Навейшая гісторыя краін Азіі і Афрыкі
Людміла Гаўрылавец, Мікалай Мязга
Выдавец: Народная асвета
Памер: 335с.
Мінск 2017
У перыяд Другой сусветнай вайны з вялікай вастрынёй праявілася дэградацыя сельскай гаспадаркі Індыі. Яшчэ да вайны Індыя вымушана была ўвозіць прадукты харчавання, у прыватнасці рыс. У гады вайны ў сувязі з японскай аку-пацыяй Індакітая, Бірмы, Тайланда, буйных пастаўшчы-коў рысу ўвоз яго з гэтых краін у Індыю спыніўся. Акрамя таго, Індыя вымушана была забяспечваць харчовым збож-жам індыйскія і англійскія войскі, што знаходзіліся на паў-ночнаафрыканскім тэатры ваенных дзеянняў. У выніку на ўнутраным рынку краіны цэны на рыс і пшаніцу выраслі
88
ў пяць разоў. У Індыі пачаўся голад, які дасягнуў найболь-шай вастрыні ў 1943 г. Толькі ў правінцыі Бенгалія загіну-лі некалькі мільёнаў чалавек. Англійскія ўлады спекулява-лі збожжам у галадаючых раёнах і не прымалі эфектыўных мер па барацьбе з голадам і хваробамі. Цяжка адбіваўся на становішчы індыйскага сялянства і разрыў сусветных гаспа-дарчых сувязей. Рэзка скараціўся экспарт джуту і бавоўны, зменшыліся цэны на гэтыя культуры. У многіх раёнах была павышана арэндная плата, з’явіліся новыя ваенныя падаткі. Каля 70 % сялян былі даўжнікамі ліхвяроў і памешчыкаў. Усё гэта выклікала рэзкія ўспышкі незадаволенасці і шмат-лікія сялянскія бунты.
Вайна ўнесла карэктывы і ў прамысловае развіццё кра-іны. Прамысловасць Індыі атрымала значныя ваенныя за-казы на пастаўку для Вялікабрытаніі, іншых краін Брытан-скай імперыі боепрыпасаў, сталі і вугалю, жалезнай руды, марганцу, лушчаку, вырабаў з джуту, баваўняных тканін «хакі», шэрсцяных вырабаў (коўдраў, шынялёў). За дзевяць месяцаў з пачатку вайны вытворчасць ваенных прадпрыем-стваў у Індыі вырасла ў шэсць — сем разоў у параўнанні з папярэднім годам. У сувязі з вайной брытанская адміні-страцыя ўвяла льготы для гандлю Індыі з ЗША. Індыйскай буржуазіі падчас вайны ўдалося павялічыць свой капітал. Індыйскія капіталісты скупілі акцыі некаторых англійскіх прадпрыемстваў, у прыватнасці джутавай, вугальнай і гар-батнай прамысловасці. У гады вайны значна павялічылася цэнтралізацыя індыйскага капіталу. Буйныя індыйскія ма-наполіі сталі ствараць уласныя банкі і скупаць акцыі пра-мысловых прадпрыемстваў. Некаторы рост прамысловасці ў гады вайны прывёў да павелічэння колькасці рабочага кла-са да 6 млн чалавек. Разам з тым узмацнялася і эксплуата-цыя пралетарыяту: рабочы дзень быў павялічаны да 12 га-дзін, спецыяльным законам былі забаронены забастоўкі, пашырылася прымяненне жаночай і дзіцячай працы, рост кошту жыцця значна перавышаў павышэнне заработнай платы.
У 1939 г. адразу пасля абвяшчэння Індыі ваюючай краі-най быў уведзены закон «Аб абароне Індыі». Па гэтым за-коне паліцыі давалася права забараняць мітынгі, сходы, рас-пускаць палітычныя арганізацыі і рабіць арышты. Але, ня-
89
гледзячы на рэжым рэпрэсій, антыімперыялістычная ба-рацьба не спынялася, а антываенны рух набыў вялікія раз-мах і сілу. 10 студзеня 1940 г. віцэ-кароль абвясціў, што брытанскія ўлады пасля вайны плануюць надаць Індыі ста-тус дамініёна. Аднак гэты статус не задавальняў ні ІНК, ні Мусульманскую лігу. У сакавіку 1940 г. Мусульманская ліга жорстка сфармулявала прапанову аб падзеле краіны. Тады ў жніўні 1940 г. англійскі ўрад вылучыў новую прапанову. Усе партыі запрашаліся прыняць удзел у рабоце пашырана-га Савета пры генерал-губернатары і Дарадчага ваеннага са-вета. Hi Кангрэс, ні Мусульманская ліга не адгукнуліся на гэту прапанову, а ў кастрычніку 1940 г. ІНК яшчэ раз за-патрабаваў ад англійскіх улад надаць Індыі незалежнасць. Калі з боку англічан не дачакаліся адказу, Гандзі заклікаў да новай кампаніі грамадзянскага непадпарадкавання. Яна праводзілася як «індывідуальная сацьяграха»: члены Канг-рэса павінны былі ў грамадскіх месцах выступаць з антыва-еннымі прамовамі ці выкрыкваць пацыфісцкія лозунгі. Кам-панія была разгромлена англічанамі, каля 30 тыс. членаў ІНК — актывістаў руху былі арыштаваны.
