• Газеты, часопісы і г.д.
  • Непрыдуманыя партрэты  Лявон Валасюк

    Непрыдуманыя партрэты

    Лявон Валасюк

    Выдавец: Брэсцкая друкарня
    Памер: 284с.
    Брэст 2014
    123.53 МБ
    Нельга не пагадзіцца з тым, што зараз Павел Татарнікаў з’яўляецца адным з лепшых, калі не найлепшым, ілюстратарам беларускіх казак і кніг. Ён стаў выдатным прадаўжальнікам справы яшчэ аднаго нашага земляка брастаўчаніна Міколы Селешчука і дасягнуў мастакоўскага прызнання не толькі ў роднай Беларусі, але і далёка за яе межамі. Пра гэта сведчаць яго шматлікія выставы ў краінах Еўропы, у Японіі. Павел Татарнікаў па сваёй сутнасці і светаўспрыманні з’яўляецца беларускім мастаком. Варта толькі пагартаць кніжкі з яго ілюстрацыямі “Белая Русь. Гісторыя ў легендах і паданнях”, “Званы Нямігі”, “У гасцях у вечнасці”, “За наміткай гісторыі” Анатоля Бутэвіча, “Сем цудаў Беларусі” Уладзіміра Ягоўдзіка, каб пераканацца ў гэтым.
    Сёння Павел Татарнікаў можа дазволіць сабе выбіраць, дзе і над чым працаваць, на чым засяродзіць сваю творчую ўвагу. Мастак ўмее да афармлення кожнай кнігі падысці па-новаму, бо высокі ўзровень валодання кніжнай графікай і талент дазваляюць яму гэта рабіць. Ілюстрацыі мастака нельга прапусціць у экспазіцыі любой выставы.
    У сваёй творчай працы Павел Татарнікаў неаднойчы звяртаўся не толькі да акварэльных увасабленняў вядомых архітэктурных помнікаў: Мірскага замка, Камянецкай вежы, Крэўскага замка, Каложы, Сынкавіцкай царквы, але і да легендарных вобразаў Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Льва Сапегі, Мікалая Радзівіла Сіроткі, Канстанціна Астрожскага, Настассі княгіні Слуцкай, Соф’і Гальшанскай і іншых...
    У 1995 годзе Павел скончыў Беларускую акадэмію мастацтваў (дыпломнай работай стала праца над кнігай Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”), праз два гады стаў сябрам Саюза мастакоў, а яшчэ праз чатыры быў выбраны акадэмікам Беларускай акадэміі выяўленчага мастацтва.
    На сённяшні час Павел Татарнікаў з’яўляецца знакавай фігурай не толькі ў беларускай кніжнай графіцы, але і ў еўрапейскай, а калі сказаць правільней сусветнай.
    
