Навейшая гісторыя краін Азіі і Афрыкі
Людміла Гаўрылавец, Мікалай Мязга
Выдавец: Народная асвета
Памер: 335с.
Мінск 2017
170
лай у сваім дакладзе нічога не сказаў аб заканамерным ха-рактары «культурнай рэвалюцыі» і яе дасягненнях, а акцэн-таваў увагу на эканамічных задачах партыі, на распрацоўцы перспектыўных планаў эканамічнага развіцця. У студзені 1975 г. адзін з лідараў прагматыкаў — Дэн Сяапін, які быў рэабілітаваны на X з’ездзе, заняў пасаду намесніка старшыні ЦК КПК.
13 студзеня 1975 г., пасля 10-гадовага перапынку, сабра-лася сесія УСНП. Яна прыняла новую канстытуцыю, якая юрыдычна замацавала некаторыя вынікі «культурнай рэва-люцыі». Старшыня ЦК КПК паводле яе з’яўляўся і вярхоў-ным галоўнакамандуючым НВАК. Усе калегіяльныя органы ваеннага кіраўніцтва ліквідаваліся. Законы маглі прымацца толькі па прадстаўленні ЦК КПК, які ўзначальваў Маа. Кан-стытуцыя легалізавала ў якасці органаў улады створаныя ў час «культурнай рэвалюцыі» рэвалюцыйныя камітэты і судо-вую сістэму. Судаводства канцэнтравалася ў руках органаў бяспекі, якія кантраляваліся рэвалюцыйнымі камітэтамі. Такім чынам, канстытуцыя 1975 г. узаконіла ваенна-бю-ракратычную дыктатуру і рэжым асабістай улады Маа Цзэ-дуна. 9 верасня 1976 г. памёр Маа Цзэдун. Прыняцце кан-стытуцыі 1975 г. і смерць Маа Цзэдуна сведчылі аб тым, што «культурная рэвалюцыя» завяршылася. У выніку яе ў краіне сфарміравалася мадэль грамадства, якую можна на-зваць «казарменным сацыялізмам». Для яго характэрны та-талітарны ваенна-бюракратычны рэжым са строгай іерархі-яй улады на чале з правадыром. Галоўнай апорай рэжыму была армія, і ўсё жыццё грамадства перабудоўвалася на ва-енны ўзор. Сацыяльнай базай мааісцкай дыктатуры з’яўля-ліся маргінальныя слаі, нізкакваліфікаваныя рабочыя, най-бяднейшае сялянства. Яны былі задаволены ўраўняльнымі прынцыпамі, што насаджаліся мааістамі.
Кантрольныя пытанні і заданні.
1. Ахарактарызуйце палітычную сітуацыю, што склалася ў Кітаі на мо-мант заканчэння Другой сусветнай вайны. 2. Вызначыце прычыны, якія прывялі да ўзнікнення грамадзянскай вайны ў Кітаі. 3. Якім чынам у пе-рыяд грамадзянскай вайны вырашапася аграрнае пытанне ў Кітаі? 4. Як вы лічыце, у чым заключаліся прычыны перамогі КПК у грамадзянскай вайне? 5. Дайце ацэнку рэжыму «новай дэмакратыі» ў КНР. 6. Ахарак-тарызуйце аграрную рэформу 1950—1953 гг. 7. Што прадугледжвала Ге-
171
неральная лінія КПК 1953 г.? 8. Прааналізуйце асноўныя сацыяльна-эка-намічныя пераўтварэнні ў гады першай пяцігодкі ў КНР. Як вы лічыце, ці з’яўляліся яны традыцыйнымі для савецкай мадэлі сацыялізму? 9. Аха-рактарызуйце найбольш важныя рашэнні, якія былі прыняты на першай сесіі VIII з’езда КПК у 1958 г. 10. Вызначыце, якімі былі прычыны пе-раходу КПК да палітыкі «трох чырвоных сцягоў». Дайце яе характары-стыку. 11. Пацвердзіце ці аспрэчце сцвярджэнне, што «культурная рэ-валюцыя» — пераварот, які меў на мэце ліквідацыю апазіцыі Маа Цзэ-дуна ў партыі, дзяржаве і грамадстве. 12. Якая дзяржаўна-палітычная сістэма ўсталявалася ў КНР у выніку «культурнай рэвалюцыі»? Дайце яе характарыстыку. 13. Якія важнейшыя рашэнні прыняў IX з’езд КПК? 14. Вызначыце змест і супрацьстаячыя сілы ў палітычнай барацьбе ў КНР пасля IX з’езда КПК.
