• Часопісы
  • Непрыдуманыя партрэты  Лявон Валасюк

    Непрыдуманыя партрэты

    Лявон Валасюк

    Выдавец: Брэсцкая друкарня
    Памер: 284с.
    Брэст 2014
    123.53 МБ
    Мікалай Чураба стварыў свой мастакоўскі свет, у якім знаходзілася месца і цудоўным краявідам роднага краю (“Таполі”,”Раніца”, “Родны куток”, “Непагодлівы дзень”), і партрэтам знаёмых і родных людзей (“Мастацтвазнаўца Антон Ус”, “Мужчынскі партрэт”, “Партрэт жонкі”), і нацюрмортам з простых палявых кветак, якія ён прыносіў з эцюдаў за горадам (“Кветкі родных палёў”, “Макі”). Ён адным з першых падняў тэму гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці, якая стала галоўнай у творчасці. Асабліва помніцца трыпціх “На парозе бяссмерця”, які шмат разоў экспанаваўся на вялікіх і прадстаўнічых выставах. атрымаў высокую ацэнку мастацтвазнаўцаў і аматараў жывапісу, саміх удзельнікаў гераічных падзей 1941 года. У шэрагу жывапісных палотнаў, такіх як трыпціх “Абарона Брэсцкай крэпасці”, “Байніцы Брэста”, “Ветэраны”, “Цаною жыцця”, “Цішыня ў цытадэлі”, “Руіны парахавога склепа”, ён выказаў свае мастакоўскія і грамадзянскія адносіны да легендарнай крэпасці святога месца не толькі для жыхароў горада, але і для ўсяго сумленнага чалавецтва.
    Творы мастака зараз знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў Мінску, літаратурным музеі Я.Коласа, Брэсцкім і Пінскім краязнаўчых музеях, музеі абароны Брэсцкай крэпасці, Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя A. В. Суворава, музеі выяўленчага мастацтва імя A. С. Пушкіна ў Маскве, у шматлікіх прыватных калекцыях.
    Зрабіў Мікалай Дзмітрывіч і шмат выдатных аўтапартрэтаў, якія захавалі для нашчадкаў сур’ёзны і адначасова такі добры і ўдумлівы погляд Майстра алоўка і пэндзля, выдатнага Педагога і проста Чалавека. Асабліва адзначу аўтапартрэт пастэллю “У сваёй майстэрні” (1991 год). На мой погляд, гэта вяршыня партрэтнага жанру. Такім ён і застаецца сярод нас мудрым і сціплым, з трапяткою душою Творцы.
    Лявон ВАЛАСЮК
    ВОСЕНЬ ПАТРЫЯРХА
    Памяці М. Д. Чурабы Празрыстыя кроплі Асенняй расы.
    Сцішэлі, пажоўклі Наўкола лясы.
    3 сівой барадою Мастак на шашы. Эцютнік старэнькі Ля тонкай душы...
    Хвалююся. Бачу. Няспешна ідзе...
    I з чырванню лісце Плыве па вадзе...
    “У сваёй майстэрні ”
    *
    “На рацэ Мухавец ”
    “Аўтапартрэт ”
    М. Чураба са студэнтамі групы А-32 у Брэсцкай крэпасці на эцюдах. 1978 год.
    МАСТАК 3 ДОБРАЗЫЧЛІВАЙ УСМЕШКАЙ
    Васіль Кірылавіч Шыкін жыў на вуліцы Пушкінскай на Кіеўцы, старым раёне горада Брэста, па суседстве са мной, праз чыгунку. Пэўны час нам давялося і працаваць блізка, калі мастак быў старшынёй абласнога аддзялення Беларускага саюза мастакоў. Сумесна ўдзельнічалі таксама ў шматлікіх мастакоўскіх мерапрыемствах. Прыемна было сустракацца з ім, гутарыць на розныя набалелыя тэмы.
    У мастацкіх выставах Васіль Кірылавіч Шыкін пачаў удзельнічаць з 1949 года, у 1960-м стаў членам Беларускага саюза мастакоў, быў адным з заснавальнікаў Брэсцкай абласной арганізацыі гэтага саюза.
    Творы Васіля Шыкіна прасякнуты цёплым лірычным настроем. Гэта асабліва бачна ў яго вялікім палатне “Сяброўкі”, у якім апяваецца праца маладых сялянак. Уся панарама твора гучыць радасным гімнам жыццю.
    Мяккай свежасцю вее ад пейзажаў “Да вечара”, “Эцюд”, “Ля калодзежа”, “Уражайныя палі”, “Белавежская пушча”, "Восень”, “Лета”, “Ваколіца”. Па ягоных палотнах відаць, з якой любоўю, натхненнем працаваў мастак, з якой цікавасцю ставіўся да натуры...
