• Часопісы
  • Непрыдуманыя партрэты  Лявон Валасюк

    Непрыдуманыя партрэты

    Лявон Валасюк

    Выдавец: Брэсцкая друкарня
    Памер: 284с.
    Брэст 2014
    123.53 МБ
    У свой час, на пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя, была створана цэлая серыя жывапісных карцін-пейзажаў на тэму Белавежскай пушчы “Поры года” (8 нацюрмортаў па пушчанскіх матывах, па два на кожную пару).
    Паралельна з творчай працай Мікола Маеўскі ў тыя гады паспяхова займаўся вытворчай дзейнасцю. У вучылішчы механічнага завода ў Пінску стварыў пано “Песняры Беларусі” ў тэхніцы анкаустыкі, на Белаазёрскай ТЭЦ зрабіў маркетры “Поры года”, пано на касмічную тэму плошчай больш за 40 квадратных метраў...
    А ўсё пачыналася з маленства, калі стаў маляваць. Пасля заканчэння Дварцоўскай васьмігодкі два гады вучыўся ў Камянецкай школе. Потым была служба ў арміі, Ленінградская мараходная школа, работа на караблях балтыйскага марскога параходства, на лініях у Аўстраліі, Амерыцы, Еўропе. Увесь гэты час маляваў і марыў быць мастаком.
    У 1979 годзе, пасля вучобы ў Ленінградскім мастацкім вучылішчы імя В.А.Сярова, Мікола Маеўскі прыехаў у Брэст у мастацка-вытворчы камбінат, дзе дырэктарам на той час быў Баляслаў Васільевіч Булатаў. Абласное аддзяленне Саюза мастакоў выдзеліла майстэрню, дзе ён стварыў сваю незабыўную карціну, водгук былых марскіх падарожжаў “Мой сябар вецер”. Яе высока ацанілі наведвальнікі рэспубліканскай выставы ў 1980 годзе ў Мінску.
    У гэтыя ж часы вазіў карціны ў Маскву на выставы "Зямля і людзі”, якія праводзіліся адзін раз на пяць гадоў. Былі яго творы і на міжнародных выставах у Латвіі, у Украіне, на Усесаюзнай выставе ў Маскве да 60-годдзя стварэння СССР.
    У 1987 годзе Міколу Маеўскага прынялі ў Саюз мастакоў. На той час ён меў у актыве 28 рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў. Шмат працуючы творча, стварыў цудоўныя серыі палотнаў, прысвечаных старажытнай Беларусі. Цікава паглядзець на Камянец-Літоўскі, Тураў, Пінск, Давыд-Гарадок, Мірскі замак, Лідскі замак вачамі мастака. Удалымі атрымаліся серыі “Хлябы Беларусі”, “Беларусь мая шыпшына”, “Нацюрморты з калоссем”. Шмат твораў трапіла за мяжу — у ЗША, Швецыю, Германію, Францыю, Японію... Былі закуплены палотны і Абласным краязнаўчым музеем, Міністэрствам культуры Беларусі, Музеем Беларусі ў ЗША, Магілёўскай галерэяй і шматлікімі ўстановамі рэспублікі. He абышоў бокам Мікола Маеўскі і Чарнобыльскую трагедыю, стварыўшы шэраг запамінальных твораў: “Рэквіем”, “Піраміда фараонаў”, “Пустыні ў Палессі” і іншыя...
    3 1989 года Мікола Маеўскі тры гады ўзначальваў абласную мастакоўскую арганізацыю. Было зроблена шмат чаго добрага: пачалося ў тыя гады плённае супрацоўніцтва і сяброўства з мастакамі Германіі, Польшчы. Нашы творцы пачалі ездзіць на міжнародныя пленэры. У гэты час пасля доўгай затрымкі пачалі прымаць берасцейцаў у грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз мастакоў”... З’явіліся сябры творчай суполкі ў рэгіёнах: у Баранавічах, Пінску, Століне...
    Мікола Маеўскі не выбіраў месца свайго з’ўлення на свет: пушчанскія лясы, лугі і палі самі абралі месцам нараджэння будучага мастака вёску Дварцы Камянецкага раёна, што месціцца сярод прыгожых соснаў знакамітага лесу. А мясціны тут найпрыгажэйшыя. Пішу пра гэта з такой моцнай упэўненасцю, бо ў свой час, будучы студэнтам, пражыў у роднай вёсцы Міколы цэлы месяц, калі быў “на бульбе”. Вядома, і зуброў там бачылі, бо яны прыходзілі на
    палі, дзе мы працавалі. Аднойчы ў нядзелю давялося натрапіць на волата, калі хадзілі ў лес за вёскай у грыбы...
