Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
3 2008 года Анатоль Іванавіч працуе ў Брэсцкім тэхнічным унівесітэце на кафедры архітэктурнага праектавання і малюнка. Выкладае малюнак для студэнтаў. Своеасаблівасць працы ў
тым, што побач заўсёды знаходзяцца вопытныя педагогі, калегі, і адначасова моладзь, якая заўжды захапляецца новымі і цікавымі ідэямі. 3 такімі людзьмі прыемна працаваць, дзяліцца сваімі думкамі і памкненнямі.
Верыцца, што ўсе ідэі і праекты Анатоля Іванавіча матэрыялізуюцца: будзе створаны музей, будуць напісаны карціны, яго вучні стануць прафесіяналамі-архітэктарамі, а Берасцейскае Палессе з кожным годам будзе набываць усё больш прывабны выгляд, як марыць пра гэта апантаны мастак-педагог і краязнаўца Анатоль Жалудка.
“Плач па Палессі ”
“Стары мосцік”
ВЯРТАННЕ НА РАДЗІМУ
МАСТАКА УЛАДЗІМІРА КОЖУХА
Гэтага мастака-земляка ведаў даўно па яго творах на рэспубліканскіх выставах, па шматлікіх публікацыях пра яго творчасць у друку. Але асабіста пазнаёміцца давялося толькі ў 2007 годзе ў Брэсце на адкрыцці персанальнай юбілейнай выставы. Пазней неаднаразова сустракаліся ў Мінску і на 19 з’ездзе Саюза мастакоў, і на выставах у рэспубліканскім Палацы мастацтва.
У красавіку-маі 2007 года ў выставачнай зале абласнога грамадска-культурнага цэнтра па вуліцы Савецкай горада Брэста праходзіла персанальная выстава заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі прафсаюзаў Беларусі 1991 года за серыю работ “Чарнобыля чорная быль”, члена Беларускага саюза мастакоў, ураджэнца Драгічыншчыны Уладзіміра Уладзіміравіча Кожуха. Яе наведвальнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з пяццюдзесяццю творамі станкавага жывапісу. Акурат напярэдадні выставы мастак адзначыў свой пяцідзесяцігадовы юбілей.
Як заўважыў на яе адкрыцці начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Рыгоравіч Бысюк, на Берасцейшчыну пачалося вяртанне яе славутых ураджэнцаў — знакамітых мастакоў. 1 нездарма адкрыццё выставы адбылося напярэдадні сумнай даты — 21-й гадавіны чарнобыльскай трагедыі. Чарнобыльская тэматыка займае асобнае месца ў творчасці Уладзіміра Кожуха (карціны “АЧЫШЧЭННЕ”, “ПАВАДЫР”, “ПАЛЕСКАЯ ПЛАШЧАНІЦА”...). У іх адлюстроўваецца грамадзянская пазіцыя, душэўны боль мастака.
Гэтая тэма пераклікаецца з тэмай бацькаўшчыны, зямлі, на якой нарадзіўся, хадзіў у школу, працаваў... На карцінах простыя жаночыя вобразы, краявіды тых мясцін, якія з дзяцінства бачыў, палюбіў, па якіх сумуе, жывучы ў сталіцы, і да якіх з цягам часу вяртаецца...
Уладзімір Кожух працуе ў жанры сюжэтна-тэматычнай карціны і пейзажа, яго творчасці ўласцівыя кампазіцыйная завершанасць, метафарычнасць мыслення, філасафічнасць, абагульненасць вобразаў. Палотны Уладзіміра Кожуха адрозніваюцца тонкім лірызмам, чысцінёй фарбаў, вялікай духоўнай напоўненасцю (“КРЫНІЦА”, “ГАРБАТА 3 ЛІМОНАМ”, “ФЛОРА”, "ВЯРБА KBITE1EE”, “ВЕРБАЧКА”...). Многія свае сюжэты, ідэі кампазіцый мастак чэрпае са свайго светлага дзяцінства. Ад уражанняў жыцця на Палессі ён не можа ахалонуць, вызваліцца, адысці... Гэта яго выток, крыніца, якая жывіць мастака. Палескія матывы прысутнічаюць побач з ім заўсёды (“ПРАСТОРА”, “СВЯТАЯ ЗЯМЛЯ”, “ЛЕГЕНДА”, “ПАСАГ”, “ДАРОГА ПРАЗДЗЕДАЎ ЛЕС”...).