§ 13. Кітай у перыяд рэформ
Прыход да ўлады мааістаў-прагматыкаў. Курс «чатырох мадэрнізацый». «Культурная рэвалюцыя» значна запаволіла эканамічнае развіццё Кітая. Было афіцыйна аб’яўлена, што краіна ў сваім эканамічным развіцці адстала на 20 гадоў. Вытворчасць зерня на душу насельніцтва была на ўзроўні 1955 г. Смерць Маа Цзэдуна спрыяла абвастрэнню бараць-бы за ўладу сярод партыйнага кіраўніцтва. У кастрычніку 1976 г. была арыштавана група верных паслядоўнікаў Маа на чале з Цзян Цын — «банда чатырох». На іх усклалі ад-казнасць за рэпрэсіі часоў «культурнай рэвалюцыі» і кры-зіснае становішча эканомікі. У шэрагі партыйнага і дзяр-жаўнага кіраўніцтва зноў вярнуўся Дэн Сяапін, які па за-гадзе Маа ў красавіку 1976 г. быў пазбаўлены ўсіх пасад. Гэ-та ўмацавала пазіцыі прагматыкаў. Тым не менш старшыня ЦК КПК і дзяржсавета Хуа Гафэн аб’явіў аб працягу курсу Маа Цзэдуна.
XI з’езд КПК (жнівень 1977 г.) прадэманстраваў, што ар-тадаксальныя мааісты ўсё ж здавалі свае пазіцыі. 3 аднаго боку на ім гучала ўзвялічванне Маа Цзэдуна, але, з друго-га боку, былі рашуча асуджаны яго паплечнікі часоў «куль-турнай рэвалюцыі» — «банда чатырох». З’езд надаў вялікую ўвагу вырашэнню пытанняў эканамічнага развіцця. Была па-стаўлена задача ажыццяўлення «чатырох мадэрнізацый» — прамысловасці, сельскай гаспадаркі, арміі, навукі і тэхнікі. З’езд адмовіўся ад мааісцкай дактрыны перманентнай pa-
172
валюцыі, ад прыярытэтаў класавай барацьбы. Партыя пера-арыентавалася ў сваёй дзейнасці на сацыяльна-эканамічную сферу. У кіруючыя органы партыі, абраныя на з’ездзе, увай-шлі многія кадравыя работнікі, якія падвергліся рэпрэсіям у час «культурнай рэвалюцыі». Фактычна рашэнні з’езда азна-чалі пачатак адыходу КПК ад ідэалогіі артадаксальнага ма-аізму. Гэтая тэндэнцыя атрымала развіццё ў рашэннях сесіі УСНП, што адбывалася 26 лютага — 5 сакавіка 1978 г. Яна абвясціла важнейшай задачай правядзенне мадэрнізацыі эканомікі. Была адноўлена дзяржаўна-палітычная структу-ра, што існавала да «культурнай рэвалюцыі». Зноў пачалі працаваць міністэрствы, камітэты, упраўленні, якія кіравалі эканомікай, аднавілі дзейнасць прадстаўнічыя органы ўла-ды, пракуратура і суды, прафсаюзы, камсамол і іншыя гра-мадска-палітычныя арганізацыі.
Гэты паварот быў абумоўлены тым, што тэорыя і прак-тыка мааізму ў 1970-я гг. уступілі ў глыбокі крызіс. Сам Маа Цзэдун называў сваю тэорыю кітаізаваным марксізмам, які ўлічвае спецыфіку Кітая. Маа лічыў, што для Кітая не-прымальны тэзіс аб кіруючай ролі рабочага класа ў сацы-ялістычнай рэвалюцыі. Сацыяльная структура грамадства абумовіла тое, што кіруючай сілай кітайскай рэвалюцыі па-вінна стаць сялянства. Зыходзячы з тэзіса аб кіруючай ро-лі сялянства ў рэвалюцыі, Маа рабіў стаўку на рэвалюцый-ную вайну, базай якой павінны стаць сельскія раёны. Аба-піраючыся на іх, рэвалюцыйныя войскі будуць паступова пашыраць кантралюемую тэрыторыю, пакуль не ўстановяць кантроль над усёй краінай. Усе намаганні партыі накіроў-валіся на вырашэнне пытанняў, звязаных з вядзеннем вай-ны. Пасля перамогі рэвалюцыі ў Кітаі павінен усталявацца «рэжым новай дэмакратыі», ва ўмовах якой улада будзе на-лежаць сялянству, рабочаму класу, дробнай і нацыянальнай буржуазіі. Найважнейшым элементам ідэалогіі мааізму з’яў-ляўся нацыяналізм. Адсюль асаблівы ўпор Маа Цзэдуна на кітайскую спецыфіку, імкненне апярэдзіць іншыя краіны ў справе будаўніцтва сацыялізму і камунізму. Кітайская тра-дыцыя стагоддзямі прапаведавала, што Паднябесная — гэта цэнтр сусвету, а астатнія народы — варвары, якія значна ад-сталі ад кітайцаў у сваім развіцці. Маа і яго прыхільнікі на
173
аснове ідэі кітаецэнтрызму лічылі, што Кітай павінен стаць лідарам сацыялістычнага лагера, a Maa — правадыром су-светнага камуністычнага руху. Дасягнуць гэтага можна бы-ло праз фарсіраванае будаўніцтва сацыялізму і паскораныя тэмпы эканамічнага развіцця.
