• Газеты, часопісы і г.д.
  • Неаліт Беларускага Панямоння  Міхась Чарняўскі

    Неаліт Беларускага Панямоння

    Міхась Чарняўскі

    Выдавец: Навука і тэхніка
    Памер: 144с.
    Мінск 1979
    112.39 МБ
    Атрыманыя (хоць і невялікія) мезалітычныя матэрыялы з Панямоння дазваляюць прасачыць сувязі паміж мясцовым мезалітам і раннім неалітам, што неабходна для вызначэння вытокаў нёманскай неалітычнай культуры.
    На большасці неалітычных стаянак паўночназаходняй Беларусі ў крамянёвым інвентары сустракаюцца трапецыі, вастрыі яніславіцкага тыпу, вуглавыя разцы на пласцінках і масіўныя двайныя бакавыя разцы, канцавыя скрабкі на пласцінках і ў невялікай колькасці наканечнікі стрэлаў познесвідэрскіх тыпаў. Гэтыя вырабы характэрны для ранняга неаліту Беларускага Панямоння і маюць блізкія аналогіі ў папярэднім мезалітычным часе. Гэты архаічны матэрыял суправаджаецца і найбольш ранняй на нашай тэрыторыі керамікай з грабеньчатымі арнаментамі. Наяўнасць на нёманскіх неалітычных помніках высокіх кан
    4. Зак. 408
    49
    цавых скрабкоў, эпісвідэрскіх наканечнікаў, некаторай колькасці двухпляцовачных нуклеусаў сведчыць пра захаванне і ў гэты час некаторых свідэрскіх традыцый. Бясспрэчную сувязь паміж. нёманскім неалітам і мясцовым мезалітам адзначала і Н. М. Гурына 17.
    У. Ф. Ісаенка, вывучаючы неаліт паўднёвай Беларусі, прыйшоў да вываду аб мясцовых мезалітычных вытоках культур гэтага рэгіёна, у тым ліку і нёманскай у Заходнім Палессі, аднак ён лічыць, што мясцовая кераміка з’явілася дзякуючы паўднёвым уплывам, у першую чаргу ўплывам бугаднястроўскай культуры 18. У ранненеалітычнай вытворчасці крамянёвых прылад даследчык таксама бачыць «наяўнасць знешніх моцных культурных уплываў» 19. Р. К. Рымантэнэ таксама лічыць, што неаліт паўднёвай Літвы, прадстаўлены нёманскай культурай, з’яўляецца далейшым развіццём мясцовай мезалітычнай культуры 20. Важна адзначыць і той факт, што ў паўночнаўсходняй Польшчы на найбольш раннім тут помніку нёманскай культуры Возьна Весь крамянёвы інвентар, якому спадарожнічае кераміка дубічайскага тыпу, засведчыў перажыванне мезалітычнай традыцыі, хоць Э. Кэмпісты дапускае дамешку на гэтым помніку і чыста мезалітычнага матэрыялу 21.
    Такім чынам, у нас ёсць пэўныя факты сцвярджаць, што нёманская неалітычная культура бадай што на ўсім арэале свайго першага (дубічайскага)этапа сфарміравалася на аснове мясцовай нёманскай мезалітычнай культуры. Выразных уплываў з боку нам пакуль што не ўдаецца прасачыць зза недастатковасці матэрыялу.
    Генетычная сувязь паміж мезалітычным і неалітычным часам прасочваецца і на суседніх тэрыторыях — у Латвіі ^, Эстоніі23, Беларускім Падняпроўі м, на значнай частцы Украіны25. Трэба адзначыць і той важны факт, што ў шэрагу выпадкаў межы мезалітычных культур з большай або меншай дакладнасцю супадаюць з межамі культур наступнай эпохі (лесастэпавая валынскаданецкая група і днепраданецкая культура26, культура Кунда і нарвенская27, нёманская мезалітычная і нёманская неалітычная) 28.
    2.	Першы этап (помнікі тыпу Дубічай)
    Матэрыялы ранняга этапа нёманскай культуры, прадстаўленыя керамікай і крамянёвымі прыладамі, атрыманы пры раскопках паселішчаў Русаковічы I, Бабінка, Ярэмічы III. На іншых помніках знаходкі гэтага часу сустрэты прыблізна ў такой жа колькасці, як і пазнейшыя (Русакова II), а на некаторых нешматлікія (Лысая Гара).