У свой час Уладзіміру Кожуху давялося вучыцца ў такіх знакамітых майстроў беларускага жывапісу, як заслужаныя дзеячы мастацтваў Рэспублікі Беларусь А. Малішэўскі і Б. Аракчэеў, народны мастак Беларусі М. Данцыг, народны мастак СССР М. Савіцкі. Але ён адшукаў сваё месца ў выяўленчым мастацтве. I пра яго пачатковыя крокі ў творчасці на адкрыцці выставы расказвала першы педагог малюнка і жывапісу, член Беларускага саюза мастакоў Таццяна Пясецкая. Падзяліўся ўспамінамі пра дзяцінства Уладзіміра і родны дзядзька мастака, прафесар БрДУ імя А.С. Пушкіна Іван Кожух. Ён згадаў пра захапленне Уладзіміра з маленства алоўкам і фарбамі, яго ўдалыя партрэты родных і блізкіх людзей, лірычныя краявіды Драгічыншчыны...
Поспехі мастака Уладзіміра Кожуха пацверджаны наяўнасцю яго вядомых твораў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, мастацкіх фондах Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі і Беларускага саюза мастакоў, Рэспубліканскім музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у прыватных калекцыях Аўстрыі, Германіі, Галандыі, Італіі, Кітая, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Паўднёвай Карэі...
“Святая зямля ”
“Дарога праз дзедаў лес ”
МАСТАК ІВАН ФЯЦІСАУ
Нарадзіўся будучы мастак у сям’і Сцефаніды і Якава Фяцісавых 21 кастрычніка 1920 года ў сяле Тума Разанскай вобласці, якое славілася сваімі шумнымі кірмашамі. Бацькі былі адукаванымі людзьмі, сям’я жыла дружна і мірна, прытрымліваючыся рэлігійных абрадаў. Калі памёр бацька, наваліліся цяжкія жыццёвыя праблемы, прыйшла галеча... Таму сапраўдным дасягненнем для Івана Фяцісава стала заканчэнне сямігодкі, а потым паступленне ў 14-гадовым узросце ў Іванаўскае мастацкае вучылішча, дзе і пачалося яго самастойнае жыццё ў незнаёмым горадзе. У студэнцкія гады Іван прачытаў шмат твораў рускай і замежнай літаратуры, адначасова выхоўваючы ў сабе павагу да асобы чалавека. Тады і закладваўся падмурак яго жыццёвага і мастацкага светапогляду.
У 1940-м, з чацвёртага курса вучылішча, быў прызваны на службу ў армію, ну а потым Вялікая Айчынная вайна, якую Іван Якаўлевіч прайшоў “ад званка да званка”, закончыўшы яе камандзірам узвода разведчыкаў у Чэхаславакіі, кавалерам шматлікіх ордэнаў і медалёў. На вайне было не да мастацтва... Ды і ў мірны час да гэтай ваеннай тэмы мастак звярнуўся толькі напрыканцы жыцця (карціны “Разведчыкі”, “На зямлі Афганістана”, “Вера ў жывых”, “Памяць пра невядомыя магілы”, “Успамін пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці”). Вайна асабліва тонка і запамінальна адлюстравана ў творах мастака: там няма батальных сцэн, бо ён болып углядаўся ва ўспаміны, у перажытое, перабалелае. Іван Фяцісаў імкнуўся да філасофскага абагульнення, да глыбокай развагі над падзеямі мінулай вайны і марыў пра шчаслівую будучыню. Страшная вайна дала яму вялікі духоўны вопыт, стала незабыўным урокам жыцця...
Пасля дэмабілізацыі Іван Якаўлевіч давучыўся ў Іванаўскім мастацкім вучылішчы і ў 1947 годзе прыехаў у Брэст, а праз два гады быў прыняты ў Беларускі саюз мастакоў. За той час напісаў два гарадскія пейзажы: “Брэст. 1948 год. Гандлёвыя рады” і “Брэсцкі рынак” творы, якія і сёння берагуць дух старога горада, выклікаюць настальгічныя ноткі ў берасцейцаў.
У пасляваенныя гады Іван Фяцісаў працаваў у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме народнай творчасці, у педвучылішчы... Удасканальваў сваё мастакоўскае майстэрства самастойна (майстэрні тады ў яго не было, таму працаваў у хатніх умовах). У тыя ж гады была створана адна з самых вядомых карцін “Прыходзьце заўтра”, у якой удала паказаны вобраз чыноўніка-бюракрата. Гэты твор не страціў сваю актуальнасць і цяпер.
