Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
На наступны 2012 год Наталля паўтарыла дзейства. Толькі на гэты раз была апранута ў белае плацце...
Шмат гадоў таму Наталля Арсеньеўна ўжо праводзіла адкрыццё выставы падобным чынам, толькі тады яна ў’ехала на кані непасрэдна ў саму выставачную залу, чым вельмі шакіравала прыхільнікаў свайго таленту.
Знаёмы з гэтай прыгожай жанчынай-мастачкай, народжанай на беларускім Палессі, больш як тры дзясяткі гадоў.
Памятаецца добра і яе дыпломны твор — каруначніцы-вышывальшчыцы, шматфігурная жывапісная кампазіцыя, натуршчыцамі да якой былі дзяўчаты з інтэрната, у якім Наталля жыла ў час вучэбных сесій.
Сакавітыя, экспрэсіўныя і пачуццёвыя, напоўненыя радасцю жыцця творы яе нараджаюцца стыхійна. Мастачка выплёсквае фарбы на палатно без падрыхтоўкі, без малюнка: так ярка яе нястрымны тэмперамент рэагуе на ўнутраны покліч душы.
Мастачка малюе настраёвыя пейзажы, нацюрморты, шмат кветак. Зрэдку партрэты, фігуратыўныя кампазіцыі дзяўчат, жанчын. Яе творы вясёлкавы гімн жыццю.
Наталля Арсенцьеўна любіць жыццё ва ўсіх яго праявах. У яе спадчыннае адчуванне прыгажосці свету, жыццядайнага хараства прыроды, творчай працы чалавека на роднай зямлі. Наталля Чорнагалова застаецца з дзяцінства адданай хараству гэтага непаўторнага свету і стварае свае жывапісныя палотны з любоўю да яго...
Мастачка Чорнагалова заўсёды ідзе насустрач свайму натхненню: не чакае, калі тое яе наведае. У майстэрню заўсёды збіраецца як на свята. А ў майстэрні шмат палотнаў, якія чакаюць "выхаду ў свет”. За сваё творчае жыццё Наталля Арсенцьеўна напісала некалькі тысяч палотнаў, якія разышліся па свеце найчасцей у якасці падарункаў, каб парадаваць чалавека.
Творца заўсёды хоча, каб яго пачулі і зразумелі... Як ужо згадвалася, аднойчы ў 1997 годзе Наталля Чорнагалова ўскалыхнула вуліцу Савецкую ў горадзе Брэсце, калі правяла авангардысцкую акцыю. У белым плацці на чорным кані Газоне прадэфіліравала па вуліцы, затым ля дзвярэй выставачнай залы, не пакідаючы сядла, пачуццёва выказалася пра сябе і сваю творчасць. Потым шумна ўехала ў памяшканне выставачнай залы. Публіка па-рознаму ўспрыняла гэтую акцыю, але мастацтву не пашкодзіла і такое свавольства маладой жанчынымастачкі.
А нарадзілася Наталля Чорнагалова ў Жыткавічах на Гомельшчыне. Вучылася ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава і на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута. Працуе ў станкавым жывапісе і акварэлі ў жанрах пейзажа, нацюрморта, партрэта і ў станкавай графіцы. Наталля вельмі ўдзячная сваёй маці Ганне Дзмітрыеўне за ўсё, што тая зрабіла для яе: толькі дзякуючы яе працавітасці, жыццёвай мудрасці і аптымізму мастачка стала такой, якая ёсць... Самае мілае для Наталлі месца на зямлі — яе малая радзіма, Жыткавічы. Калі вяртаецца туды, то гатовая цалаваць кожны каменьчык, кожную травінку. Душою непарыўна звязана з роднаю зямлёю. У людзей цэніць дабрыню, павагу да працы, як да сваёй, так і да працы іншых, сумленнасць, адкрытасць...
Мастачка жыве дзякуючы любові і дзеля яе. Гэта самая галоўнае пачуццё, якое ідзе ад Бога. Гэта пачуццё заўсёды з ёю незалежна ад розных абставін жыцця. Яно стымулюе на творчую дзейнасць, дапамагае дасягаць пастаўленыя мэты, робіць шчаслівым чалавекам. Наталля жыве і любіць! Адчувае ў сябе вялікі творчы патэнцыял і знергію. Светам правіць любоў.
Фарбамі любові і кахання пранізаны ўсе творы мастачкі.
3 1976 года Наталля удзельніца мастацкіх выстаў, сярод якіх вялікая колькасць персанальных: у Беларусі, Польшчы, Украіне, Англіі... Творы знаходзяцца ў музеях Брэста, Мінска і ў асабістых зборах калекцыянераў краін Еўропы і Амерыкі. У 1998 годзе ўзнагароджана дыпломам Беларускага саюза мастакоў за пейзаж “Магільны склеп Э.Ажэшкі”.
