• Газеты, часопісы і г.д.
  • Навейшая гісторыя краін Азіі і Афрыкі  Людміла Гаўрылавец, Мікалай Мязга

    Навейшая гісторыя краін Азіі і Афрыкі

    Людміла Гаўрылавец, Мікалай Мязга

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 335с.
    Мінск 2017
    107.26 МБ
    64
    праграма нацыянальнай палітыкі», у якой у галіне знешняй палітыкі ставіліся задачы завяршыць «кітайскі інцыдэнт» і потым пабудаваць «вялікую ўсходнеазіяцкую сферу су-меснага росквіту». Вызначалася задача ўмацаваць сувя-зі з Германіяй і Італіяй аж да заключэння ваеннага пагад-нення.
    Стварэнне «новай палітычнай структуры». 3 дзейнасцю другога кабінета Каноэ звязаны пачатак пабудовы ў Японіі «новай палітычнай структуры», якая ўяўляла па сутнасці таталітарны рэжым. 23 ліпеня 1940 г. Каноэ выступіў па радыё і заявіў, што палітычныя партыі любых накірункаў «ужо несумяшчальныя з новай дзяржаўнай структурай». Да жніўня ўсе яны «самараспусціліся», а для рэалізацыі «но-вай палітычнай структуры» 27 верасня 1940 г. быў створаны Рух дапамогі трона, ядром і кіруючым органам якога ста-ла Асацыяцыя дапамогі трона (Тайсэй ёкусан кай). Узна-чаліў АДТ прэзідэнт, якім станавіўся прэм’ер-міністр кра-іны. У прэфектурах, уездах, гарадах і пасёлках існавалі мя-сцовыя аддзелы АДТ, увесь адміністрацыйны апарат якіх прызначаўся прэзідэнтам. Такім чынам, АДТ зрошчвалася з дзяржаўным апаратам. Ёй падпарадкоўваліся розныя ма-савыя арганізацыі (Асацыяцыя вялікай Японіі, Служэнне айчыне праз вытворчасць, Маладзёжная партыя вялікай Японіі).
    7 снежня 1940 г. былі створаны кантрольныя асацыяцыі па розных відах вытворчасці, якія ад імя дзяржавы ажыц-цяўлялі функцыі нагляду, забеспячэння, рэгулявання і ін-шыя. Іх старшынямі былі прызначаны прадстаўнікі буйных канцэрнаў, што азначала ўвядзенне татальнага дзяржаўна-га рэгулявання эканомікі ў рамках падрыхтоўкі да «вялі-кай вайны». Гэта сістэма атрымала назву «новая эканаміч-ная структура». «Новая палітычная» і «новая эканамічная» структуры, ці як іх яшчэ называлі «новая нацыянальная структура», сталі асновай усяго жыцця Японіі ваеннага ча-су. Такая сістэма прадстаўляла сабой японскі варыянт та-талітарнага рэжыму. У сучаснай гістарыяграфіі яго не ха-рактарызуюць як фашысцкі. Хутчэй у 1930-я гг. у Японіі пад уплывам змяненняў у знешнепалітычнай і знешнеэкана-мічнай сітуацыі адбылася рэстаўрацыя сістэмы ваенна-бю-ракратычнага кіравання, якая знаходзілася ў цэлым у рам-
    5.	Зак. 2985
    65
    ках мэйдзійскай традыцыі канца XIX — пачатку XX ст., ка-лі ваенныя і прыдворная бюракратыя аказвалі вызначальны ўплыў на дзяржаўнае кіраванне. У 1920-я — першай палове 1930-х гг. ад яе адбыўся пэўны адыход. Але сітуацыя канца 1930-х — пачатку 1940-х гг. прывяла да яе адраджэння. Да ранейшай мадэлі дабавіліся элементы дзяржаўна-эканаміч-нага рэгулявання, характэрныя для любой ваюючай краіны. На выбар мадэлі развіцця Японіі паўплываў таталітарны во-пыт еўрапейскіх краін, які шмат у чым адпавядаў японскай традыцыі. Пры гэтым правячая эліта захавала сваю пераем-насць, правячы рэжым абапіраўся на традыцыяналісцкае яд-ро, у адрозненні ад еўрапейскіх фашысцкіх дзяржаў, дзе да ўлады прыйшла новая палітычная эліта.
    27 верасня 1940 г. у Берліне быў падпісаны «Траісты пакт» паміж Германіяй, Італіяй і Японіяй, па якім бакі пры-знавалі «кіруючае становішча» Японіі ў Азіі. Прадугледжва-лася аказанне ўзаемнай дапамогі, «калі адзін з трох бакоў, што дамаўляюцца, падвергнецца нападзенню» з боку якой-небудзь дзяржавы, якая не ўдзельнічае ў гэты час у ваенных дзеяннях. Асобны артыкул быў прысвечаны Савецкаму Са-юзу, які выводзіўся за рамкі дадзенага пакта. Такім чынам, падпісаўшы «Траісты пакт», Японія канчаткова супрацьпа-ставіла сябе Вялікабрытаніі і Злучаным Штатам. Рэзка не-гатыўную рэакцыю ЗША выклікала акупацыя Японіяй во-сенню 1940 г. паўночнай і цэнтральнай частак французскага Індакітая.