Мастак штогод любіў ездзіць летам у вёску (асабліва падабаўся яму Столінскі раён), ствараў паэтычныя вобразы жыхароў правінцыі і непаўторныя краявіды беларускага Палесся (“Фросенька”, “Альшанка”, “Даярка С.Сыса”, “Партрэт Л.Карыцька”, “Стары беларускі дворык”, “Восеньскі парк”, “Дзеці на мосціку”). Іван Якаўлевіч працаваў у розных напрамках: быў выдатным майстрам партрэта, пейзажа, і жанравай карціны.
Асаблівае месца ў яго творчасці ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя займала будаўніцтва буйнейшай у Беларусі Бярозаўскай ГРЭС: была створана серыя партрэтаў будаўнікоў, эцюдаў і замалёвак будоўлі. У партрэтах брыгадзіра Валашчука, арматуршчыка Шэндрыкава, кранаўшчыцы Урбановіч Іван Якаўлевіч канцэнтруе ўсю ўвагу на тварах людзей працы, з высокім прафесійным майстэрствам выпісваючы сваіх герояў.
He абмінуў мастак у сваёй творчасці і тэму мацярынства, стварыўшы праз блізкія рысы маці абагульнены сімвал мацярынства. Таму, напэўна, маці паказана як святая, з ясным, спакойным тварам. На пярэднім плане непагасны агонь лампады, як непагасная памяць пра тую, што дала мастаку жыццё. Прысутнічаюць таксама і іншыя дэталі, звязаныя з біяграфіяй: біблія, па якой жыла Сцефаніда Іванаўна, трохкутнік франтавога ліста ад сына, якога яна так і не дачакалася...
Іван Фяцісаў быў не толькі жывапісцам, ён — аўтар шматлікіх архітэктурна-мастацкіх му-
зейных экспазіцый у Брэсце, Баранавічах, Бярозе, Століне, Пінску... Стварыў экспазіцыі біялагічнага музея ў Брэсцкім педагагічным інстытуце, музея касманаўтыкі на радзіме двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука, музея “Бярэсце”... Створаныя мастаком-праектантам Іванам Фяцісавым экспазіцыі сведчаць пра глыбокае разуменне іх аўтарам музейнай спецыфікі, вылучаюцца прафесіяналізмам выканання.
Апошнім творам мастака-жывапісца стаў аўтапартрэт, які Іван Якаўлевіч рабіў, ужо будучы цяжка хворым. Але ён гучыць гімнам чалавечаму жыццю, адлюстроўвае няспынную прагу да ўсяго прыгожага.
Выраслі дзеці: дачка Анастасія таксама мастачка воляй лёсу, сын Уладзімір Валодзя, з якім у школьныя гады мы займаліся фектаваннем у будынку спортшколы па вуліцы Леніна ў Брэсце, таксама захапляецца жывапісам. Прызнацца, напачатку я і не ведаў, што Валодзеў бацька вядомы берасцейскі мастак.
Іван Фяцісаў быў сапраўдным творцам, сапраўдным інтэлігентам. Прыкметны, акуратна апрануты, ён любіў паэзію, увогуле літаратуру, меў цудоўную дамашнюю бібліятэку. Яго светлы, жыццесцвярджальны талент увасобіўся ў шматлікіх жывапісных творах, якія дораць і будуць дарыць сваю пазітыўную энергетыку прыхільнікам выяўленчага мастацва Беларусі яшчэ многія гады.
Іван Якаўлевіч Фяцісаў запомніўся мне непераймальным поглядам сваіх хітравата-гуллівых вачэй. Тыя хвіліны, калі даводзілася размаўляць з ім, так і адбіліся ў памяці праз гэты запамінальны “фяцісаўскі” позірк.
“Партрэт М. Я. Аса ”
ФАРБЫ КАХАННЯ I ЛЮБОВІ
Цёплым летнім днём (гэта было 11 жніўня 2011 года) мастачка Наталля Чорнагалова, схільная да эпатажу, напярэдадні адкрыцця сваёй персанальнай выставы “ФАРБЫ ЛЮБОВІ” аб’язджала на прыгожым кані адрэзак вуліцы Савецкай ад кінатэатра “Беларусь” да помніка 1000-годдзю Брэста, зазываючы брастаўчан і гасцей горада на адкрыццё выставы. Стыльна апранутая, у блакітна-сінім капялюшыку з вуаллю, яна нагадвала жанчыну на кані з вядомага палатна расійскага мастака Карла Брулова...