Навейшая гісторыя краін Азіі і Афрыкі
Людміла Гаўрылавец, Мікалай Мязга
Выдавец: Народная асвета
Памер: 335с.
Мінск 2017
83
лігійна-абшчынных выбарчых курый. Няўдача перамоў бы-ла выкарыстана Гандзі як падстава для яшчэ адной кампа-ніі грамадзянскага непадпарадкавання, на гэты раз у форме грамадзянскага несупрацоўніцтва пераважна індывідуаль-нага характару.
У 1932 г. М. Гандзі выступіў за прадастаўленне грама-дзянскіх правоў недатыкальным. Паколькі індыйскім ліда-рам не ўдалося пераадолець міжабшчынны разлад, англійскі ўрад у жніўні 1932 г. вымушаны быў унесці кампрамісную прапанову, згодна якой зарэгістраваныя касты (недатыкаль-ныя) і мусульмане атрымлівалі права галасаваць на выба-рах па ўласных спісах. Гандзі, які ў той час знаходзіўся ў зняволенні ў Пуне, прыгразіў «галадаць да смерці» ў знак пратэсту супраць дадзенага плана. На трэцяй канферэнцыі «Круглага стала» ў 1932 г. была прызнана неабходнасць да-лейшага вывучэння праблемы кіравання Індыяй камітэтам, прызначаным сумесна дзвюма палатамі брытанскага парла-мента. ІНК байкатаваў трэцюю канферэнцыю.
Канстытуцыя 1935 г. Увядзенне правінцыяльнай аўта-номіі. У 1935 г. англійскі парламент прыняў Закон аб кіра-ванні Індыяй, па якім выбарчае права атрымалі 12 % насель-ніцтва, былі пашыраны правы мясцовых заканадаўчых ор-ганаў, аднак каланіяльнае становішча краіны захоўвалася. Гэты закон утрымліваў два прынцыпова важныя палажэнні. Па-першае, уладам правінцый поўнасцю перадаваліся нека-торыя сферы законатворчасці і права ўстанаўліваць і спага-няць пэўныя віды падаткаў. Кіраўніком выканаўчай улады ў правінцыях па-ранейшаму заставаўся англійскі губернатар, які мог накласці вета на любы выдадзены «заканадаўчымі» органамі ўказ. Акрамя таго, Закон прадугледжваў, што гу-бернатар правінцыі можа прызначаць міністраў пасля кан-сультацыі з палітычным лідарам, які карыстаецца падтрым-кай большасці ў правінцыяльным заканадаўчым сходзе. Па-другое, выступаўшым у якасці прадстаўнікоў метраполіі губернатарам у сваёй дзейнасці неабходна было прытрымлі-вацца рэкамендацый міністраў пры магчымым захаванні за сабой шэрага сілавых функцый. Сярод іх — прадухіленне любой сур’ёзнай пагрозы парадку і спакою на падначаленай тэрыторыі, забеспячэнне бяспекі меншасцей і абарона дзе-лавых інтарэсаў Вялікабрытаніі. Закон 1935 г. прадугледж-
84
ваў таксама прыняцце мер па стварэнні прадстаўнічага цэнт-ральнага ўрада.
Закон прадугледжваў і шырокае выкарыстанне курыяль-най сістэмы на выбарах, што ўносіла раскол у нацыяналь-ны рух. Каб пагоршыць індуска-мусульманскія адносіны і стварыць перашкоды для пагаднення паміж ІНК і Мусуль-манскай лігай, мусульманам і іншым меншасцям надаваліся асаблівыя перавагі. Індусы, уключаючы недатыкальных, ме-лі 70 % галасоў пры выбарах, але толькі 55 % месцаў у за-канадаўчых сходах. Узмацняўся уплыў князёў, назначэнцы якіх складалі трэць дэпутатаў Цэнтральнага заканадаўчага сходу і 2/5 Дзяржаўнага савета.
Тым часам унутры самога ІНК умацоўваліся пазіцыі ле-вага крыла, якое ўзначальваў Д. Нэру. У 1936 г. Д. Нэру быў абраны прэзідэнтам Кангрэса. Менавіта ён у 1935 г. найболей рэзка выступіў супраць прапанаванага англічана-мі Закона аб кіраванні Індыяй, асабліва супраць аднаасоб-нага права англійскіх улад прыбягаць да прымянення сі-лы. Канстытуцыя 1935 г. была толькі бачнасцю саступкі на-цыянальна-вызваленчаму руху і не адпавядала галоўнаму патрабаванню ІНК — не прадастаўляла незалежнасці Ін-дыі. Таму дадзены закон атрымаў назву «рабская кансты-туцыя ».