    Захапляешся адначасова як веліччу Пушчы, так і жывапісным палатном, на якім дакладна выпісана кожнае дрэва, кожная аблачына ў такой вядомай і запамінальнай манеры пісьма мастака Міколы Маеўскага. Яго наслаенне фарбаў, яго каларыт і малюнак ствараюць той запамінальны вобраз, які ўжо немагчыма забыць, які застаецца ў памяці на доўгія гады.
    Арыгінальнай з'яўляецца манера пісьма мастака, якую не пераблытаеш ні з чыёй іншай: з цягам часу ён выпрацаваў свой стыль, ні на каго не арыентаваўся. Гэты манументальна-дэкаратыўны стыль прыцягваў увагу прыхільнікаў і аматараў мастацтва да твораў на кожнай выставе, што адбывалася ў абласным цэнтры.
    А ў памяці ўсплываюць нашы першыя сустрэчы ў выставачнай зале па вуліцы Савецкай, у майстэрні мастака на верхнім паверсе шматпавярховіка па вуліцы Набярэжнай, калі яшчэ Мікола працаваў у адным пакоі з Міхасём Кебецам і Генадзем Сурмой. Цудоўны быў час, час маладосці, прагі да творчасці, да жыцця, час пошуку і шматлікіх здзяйсненняў. Лёгка працавалася, нягледзячы на розныя перашкоды, якіх заўжды хапала і хапае творчым людзям, на вялікі жаль, і цяпер.
    Вось і зараз, калі Мікола Маеўскі (у 2008 годзе, пасля смерці маці Надзеі Уладзіміраўны) вярнуўся жыць і працаваць у бацькоўскі дом, навакольны свет застаецца такім жа складаным, як і ў маладосці, толькі ўзрост ужо іншы — сталы, калі так можна сказаць...
    Тыя праблемы, што засталіся за спінаю, былі звязаны з майстэрняй, якую давялося пакінуць. Цяпер мастак жыве і працуе ў асяроддзі сваіх землякоў-пушчанцаў. Тут усё побач: гаспадарка, майстэрня, Белавежская пушча, якая натхняе яго на стварэнне жывапісных краявідаў і нацюрмортаў.
    На свежым паветры сярод магутных дрэў і зуброў не даводзіцца сумаваць і кволіцца: здаровы навакольны свет запаведнага лесу, паветра, насычанае пахамі лекавых траў і дрэў, даюць той здаровы набытак, які дорыць сілы і мары для творчага плёну, для пераадолення новых прыступак да поспеху. Жыццё працягваецца, назапашвае новыя фарбы і гукі...
    Верыцца, што новыя творы мастака Міколы Маеўскага яшчэ не раз парадуюць аматараў жывапісу, прыхільнікаў яго творчасці.
    “Камянец-Літоўскі ”
    “Вясна. Кветкі”
    “Восень у Белавежскай пушчы ”
    “Абуджэнне ”
    “Беларусь мая шыпшына ”
    ЖЫВАПІСЕЦ-ЛІРЫК ІОСІФ КРУПСКІ
    Першае, што прыпамінаецца пра гэтага таленавітага чалавека ягоная карціна “Абарона Брэсцкага вакзала”, што знаходзіцца ў Музеі гісторыі Брэсцкай чыгункі. 3 гэтага твора, які, можна сказаць, лічыцца візіткай мастака, пачалося і маё знаёмства з творчасцю Іосіфа Крупскага. Была яшчэ “Хлапчукі бягуць”. Гэтымі палотнамі мастак заявіў пра сябе як пра адметнага творцу не толькі Берасцейшчыны, але і ўвогуле Беларусі.
    Іосіф Рыгоравіч Крупскі нарадзіўся 11 кастрычніка 1934 года ў вёсцы Куплін Пружанскага раёна, амаль на мяжы з Белавежскай пушчай. Бацькі былі сялянамі, акрамя Іосіфа ў сям’і гадаваліся яшчэ тры браты і пяць сясцёр. 3 дзіцячых гадоў хлопчык пазнаў неабходнасць працы, цану хлеба таксама як і прыгажосць наваколля.
    Першыя чатыры гады вучыўся ў школе роднай вёскі, потым у недалёкім райцэнтры. У 1960 годзе скончыў мастацкую вучэльню. Адслужыў у Савецкай Арміі... А ўжо ў 1968 годзе завяршыў вучобу ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, атрымаўшы кваліфікацыю мастака-жывапісца і выдатна абараніўшы дыпломны твор “Хлапчукі бягуць” успамін пра маленства. Прыехаў у Брэст, пачаў працаваць, удзельнічаць у мастацкіх выставах.