    Фрагменты керамікі даюць магчымасць прыблізна ўявіць формы і памеры пасудзін. Гэта былі ў асноўным даволі вялікія шырокаадкрытыя вастрадонныя гаршкі са злёгку звужанай верхняй часткай і з дыяметрамі па венцах 25—35 см (рыс. 47, 4). Выпуклы корпус гаршкоў у некаторых выпадках меў невыразную рабрыстасць. Венцы па таўшчыні звычайна раўняліся сценкам, часам патанчаліся (рыс. 47, 11—16). Яны прамыя, у некаторых выпадках на самым краі злёгку адгіналіся вонкі. Невялікая колькасць гаршкоў мела прафіляваныя верхнія часткі — над злёгку звужанай шыйкай венца адгіналася, а на самым краі загіналася ўнутр. Гэта рыса характэрна для больш позніх матэрыялаў, на пазнейшых этапах стала дамінаваць. На зрэзах венцаў у большасці выпадкаў размяшчаліся розныя ўмяціны або папярэчныя насечкі. Асявыя сячэнні вострых дноў раўняліся прамому вуглу або былі меншымі за яго. Сустракаліся і акруглыя донцы з адцягнутым уніз шыпам.
    50
    Пасудзіны мелі шэраруды, а ў некаторых выпадках шэры колер. Сустракаліся жаўтаватыя і чырванаватыя адценні. Знешнія паверхні гліняных вырабаў, мяркуючы па абломках, часта крыху святлейшыя.
    У цесце сценак заўважаны значныя дамешкі раслінных рэштак, сляды якіх асабліва добра прыкметныя на зломах і на ўнутраных паверхнях. У некаторых выпадках сустракаюцца дамешкі тоўчанага вапняку. Абпал керамічных вырабаў быў вогнішчавы і недастаткова моцны, бо на зломах заўсёды прасочваецца цямнейшы прапластак, а наяўнасць пустот ад згарэлых раслінных дамешак надавала кераміцы некаторую рыхласць. Таўшчыня сценак у сярэднім 8—10 мм.
    Раслінныя дамешкі абумовілі малую ўдзельную вагу чарапкоў. У Русакове II яна роўная 1,993, у Русаковічах I—1,908. Аднак назіраецца значная розніца ва ўдзельнай вазе паміж асобнымі фрагментамі, што можа тлумачыцца нераспрацаванасцю тэхналогіі падрыхтоўкі глінянага цеста.
    Знешнія паверхні гаршкоў, як правіла, добра загладжаны, часам прасочваецца абмазка адмучанай глінай; унутраныя паверхні звычайна порыстыя зза наяўнасці вялікай колькасці адбіткаў раслінных рэштак. Вельмі характэрнай з’яўляецца і наяўнасць на ўнутранай паверхні расчэсаў грабеньчатым штампам. Яны маюць у асноўным падгарызантальную накіраванасць, часам паскі расчэсаў перасякаюцца. Такі спосаб апрацоўкі ўнутранай, а часам і знешняй паверхні гліняных вырабаў адзначаны на большасці знойдзеных фрагментаў ранненеалітычнай керамікі Панямоння.
    Адна з характэрных асаблівасцей ранняй (дубічайскай) керамікі — апярэзваючы рад круглых і глыбокіх ямак пад венцамі. Адпаведна ім на ўнутраных паверхнях утвараліся выпукліны — жамчужыны. Ямкі часам пранікалі на ўсю таўшчыню сценак, а ў выпадках, калі жамчужыны адпадалі, узнікалі скразныя адтуліны. У некаторых выпадках скразныя адтуліны рабіліся і знарок пры вырабе гаршка.
    Элементы арнаментаў складаюцца з розных акруглых і авальных умяцін, насечак і грабеньчатых адбіткаў, прачэрчаных ліній, наколаў (рыс. 47, 49—64).
    Умяціны і наколы наносіліся рознымі вастрыямі і палачкамі, вуглом пласцінак. Сустракаюцца адбіткі тарцом размачаленай палачкі. Класічных падтрохвугольных адступаючых наколаў, так распаўсюджаных сярод адпаведных матэрыялаў Украіны і паўднёваўсходняй Беларусі, тут амаль не заўважана як у ранняй, так і ў больш позняй кераміцы. Іх замяняюць наколы тарцом трохвугольнай палачкі, але часцей наколы наносіліся нахіленым зламаным арнаменцірам (мабыць, трубчастай костачкай і г. д.), у выніку чаго ўтвараліся паўмесячныя наколы («капыткі»).
    Насечкі звычайна наносіліся тонкай і злёгку выгнутай пласцінкай, як правіла, нахілены ўправа. Грабеньчатыя адбіткі ўтвараліся з дапамогай такіх жа, але зазубраных пласцінак (створкай перлавіцы?), звычайна яны таксама нахіленыя. Характэрна, што паверхні гаршкоў прачэсваліся — раўняліся тымі ж грабеньчатымі арнаменцірамі. Тонкія лініі ў пераважнай большасці прачэрчваліся тонкім вастрыём. Шырэйшыя лініі, якія сустракаюцца радзей, часам прагладжваліся.
