• Часопісы
  • Непрыдуманыя партрэты  Лявон Валасюк

    Непрыдуманыя партрэты

    Лявон Валасюк

    Выдавец: Брэсцкая друкарня
    Памер: 284с.
    Брэст 2014
    123.53 МБ
    Калі я працаваў у навукова-метадычным цэнтры культасветработы і народнай творчасці, мой рабочы стол стаяў ля акна. якое выходзіла ў цяністы двор старога мураванага дома побач з цэнтральнай вуліцай Савецкай. У тым доме жыве мастак Леў Алімаў. Часцяком, асабліва летам, Леў падыходзіў да акна, за якім працаваў я, цікавіўся як жыву, жартаваў...
    Мне падабалася заходзіць у рэкламную майстэрню Аблспажыўсаюза, дзе на той момант працаваў брэсцкі мастак. Алімаў любіў рабіць алоўкавыя малюнкі-накіды, малюнкі-фантазіі (дарэчы, такіх алоўкавых малюнкаў у яго там “напрацавалася шмат, вельмі шмат). Я не адмаўляўся часам пастаяць-папазіраваць ля яго стала. Тыя малюнкі заўсёды падпісваліся з “гумарным” тэкстам надпісамі, што ўзбагачала агульнае ад іх уражанне. Адзін з іх захоўваецца ў мяне як памяць аб непаўторным часе часе нашай “савецкай” маладосці...
    ...Калі прайшла хваля перабудовы, брэсцкія мастакі пачалі актыўна ўступаць у Беларускі саюз мастакоў, куды доўгі час было цяжка “прабіцца ’ (не пускалі мэтры , і на тое былі свае прычыны).
    Леў Алімаў заўсёды адказна адносіўся і адносіцца да уступлення ў БСМ . Ен не аднойчы крытыкаваў нас, архітэктараў, якія працавалі мастакамі на розных прадпрыемствах горада. Яго любімымі словамі былі:”3аймайцеся сваёй архітэктурай, не лезьце да нас, мастакоў!” Лічу, што ён памыляецца крыху наконт архітэктараў, хаця і да сённяшняга часу так лічыць...
    Калі надышоў мой час пісаць заяву і рабіць крокі для ўступлення ў Саюз мастакоў, Алімаў быў не згодзен. (Потым ужо, праз пяць гадоў, на адкрыцці маёй юбілейнай выставы на вуліцы Савецкай ён публічна папрасіў прабачэння за тое, што галасаваў у свой час супраць). Але я ніколі на яго не крыўдзіўся: старэйшы таварыш заўсёды даваў разумныя парады, да якіх я абавязкова прыслухоўваўся, каб узбагаціць свой творчы набытак, глыбей пазнаць таямніцы колеру, фарбы, кропкі, лініі алоўка.
    Заўсёды, калі бываю ў яго майстэрні, з цікавасцю назіраю за акуратнасцю, культураю працы. Да таго ж Леў Алімаў цікавы суразмоўца. Заслухаешся яго аповедамі пра стары горад, яго знакамітых жыхароў. Зараз ён і сам ужо стаў “жывой гісторыяй нашага горада — горада мастакоў... (Таго горада, які цяпер на вачах губляе сваю “душу” вуліцу Савецкую, якую пакарожылі “устаўнымі сківіцамі” — новымі пабудовамі на месцы старых дамоў).
    “Народжаны ў масцы Афорт
    “Бадзяжнік”. Афорт
    ‘Тосця з Чарнобыля Афорт
    “Старая яблыня Афорт
    ВОСЕНЬСКІ УСПАМІН
    ПРА ВАСІЛЯ САБАЛЕЎСКАГА
    Васіль Мікалаевіч Сабалеўскі моцна любіў сваю Бацькаўшчыну, тонка адчуваў колеры роднага краю, любіў паэзію і жыў ёю ў сваіх цудоўных жывапісных творах: пейзажах і нацюрмортах. Са школьных гадоў у маім сэрцы застаўся пейзаж мастака “Ластаўчыны гнёзды”, які калісьці пабачыў у выставачнай зале па вуліцы Савецкай, 38, у старым двухпавярховым будынку...
    Васіль Сабалеўскі нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Ліпна Камянецкага раёна. Пасля заканчэння Ленінградскага мастацка-графічнага педагагічнага вучылішча пачаў актыўна ўдзельнічаць у шматлікіх мастацкіх выставах рознага ўзроўню, а потым і ў міжнародных пленэрах.
