эмігрыравала, іншыя, наадварот, прыцягваюць неабходную для канкрэтных відаў працы рабочую сілу і разглядаюць арганізаваную іміграцыю як крыніцу ўзбагачэння дзяржавы. У свеце пастаянна існуюць эпіцэнтры прыцягнення «мускулаў» і «розумаў» і раёны, якія іх пастаўляюць. Гэта значыць, што міграцыйная палітыка дзяржавы з’яўляецца адной з форм дзяржаўных адносін.
Актыўна праводзіцца міграцыйная палітыка і ўнутры дзяржаў з мэтай арганізаванага пераразмеркавання працоўных рэсурсаў да зон самага актыўнага гаспадарчага развіцця, ці, наадварот, з мэтай адтоку рабочай сілы з зон, дзе ўтварыўся адносны лішак рабочых рук і пагражае беспрацоўе.
Кіраваць міграцыяй вельмі цяжка, паколькі ў гэтым працэсе пераплятаюцца інтарэсы дзяржавы і канкрэтнай асобы і ў многіх выпадках яны не супадаюць. Але кіраваць неабходна. У адваротным выпадку нерэальна само выканавне планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця той або іншай тэрыторыі. Сістэма мер міграцыйнай палітыкі павінна быць такой, каб магла адпавядаць інтарэсам асобы, з аднаго боку, і інтарэсам грамадства ў цэлым, з другога; інтарэсам асобнага рэгіёна і дзяржавы ў цэлым. Гэта значыць, яна павінна быць агульнадзяржаўнай і ў той жа час строга дыферэнцыраванай у залежнасці ад канкрэтных мясцовых умоў.
Як ужо адзначалася, Рэспубліка Беларусь — раён актыўных міграцый насельніцтва, але рэгулюючае ўздзеянне на гэты пранэс патрабуе яшчэ пастаяннага ўдасканалення. 3 улікам рэгіянальных асаблівасцей дэмагра-
фічнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, для актывізацыі міграцыйнай палітыкі ў рэспубліцы неабходна, на наш погляд, ажыццявіць цэлы комплекс ўзаемазвязаных мерапрыемстваў.
Актывізацыя навуковых даследаванняў з мэтай глыбокага вывучэння міграцыйнай і агульнай дэмаграфічнай сітуацыі як у рэспубліцы ў цэлым, так і ў кожным тэрытарыяльным комплексе, кожным адміністрацыйным раёне, аж да канкрэтных тыпаў населеных пунктаў.
Каб кіраваць такім складаным працэсам, як міграцыя насельніцтва, неабходна дасканала ведаць прычыны і матывы перамяшчэнняў тых ці іншых груп насельніцтва, фактары, якія прыцягваюць мігрантаў ці, наадварот, прымушаюць іх да перасялення ў іншыя месцы жыхарства. Такога ж пастаяннага вывучэння патрабуюць і вынікі міграцыі як для раёнаў адтоку, так і прытоку мігрантаў.
У Беларусі працэс гэты вывучаецца недастаткова. Ускосна ён закранаецца пры вывучэнні працоўных рэсурсаў, планаванні размяшчэння вытворчасці, складанні схем раённай планіроўкі. Аднак адзінага цэнтра, які б вывучаў працэс міграцыі, распрацоўваў рэкамендацыі і абгрунтаваныя прапановы для ўрада, рэспубліка не мае. Наспела вострая неабходнасць у стварэнні Цэнтра па вывучэнню праблем народанасельніцтва Беларусі, пры якім былі б навуковыя падраздзяленні па ўсіх праблемах развіцця, рассялення і міграцыі насельніцтва рэгіёну.
Рэгуляванне міграцыі на ўсіх узроўнях: мясцовым, раённым, абласным, рэспубліканскім і ў межах тэрытарыяльных комплексаў.
Першы напрамак рэгулявання міграцыі — скарачэнне адтоку з сельскіх пасяленняў, спачатку ў тых раёнах, дзе дэмаграфічная сітуацыя самая неспрыяльная, а затым паступова ва ўсіх сельскіх пасяленнях. Для рашэння гэтай задачы неабходна выкарыстаць розныя меры э к а н а м і ч н a г a ха р а к т а р у. Напрыклад, можна нарошчваць вытворчыя магутнасці за кошт розных элементаў сістэмы АПК з мэтай стварэння магчымасцей для выбару заняткаў насельніцтва і яго замацавання. Ва ўмовах Беларусі гэта могуць быць невялікія аб’екты па нарыхтоўцы і захаванню сельскагаспадарчай прадукцыі, пярвічнай перапрацоўцы зерня, бульбы, агародніны, садавіны, комплексы з пярвічнай перапрацоўкай малака, мяса і яго рэалізацыяй па прамой сувязі са
спажыўцом. Да сельскіх пасяленняў можна наблізіць многія службы па забеспячэнню сельскай гаспадаркі і сельскага насельніцтва, вучэбныя ўстановы ніжэіішага рангу (павышэнне кваліфікацыі кадраў, тэхнічнага, эканамічнага ўсенавуча). У вёсках, нават невялікіх, але зручна размешчаных на транспартных магістралях, могуць размяшчацца невялікія філіялы, цэхі прамысловых прадпрыемстваў.