Вось і ў сакавіку 2009 года прайшла персанальная юбілейная выстава ў Мінску ў Палацы мастацтваў экспрэсіўная “справаздача” вядомай беларускай мастачкі Наталлі Чорнагаловай, якую называюць “брэсцкай амазонкай”.
Карціны гэта яе дзеці. Так мастачка заўсёды кажа. Яна любіць усе свае палотны і ёй вельмі цяжка з імі расставацца. Наталля шчаслівая ад таго, што стала мастачкай, нягледзячы ні на што. Душа яе, магчыма, крыху супакоілася пасля таго, як Наталля пабывала ў Парыжы, у Англіі. Але ці надоўга?
Мастачка любіць колер. У яе вельмі вострае адчуванне рэчаіснасці. Жыве эмоцыямі. Усё яе светаадчуванне адлюстроўваецца ў творчасці. Мастак, творца, Наталля Чорнагалова сумяшчае ў сваім характары ўсе фарбы вясёлкі. I яшчэ яна лічыць сябе вельмі моцнай духам жанчынай, мацнейшай за мужчын.
На творчасць яе натхняе само жыццё. Яна чалавек няўрымслівы, неабыякавы, неспакойны. I кожная падзея, з’ява, чалавек адлюстроўваецца ў яе свядомасці рознымі фарбамі і малюнкамі. Калі яна гэта адчувае, то ідзе да мальберта з падрамнікам і палатном.
Мастачка ўжо даўно малюе рукамі: далонямі, пальцамі. Думае, што пэндзлік не можа перадаць у поўнай меры тое, што яна хоча выказаць паказаць людзям. Яна лічыць, што толькі рука, якой мы дакранаемся да ўсяго ў гэтым свеце, адчуваем цеплыню, жыццё кожнага прадмета, здатная зрабіць і карціну жывой, па-чалавечы шчырай. Мастачка заўсёды імправізуе, шукае нешта новае ў выяўленчых сродках. Рэальнасць не для яе, свет мараў вось яе стыхія!
Наталля Арсенцьеўна шчаслівая, нягледзячы ні на што. Яна радая, што жыла ў СССР, што стала мастаком, дасягнула многіх з пастаўленых перад сабою мэтаў. Але ёй так хочацца быць упэўненай у заўтрашнім дні, ведаць, што ты пад абаронай дзяржавы! Яна хоча, каб у матэрыяльным плане не было ніякіх праблем (А хто супраць?!). Яшчэ мастачка марыць быць свабоднай і незалежнай, зусім не думаць пра грошы, цалкам аддавацца творчасці, мастацтву...
Экстравагантная і харызматычная мастачка кажа пра сябе і сваю творчасць: “Мая абстракцыя гэта мой джаз. I я хачу, каб людзі палюбілі мой джаз! Я, як Уладзімір Высоцкі, “Я дыхаю, і, значыць, я кахаю. Я кахаю і, значыць, я жыву”.
“Кветкі ”
“Любімыя кветкі ”
“Фарбы кахання ”
“Нацюрморт з яблыкам ”
“Пейзаж”
ТРАПЯТКАЯ ДУША ТВОРЦЫ
Памятаецца цікавы выпадак на занятках па малюнку, калі я пазіраваў для студэнтаў нашай групы. Седзячы на подыуме, назіраў, як ля мальберта аднагрупніка-сябра Віктара Кісляка сабралася амаль уся група. Хлопцы і дзяўчаты ажыўлена размаўлялі і пасмейваліся. Мікалай Дзмітрыевіч Чураба запытаў тады ў свайго калегі Міхаіла Сяргеевіча Талмачова:
Міхаіл Сяргеевіч, а чаго гэта яны там смяюцца так гучна?!
Смяюцца, таму што ім па васямнаццаць-дваццаць гадоў! весела адказаў Талмачоў, падышоўшы і пабачыўшы малюнак Віктара, на якім я быў падобны на былога правадыра міравога пралетарыяту У. I. Леніна (на той час насіў невялічкую бародку і вусы)...
Мікалай Дзмітрыевіч Чураба, графік і жывапісец, нарадзіўся 6 студзеня 1914 года ў Мінску. У 1920 годзе сям’я пераехала ў Клімкавічы. У 1933 годзе скончыў Віцебскі
мастацкі тэхнікум. Вучыўся ў знакамітага Івана Восіпавіча Ахрэмчыка. Старанная вучоба, настойлівая праца з алоўкам і пэндзлем далі пазней магчымасць паступіць у Маскоўскі дзяржаўны інстытут імя В. I. Сурыкава. А там што ні выкладчык то імя ў мастацкім свеце: М. Эндэ, А. Фогт, X. Даркевіч, У Фаворскі, П. Паўлінаў, К. Істоміна... Дыпломнай работай Мікалая Чурабы сталі ілюстрацыі да рамана Мікалая Астроўскага “Народжаныя бурай”, выкананыя ў тэхніцы аўталітаграфіі.