Сацыялізм, які будавалі мааісты, быў прымітыўным, ураўняльным, казарменным. Мааісты цалкам адвяргалі ма-тэрыяльныя стымулы для развіцця эканомікі і рабілі стаў-ку выключна на рэпрэсіўныя метады. Тэрор стаў найваж-нейшым інструментам мааісцкай палітыкі. Будаўніцтва са-цыялізму павінна ўяўляць сабой перманентную рэвалюцыю. Партыя накіроўвае свае намаганні на вядзенне класавай ба-рацьбы. Маа Цзэдун лічыў, што ў ходзе будаўніцтва сацыя-лізму ідзе пастаяннае змаганне паміж буржуазнай і сацыя-лістычнай тэндэнцыямі. Пасля заваявання ўлады адбываец-ца абуржуажванне партыйных работнікаў, таму неабходныя перыядычныя чысткі, у ходзе якіх знішчаецца буржуазія, якая пастаянна адраджаецца. У будаўніцтве сацыялізму і ў правядзенні палітыкі класавай барацьбы галоўная роля адводзілася арміі. Маа лічыў армейскую арганізацыю ўзо-рам для ўсяго грамадства. Кітай павінен быў ператварыцца ў адну вялікую казарму. Маа звязваў пабудову сацыялізму ў Кітаі з разгромам сусветнага імперыялізму і новага рэві-зіянізму (СССР) і разглядаў сусветную вайну як рухаючую сілу рэвалюцыйнага працэсу. Для мааізму характэрны ан-тыінтэлектуалізм, нянавісць да інтэлігенцыі. Маа неадна-разова заяўляў, што ўся інтэлігенцыя гатова ісці па шляху рэвізіянізму, таму ёй патрэбна хунвэйбінская чыстка. У цэ-лым тэорыю мааізму можна звесці да наступных асноўных пастулатаў:
^ існаванне ў грамадстве глыбокіх супярэчнасцей, ва-стрыня якіх узрастае па меры руху да сацыялізму, адзіным сродкам вырашэння супярэчнасцей з’яўлялася насілле;
^ партызанская вайна і сялянская рэвалюцыя як спосаб захопу ўлады;
^ стратэгія скачка, камунізацыі ў найкарацейшы тэрмін, «культурная рэвалюцыя» як шляхі будаўніцтва сацыялізму і камунізму;
^ казарменны ўраўняльны сацыялізм як увасабленне но-вага грамадства;
174
^ асабістая дыктатура правадыра з апорай на армію;
^ непазбежнасць сусветнай вайны і разгортванне грама-дзянскай вайны ў іншых краінах як шлях да перамогі су-светнай рэвалюцыі.
КНР у эпоху эканамічных рэформ. Першы этап. У снеж-ні 1978 г. пленум ЦК КПК абвясціў курс на карэннае рэ-фармаванне эканомікі Кітая. На ім было сказана аб «куль-турнай рэвалюцыі» як аб няправільнай палітыцы і прынята рашэнне аб пераносе цэнтра дзейнасці партыі і дзяржавы з пытанняў класавай барацьбы на эканамічнае будаўніцтва. У якасці цэнтральнай ставіцца задача ажыццяўлення «ча-тырох мадэрнізацый». Было прынята вельмі важнае рашэн-не аб рэабілітацыі ахвяр «культурнай рэвалюцыі», якое за-кранула каля 30 млн чалавек. Новы курс атрымаў канчат-ковае афармленне на XII з’ездзе КПК, які адбыўся ў 1982 г. Ён паставіў задачу: да 2000 г. у 4 разы павялічыць вытвор-часць прамысловай прадукцыі, што дазволіла б КНР увай-сці ў лік развітых індустрыяльных дзяржаў. Адбыліся ад-мова ад практыкі пажыццёвага заняцця партыйных і дзяр-жаўных пасад, вяртанне да калектыўнага кіраўніцтва, быў асуджаны культ асобы Маа Цзэдуна.
Сутнасць распачаўшыхся рэформ заключалася перш за ўсё ў вяртанні да матэрыяльнай зацікаўленасці работніка, у рашучым адыходзе ад прынцыпу «агульнага катла». Пер-шы этап рэформ 1978—1983 гг. можна вызначыць як пад-рыхтоўчы. Гэта быў час упарадкавання эканомікі і важных пераўтварэнняў у сельскай гаспадарцы. Асновай яе развіцця сталі арэнда і сямейны падрад. У канцы 1981 — пачатку 1982 г. буйныя сельскагаспадарчыя брыгады былі распушча-ны, а асноўнымі вытворчымі адзінкамі сталі сем’і, якія гас-падарылі на арандаванай у кааператываў зямлі. Пасля таго, як сям’я выконвала дзяржаўны заказ і разлічвалася з каапе-ратывам за арэнду зямлі, яна магла свабодна распараджацца рэшткамі прадукцыі, рэалізоўваючы яе на рынку. У выніку адбылася легалізацыя прыватнага гандлю.