    Паражэнне японскай арміі ў пагранічных сутыкненнях ля возера Хасан і р. Халхін-Гол, а таксама падпісанне пакта аб ненападзенні паміж Германіяй і СССР і распачатая вай-на ў Еўропе выклікалі змены ў палітыцы Японіі ў адносінах да Савецкага Саюза, мэтай якой зараз стала нармалізацыя япона-савецкіх адносін. 13 красавіка 1941 г. у Маскве быў падпісаны савецка-японскі пакт аб нейтралітэце. Па ім бакі абавязаліся «падтрымліваць мірныя адносіны», а ў выпад-ку, калі адзін з бакоў акажацца аб’ектам ваенных дзеянняў з боку трэціх краін, другі бок абавязваўся захоўваць ней-тралітэт. Па сакрэтным пратаколе СССР прызнаваў Маньч-жоў-Го, гэта значыць фактычна акупацыю Японіяй Мань-чжурыі.
    66
    Каноэ спадзяваўся знайсці кампраміс з ЗІПА. 3 гэтай мэ-тай 8 сакавіка 1941 г. пачаліся перамовы спецыяльнага па-сланніка японскага ўрада Намура з дзяржаўным сакратаром ЗТТТ A К. Хэлам. Адразу высветлілася, што пазіцыі бакоў моцна разыходзяцца. 2 ліпеня 1941 г. адбылася імператар-ская нарада, на якой размова ішла пра выбар стратэгічна-га накірунку далейшай японскай экспансіі. У выніку была прынята «Праграма нацыянальнай палітыкі імперыі ў су-вязі са зменай становішча», у якой адхілялася ўстаноўка на неадкладны напад на СССР і прымалася рашэнне «ў выпад-ку неабходнасці не спыняцца перад вайной з Англіяй і Аме-рыкай». Выбар «паўднёвага» кірунку агрэсіі быў прадыкта-ваны ў першую чаргу вялікай зацікаўленасцю Японіі ў па-ліўна-сыравінных рэсурсах Паўднёва-Усходняй Азіі. Напад на Савецкі Саюз павінен быў адбыцца ў той момант, калі ён будзе разгромлены Германіяй.
    29 ліпеня 1941 г. пачалася акупацыя японцамі Паўднё-вага Індакітая. Вялікабрытанія і ЗША заявілі пра замарож-ванне японскіх капіталаў. Адначасова Вялікабрытанія дэ-нансавала англа-японскі гандлёвы дагавор 1911 г., япона-ін-дыйскі гандлёвы дагавор 1934 г. і япона-бірманскі гандлёвы дагавор 1937 г. 1 жніўня Злучаныя Штаты ўвялі забарону на экспарт у Японію усіх тавараў, перш за ўсё нафты, за вы-ключэннем бавоўны і харчавання. Японія апынулася ў вель-мі цяжкім становішчы. Камандаванне флотам заявіла, што калі не атрымаецца забяспечыць Японію нафтай, то праз два гады ваенна-марскі флот будзе паралізаваны.
    На просьбу Каноэ аб сустрэчы Рузвельт адказаў згодай, але дзяржаўны сакратар Хэл ад імя прэзідэнта прапанаваў японскаму ўраду яшчэ да сустрэчы кіраўнікоў дзвюх дзяр-жаў «прыняць праграму дасягнення паразумення». У ад-варотным выпадку, адзначыў Хэл, гэта сустрэча «пагражае скончыцца правалам». 12 кастрычніка 1941 г. у рэзідэнцыі Каноэ адбылася нарада міністраў ваеннага, ваенна-марскога і замежных спраў з кіраўніком кабінета. Каноэ спрабаваў пе-раканаць іх у магчымасці працягу перамоў з ЗША, але ва-енны міністр Тодзё ад імя арміі выказаў патрабаванне спы-ніць перамовы. 16 кастрычніка Каноэ афіцыйна заявіў пра адстаўку свайго кабінета. 17 кастрычніка 1941 г. імператар
    67
    даручыў фарміраванне новага кабінета генералу Тодзё Хідэ-кі, які захаваў пасаду ваеннага міністра.
