Насельніцтва Беларусі
Рэгіян. асаблівасці развіцця і рассялення
Выдавец: Універсітэцкае
Памер: 176с.
Мінск 1992
школу яны ходзяць ужо з першага класа за 3—5 км, на дамашнюю падрыхтоўку да ўрокаў часу амаль не застаецца. Значыць, умовы існавання дзяцей тут адносна горшыя. У такіх адарваных, ізаляваных пасяленнях не выкараняюцца розныя перажыткі, сацыяльныя заганы, паколькі людзі не адчуваюць знешняга ўздзеяння, якое мае вялікае выхаваўчае значэнне. Яны вымушаны многа часу траціць на вядзенне сваёй асабістай падсобнай гаспадаркі, на дарогу да месца работы (як правіла, у цэнтр гаспадаркі), вольнага часу яны практычна не маюць, што прыводзіць да непажаданых сацыяльных вынікаў.
Абследаванні, праведзеныя ў розпых раёнах Беларусі, паказалі, што адзначаная вышэй дыферэнцыяцыя існуе незалежна ад таго, багатая гэта гаспадарка ці адстаючая. Адрозненне можна ўбачыць толькі па цэнтральных пасёлках, у дробных жа вёсках становішча ўсюды аднолькавае. У гэтым выяўляецца рассяленчы аспект сацыяльнай несправядлівасці.
3 мэтай паляпшэння ўмоў жыцця насельніцтва ставіцца задача наблізіць неабходныя культурна-бытавыя ласлугі да кожнага населенага пункта. Гэта набліжэнне можа быць дасягнута двума шляхамі. Адзін шлях — паслуга па месцу жыхарства, г. зн. адраджэнне малакамплектных пачатковых школ, ясляў, садоў, стварэнне разгалінаванай, слабааснашчанай дробнай сеткі ФАПаў, бальніц, магазінаў, клубаў і г. д. Другі шлях — паслуга дастаўляецца спажыўцу ці спажывец да паслугі з дапамогай транспартных сродкаў. Але для гэтага патрэбна будаўніцтва дарог з цвёрдым пакрыццём. Каб транспарт функцыяніраваў круглы год, неабходна маса дадатковых транспартных сродкаў і рабочай сілы. I той, і іншы шлях патрабуюць вялікіх затрат працоўных, фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў. I такія тэрыторыі аказаліся ў цяжкім становішчы, паколькі яны не маюць у запасе ні працоўных, ні матэрыяльных рэсурсаў.
Праблему можна вырашыць толькі на рэспубліканскім узроўні, г. зн. шляхам пераразмеркавання капітальных укладанняў. Напрыклад, у паўднёвай, буйнасяленнай зоне, дзе ўжо цяпер амаль . кожны населены пункт мае неабходны набор паслуг і добра забяспечаны транспартам, расходы на сацыяльнае развіццё вёскі адносна меншыя. Гэта ж адносіцца і да прыгарадных зон. За кошт іх можна пераразмеркаваць сродкі ў малазабяспечаныя раёны.
Эканамічны аспект рассялення выяўляецца ў экана-
мічнай эфектыўнасці гаспадарчай дзейнасці і матэрыяльным становішчы насельніцтва. Сістэма рассялення можа садзейнічаць ці, наадварот, стрымліваць, пагаршаць эканамічнае развіццё, выклікаць дадатковыя затраты. Напрыклад, лягчэй і танней стварыць новую вытворчасць у стараабжытых раёнах, чым у незаселеных, у буйных гарадах, чым у малых. Характар сельскага рассялення пры калектыўнай арганізацыі вытворчасці ўплывае на эканоміку калгасаў, пры індывідуальнай — на дабрабыт сялян.
Ва ўмовах Беларусі, дзе дамінуе калгасная форма арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці, у лепшым становішчы знаходзяцца тыя гаспадаркі, якія створаны на землях 2—5 буйных вёсак. Тут меншыя страты часу на арганізацыю працы, эканомяцца сродкі на ўтрыманне кіраўніцкага апарата, меншыя расходы на вытворчую і сацыяльную інфраструктуру. Аднак такіх гаспадарак у Беларусі вельмі мала—■ менш 10%. Асноўная маса гаспадарак складаецца з 5—10 вёсак, больш 500 гаспадарак маюць на сваёй тэрыторыі ад 10 да 30, а некаторыя — да 50 невялічкіх вёсак па 15—20 двароў. Пры такім унутрыгаспадарчым рассяленні вялікія плошчы зямельных рэсурсаў выкарыстоўваюцца нерацыянальна (шматлікія праезды, дарогі, сцежкі, забудовы). Здрабняюцца ворныя ўчасткі, ускладняецца іх механізаваная апрацоўка, павялічваюцца затраты ручной працы. У выніку такія гаспадаркі знаходзяцца ў адносна горшых умовах і маюць ніжэйшы ўзровень эфектыўнасці вытворчасці. На такіх тэрыторыях больш падыходзіць індывідуальная форма гаспадарчай дзейнасці.