У пачатку 1940-х гг. у Мусульманскай лізе значна ўз-мацнілася левае крыло, якое адыграла немалаважную ролю ў антыімперыялістычным руху. Наступную спробу пераадо-лець тупік у перагаворным працэсе прадпрыняў у сакавіку 1942 г. член англійскага ваеннага кабінета Рычард Стафард Крыпс, які для гэтага спецыяльна прыбыў у Індыю. Анг-лійскі ўрад прапанаваў распрацаваць канстытуцыю краіны з дапамогай спецыяльнага выбарнага органа, сфарміраванага ў Індыі непасрэдна пасля завяршэння вайны. Урад Вяліка-брытаніі таксама даваў згоду на выхад Індыі з Брытанскай Садружнасці, калі яна таго пажадае, даваў правінцыям пра-ва адмовіцца ад уваходжання ў новы Індыйскі Саюз. Выказ-валася гатоўнасць перадаць індыйскім палітычным колам рычагі кіравання краінай ва ўсіх сферах, акрамя абароны. Прапановы ўрада Вялікабрытаніі былі ІНК адхілены. Па-чаліся хваляванні. Англічане на ўдзельнікаў дэманстрацый абрушылі жорсткія рэпрэсіі. Колькасць забітых дасягнула 25 тыс. чалавек, Гандзі і іншыя вядучыя дзеячы ІНК былі арыштаваны і заключаны ў турму. Дзясяткі тысяч людзей былі прыгавораны да катаргі і смяротнага пакарання.
90
Рос рабочы pyx, падчас якога ўмацоўваліся прафсаюзы: Усеіндыйскі кангрэс прафсаюзаў да 1945 г. налічваў звыш за 500 тыс. чалавек. Рэзкае пагаршэнне эканамічнага станові-шча сялянства таксама прывяло да актывізацыі сялянскага руху ў канцы вайны. У многіх раёнах Індыі сялянскія са-юзы адбіралі ў памешчыкаў і ліхвяроў хлеб і дзялілі яго па-між галадаючымі. Кіруючым цэнтрам сялянскага руху быў Усеіндыйскі сялянскі саюз, у шэрагах якога да 1945 г. на-лічвалася 830 тыс. чалавек.
У канцы вайны Лондан вырашыў пайсці на шэраг састу-пак нацыяналістам Індыі. 6 мая 1944 г. быў вызвалены з-пад арышту М. Гандзі і іншыя лідары Кангрэса. Каб захапіць у свае рукі палітычную ініцыятыву, англійскія ўлады пры па-срэдніцтве новага віцэ-караля Уэйвела правялі на працягу 1944 г. серыю перамоў паміж Гандзі і Джынай аб умовах бу-дучага пасляваеннага ўрэгулявання ў Індыі. Падчас перамоў англічанам удалося яшчэ больш паглыбіць разыходжанні па-між Кангрэсам і Мусульманскай лігай. М. Джына настойваў на прыняцці Кангрэсам формулы Пакістана як адной з умоў палітычнага ўрэгулявання да дасягнення незалежнасці.
Вясной 1945 г. паміж генеральным сакратаром Мусуль-манскай лігі Ліакат Алі Ханам і лідарам фракцыі Кангрэса ў Цэнтральным заканадаўчым сходзе Булабхаі Дэсаі было за-ключана пагадненне аб наступных прынцыпах фарміраван-ня будучага часовага ўрада Індыі: 1) абедзве палітычныя ар-ганізацыі атрымліваюць у ім па 40 % месцаў; 2) астатнія будуць размяркоўвацца паміж «рэлігійнымі меншасцямі» (хрысціянамі, недатыкальнымі, сікхамі і парсамі); 3) галоў-накамандуючым узброенымі сіламі краіны застанецца анг-лійскі генерал; 4) пытанне аб падзеле Індыі і вылучэнні Па-кістана будзе вырашана пасля канчатковага вызначэння па-літычнага статусу краіны.
Такім чынам, Другая сусветная вайна ўзмацніла крызіс англійскага панавання ў Індыі і значна актуалізавала пы-танне аб незалежнасці краіны.
Кантрольныя пытанні і заданні.
1. Як змянілася сістэма кіравання ў Індыі ў выніку прыняцця Закона Мантэгю — Чэлмсфарда? 2. Вызначыце ролю М. Гандзі ў грамадска-па-літычным развіцці Індыі. 3. Ахарактарызуйце асноўныя палажэнні ідэалогіі
91
гандзізму. 4. Ахарактарызуйце кампаніі грамадзянскага непадпарадка-вання, праведзеныя М. Гандзі ў 1920—1940-х гг. Вызначыце асаблівасць прапанаванага ім метаду антыкаланіяльнай барацьбы. 5. Якія новыя ры-сы з’явіліся ў нацыянальна-вызваленчым руху Індыі ў 1930-я гг.? 6. Вы-значыце, якую ролю ў грамадска-палітычным жыцці Індыі адыгрываюць касты. Растлумачце, чаму М. Гандзі вёў барацьбу за правы недатыкаль-ных. 7. Які ўплыў аказала Другая сусветная вайна на сацыяльна-экана-мічнае і палітычнае развіццё Індыі? 8. У чым праявіліся супярэчнасці па-між дзвюма вядучымі індыйскімі палітычнымі партыямі?
