Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Але яшчэ больш незвычайнай для беларускага выяўленчага мастацтва тых гадоў была тэма эвалюцыі жаночай свядомасці ва ўмовах горада. Карціны-сарказм “Нядзеля” (1987), ‘Тульні з максімальнай рызыкай” (1988), “Каляды” (1988) мастак насяляе фантасмагарычнымі істотамі з застылымі расфарбаванымі тварамі, своеасаблівымі механічнымі лялькамі, якія імітуюць жыццё людзей...
Пасля заканчэння інстытута Мікола працуе некаторы час у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, а майстэрня знаходзіцца ў доме насупраць Палаца мастацтваў у Мінску па вуліцы Казлова (сумесна з мастакамі-сябрамі Уладзімірам Савічам і Уладзімірам Тоўсцікам).
У пачатку сямідзясятых гадоў Мікола набыў друкарскі станок, за якім і працаваў у родным доме ў Пугачова, калі жыў там. Але праз некаторы час прадаў яго Льву, свайму сябру. Той славуты станок працяглы час выручаў Алімава, служыў яму ў майстэрнях на Савецкай, на Гогаля, потым на вуліцы Чкалава (сёння стары “працаўнік” робіць добрую справу ў школе № 10 горада Брэста, якая мае архітэктурна-мастацкі ўхіл).
У 90-я гады, якія прынеслі з сабой карэнныя змены ў наша жыццё, у атмасферы павышанага эмацыянальнага напружання Мікола Селяшчук з годнасцю захоўвае сваю індывідуальнасць. Эстэтычная катэгорыя хараства не страціла для мастака сваёй каштоўнасці і актуальнасці. Драматычныя калізіі жыцця, сацыяльныя катастрофы, што ўзрушвалі наша грамадства, адлюстраваны ў карцінах “Пярэварацень” (1990), “Метамарфозы”, “Лёгкае насілле над грамадзянкай Д.” (абедзве 1992), “Шукаў пустэльніка, сустрэў цябе” (1993), “Люблю цябе сустракаць” (1994).
У сваёй сталай творчасці Мікола Селяшчук прыйшоў да традыцыйнай для гісторыі культуры тэмы барацьбы дабра і зла, святла і цемры. У творах “Вясна”, “Свята”, “Велікодны сняданак на пленэры”, “Калі цвіце язмін” (усе 1991), “Саната мора” (1992), “Сустракае вясну" (1993), “Травы Палесся” (1994) мастак проціпастаўляе агрэсіўным сілам змроку сваю ўзвышаную і рамантычную мару, свае ідэалы, якія ўвасабляюцца ва ўзнёслых і лірычных жаночых вобразах.
Мікола Селяшчук належыць да тых творцаў, якія не парывалі сувязі з традыцыйнай культурай і адначасова чула рэагавалі на ўсе змены. Таму яго творчасць заняла асаблівае месца ў гісторыі беларускага выяўленчага мастацтва.
“Лета”. Фрагмент
“Канец сезона туманоў”
“Злашчасны адвячорак”
“Вяртанне на Радзіму. Шоптур. ”
“Люблю цябе сустракаць ”
БОЖЫЯ ГАЛАСЫ
У 2007 годзе ў Мінску адбыўся чарговы з’езд ГА “Беларускі саюз мастакоў”, на які ад Брэсцкай вобласці мы паехалі са старшынёй абласнога аддзялення мастаком-эмальерам Мікалаем Кузьмічом. Мікалай Пятровіч, памятаецца, прасіў нас галасаваць на з’ездзе за скульптара Аляксандра Дранца, які павінен быў выстаўляць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні Беларускага саюза мастакоў.
Як дамаўляліся, я аддаў свой голас за скульптара Дранца. Але гэта быў толькі пачатак галасавання, бо ў другі тур акрамя Дранца трапіў вядомы мастак-графік Уладзімір Савіч, якога я даўно ведаў па цудоўным афармленні дзіцячых кніжак яшчэ з савецкіх часоў.
Пры канчатковым падліку галасоў высветлілася, што перамог Уладзімір Савіч з перавагай... у два галасы...
Неяк не атрымлівалася расказаць пра гэта самому Уладзіміру Пятровічу, і толькі 6 чэрвеня 2013 года пасля пасяджэння Рады Саюза мастакоў у размове я згадаў той выпадак.