У 1940 годзе мастака накіравалі ў Беласток. Там і напаткала яго вайна, але з-за хваробы ў войска мастака не ўзялі.
Напачатку 1943 года Мікалай Чураба пераехаў у Пружаны, дзе ў хуткім часе пазнаёміўся з Таццянай Утгоф сваёй будучай жонкай. Таццяна Уладзіміраўна была яго лёсам, яго добрым анёлам, першым дарадцам і крытыкам на працягу 55 гадоў.
Сваю жонку Мікалай Дзмітрыевіч маляваў усё жыццё акварэллю і алейнымі фарбамі, простым алоўкам і вугалем.
3 1946 года Мікалай Чураба жыў у Брэсце, якому з любоўю прысвячаў свае жывапісныя і графічныя творы, многія з іх і цяпер захоўваюцца ў мясцовым краязнаўчым музеі.
Мікалай Дзмітрыевіч працаваў метадыстам і кіраўніком студыі выяўленчага мастацтва пры абласным Доме народнай творчасці. А ў 1947 годзе ў горадзе адбылася першая абласная выстава мастакоў Берасцейшчыны, у якой удзельнічаў і Мікалай Чураба.
Пазней ён кіраваў студыяй павышэння кваліфікацыі брэсцкіх мастакоў, займаўся паспяхова кніжнай графікай. Аформіў шэраг кніг: “Вершы для дзяцей” М. Лужаніна, “Залаты карп” У Стаховіча, “Новая зямля” Я. Коласа, “Выбраныя апавяданні” Я. Брыля і іншыя.
3 1966 па 1982 гады Мікалай Дзмітрыевіч працаваў выкладчыкам (з 1972 дацэнтам) кафедры малюнка і жывапісу на архітэктурным факультэце Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (цяпер тэхнічны ўніверсітэт). Менавіта там я і пазнаёміўся з ім у 1976 годзе, калі паступіў вучыцца пасля службы ў войску. Мікалай Дзмітрыевіч мне адразу спадабаўся як чалавек спакойны, уважлівы, негаманкі, дакладны. Для мяне было прыемна тады сустрэць і Міхаіла Сяргеевіча Талмачова, майго кіраўніка па студыі выяўленчага мастацтва ў Доме піянераў і школьнікаў, які працаваў на кафедры першы год. Увогуле, даспадобы прыйшліся ўсе выкладчыкі малюнка, жывапісу, скульптуры, архітэктурнага праектавання, бо то былі прафесіяналы, людзі, якія займаліся любімай справай. Ды і першы рэктар інстытута прафесар Ігар Дзмітрыевіч Белагорцаў быў для нас, студэнтаў, як бацька.
Нашы заняткі жывапісам і малюнкам не абмяжоўваліся толькі сценамі аўдыторыі мы малявалі сярод гарадскога пейзажу, ля сцен Брэсцкай крэпасці. I заўсёды побач быў Мікалай Дзмітрыевіч, які даваў добрыя парады, далікатна даводзіў нашыя студэнцкія работы да патрэбнага стану дакладнымі рухамі мастакоўскай рукі, даваў парады сваім ціхім, спакойным
голасам. Захаваўся і каляровы фотаздымак-слайд Міхаіла Сяргеевіча Талмачова, на якім наша студэнцкая група ля ўваходу ў крэпасць побач з Мікалаем Дзмітрыевічам Чурабам ў цёплы майскі дзень перад заняткам малюнкам.
Часцяком даводзілася бачыць Мікалая Дзмітрыевіча з эцюднікам на плячы і падрамнікам з палатном у руцэ. Сустракаў яго у самых розных мясцінах: за будынкамі інстытута, каля крэпасці, на вуліцах горада... Я з ім вітаўся, а затрымліваць на якую хвіліну не было нават думкі, бо Творца спяшаўся працаваць.
Чураба маляваў графічныя партрэты студэнтаў-выдатнікаў, якія размяшчалі на спецыяльным стэндзе на трэцім паверсе галоўнага корпуса. За гонар лічылася трапіць на аловак гэтага мастака. Я не раз бачыў тыя сеансы. Было вялікай навукай назіраць цішком за ягонаю працаю. У Мікалая Дзмітрыевіча быў вялікі талент, вялікі вопыт вучобы і працы ў сваёй галіне мастацтва, таму кожная сустрэча з Мастаком-Педагогам як на вуліцах горада, так і на выставах, у прыватнасці, на яго юбілейнай выставе да 80-годдзя з дня нараджэння, была для мяне з’яваю.