Экалагічная абстаноўка ў зонах уплыву сельскіх пасяленняў патрабуе такога ж вывучэння і кантролю, як і ў гарадах. Напрыклад, асобныя дробныя прадпрыемствы, параскіданыя ў сельскай мясцовасці, даюць выкіды ў атмасферу большыя, чым прамысловыя гіганты, паколькі яны не маюць элементарных ачысных збудаванняў. Аб’ём выхлапных газаў ад транспарту і сельскагаспадарчай тэхнікі ўсё ўзрастае, але ў адрозненне ад гарадоў не кантралюецца адмысловымі службамі. Гэтыя і многія іншыя прыклады гавораць аб тым, што на сучасным этапе экалагічныя праблемы актуальны аднолькава і ў гарадах, і ў сельскай мясцовасці. Востра наспела неабходнасць экалагічнага выхавання гараджан і сялян. Экалагічна неадукаваны жыхар сельскай мясцовасці, як і гараджанін, можа не толькі нанесці шкоду прыроднаму
асяроддзю, але і паставіць пад небяспеку сваё жыццё.
Такім чынам, фарміраванне і развіццё населеных пунктаў— працэс вельмі шматгранны, ён патрабуе пастаяннага ўдасканалення з улікам мясцовых асаблівасцей і агульных заканамернасцей.
5.2. ТЭНДЭНЦЫІ ДЫНАМІКІ РАССЯЛЕННЯ
Змены ў рассяленні на тэрыторыі Беларусі носяць тэрытарыяльны і структурны характар.
Тэрытарыяльны аспект дынамікі рассялення выяўляецца ў развіцці працэсу ўшыр і ўглыб. Ушыр — гэта значыць утварэнне новых населеных пунктаў, засяленне новых тэрыторый, змены ў тэрытарыяльнай арганізацыі населеных пунктаў стараабжытых раёнаў. Углыб — гэта значыць канцэнтрацыя насельніцтва ў найбольш развітых і буйных населеных пунктах, палярызацыя яго вакол апорных цэнтраў рассялення.
Структурны аспект дынамікі рассялення — гэта пераход структуры пасяленчай сеткі ад менш складанай, аднароднай да больш складанай, дыферэнцыраванай, удасканаленай. Гэта змены ў суадносінах гарадскіх і сельскіх форм, структурныя зрухі ў люднасці населеных пунктаў, іх функцыях, планіроўцы і забудове.
У Беларусі, нягледзячы на цяжкасці, негатыўныя вынікі розных аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў, у тзрытарыяльнай арганізацыі населеных пунктаў, узроўні іх сацыяльна-эканамічнага развіцця адбыліся вялікія змены. 3 аграрнай, сельскай, вясковай Беларусь ператварылася ў індустрыяльную, урбанізаваную краіну. У пачатку XX стагоддзя на яе тэрыторыі толькі 3 жыхары з 20 вялі гарадскі спосаб жыцця, у сучасны момант— 7 з 10. Рэспубліка ў многім пераадолела тыя дыспрапорцыі, якія былі ў размяшчэнні гарадскога насельніцтва і прамысловага патэнцыялу і выяўляліся ў празмернай іх канцэнтрацыі ў Мінску і абласных гарадах.
Найбольш істотныя пераўтварэнні ў геаграфіі населеных пунктаў адбыліся ў раёнах першачарговага развіцця перыферыйнай зоны. Перш за ўсё гэта цэнтральныя раёны Палесся. Беларускае Палессе ахоплівае тэрыторыю 29 адміністрацыйных раёнаў Брэсцкай, Гомельскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей, плошчай каля 60 тыс. кв. км — 1/3 тэрыторыі рэспублікі. На гэтай тэрыторыі да чарнобыльскай аварыі пражывала болып за 2 млн. чалавек. У зоне Палесся сканцэнтраваны асноўныя
мінеральна-сыравінныя рэсурсы Беларусі: калійныя і каменныя солі, нафта, вугаль, гаручыя сланцы, мінеральныя будаўнічыя матэрыялы і інш.