To былі Божыя галасы!.. у адказ сказаў мастак, пасміхнуўшыся. Я пра тое галасаванне часцяком успамінаю, думаю і прыходжу да высновы, што няпроста так усё тады атрымалася... А ўжо на наступным з’ездзе мая перавага была неаспрэчная.
А я ў сваю чаргу падумаў, што за апошнія шэсць гадоў нават не ўяўляў, што кіраўніком Беларускага саюза мастакоў мог быць нехта іншы, не Уладзімір Савіч, бо так арганічна Уладзімір Пятровіч глядзіцца на гэтай пасадзе.
Уладзімір Пятровіч Савіч заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар. Атрымаўшы ў свой час выдатную адукацыю, ён выпрацаваў уласную творчую манеру і з’яўляецца арыгінальным прадстаўніком сучаснага айчыннага выяўленчага мастацтва.
Звяртаючыся да ягоных густоўна аформленых кніжак беларускіх народных казак, да вядомых графічных і жывапісных твораў, можна адзначыць, што Уладзімір Савіч расказвае пра сябе і пра той час, у якім жыве, пра адносіны да гісторыі роднай Беларусі, пра свае пачуцці.
Адны толькі назвы ягоных твораў шмат пра што гавораць: “Магічныя сны”, “Памяць сівых курганоў”, “Святло роднага дома”, “Разарваныя фрагменты памяці”, “Пачуццёвы досвед”, “Кругі магічных абрадаў”, “Святасць споведзі”...
Уладзімір Пятровіч выдатна ведае народнае мастацтва, фальклор і матэрыяльную культуру беларусаў (родам мастак са старажытнай вёскі Хатаевічы на Лагойшчыне). Нездарма ў свой час ён вывучаў усё гэта ў шматлікіх вандроўках і экспедыцыях разам з вядомым мастаком-мастацтвазнаўцам Міхасём Раманюком.
Апошнія гады Уладзімір Савіч удала сумяшчае творчую працу з абавязкамі старшыні Беларускага саюза мастакоў. Ён настойліва працуе, дасягаючы ўсё новых вяршынь у мастацкай творчасці, працуе дзеля высокіх ідэалаў, дзеля хараства на зямлі.
“Мроі”
“Утаймаванне Кентаўра ”
“Паміж святлом і ценем ”
ПАРТРЭТ ЧАЛАВЕКА У МАСЦЫ
Аднойчы я зайшоў у выставачную залу па вуліцы Савецкай па свае жывапісныя творы, якія засталіся пасля праведзенай чарговай выставы. Я спяшаўся, бо чакаў сусед з машынаю. У гэты час у салоне-магазіне з’явіўся мастакграфік Леў Алімаў, які ўладкаваўся ля стала і стаў аб нечым жыва размаўляць з сакратаркай абласнога аддзялення Лідай...
Прысядзь, пагаворым... прапанаваў мне Леў Барысавіч, а сам павярнуўся да жанчыны.
Ведаеш, Ліда, як я завабліваю яго ў сваю майстэрню?
He! заінтрыгавана адказала Лідзія Якаўлеўна, гледзячы на мяне сонечнымі вачыма.
Папераю! з націскам адказаў Алімаў.
Туалетнаю!? са здзіўленнем спытала сакратарка, вымавіўшы першае, што трапіла на язык.
He, акварэльнаю! незадаволена вымавіў мастак і дадаў:
Хай працуе. Я яму часцяком выдзяляю па некалькі аркушаў. У мяне засталося крыху
яшчэ добрай акварэльнай паперы з савецкага часу...
А ў той выставачнай зале ў снежні 2005-га года было адкрыццё маёй вялікай юбілейнай выставы жывапісу і графікі. Выступіў з добрымі словамі і Леў Алімаў. Ён падараваў мне кніжку “Дзень паэзіі 88”, якую з густам аформіў яго сябар Мікола Селяшчук. Яны разам займаліся ў мастацкай студыі Дома народнай творчасці ў мастака Пятра Аляксеевіча Данэліі. Той падарунак для мяне меў асаблівую цану, бо быў атрыманы як бы ад двух знакавых асоб, яго ўпрыгожвалі два аўтографы...
Я быў вельмі крануты. Алімаў ведаў, што мне даўно падабаецца творчасць нашага знакамітага земляка. Працуючы ў рэкламным камбінаце Аблспажыўсаюза, я рабіў афармленне ўнівермага ў горадзе Століне, выкарыстоўваючы матывы твораў Міколы Селешчука. Алімаў часцяком заходзіў у майстэрню, дзе раней і сам працаваў, назіраў, даваў парады. А потым, неяк пасля паездкі ў Мінск, сказаў мне, што гаварыў Селешчуку пра маю працу. Мікола не быў супраць такога пераймання і пажадаў толькі плёну і мастацкага густу.
