Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Мастак Дот Абдусаматаў больш схільны да фантазіі ў мастацтве, да творчай думкі. Педагогі-мастакі некалі вучылі думаць, пераасэнсоўваць убачанае. Таму Абдусаматаў любіць працаваць у майстэрні. Натура яму патрэбна для эмоцый. Атрымліваюцца ў яго больш цікавымі
сюжэтныя творы (“Флора”, “Сон Фаўна”, “Самсон і Даліла”, “Кампазіцыя”, “Грацыя”, “11 верасня 2001 года”). Але не цураецца пісаць арыгінальныя нацюрморты з кветкамі, пейзажы з белавежскімі зубрамі, гарадскія краявіды (“Касачы”, “Бэз”, “Вясна”).
Дот Саматавіч заўжды творча непакоіцца: завяршаючы адны жывапісныя творы, ён ужо трымае на прыкмеце новыя складаныя ідэі-кампазіцыі. Як сапраўды творчы чалавек, жыве стваральным памкненнем мастака здзівіць свет. I прага творчасці, безумоўна, натхніць яго на новыя, яшчэ больш цікавыя жывапісныя палотны.
“Грацыя ”
“Кафэ ”
МУЗЕННЫ МАСТАК
Сціплы, непрыкметны мужчына хутка крочыць па вуліцы Карла Маркса ў абласным цэнтры спяшаецца на працу. Па знешнім выглядзе і не зразумееш, што перад табою вядомы мастак-графік, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза мастакоў Мікалай Гуршчанкоў, чалавек, які многа сіл аддаў музейнай справе.
Так, у апошнія гады перад пенсіяй Мікалай Ігнацьевіч звязаў свой лёс з Брэсцкім краязнаўчым музеем (прыйшоў сюды ў 1997 годзе). Спачатку ён нават уявіць сабе не мог, што давядзецца працаваць тут. Але насуперак сваёй творчай планідзе прыняў прапанову, бо на той час дачка ўжо вучылася ў Беларускай дзяржаўнай Акадэміі мастацтваў, таму грошы трэба было неяк зарабляць студэнтку падтрымліваць і сабе на жыццё. Потым не раз дзівіўся, што так атрымалася. Але ўсё што ні робіцца робіцца на карысць. Праца ў музеі дапамагла рэалізаваць шмат цікавых творчых праектаў: Музей прыроды, Музей гісторыі Брэста, Музей у Камянецкай вежы... Доўга можна пералічваць створаныя экспазіцыі, экспанаты.
Супрацоўнікі музея дзівіліся таму, як удумліва і творча мастак падыходзіў да ўсяго ў сваёй рабоце. 3 цягам часу ўзбагаціўся ведамі па гісторыі Берасцейшчыны, што дало магчымасць да 990-годдзя горада над Бугам стварыць на вуліцы Савецкай некалькі манументальных работ: сграфіта “Бярэсце XVII стагоддзя”, роспісы “Манетны двор”, “Берасцейская друкарня”. Выконваў роспісы Дома культуры ў вёсцы Клепачы Пружанскага раёна, прымаў актыўны ўдзел у мастацкіх выставах. He адзін год Мікалай Гуршчанкоў ездзіў на міжнародныя мастацкія пленэры у Буда-Кашалёва, Светлагорск, Тураў...
Мікалай Ігнацьевіч часта ўспамінаў, як у 5-гадовым узросце нечакана стаў уладальнікам вялікай колькасці каляровых алоўкаў: іх прывёз старэйшы брат Іван, які служыў на флоце ў Мурманску і прыехаў на пабыўку. 3 таго часу і пачаў маляваць. Потым хлопчык займаўся ў студыях выяўленчага мастацтва ў Гомелі ў педагогаў Віктара Казачэнкі і Валянціны Пакацішынай.
Пасля заканчэння ў 1976 годзе Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута (вучыўся ў адной групе з такімі вядомымі цяпер мастакамі як Мікола Селяшчук, Уладзімір Савіч, Мікола Купава, Раіса Сіплевіч) Мікалай Ігнацьевіч працаваў на Гомельшчыне у Мазыры. Там жа ў яго з жонкай Антанінай нарадзілася дачка Алеся, там жа ўступіў і ў Саюз мастакоў. Гэты перыяд творчасці ў Мікалая Гуршчанкова асацыіруецца з напружанай, мітуслівай, але мілай сэрцу працай. Ды насталі складаныя часы разваліўся СССР, трэба было нешта мяняць у жыцці, неяк прыстасоўвацца да новых рэалій.