    Вострае адчуванне рэчаіснасці, асэнсаванне ўсяго, што адбываецца ў жыцці, усяго, што перажывае сам Іосіф Рыгоравіч, заўжды знаходзіць адлюстраванне ў карцінах. Менавіта таму яны такія розныя па характарах: тонкія і паэтычныя (“Тры грацыі”, “Хлапчукі бягуць", “Вербы над Бугам”, “Юнацтва”), эпічныя (“Брэст”, “Фарсіраванне Дняпра”, “Невядомыя салдаты”), лірычныя (“Свята Купалле”, “Палессе”, “У майстэрні”, “Верасень”). Усе творы Іосіфа Крупскага аб’яднаны глыбокім пачуццём любові да Бацькаўшчыны. Менавіта таму яны закранаюць самыя тонкія струны душы, таму яны такія запамінальныя.
    Іосіф Крупскі — разнапланавы творца. Ён умела знаходзіць і перадае на палатне характар, настрой, дэталі... Разглядаючы жывапіс мастака, мы адзначаем толькі яму характэрны стыль пісьма, адчуванне колеру, прасторы, кампазіцыйныя прыёмы, шчырасць твораў... У сваіх работах ён адлюстроўвае канкрэтныя падзеі, раскрывае эстэтычныя ідэалы часу, прыгажосць прыроды, чалавека, увогуле — стварае гісторыю нашага працавітага роднага краю.
    Іосіф Рыгоравіч — паслядоўнік лепшых традыцый беларускага рэалістычнага жывапісу. У пошуках тэм і вобразаў ён шмат ездзіў па краіне і за мяжу на пленэры, адкуль заўсёды прывозіў вялікую колькасць пейзажаў, замалёвак, эцюдаў, на падставе якіх нараджаліся тэматычныя палотны. Творчасць берасцейскага мастака даўно атрымала высокую адзнаку і шырокае прызнанне ў Беларусі, Польшчы і іншых краінах. Яго ўклад у гісторыю беларускага жывапісу значны. Без тэматычных карцін, пейзажаў, партрэтаў, мазаік, акварэляў Іосіфа Рыгоравіча нельга ўявіць поўную карціну станаўлення жывапіснага мастацтва на Берасцейшчыне.
    Іосіф Рыгоравіч працуе ў станкавым жывапісе (пейзаж, партрэт), у манументальна -дэкаратыўным мастацтве (мазаіка, сграфіто, фрэска). 3 1968 года ён з’яўляецца ўдзельнікам мастацкіх выстаў, а з 1978 года членам Беларускага саюза мастакоў. Творы Іосіфа Крупскага знаходзяцца ў музеях і карцінных галерэях Мінска, Брэста, Баранавіч, Пружан, а таксама ў прыватных калекцыях шэрагу краін Еўропы. Ён шмат гадоў адпрацаваў у Брэсце на мастацка-вытворчым камбінаце “Мастацтва”, актыўна ўдзельнічаў у творчым жыцці Берасцейшчыны...
    Сярод вядомых твораў Іосіфа Крупскага, акрамя ‘Абароны Брэсцкага вакзала”( у свой час экспанавалася на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве), вылучаюцца і “Тры грацыі” кампазіцыя з трыма маладымі жанчынамі, на якой у стрыманым каларыце паказаны цёплы ветраны дзень на беразе ракі: жанчыны гулліва бавяць час адпачынку... У свой час цікава было пабачыць на абласной выставе карціну “Катаванне актывіста” сцэны з гісторыі грамадзянскай вайны.
    Гэты твор, насычаны трагізмам, паказвае моц духу барацьбіта за ідэю, за лепшую будучыню. Таксама трэба адзначыць палотны “Навагодняя казка”, “Нацюрморт з яблыкамі”, “Дзяўчына з яблыкамі”. Сярод партрэтаў вылучаюцца “Партрэт маладога пісьменніка Ул. Ягоўдзіка”, “Партрэт жонкі”, “Пяшчота”, “Дзяўчына ў белым”, “Маці”, “Настаўніца”, “Аўтапартрэт”... Своеасаблівы біяграфічны сюжэтны твор “Куплін” — сцэнка з жыцця вяскоўцаў.
    Асобна можна адзначыць паездкі мастака на пленэры ў Польшчу з 1999 па 2006 год. Часам бывала, што на год прыпадала па дзве-тры паездкі. Працаваў у Седліцэ, Вандровы, ля Варшавы ў Яцкова-Дольскім. За тыя часы напісаў шмат пейзажаў, партрэтаў, сюжэтных твораў, якія знаходзяцца ў польскіх музеях, прыватных калекцыях. На вялікі жаль, няма ўжо з намі няўрымслівага арганізатара тых пленэраў “FUNDACJA POMOST” з польскага боку Яцэка Галубэўскага, які ўсе гады запрашаў да сябе, рабіў выставы, каталогі. У Седліцэ быў рай для мастакоў...