... А пачыналася ўсё з мастацкай студыі, якой кіраваў цудоўны чалавек Міхаіл Сяргеевіч Талмачоў, восенню 1959 года. Аднойчы ў Льва адбылася выпадковая сустрэча на плошчы Леніна з дзвюма хлопцамі, якія рабілі акварэльныя эцюды, Кастусём Нікалайчуком і Міколам Пракаповічам (не тым толькі, каторы паэт і працуе на абласным тэлебачанні). Алімаў тады яшчэ здзівіўся, гледзячы на акварэлістаў: няўжо так можна працаваць з акварэллю, каб янарасцякалася папаперы?! Хлопчык цвёрда вырашыў навучыцца маляваць і прыйшоў у Дом піянераў. Ен знаходзіўся тады ў старым цагляным двухпавярховым будынку за бальніцаю на вуліцы Бялова, а студыя была на першым паверсе, побач з харэаграфічным гуртком.
У той час у мастацкай студыі займаліся Валеры Кускоў, Віктар Байцун, Мікола Нерадзюк, Георгій Нічыпарук, Аляксандр Сяргееў... Там бруіла цікавае творчае жыццё.
Малюнак маладога студыйца “Ракета на Месяцы” трапіў на рэспубліканскую выставу. I пачаліся гадзіны незабыўных заняткаў пад кіраўніцтвам Настаўніка Міхаіла Сяргеевіча Талмачова... У 1960-м годзе ўсёй студыяй ездзілі ў Булькова на пленэр. Восенню была выніковая выстава. Тады ж перасяліліся ў новы будынак Дома піянераў на цяперашняй вуліцы Наганава, у рагавое памяшканне на верхнім паверсе...
А ў чатырнаццаць гадоў Леў Алімаў спрабаваў перайсці ў студыю да Пятра Данэліі, ды няўдала. На той час саракагадовы кіраўнік студыі пры Доме народнай творчасці быў богам для пачынаючых жывапісцаў. Выстаўляўся ў Маскве. Праз год усё ж атрымалася. А праз паўгода вучобы Леў Алімаў перавёўся ў старэйшую групу. Там жа займалася і сястра Таццяна.
(Дарэчы, Пётр Данэлія кіраваў студыяй доўгія гады з 1947 па 1967).
Летам старэйшыя мастакі-студыйцы бралі малодшых з сабою на эцюды. Часам даводзілася пісаць світанкі, таму амаль не класціся спаць... У тыя гады Леў Алімаў чытаў шмат кніг па мастацтве. наведваў чытальную залу па вуліцы Пушкінскай, дзе пазней працавала Мастацкая школа, першым дырэктарам-заснавальнікам якой быў Аляксандр Аляксандравіч Алонцаў (зараз на тым месцы невялікая крама).
У 1963 годзе Леў Алімаў паступіў у Мастацкае вучылішча імя 1905 года ў Маскве. А праз год яго забралі служыць у войска.
У родны горад вярнуўся праз 10 гадоў. Пачалася новая старонка ў яго жыцці і творчасці.
Мастак Уладзімр Савіч прапанаваў Льву Алімаву аформіць паэтычную кніжку. А Мікола Селяшчук узяў некалькі афортаў сябра ў Мінск, адкуль яны трапілі на выстаўку ў Германію. Так пачыналася выставачная дзейнасць і прызнанне...
А працаваць даводзілася ў творчай майстэрні з печкай-“буржуйкай” пасля асноўнай працы ў рэкламным камбінаце Аблспажыўсаюза. Часам і холадна было. Але калі ў 1987 годзе перайшоў у Мастацкія майстэрні, то атрымаў магчымасць набыць больш зручнае месца для творчасці па вуліцы Чкалава, пад дахам жылога дома, дзе ўжо не трэба было паліць у печы...
У 1988 годзе старшыня абласной арганізацыі CM БССР Васіль Мікалаевіч Сабалеўскі прапанаваў Льву Алімаву ўступіць у Саюз мастакоў. Толькі тады Леў атрымаў магчымасць паехаць у 1989 годзе на Сенеж, пабачыць, як працуюць мастакі з усяго СССР... (3 пуцёўкаю дапамаглі Мікола Селяшчук і Уладзімір Басалыга.)