§ 6. Кемалісцкая рэвалюцыя 1918—1923 гг.
і рэформы кемалістаў у Турцыі
Нацыянальны рух у Анатоліі. 30 кастрычніка 1918 г. Асманская імперыя падпісала Мудроскае перамір’е з кра-інамі Антанты, прызнаўшы сваё паражэнне ў Першай су-светнай вайне. Згодна з умовамі перамір’я, улада султана за-хоўвалася толькі над тэрыторыяй Малой Азіі і землямі, што прылягаюць да Басфора і Дарданэл. Зона праліваў і Стам-бул, асобныя раёны нават Малой Азіі акупіраваліся анг-лійскімі, французскімі, італьянскімі войскамі. Грэчаская армія ў маі 1919 г. высадзілася ў Ізміры. Узнікла пагроза поўнага падзелу нават этнічных турэцкіх зямель паміж пера-можцамі.
Нацыянальна-вызваленчую барацьбу турэцкага народа ўзначалілі выхадцы з ваеннай і цывільнай эліты ранейшага рэжыму на чале з генералам Мустафой Кемалем. Ён кары-стаўся вялікім аўтарытэтам у Турцыі, таму што ў гады Пер-шай сусветнай вайны войскі пад яго камандаваннем паспя-хова абаранялі Дарданэлы супраць войск Антанты. У якасці базы рэвалюцыі ён абраў унутраныя раёны Анатоліі (Малой Азіі) — дастаткова аддаленыя ад абласцей, акупіраваных Ан-тантай. Тут для кансалідацыі нацыянальных сіл ствараліся «Таварыствы абароны правоў». У кіраўніцтве імі асноўную ролю адыгралі прадстаўнікі інтэлігенцыі і перш за ўсё афі-цэрства. Летам і восенню 1919 г. адбыліся іх з’езды, дзе пра-гучаў заклік да абароны тэрытарыяльнай цэласнасці Турцыі ў межах, азначаных Мудроскім перамір’ем, гэта значыць прыкладна ў турэцкіх этнічных межах. Кіраўнічым органам руху стаў Прадстаўнічы камітэт на чале з М. Кемалем.
92
У студзені 1920 г. турэцкі парламент прыняў Нацыяналь-ны абет. Ён утрымліваў заклікі да знішчэння ўсіх перашкод на шляху развіцця краіны, уключаючы перш за ўсё пры-вілеі дзяржаў. Гэта дэкларацыя вызначала тэрытарыяльныя межы будучай турэцкай дзяржавы тэрыторыяй, населенай «асманскай мусульманскай большасцю, аб’яднанай рэлігі-яй, расай і ідэяй». У дакуменце падкрэслівалася, што ме-навіта гэтыя тэрыторыі з’яўляюцца ўласна турэцкімі, «прад-стаўляюць сабою адзінае цэлае, якое не трывае падзелу ні дэ-юрэ, ні дэ-факто па якіх-небудзь прычынах». У тэксце абета пацвярджаліся гарантыі меншасцям. У ім падкрэслі-валася поўная адмова ад прэтэнзій на любыя тэрыторыі, калі яны не згаданы ў тэксце. Фактычна Нацыянальны абет стаў дэкларацыяй незалежнасці Турцыі і праграмай Кемалісцкай рэвалюцыі.
Войскі Антанты ў сакавіку 1920 г. разагналі парламент, які засядаў у Стамбуле, a 23 красавіка 1920 г. у Анкары сабраліся дэпутаты ізноў абранага турэцкага парламента (у яго былі ўключаны і 105 дэпутатаў ранейшага парламента, што збеглі са Стамбула), абвясціўшыя сябе Вялікім нацыя-нальным сходам Турцыі (ВНСТ) — вышэйшым органам ула-ды ў краіне. ВНСТ прыняў закон «Аб асноўных арганіза-цыях». Ён выконваў функцыі часовай канстытуцыі Турцыі. У ім абвяшчаўся суверэнітэт турэцкай нацыі, аб’яўлялася, што ўся паўната ўлады належыць ВНСТ, які фарміруе ўрад. У чэрвені 1920 г. РСФСР прызнала ўрад М. Кемаля і стала аказваць яму ваенную дапамогу. 16 сакавіка 1921 г. савецкі і кемалісцкі ўрады заключылі дагавор аб дружбе і братэр-стве. Па ім раёны Карса, Ардагана і Артвіна, на якія прэтэн-давала Арменія, стаўшая да таго часу савецкай, адышлі да Турцыі.