Апошнія гады, якія папярэднічалі Другой сусветнай вай-не, аказаліся адносна спакойнымі ў палітычным жыцці Ін-дыі, але курс на правінцыяльную аўтаномію выклікаў закла-почанасць нацыянальных меншасцей. У 1937 г. былі пра-ведзены выбары, якія засведчылі аўтарытэт ІНК. Членамі ІНК былі 5 млн чалавек. Ён атрымаў большасць месцаў у 8 з 11 правінцый і сфарміраваў мясцовыя ўрады. Гэта быў вя-лікі крок наперад у атрыманні ўлады і ў назапашванні дэ-макратычнага, парламенцкага вопыту. Нягледзячы на такі поспех, ІНК не змог аб’ектыўна аб’яднаць людзей усіх рэлі-гійных канфесій Індыі. Мусульманская ліга заклікала сваіх прыхільнікаў змагацца за стварэнне асобнай мусульманскай краіны Пакістан («Краіны чыстых»). Лідар мусульман Му-хамад Алі Джына патрабаваў стварыць камісію для вывучэн-ня скарг, якія, на яго думку, сведчылі аб прыгнёце членаў ісламскай канфесіі ў абласцях, дзе індуісцкае насельніцтва складала большасць.
85
Сацыяльна-эканамічнае развіццё Індыі. У 1920-я гг. у Індыі адбываецца некаторае пашырэнне нацыянальнага ка-піталізму, расце колькасць фабрык, якія належалі індый-скай нацыянальнай буржуазіі, павялічылася колькасць ра-бочых, занятых у буйной прамысловасці. Аднак англійскі манапалістычны капітал праз банкі кантраляваў пастаўкі абсталявання, крэдыты і іншыя важныя фактары развіцця індыйскага прадпрымальніцтва. У той жа час абвастрылася канкурэнтная барацьба паміж індыйскім і англійскім капі-талам, асабліва на тэкстыльным рынку. Індыйскія прадпры-мальнікі, якія вялі барацьбу за прыбыткі ў неспрыяльных для іх умовах, імкнуліся дабіцца поспехаў за кошт так зва-най рацыяналізацыі, гэта значыць перш за ўсё скарачэнне колькасці рабочых на прадпрыемствах і павелічэнне інтэнсі-фікацыі працы. Са свайго боку англійскі ўрад ствараў больш спрыяльныя ўмовы для англійскіх фірм, што гандлявалі з Індыяй. Для гэтага штучна павышаўся курс рупіі (да 1 шы-лінга 6 пенсаў), а ўвазныя пошліны заставаліся на раней-шым узроўні. Такім чынам, дзяржава ўмешвалася ў «сва-бодную канкурэнцыю», каб падтрымліваць свае манаполіі.
У 1929—1933 гг. Індыя зведала на сабе жорсткія наступ-ствы сусветнага эканамічнага крызісу. Крызіс прывёў да значнага падзення цэн на сельскагаспадарчыя прадукты, ска-раціліся пасяўныя плошчы, павялічылася абеззямельванне сялянства, яго запазычанасць ліхвярскаму капіталу. Адбы-ваецца масавае збядненне рамеснікаў, а таксама шматлікіх дробных і сярэдніх прадпрымальнікаў. Павялічылася коль-касць беспрацоўных у краіне. У той жа час «нажніцы», якія ўтварыліся ў выніку розніцы паміж цэнамі на сельскагас-падарчыя і прамысловыя тавары, далі магчымасць буйным капіталістам павялічыць свае капіталы. Узмацніўся працэс цэнтралізацыі капіталу, стварэння нацыянальных манапалі-стычных аб’яднанняў. З’яўленне манаполіі абвастрыла кан-курэнтную барацьбу індыйскай буржуазіі з англійскім ка-піталам.
Паступова крызіс удалося пераадолець, і ў перадваенныя гады павялічылася колькасць тэкстыльных фабрык, узрас-ла вытворчасць металу. Некаторае развіццё прамысловасці прывяло да росту колькасці пралетарыяту. 3 мэтай узмац-нення кантролю над індыйскім капіталам у 1935 г. англіча-
86
намі быў створаны Рэзервовы банк Індыі. Выкарыстоўваючы індыйскія капіталы, Рэзервовы банк не даваў крэдытаў ін-дыйскай прамысловасці і па сутнасці свядома тармазіў пра-мысловае развіццё краіны. Аднак, нягледзячы на такія ме-ры англійскіх каланіяльных улад, індыйскай буржуазіі ўда-лося ў нейкай меры аслабіць пазіцыі замежнага капіталу. Так, да пачатку Другой сусветнай вайны доля прадукцыі на-цыянальнай баваўнянай прамысловасці на індыйскім рын-ку ўзрасла да 65 %. Да 1938 г. шэраг капальняў і шахт пе-райшлі ў рукі індыйскіх прадпрымальнікаў, але англійскія манаполіі яшчэ захоўвалі пераважныя пазіцыі ў індыйскай эканоміцы.