Жонка Антаніна Фёдараўна цягнула яго з дачкою на сваю Берасцейшчыну: вельмі ўжо хацелася ёй вярнуцца на радзіму. Так і апынуліся ў 1992 годзе ў Брэсце, так і звязаў свой лёс з гэтым горадам. Атрымаўшы дыплом скульптара, сюды ж прыехала і дачка Алеся з мужам Паўлам Герасіменкам таксама скульптарам. Цяпер у Брэсце жыве моцная, творчая сям’я Гуршчанковых-Герасіменкаў. Дарэчы, жонка Мікалая Ігнацьевіча таксама ў свой час скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут і зараз працуе ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы Мікалай Гуршчанкоў стварыў цікавы графічны твор “Сустрэча перад Грунвальдам Вітаўта і Ягайлы”. Ды і для самога мастака гэты год пачаўся добра: быў абраны старшынёй Брэсцкага аддзялення ГА “Беларускі саюз мастакоў”, адзначыў свой 60-гадовы юбілей. У параўнанні з грунвальдскім юбілей невялікі, але такі значны ў асабістым жыцці. За плячамі гады вучобы. А наперадзе новы творчы плён.
“Свята горада ля ЦМТу Брэсце ”
Роспіс “Брэсцкая друкарня ”
НЕАД’ЕМНАЕ СЯРГЕЯ КАЗАКА
Неяк трапіў у госці да сваёй знаёмай па школе (ужо і даўнавата гэта было: напрыканцы мінулага стагоддзя). Калі зайшла размова пра мастакоў, Людміла Лейчык паказала мне алоўкавы партрэт сваёй сяброўкі, намаляваны Сяргеем Казаком. Пасля заканчэння інстытута Сяргей пэўны час працаваў у школе, натуршчыц-вучаніц было там дастаткова...
3 жывапісных твораў мне найбольш падабаецца ягоная карціна “Ля калодзежа”, на ёй спрадвечны калодзеж і дзяўчына, што рухаецца некуды наперад, нібыта ветразь. Мастак Сяргей Казак, як і ягоная гераіня, заўсёды рухаецца толькі наперад не прыпыняючыся надоўга ля створанага, бо новыя ідэі і задумкі падштурхоўваюць яго далей і далей да новых адкрыццяў і здзяйсненняў у мастакоўскай справе...
I яшчэ адзін твор, які помніцца сонечнай песняй дзяўчыны, што гушкаецца на арэлях у садзе, нібы на хвалях часу. “Сонечныя арэлі” не пакідаюць гледача абыякавым, прымушаюць спыніцца, затрымаць погляд на постаці і твары
прыгажуні, бо вельмі многа ў мастацтве можна выказаць праз жаночае і дзявочае хараство (у гэтым сэнсе цікавы партрэт паэткі-зямлячкі Ніны Мацяш)...
Але ў мастакоўскай галерэі партрэтаў ёсць і мужчынскія постаці, і не абы якія, а слынныя, знакамітыя: Францыск Скарына, невядомы стары шляхціч (Сяргей пісаў гэты партрэт са свайго дзеда), наш зямляк Казімір Лышчынскі, Максім Багдановіч, літаратуразнаўца і пісьменнік Уладзімір Калеснік... Партрэтны жывапіс Сяргея Казака заўжды прывабліваў і прываблівае. А цяпер яшчэ мастак робіць шмат графічных партрэтаў. Захапленне партрэтам, гістарычнай тэматыкай не пакідае творцу. I што можа быць цікавей гісторыі роднага краю, што можа быць цікавей самога чалавека творцы гэтай гісторыі! Трэба толькі пільна ўглядацца ў старонкі сівой мінуўшчыны, углядацца ў твары блізкіх і родных людзей, каб паяднаць былое і
сучаснасць.
У творчым жыцці мастака Сяргея Казака быў адзін не вельмі прыемны эпізод: яго вывелі са складу сяброў Саюза мастакоў (у тым спісе апынуліся і вядомыя нашы творцы Іосіф Крупскі і Мікалай Маеўскі). Праўда недзе пасярэдзіне, але ацэнку мастаку і яго працам дасць час, a прыналежнасць да таго ці іншага грамадскага аб’яднання не вызначае якасны бок творчасці. Галоўнае талент. I каб людзі атрымлівалі эстэтычнае задавальненне ад твораў, каб звярталіся да іх зноў і зноў. Прыгажосць павінна заўжды прысутнічаць побач, як і свежае паветра любай
радзімы...