На базе асваення гэтых рэсурсаў сталі фарміравацца такія галіны гаспадаркі, як нафтаздабываючая і нафтаапрацоўчая, вытворчасць мінеральных угнаенняў, будаўнічых матэрыялаў, хімічная прамысловасць. Мінеральныя рэсурсы ў дадзенай зоне залягаюць у выглядзе тэрытарыяльных спалучэнняў, што садзейнічала фарміраванню прамысловых комплексаў, а на іх базе групавых форм рассялення. У цэлым зона Палесся да чарнобыльскай аварыі была самай дынамічнай у гаспадарчых адносінах. Таму сетха населеных пунктаў тут падвяргалася ічтэнсіўнаму пераўтварэнню: фарміраваліся новыя цэнтры гаспадарак на меліяраваных землях, новыя сістэмы рассялення вакол хутка растучых гарадоў і тэрытарыяльна-вытворчых комплексаў. Развіццю ўрбанізацыі садзейнічалі значныя резервы сельскага населыііцтва, якім вызначаўся гэты рэгіён. У 1989 г. у межах Гомельскай і Брэсцкай абласцей налічвалася 63 гарадскія пасяленні, у тым ліку 8 з 22 буйнейшых гарадоў рэспублікі.
Сельскае рассяленне ў гэтай зоне мае рад адметных асаблівасцей. Тут самая вялікая ў рэспубліцы люднасць сельскіх пасяленняў (3G0 чалавек у сярэднім), найменшая іх густата. Паколькі пасяленні буйныя, то практычна ўсе яны забяспечаны неабходным комплексам элементаў культурна-бытавога абслугоўвання, г. зн. жыхары могуць карыстацца ім непасрэдна па месцу жыхарства. У паўночнай Беларусі такія магчымасці мае менш палавіны населеных пунктаў. Паўднёвыя раёны лепш забяспечаны працоўнымі рэсурсамі, тут больш занятых у сельскай гаспадарцы, крыху вышэйшы натуральны прырост насельніцтва.
Аднак іменна гэта зона ўяўляе сабой найбольш успрымальную тэрыторыю ў экалагічных адносінах, што асабліва адчуваецца пасля чарнобыльскай аварыі, цяжкія вынікі якой абрушыліся якраз на гэтую тэрыторыю.
Другая зона актыўнага гаспадарчага развіцця — заходнія раёны Беларусі. Тут таксама адбываюцца істотныя зрухі ў размяшчэнні вытворчасці і насельніцтва. Змены ў рассяленні ідуць галоўным чынам углыб, за кошт структурных пераўтварэнняў. У перспектыве ў гэтай зоне сфарміруюцца больш выразна такія сістэмы рассялення, як Глыбоцка-Пастаўская, Лідская, Ваўкавыская, Маладзечанская.
Нягледзячы на прамысловыя зрухі, Беларусь застаецца буйным сельскагаспадарчым раёнам і выконвае важную ролю ў рашэнні праблем харчовага забеспячэння. У сувязі з гэтым населепыя пункты рознага рангу выконваюць свае канкрэтныя задачы гаспадарчай дзейнасці, узаемазвязанай на аснове вядучых галін сельскай гаспадаркі. Так, сельскія пасяленні выконваюць функцыі вытворчасці харчовых сыравінных рэсурсаў. Наступнае звяно — малыя гарады. Іх функцыі — нарыхтоўка, захоўванне і пераапрацоўка сельскагаспадарчай сыравіны, выкананне меліярацыйных, будаўнічых, транспартных, рамонтных і іншых работ для сельскіх пасяленняў. Функцыі матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння (тэхнікай, хімікатамі, энергіяй, палівам, навуковымі і праектнымі распрацоўкамі), а таксама падрыхтоўкі кадраў для сельскай мясцовасці выконваюць у асноўным буйныя гарады.
Такім чынам, складаны аграпрамысловы комплекс ахоплівае ўсе формы пасяленняў і мае разгалінаваную сістэму прамых і адваротных сувязей, якія садзейнічаюць узмацненню сістэмаўтвараючых працэсаў у рассяленні. Як бы да гэтага ні адносіліся, факт застаецца рэальнасцю, як новая рыса дынамікі рассялення ў XX стагоддзі.