Аснову сацыяльнай структуры індыйскага грамадства складала сістэма каст. Яна з часам зведала істотныя зме-ны, аднак не толькі не знікла, але і сёння працягвае жыць і адыгрываць вялікую ролю ў сацыяльна-эканамічным і па-літычным жыцці Індыі. Кожны індус нараджаецца ў адпа-веднай касце. У сваю чаргу, кожная каста ўваходзіць у вар-навую сістэму, якая складаецца з чатырох варн, ці сацыяль-ных супольнасцей. У адрозненне ад касты, варна — паняцце сакральнае. Наверсе гэтай сацыяльнай піраміды размяшча-ліся брахманы — святары, настаўнікі, саветнікі кіраўнікоў. Ім забаранялася фізічная праца. Ніжэй брахманаў былі кшатрыі, якія адказвалі за кіраванне дзяржаўнымі спра-вамі, ваенную справу, абарону падданых, выкананне імі звычаяў сваёй касты. Яшчэ ніжэй знаходзіліся вайшы — гандляры і ліхвяры.
Чацвёртая варна — шудры — павінны былі служыць першым тром варнам. Яны апрацоўвалі зямлю, але не ва-лодалі ёй. За межамі гэтай чатырохварнавай сістэмы знахо-дзіліся недатыкальныя. Прадстаўнікі ўсіх чатырох варн лі-чыліся «чыстымі», прадстаўнікі недатыкальных — «нячы-стымі», якія рытуальна паганяць усіх астатніх індусаў, асаб-ліва брахманаў і кшатрыяў. Гэта сацыяльная арганізацыя індыйскага грамадства была надзвычай іерархічнай, што вы-яўлялася спачатку ў нераўнапраўі варн, а пасля і каст. У ад-розненне ад агульнаіндыйскіх варн, касты мелі мясцовы ха-рактар. Адным з вынікаў функцыянавання каставай іерархіі стала стварэнне ўсёпранікальнай сацыяльнай сістэмы, якая дазваляла вышэйшым кастам, асабліва брахманам, духоўна.
87
ідэалагічна і матэрыяльна эксплуатаваць сярэднія і ніжэй-шыя касты. Пры гэтым брахманы займалі самыя прэстыж-ныя пазіцыі ў грамадстве. Узмацненню брахманскага ўплы-ву садзейнічала брытанскае кіраванне, якое абапіралася ў многім на пандытаў (вучоных-брахманаў), што супрацоўні-чалі з англічанамі ў якасці саветнікаў.
Індыя ў гады Другой сусветнай вайны і пазіцыя Індый-скага нацыянальнага Кангрэса. У верасні 1939 г. Індыя без яе згоды англійскім віцэ-каралём была абвешчана ваюючай краінай. Лідары ІНК выказалі незадаволенасць той акаліч-насцю, што пры прыняцці рашэння па пытаннях вайны і мі-ру не быў прадугледжаны ўдзел індыйцаў. Кангрэс адмовіў-ся падтрымліваць ваенныя намаганні англійскай адміністра-цыі, адклікаўшы сваіх міністраў з правінцыяльных урадаў. Ад англійскага ўрада патрабавалі справаздачу пра яго на-меры ў дачыненні да Індыі па завяршэнні вайны. 14 верасня 1939 г. Усеіндыйскі камітэт Кангрэса прыняў спецыяльную дэкларацыю аб стаўленні да вайны. У ёй было абвешчана аб падтрымцы ІНК ваенных намаганняў Вялікабрытаніі на наступных умовах: афіцыйнае прызнанне англійскім ура-дам права Індыі на самавызначэнне; скліканне ўстаноўчага сходу; прызнанне за індыйскімі палітычнымі партыямі пра-ва на кіраўніцтва ў будучым палітыкай Індыі; неадкладнае стварэнне адказнага перад Цэнтральным заканадаўчым схо-дам урада пры віцэ-каралю. Мусульманская ліга таксама аб-вясціла аб падтрымцы намаганняў Вялікабрытаніі, але пры ўмове пашырэння прадстаўніцтва мусульман у заканадаўчых органах. Толькі рэакцыйны лагер — князі, феадалы і камп-радоры — аказаў безумоўную падтрымку англійскай адміні-страцыі.