    Васіль Кірылавіч нарадзіўся 28 снежня 1914 года ў вёсцы Царкоўнікі Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і, у якой расло шасцёра дзяцей. 3 маленства марыў навучыцца маляваць. I вялікім шчасцем было атрымаць падарунак ад бацькі першыя акварэльныя фарбы. А родныя мясціны з’явіліся натхняльным фонам для пачатку творчага шляху мастака.
    У дзіцячым уяўленні Васіля сапраўдныя мастакі здаваліся багамі. Таму, калі бацька вырашыў завезці яго ў Брэст да мастака Фралова на вучобу, хлопчык ніяк не мог ў гэта паверыць. Для 12-гадовага Васіля ўвесь навакольны свет сышоўся ў майстэрні. 3 таго часу ён назаўжды палюбіў пахі майстэрні з яе палотнамі, пэндзлямі, фарбамі... Але, каб доўга вучыцца ў мастака Фралова, у бацькі не хапіла грошай. Ды знайшоўся багаты чалавек, які дапамог з далейшай вучобай, набыў і алейныя фарбы, вазіў у Варшаву ў мастацкую школу...
    Пазней ужо, у 1939 годзе, Васіль Кірылавіч паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Вайна застала яго ў роднай вёсцы, куды прыехаў на канікулы. Васіль стаў ўдзельнікам партызанскага руху. 3 1944 года прайшоў франтавымі дарогамі Польшчу, Усходнюю Германію. Пасля баёў за Берлін атрымаў высокую салдацкую узнагароду ордэн Славы III ступені... 3 1946 года Васіль Шыкін жыў і працаваў у Брэсце. Апошнія гады, калі не стала жонкі, а сын з дачкою пакінулі межы роднай Беларусі, побач з Васілём Кірылавічам была да апошніх дзён унучка...
    Жывапісныя творы мастака сёння знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі ў Мінску, у фондах БСМ, Брэсцкім краязнаўчым музеі, Музеі беларускага Палесся ў Пінску. Галоўным, самым цікавым творам, на мой погляд, з’яўляецца вялікае палатно “Заходняя Беларусь. 1939 год”, якое захоўваецца ў абласным мастацкім музеі. Гэты твор можна назваць і аўтабіяграфічным, і гістарычным. Ён адлюстроўвае важны жыццёвы момант не толькі для Васіля Шыкіна асабіста, але і ўвогуле для жыхароў Заходняй Беларусі.
    Сярод жывапісных твораў Васіля Кірылавіча вылучаюцца такія, як “Арганізацыя калгаса”, “Падпольшчыкі”, “Вайна”, “Вясна 1945”. Гэтыя палотны адлюстроўваюць і вехі жыцця самога мастака, і тыя выпрабаванні, якія давялося перанесці ўсяму беларускаму народу ў гістарычных вірах нялёгкага жыцця. Мастак з трывогай і болем ставіўся да тых трагічных падзей, з любоўю і шчырасцю працаваў над сваімі палотнамі.
    Зусім іншае жыццё пачалося пасля вайны, таму і ў творах, прысвечаных мірнаму будаўніцтву, болып лірычных нотак. Гэта адлюстравалася і ў серыі пейзажаў “Бярозаўская ГРЭС”, і ў такіх творах, як “Ураджайныя палі”, “Ля калодзежа”...
    Васіль Кірылавіч Шыкін заўсёды патрабаваў ад мастакоў, каб актыўна працавалі, выстаўляліся. Калі працаваў старшынёй Брэсцкага аддзялення Беларускага саюза мастакоў, шмат пабудаваў творчых майстэрняў, пастаянна прапагандаваў творчасць землякоў. У жыцці ён быў энергічным чалавекам з бадзёрым, зычным голасам і добразычліваю ўсмешкаю ў вачах. Такім ён і застаецца ў памяці мастакоў, людзей, якія ведалі яго.
    “Белавежская пушча ”
    “Заходняя Беларусь. 1939 год. ”
    ЗАПАТРАБАВАННЕ ДУШЫ МАСТАКА
    Пётр Васільевіч Зарэцкі, з дзяцінства трымаючы ў сэрцы веру ў светлае будучае, стаў не толькі сапраўдным мастаком, але і сапраўдным сынам сваёй роднай зямлі...
    Мы з ім знаёмы даўно. Спачатку па творах на абласных выставах, па публікацыях у газеце “Заря”, дзе Пётр Васільевіч аналізаваў творчасць берасцейскіх мастакоў канца 60-х пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. На той час гэта быў адзіны чалавек у мастакоўскім асяродку, каторы мог даць прафесійную ацэнку творчасці калег па пэндзлі.