    У 1964 годзе Васіль Сабалеўскі стаў членам Беларускага саюза мастакоў. Потым пэўны час узначальваў абласную арганізацыю гэтага саюза і шмат зрабіў для яе станаўлення і развіцця, быў ля вытокаў наладжвання міжнародных
    сувязей з мастакамі краін-суседзяў. 3 яго лёгкай рукі адбыліся выставы беларускіх і нямецкіх мастакоў у горадзе Равенсбургу (Германія) напрыканцы васьмідзясятых-пачатку дзевяностых гадоў, калі ў былым Савецкім Саюзе распачыналася перабудова.
    Цяпер творы Васіля Мікалаевіча знаходзяцца ў Нацыянальным музеі ў Мінску, у краязнаўчым і мастацкім музеях Брэста, у прыватных калекцыях у Беларусі, Польшчы, Германіі, Венгрыі. Палотны мастака ўпрыгожваюць інтэр’еры шматлікіх грамадскіх будынкаў у Брэсце і іншых гарадах вобласці.
    Васіль Сабалеўскі быў цалкам аддадзены творчай і грамадскай працы. 3 ім было лёгка і цікава размаўляць пра мастацтва, літаратуру, жыццё. У такіх размовах абавязкова прысутнічаў дасціпны гумар. Як мастак Васіль Мікалаевіч быў досыць вядомым і папулярным, але заўсёды на выставы прыносіў толькі новыя творы, якія звярталі на сябе ўвагу глыбінёй мастацкай ідэі, майстэрствам выканання.
    Яго месца ў жывапісе і па сённяшні дзень ніхто так і не заняў ні на Берасцейшчыне, ні ў рэспубліцы. Такім ён і застанецца ў нашай памяці пад апошнім сонечным цяплом кастрычніцкага “бабінага лета” без адляцелых у вырай ластавак. Цяперашнія мастацкія выставы шмат чаго страцілі без палотнаў Васіля Сабалеўскага.
    “Белыя кветкі ”
    "Выпаў снег”
    МІХАСЬ КЕБЕЦ ПАЛЕСКІ МАСТАК
    Маё добрае знаёмства з Міхасём Кебецам адбылося амаль выпадкова: неяк у 1982 годзе з мастаком Канстанцінам Калодзічам, з якім я на той час працаваў сумесна ў АНМЦ Упраўлення культуры, завіталі ў майстэрню да Мікалая Маеўскага і Міхася Кебеца, якія працавалі ў адным памяшканні на самым версе новага шматпавярховіка па вуліцы Набярэжнай імя Францыска Скарыны. 3 вокан майстэрні адкрываўся цудоўны краявід з ракою Мухавец. Відовішча тое захапляла, бо было нязвыкла яшчэ з такой вышыні любавацца гарадскім наваколлем.
    Мікола Маеўскі схіляўся ля сваёй карціны з палескім краявідам, з лодкаю пад ветразем: ён дапрацоўваў амаль гатовы твор. А Міхась прыязна пачаў з намі весці гаворку, паказваць свае жывапісныя творы, шматлікія акварэлі. (3 таго візіту запомнілася цікавая дэталь: стары скуласты зэдлік, пафарбаваны ў цёмна-чырвоны колер, з парожняй вялікай шклянкай, кавалкам засохлага хлеба і жоўта-залацістаю цы-
    булінай. Ну, прама такі гатовы нацюрморт! Бяры фарбы, пэндзлі і пішы!)
    3	твораў Міхася тады асабліва спадабаліся невялічкія эцюды родных мясцін-краявідаў. Вытрыманы, някідкі каларыт, смелыя прафесійныя мазкі фарбаў заварожвалі, захаплялі... Мастак з гонарам паказваў нам эцюды, расказваў пра вандроўкі па Палессі, адкуль прывозіў жывапіс і акварэлі, розныя замалёўкі. Міхась быў актыўным прыхільнікам пленэраў, на якіх паспяхова працаваў у тэхніцы акварэлі, гуашы і алею.
    Сядзелі доўга ў майстэрні. Пілі гарбату, размаўлялі. Шклянкі з недапітаю гарбатаю паставілі на чырвоны зэдлік, які ўсім сваім відам так і прасіўся на палатно. Калі ўжо пачало змяркацца, запалілі святло. За акном майстэрні віднеўся Мухавец, пакрыты тонкім празрыстым ільдом, прыцярушаным лёгкім сняжком. Свяцілі ліхтары на мосце праз раку, коўзалі ў абодва бакі машыны і аўтобусы. А мы сядзелі ў утульнай майстэрні Міхася Кебеца і размаўлялі пра жывапіс, пра мастакоў, пра літаратуру, пра творчасць. Адчувалася, з якой любоўю і замілаванасцю адносіўся мастак да ўсяго гэтага блізкага і такога роднага для ягонай душы. Ягоны бацька ў свой час працаваў настаўнікам літаратуры, таму і Міхась захапляўся ёю, асабліва паэзіяй. (У той, савецкі час, калі не выдаваліся яшчэ кніжкі Барыса Пастэрнака, Ганны Ахматавай ды Марыны Цвятаевай, Міхась даваў пачытаць блізкім сябрам дарагія яму кніжачкі паэзіі з бацькавай бібліятэчкі.)