Частку ўстаноў, якія забяспечваюць пачатковае аб^лугоўванне і арганізацыю гаспадарчай дзейнасці, таксама можна разгрупаваць па болып дробных населсных пунктах і гэтым падняць іх прэстыж.
Каб пашырыць магчымасці працаўладкаванпя сельскіх дзяўчат і жанчын, неабходна пераарыентацыя вытворчасці на жаночыя віды працы.
Чым большы выбар заняткаў для сельскіх жыхароў, тым больш прэстыжны той або іншы населены пункт для пражывання.
Удасканаленне арганізацыі працы таксама адна з мер, якія змяншаюць незадаволенасць умовамі жыцця ў сельскай мясцовасці. Новымі формамі арганізацыі працы паступова становяцца калектыўныя, сямейныя, арэндныя падрады, кааператывы, індывідуальныя віды працоўнай дзейнасці, падсобныя промыслы. Імі неабходна ахапіць не толькі сельскую гаспадарку, але і сістэму сервісу, адпачынку, апрацоўку прысядзібных гаспадарак, будаўнічыя і рамонтныя работы на вёсцы, добраўпарадкаванне населеных пунктаў, дарожнае будаўніцтва, сістэму нарыхтовак і збыту прадукцыі, забеспячэння насельніцтва таварамі і паслугамі. Гэтыя формы працы не толькі садзейнічаюць замацаванню сельскіх жыхароў, але і прыцягваюць частку гараджан.
Важнейшым рэгулятарам у развіцці і рассяленні насельніцтва любой дзяржавы з’яўляецца рэалізацыя прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, збліжэнне ўмоў жыцця розных слаёў насельніцтва.
Неабходна дасягнуць забеспячэння спрыяльных умоў пражывання для ўсіх груп насельніцтва шляхам будаўніцтва добраўпарадкаванага жылля, пераважна сядзібнага тыпу; набліжэння да месца жыхарства тых аб’ектаў сферы паслуг, якімі людзі карыстаюцца паўсядзённа; забеспячэння добрай транспартнай даступнасці ўсіх населеных пунктаў; дапамогі ў вядзенні асабістай падсобнай ці прыватнай гаспадаркі.
Удасканальванне жыллёвых умоў неабходна ажыц-
цяўляць дыферэнцыравана: ільготныя ўмовы атрымання новага жылля або рамонту старога ў першую чаргу ствараць тым, у каго менш сродкаў і сіл для індывідуальнага будаўніцтва (маладыя сем’і, мнагадзетныя сем’і, асобы старога ўзросту, маладыя спецыялісты). Такая ж дыферэнцыраваная павінна быць плата за жыллё.
У адпаведнасці з працоўным укладам насельніцтва неабходна размяркоўваць і фонды грамадскага спажывання, розныя ільготы, суадносіны дзяржаўнага і індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва і г. д. Асаблівыя клопаты трэба праяўляць аб людзях старога ўзросту, ветэранах працы, удовых адзінокіх жанчынах, колькасць якіх вельмі вялікая ў сельскай мясцовасці.
Адміністрацьійна-гаспадарчыя меры неабходна накіроўваць перш за ўсё на ўзмацненне ролі мясцовых улад. Каб мясцовыя ўлады маглі на справе гжыццяўляць кіраванне даверанай ім тэрыторыяй, гаспадаркай і насельніцтвам, яны павінны мець фінансавыя сродкі. Крыніцамі фінансавання могуць быць: уласныя сродкі (узносы насельніцтва на развіццё населеных пунктаў, падаткі з зямельных участкаў, узносы на добраўпарадкаванне дарог і камунальных збудаванняў, здача зямельных участкаў у арэнду, даходы ад жылля і інш.) — 10—15% бюджэту; паступленні ад прадпрыемстваў, кааператываў за карыстанне рэсурсамі тэрыторыі — 1/3 бюджэту; пераразмеркаванне ад цэнтральных органаў — 10—15%; дзяржаўныя субсідыі — каля 1/3 бюджэту.