“Head ’емнае. Ля калодзежа ”
“Партрэт Казіміра Лышчынскага ”
“Паэтка Ніна Мацяш ”
ПАЛЕСКАЯ ПАЛІТРА
СТОЛІНСКАГА МАСТАКА ЮРЫЯ СЕРГІЕНКІ
Юрый Пятровіч Сергіенка знакаміты пейзажыст з Палесся. Ен пачынаў, як і многія іншыя мастакі, з самадзейнай творчасці, з замілавання ад пахаў алейных фарбаў, ад казачных ліній алоўка, ад белых аркушаў паперы ... Ад закаханасці да родных краявідаў.
Нарадзіўся Юрый Пятровіч у першы дзень вясны ў вёсцы Новы Радзін Гомельскай вобласці. У 1947 годзе бацькі пераехалі на пастаяннае жыхарства ў Столін. Быў цяжкі пасляваенны час, таму і даводзілася шукаць лепшага жыцця для сябе і сваіх дзяцей. Так і аселі на берасцейскай зямлі, якая з часам стала роднай. 3 маленства мясцовыя краявіды зачаравалі Юрыя Сергіенку непаўторнай палескай прыгажосцю, з якой у сэрцы мастак жыве і працуе і да цяперашнага часу.
Ужо ў адзінаццацігадовым узросце ў яго адбылася першая персанальная выстава ў Мінску. Гэта было сапраўднае свята для хлопчыка! Потым ужо займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва ў выдатнага педагога Юстафа Высоцкага, вучыўся ў Народным універсітэце мастацтваў імя Н.К.Крупскай у Маскве, у старэйшых знакамітых майстроў пэндзля, якія прыязджалі ў жывапісныя мясціны Століншчыны на пленэры. Так паступова набіраўся вопыту, майстэрства.
У сваёй творчасці Юрый Пятровіч аддае перавагу пейзажу, бо сярод родных палёў і лясоў яму найлепш дыхаецца і працуецца. Шматлікія эцюды з натуры потым творча пераасэнсоўвае і стварае непаўторныя карціны-пейзажы (“Палескі край”, “Пакінутыя хаты”, “Перад навальніцай”). Даводзіцца часам працаваць і над партрэтамі, нацюрмортамі...
Удзельнічаць у выставах Юрый Пятровіч пачаў як самадзейны мастак з 1975 года. Яго плённая творчая дзейнасць адзначана шматлікімі ўзнагародамі. У асабістым архіве захоўваюцца граматы Саюза мастакоў СССР ажно за 1952 год. Здаралася, за год рыхтаваў па дзве-тры персанальныя выставы. Акрамя творчай працы з фарбамі і пэндзлямі Юрый Сергіенка плённа працаваў кіраўніком мастацкай студыі ў Столінскім доме піянераў і школьнікаў, мастаком у Доме кулыуры. Доўгі час не меў уласнай творчай майстэрні (даводзілася працаваць у прыстасаваных памяшканнях). Але паступова праблема вырашылася: Юрый Пятровіч пабудаваў сваю асабістую галерэю для жывапісных твораў у той час, калі людзі будавалі катэджы.
I цяпер, ужо маючы пенсійны ўзрост, мастак штодзённа прыходзіць у сваю майстэрню, якая знаходзіцца побач з домам, працуе шчыра і плённа так прывык з дзіцячых гадоў. Вельмі любіць родную прыроду. 3 гадамі Юрый Пятровіч выпрацаваў свой асабісты стыль жывапісу малы мазок, карпатлівая прапрацоўка натуры. Яго Палессе прываблівае гледача радасцю жыцця, хараством краявідаў, павагай да землякоў-працаўнікоў, тым узнёслым душэўным настроем, з якім ніколі не развітваецца. Лірычныя пейзажы мастака ‘Таласы на Палессі”, “Лён”, “Гарынь”, “Апошні снег” кранаюць тонкія струны душы кожнага чалавека, які хоць аднойчы апынуўся перад гэтымі палотнамі ў выставачнай зале...
Вось так і жыве ў палескай глыбінцы цудоўны чалавек і мастак Юрый Сергіенка, які сваімі жывапіснымі пейзажамі праслаўляе родны край, нашу Бацькаўшчыну...
А я Юрыя Пятровіча Сергіенку як цудоўнага мастака і чалавека ведаю доўгія гады (пазнаёміліся ў 1981-м). I ніколі не забываю, нават калі доўга не бачу і не чую.
“Апошні снег ”