    5 лістапада 1941 г. на імператарскай нарадзе было пры-нята рашэнне пачаць супраць ЗША, Вялікабрытаніі і Га-ландыі вайну, якая стала практычна непазбежнай. Пры гэтым перамовы з ЗША працягваліся. У адказ на японскі праект пагаднення, прыняты на ўказанай імператарскай нарадзе, Хэл 26 лістапада уручыў янонскаму паслу Намура ноту, змест якой зводзіўся да таго, што амерыканскі бок па-трабаваў ад Японіі вярнуцца да становішча, існаваўшага да пачатку «маньчжурскага інцыдэнту». У той жа дзень 26 лі-стапада 1941 г. японскі флот выйшаў у акіян, каб атакаваць Пёрл-Харбар. У нядзелю 7 снежня, праз гадзіну пасля япон-скай атакі, пасол Намура ўручыў К. Хэлу мемарандум япон-скага ўрада, у якім Злучаным Штатам аб’яўлялася вайна. Вялікабрытаніі і Галандыі ноты пра аб’яўленне вайны на-огул не былі ўручаны.
    Японія ў вайне на Ціхім акіяне. Раніцай 7 снежня (па такійскім часе 8 снежня) японская марская авіяцыя атака-вала Пёрл-Харбар. Гэта стала пачаткам вайны на Ціхім акі-яне. У Пёрл-Харбары тады знаходзіліся 8 лінкораў, 8 крэйсе-раў і 29 эсмінцаў. У выніку японскіх удараў былі знішчаны ці выведзены са строю ўсе лінейныя караблі, 6 лёгкіх крэй-сераў, эсмінец і 272 самалёты. Праўда, усе тры авіяносцы, якія базіраваліся ў Пёрл-Харбары, былі выведзены на вучэн-ні і таму не пацярпелі. Страты амерыканцаў у людзях скла-лі 3400 чалавек, у тым ліку 2402 забітымі. Японцы стра-цілі 29 самалётаў. Вайну Японіі аб’явілі ЗША, Вялікабры-танія, Канада, Галандыя, Аўстралія, Новая Зеландыя, Паў-днёва-Афрыканскі Саюз, шэраг дзяржаў Лацінскай Амерыкі і Кітай, які, нягледзячы на тое, што баявыя дзеянні япон-скай арміі на кітайскай тэрыторыі працягваліся ўжо больш за чатыры гады, фармальна не знаходзіўся ў стане вайны з Японіяй.
    Адначасова з атакай на Пёрл-Харбар японскія ўзброеныя сілы пачалі Філіпінскую аперацыю. Японская авіяцыя рап-тоўнымі ўдарамі знішчыла на зямлі палову амерыканскіх бамбардзіроўшчыкаў, больш за трэць знішчальнікаў і за-хапіла панаванне ў паветры. Японцы 10 снежня высадзілі на востраве Лусон свае перадавыя часці. 2 студзеня 1942 г.
    68
    японцы занялі сталіцу Філіпін Манілу, a 7 мая паў апошні аплот супраціўлення амерыканцаў на Філіпінах — востраў-крэпасць Карэхідор. У палон трапіла 12 тыс. амерыканскіх салдат і афіцэраў.
    Разам з дзеяннямі супраць Філіпін японцы правялі Ма-лайскую аперацыю супраць брытанскіх войск з мэтай захопу Брытанскай Малаі, багатай стратэгічнай сыравінай. Для гэ-тага японскае камандаванне вылучыла 70-тысячную армію на чале з генералам Ямасіта Тамаюкі, 9 крэйсераў, 16 эс-мінцаў, 16 падводных лодак і каля 600 самалётаў. Ім суп-рацьстаялі сілы пад камандаваннем генерала А. Персіваля (каля 100 тыс. чалавек). У выніку налётаў на брытанскія аэрадромы на працягу першых двух дзён баёў японцы зні-шчылі трэць брытанскай авіяцыі. Яны хутка прасоўваліся на поўдзень адначасова ўздоўж усходняга і заходняга ўзбя-рэжжаў паўвострава Малака. 31 студзеня 1942 г. брытанскія і малайскія войскі адышлі ў Сінгапур. 8 лютага японцы вы-садзіліся на востраў Сінгапур, a 15 лютага брытанскі гар-нізон капітуляваў. У выніку ў японскі палон трапіла каля 100 тыс. англічан.
    У сярэдзіне лютага 1942 г. японцы захапілі нафтапромы-слы на востраве Суматра (Нідэрландская Індыя), потым вы-садзіліся на Балі і перабазіравалі туды сваю авіяцыю. Каб выключыць магчымасць дастаўкі саюзнікамі падмацаван-няў, авіяноснае злучэнне адмірала Нагума 19 лютага здзей-сніла налёт на порт Дарвін (Аўстралія), знішчыла ўсе караб-лі, якія там знаходзіліся, і разбурыла партовыя збудаванні. Японцам удалося блакіраваць у Яванскім моры аб’яднаную эскадру саюзнікаў (5 крэйсераў і 10 эсмінцаў), якая была амаль поўнасцю знішчана падчас марской бітвы 27—28 лю-тага. Да 15 сакавіка японцы авалодалі ўсёй Нідэрландскай Індыяй.