    Арнаменты на пасудзінах першага (ранняга) этапа звычайна разрэджаныя і даволі аднастайныя. Амаль усе адзначаныя элементы размяшчаліся рэдкімі гарызантальнымі паскамі, што апярэзвалі пасудзіны. Выключэнне складаюць бадай што прачэрчаныя лініі, якія на
    4*
    51
    наяўных матэрыялах звычайна ўтваралі косанакіраваныя кампазіцыі. Косыя тонкія прачэрчаныя лініі ў некаторых выпадках узаемаперасякаліся, утвараючы мноства ромбаў (косасеткавыя кампазіцыі). Былі накіраваны пад вуглом да гарызанталі, а часам нават перасякаліся і больш шырокія прачэрчаныя і прагладжаныя лініі. Але сустракаюцца чарапкі, дзе гэтыя элементы арыентаваны гарызантальна.
    Як правіла, адна пасудзіна арнаментавалася адным з элементаў, выключэнні рэдкія. Так, у матэрыяле з паселішча Ярэмічы III адзначана суіснаванне косасеткавых кампазіцый з гарызантальнымі радамі наколаў. Тое ж прасочваецца і на кераміцы з Русакова II.
    Значная колькасць фрагментаў ранненеалітычнай керамікі (62%) Панямоння не мае аздаблення. Амаль адсутнічае арнамент і на донцах. А ў некаторых пасудзін узор абмяжоўваўся толькі радам ямак пад венцам.
    Сярод ранненеалітычнага крамянёвага інвентару Панямоння (рыс. 46, 23—37) сустрэты свідэроідныя наканечнікі стрэлаў, а таксама мікраліты ў выглядзе трапецый, пласцінкі з прытупленай спінкай або скошаным краем, у тым ліку і вастрыі яніславіцкага тыпу, нуклеусы з двюма пляцоўкамі. Пры тым частка апошніх мела клінападобнае папярэчнае сячэнне. Іншыя нуклеусы ў асноўным аднапляцовачныя. Сярод знаходак часта сустракаюцца канцавыя скрабкі на ножападобных пласцінках, праколкі і пракруткі, разцы, сярод якіх асабліва выразныя бакавыя. Шмат пласцінак розных памераў з большменш рэтушаванымі краямі. Большасць з іх выкарыстоўвалася ў якасці рэжучых прылад. Частка адшчэпаў таксама мела плоскую або крутую рэтуш і таму ў залежнасці ад характару рэтушы магла выкарыстоўвацца для рэзання або скраблення.
    Акрамя свідэроідных, у раннім неаліце пачынаюць выкарыстоўвацца і каплепадобныя наканечнікі стрэлаў і некаторыя блізкія да трохвугольных формы. Выразную групу складаюць рубячыя прылады, многія з якіх маюць трапецыепадобнае папярэчнае сячэнне і папярэчныя сколы, якімі фармаваліся лёзы (траншэпадобныя тыпы). Сустракаюцца і авальныя сякеры, змайстраваныя з дапамогай аббіўкі з краёў. У якасці рубячых прылад маглі выкарыстоўвацца і некаторыя плоскія нуклеусы.
    Звяртае на сябе ўвагу бясспрэчная генетычная сувязь матэрыялу з папярэдняй мезалітычнай эпохай. Але крамянёвы інвентар ранненеалітычных помнікаў нёманскай культуры атрымаў і рысы, характэрныя для новай эпохі: павялічылася колькасць прылад на адшчэпах, з’явіліся каплепадобныя і нават трохвугольныя з прамой асновай наканечнікі стрэлаў, павялічылася колькасць авальных рубячых прылад.
    Пры даследаванні ранненеалітычных матэрыялаў удалося адзначыць некаторыя лакальныя асаблівасці нёманскай культуры. У раннім і познім неаліце ў вярхоўях Нёмана прылады працы вырабляліся з цёмнашэрага, амаль чорнага крэмню са своеасаблівым масляністым бляскам паверхні (помнікі ад Капыльскага і да ўсходняй часткі Навагрудскага раёнаў). Далей на захад на Нёмане і яго прытоках на працягу ўсёй неалітычнай эпохі быў распаўсюджаны шэры і светлашэры крэмень з мясцовых крэйдавых пакладаў або з марэнных россыпаў. Адзначаныя асаблівасці крэмню неістотныя для культурных вызначэнняў, бо былі абумоўлены толькі розным характарам радовішчаў сыравіны. Ранненеалітычныя формы прылад працы прыблізна аднолькавыя на ўсім Панямонні. Пэўным выключэннем з’яўляецца стаянка