    Потым яшчэ не раз даводзілася заходзіць да мастакоў-сяброў, але ўжо было не тое ўражанне: памянялася абстановка, бо Мікола Маеўскі жыў там з жонкаю за тонкай перагародкай. I ў Міхасёвым пакоі ўжо адчувалася не так утульна, не так свабодна. Таму, калі мастак перабраўся ў новую майстэрню бліжэй да вуліцы Маскоўскай, я, не доўга думаючы, напрасіўся да яго ў “адведкі”.
    Новая майстэрня была меншаю па памерах. У акне шапацелі голлем дрэвы, прабівалася праз фіранкі сонца. Было ўтульна і вольна адчуваць сябе ў майстэрні мастака Кебеца, хаця па дыяганалі пакоя стаяла на падлозе незаменная спадарожніца яго вандровак — лодка.
    Міхась любіў сваё Палессе, свой Петрыкаў. Часта ездзіў туды папрацаваць, адпачыць. Родная старонка натхняла яго, давала новыя сілы для працы, будняў і святаў жыцця. I хаця мне не давялося падарожнічаць з мастаком, затое заўжды стараўся зразумець яго, любіў слухаць ягоныя аповеды пра падарожжы. Міхась вельмі ганарыўся тым, што такі маленькі палескі гарадок, як Петрыкаў, даў сусветнаму выяўленчаму мастацтву вядомага мастака-авангардыста 20 30-х гадоў Р. Семашкевіча, які жыў у Расіі. ( Мо калі і мастаком Міхасём Кебецам будуць ганарыцца петрыкаўцы, калі паставяцца больш уважліва да ягонай мастакоўскай спадчыны). Міхась любіў творчасць такіх сусветна вядомых майстроў як X. Суцін, Ж. Руа... Р. Фальк увогуле быў яго любімым жывапісцам. Міхасю падабаліся палотны з фактурнаю манераю пісьма. Іх аўтары былі для яго сапраўднымі кумірамі, бо і сам Міхась Кебец любіў хвостка ўдарыць пэндзлем па палатне. Сустракацца з Міхасём мне заўсёды было прыемна, нягле-
    дзячы на ягоны часам дрэнны настрой.
    Міхась Кебец усё жыццё быў сумленным мастаком і патрабаваў гэтага ад іншых. He імкнуўся нікому дагадзіць. Быў ворагам любой кан’юнктуршчыны. I асабліва цяжка было яму, калі застаўся без працы. Пакутліва перажываў, калі зніклі сацыяльныя заказы і не стала заробку. Можна сказаць, што Міхася згубіла адсутнасць працы. А чалавек ён быў горды, таму абы-куды не хацеў уладкоўвацца... Існавала для мастакоў заўсёды, існуе яшчэ больш і зараз, праблема рэалізацыі сваіх твораў. Незапатрабаванасць — вялікая праблема не толькі для іх.
    ... Вось і апошняя сустрэча з Міхасём атрымалася выпадковай: ля гандлёвага цэнтра на праспекце імя П.М. Машэрава, ля вежы з гадзіннікам. Ён сказаў, што збіраецца класціся ў бальніцу да знаёмага доктара паправіць здароўе. Адтуль ужо не вярнуўся...
    Вярнуўся мастак Міхась Кебец на выставы сваімі творамі, заняў годнае месца ў новым альбоме-каталогу, які быў выдадзены да 60-гадовага юбілею абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз мастакоў” у снежні 2008 года. Так вось атрымалася, што супалі два юбілеі мастака і арганізацыі, да якой належыў Міхась Кебец мастак з палескай душою, з палескімі каранямі...
    “Восеньскія кветкі ”
    “Палескі краявід ”
    ПАЛЁТ НАД ПУШЧАНСКІМ ГНЯЗДОМ
    Шмат сваіх жывапісных і графічных твораў Мікола Маеўскі прысвяціў Белавежскай пушчы, бо гэта месца яго нараджэння. месца цяперашняй працы, месца натхнення, без якога і за пэндзаль не возьмешся, і не падыдзеш да мальберта ці эцюдніка... Адно з яго палотнаў так і называецца “Белавежская пушча”. На ім з вышыні птушынага палёту мы бачым велічную панараму запаведнага лесу з яго рэкамі, магутнымі дрэвамі і палянамі, парослымі густой сакавітай травой. А над усім гэтым пушчанскім хараством павольна лётае вартаўнік велічнай прасторы каршун, які пільна сочыць за наваколлем.