    Працуючы ў камбінаце “Мастацтва”, Пётр Васільевіч шмат займаўся грамадскай працай “у прафсаюзах”: дапамагаў атрымліваць кватэры для мастакоў, майстэрні. У тыя часы ён вельмі і вельмі многа дапамагаў калегам, што было на шкоду ўласнай творчай працы.
    Па абавязку працы Пётр Васільевіч рабіў маркетры для Дамоў культуры, бальніц, паліклінік, прадпрыемстваў. Паміж вытворчымі справамі знаходзіў час пасядзець за эцюднікам і мальбертам.
    У майстэрні Пятра Зарэцкага нярэдка можна было сустрэць яго родных, калег-мастакоў, літаратараў і ўвогуле людзей, якія любілі выяўленчае мастацтва.
    Асаблівае месца ў жыцці Пятра Зарэцкага займалі такія берасцейскія літаратары, як Уладзімір Калеснік, Міхась Рудкоўскі (ён быў асабліва частым госцем), Мікола Пракаповіч, Алесь Каско. Пётр Васільевіч і сам пісаў вершы. Людзі цягнуліся да мастака і чалавека Пятра Зарэцкага. Моцным было сяброўства з прафесарам-мастацтвазнаўцам Антонам Усам, які значную частку свайго асабістага архіва перадаў Пятру Васільевічу (тры з паловай мяхі).
    Ужо бліжэй асабіста мы пазнаёміліся ў 1981 годзе, калі я прыйшоў працаваць у Абласны навукова-метадычны цэнтр упраўлення культуры. На той час адбываўся значны ўздым творчага жыцця не толькі Берасцейшчыны, але і Беларусі ўвогуле. Сустракацца з мастакамі даводзілася амаль кожны дзень, бо працавалі побач, на вуліцы Савецкай.
    Пётр Зарэцкі нарадзіўся ў цудоўным краі, які завеццца Белавежскай пушчай. Ужо само месца нараджэння, як кажуць, “абавязвае” тварыць. Таму так часта мастак звяртаўся да пушчанскай тэмы, да Камянеччыны (“Белавежская пушча”, “Купалле”, “Палессе”)...
    У свой час маці Пятра (ды і ён сам быў не супраць) вельмі хацела, каб сын стаў святаром. Ды нешта перашкодзіла ў жыцці таму здзейсніцца... Пётр Зарэцкі пайшоў па мастакоўскай дарозе, хаця грамадская праца вельмі яму пасавала і падабалася: працаваць з людзьмі было цікава і прыемна.
    Па стане здароўя апошнія часы Пётр Васільевіч не так часта ўжо бываў у сваёй творчай майстэрні на праспекце імя Пятра Машэрава. Ды толькі зусім не бываць там не мог, бо без фарбаў, палотнаў сумаваў, сумаваў і без сустрэч з калегамі-мастакамі.
    Апошні раз сустрэў Пятра Васільевіча ў Мастацкім музеі ў Брэсцкай крэпасці на віншаванні мастака-юбіляра заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Пятра Аляксеевіча Данэліі, якому споўнілася тады 90 гадоў.
    Пётр Васільевіч быў удзячны жыццю за тое, што мара дзяцінства здзейснілася. Ён стаў мастаком па прызванні і сутнасці. I яшчэ ён быў удзячны лёсу, які ўзнагародзіў яго мастацкім уяўленнем, якое ніколі не падвяло.
    БЛІЦ-ІНТЭРВ’Ю (красавік 2010 года, майстэрня мастака)
    Пётр Васільевіч, а як вы сталі мастаком?
    He хадзіў яшчэ ў школу, а ўжо маляваў. Як алоўка не было, дык замест яго выкарыстоўваў спаленую запалку. Калі пачаў падрастаць, то нейкі час не адчуваў мастацкага абуджэння. У
    школе ніхто лепш за мяне не мог намаляваць Леніна ці Сталіна. Потым пачаў працаваць з фарбамі, і тады пайшла стыхія. У хуткім часе знайшлі мяне супрацоўнікі культуры, каб паказаць мае творы на выставах, раённых і абласных. Атрымліваў дыпломы і грошы таксама за гэта. Калі заканчваў сярэднюю школу ў Камянцы, ужо цвёрда ведаў: буду толькі мастаком. Рыхтаваўся да паступлення самастойна. Hi студыі, ні “жывых” мастакоў не бачыў. Першы раз, у 1955 годзе, не паступіў у Кішынёў: не прайшоў па конкусе. Але ўжо на другі, на шчасце, паступіў. Праз 5 гадоў адчуў сябе прафесійна адукаваным мастаком. ’’Запаліўся” паступіць у Мінскі інстытут на аддзяленне станкавага жывапісу. У інстытуце адчуў, што вырас у параўнанні з вучылішчам у два разы...