    “Мірскі замак”
    “Астрожскі замак ”
    “Бярэсце”
    “Мора Герадота ”
    МАСТАК 3 ЧЫРВОНЫМ ШАЛІКАМ
    Бачу яго на вуліцы Маскоўскай (цяперашнім праспекце імя Пятра Машэрава): у чорным берэце, з чырвоным шалікам на шыі, сівавалосы, сівабароды чалавек, якога адразу вылучаеш з натоўпу... Гэта — мастак Нікадзім Вашчук. Такім я яго ўбачыў першы раз, калі яшчэ не ведаў, што гэта вядомы ў горадзе мастак, такім я яго і запомніў на ўсё астатняе жыццё... Нікадзім Вашчук, мастак з чырвоным шалікам на шыі.
    Нікадзім Вашчук так і не быў прыняты ў Саюз мастакоў, хаця яго жывапісныя творы заўжды вылучаліся на выставах адметнай манерай пісьма, каларытам. Зачароўвала ў іх ліхацтва выканання, дакладнасць.
    Запомнілася адна з апошніх карцін пейзаж з вадападам: велічная сіла прыроды, стрыманы каларыт, пачуццё палёту над гэтым дзіўным хараством...
    Цяпер значную частку яго твораў можна пабачыць хіба
    што толькі ў Кобрынскім ваенна-гістарычным музеі імя Аляксандра Суворава.
    Па жыцці Нікадзім Вашчук памятаецца нетаропкім, сціплым чалавекам з добра пастаўленым голасам. Мастак любіў пагаварыць з калегамі, выпіць з імі за размовай і бакал добрага віна.
    Мне таксама давялося аднойчы з ім шчыра пагаварыць за сталом у мастакоўскай кампаніі ў час летняй навальніцы. Да гэтага часу гучыць яго голас з хрыпатцой, бачу яго ўсмешку. Ён быў маім земляком. Заўжды прыемна гэта ўсведамляць, калі наведваю ў Кобрыне ваенна-гістарычны музей, узіраюся ў жывапісныя палотны Нікадзіма Вашчука.
    “Апошні агляд ”
    “Партрэт маці ”
    Г. Пясецкі “ПартрэтН. Вашчука”. Гіпс
    “Аляксандр Сувораўу Кобрыне”
    ПЕСНЯ 3 АДЦЕННЕМ ВЯСЁЛКАВЫХ ФАРБАЎ
    Заўчасна пайшоўшы з жыцця ў лепшы свет, яна пакінула светлы ўспамін пра сябе жывапіснымі палотнамі, графічнымі работамі, насценнымі роспісамі “Шчаслівае дзяцінства” ў універмагу “Дзіцячы свет” (першая запамінальная праца мастачкі пасля прыезду ў Брэст). Ля тых светлых роспісаў я і пабачыў упершыню Тамару Іванаўну Паўлючук за працай, пасля чаго стаў звяртаць самую пільную ўвагу і на яе жывапісныя творы на гарадскіх і абласных мастацкіх выставах...
    Нарадзілася Тамара Іванаўна ў ваенным 1942 годзе ў горадзе Тураве Гомельскай вобласці ў дружнай і працавітай сям’і, але склалася так, што яе дзяцінства і школьныя гады прайшлі ў Васілевічах на Гомельшчыне. Бацька быў інжынерам-землеўпарадчыкам, усёй душою любіў прыроду, маляўнічыя ваколіцы роднага Турава, а маці добрай і чулай хатняй гаспадыняй, у якой былі здольнасці і любоў да малявання...
    Скончыўшы школу, Тамара паступіла ў Мінскае мастацкае вучылішча імя А. Глебава на аддзяленне манументальнага жывапісу, пасля заканчэння якога жыла і працавала ў Віцебску, пакуль усёй сям’ёй не пераехалі ў Брэст.
    У жывапісе мастачка пачынала з рэалістычных пейзажаў, у якіх прырода ўвасабляла спрадвечны мацярынскі пачатак. Станкавы жывапіс пашыраў і рабіў больш разнастайнай тэматыку яе творчасці. Тамара Паўлючук з часам стала больш свабодна і на большым эмацыянальным узроўні гаварыць пра набалелае. Яна, чалавек тонкай і ранімай натуры, выказвала актыўны пратэст супраць бездухоўнасці і бяздушнасці. Пачынаючы як пейзажыст-лірык, яна затым паступова перайшла да складаных карцінных алегорый і сімвалаў.
    Тамара Іванаўна стварыла шмат цыклаў жывапісных твораў на праблемныя экалагічныя, сацыяльна-гістарычныя (памяці славутага мастака і кампазітара Напалеона Орды, паэта Адама Міцкевіча), “чарнобыльскія”, “афганскія” тэмы. Мастачка ўдзельнічала ў адзіным у Беларусі Міжнародным пленэры памяці нашага земляка-мастака Мікалая Селешчука.
    Веруючы ў тое, што Дабро пераможа зло, на сваіх жывапісных палотнах яна найчасцей паказвала жаночы, мацярынскі вобраз, які стаў цэнтральным у яе творчасці. Праз яго мы бачым і адчуваем вялікую прагу пазнання, веру ў духоўнае, добрае, людскае...
    Мастачка рабіла шмат персанальных выстаў у Брэсце, Мінску (юбілейная “Прытчы аб Сусвеце”) і Маскве, у Польшчы і Германіі. Была актыўнай удзельніцай пленэраў у Польшчы. Там захоўваецца шмат яе жывапісных палотнаў. Шэраг жывапісных твораў знаходзіцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, у прыватных калекцыях у Германіі, Францыі, Ізраілі, ЗША, Японіі...
    Тамара Паўлючук заўжды была ў пошуку, бо жывы тэмперамент, душэўная ўражлівасць, незвычайная працавітасць падштурхоўвалі яе да гэтага. У апошнія гады свайго жыцця, калі была цяжка хворая, Тамара Іванаўна зрабіла шмат графічных кампазіцый каляровымі алоўкамі.
    Усе творы мастачкі, прасякнуты дынамікай і экспрэсіяй, роздумам пра будучае Зямлі і Чалавека, сагрэтыя добрай душою і гарачым сэрцам, будуць доўга яшчэ хваляваць аматараў жывапісу Тамары Паўлючук. Тыя, хто ведаў яе, памятаюць, як любіла яна спяваць песні, пісала запамінальныя вершы...
    “Покліч ”
    “Давыд-Гарадзенскія конікі”
    МАСТАК, ЯКІ МАЛЮЕ ДОЖДЖ
    Асабістае знаёмства з маладым мастаком, які скончыў славуты мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, адбылося на пачатку новага стагоддзя. Была на тое добрая нагода: у Палацы мастацтваў у Мінску адкрылася рэспубліканская выстава “Мастакі Брэстчыны”. Ведаў я пра Ігара і тое, што ён родам з Івацэвіцкага раёна.
    Свой творчы шлях у Брэсце мастак пачынаў, як мне помніцца, з супрацоўніцтва з мастацкай галерэяй “Беларт”, што на рагу вуліц Савецкай і Набярэжнай імя Францыска Скарыны.
    Нязменным дырэктарам і гаспадыняй галерэі з’яўляецца Людміла Пятроўна Крапіўная, архітэктар па адукацыі, якая ў свой час занялася ў горадзе добраю справаю дапамагаць мастакам рознага “палёту” выстаўляць і прадаваць свае творы. Такім чынам і Ігар Раманчук звязаў свой мастакоўскі лёс з галерэяй “Беларт”. Людміла Пятроўна параіла маладому
    мастаку пісаць гарадскія пейзажы. Так і пачалася творчая вандроўка мастака Ігара Раманчука па вуліцах і дворыках Брэста.
    Вельмі часта жыццё ўносіць свае карэктывы ў творчыя планы творцы. Так і ў лёсе маладога мастака часта адбываліся змены-перамены. Пэўны час ён працаваў выкладчыкам малюнка і жывапісу ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. Але нязменным застаецца накіраванасць творчага працэсу, які нельга прыпыніць, які толькі можа пашыраць свае межы.
    Гарадскія пейзажы Брэста і не толькі, старажытная архітэктура палацаў і цэркваў, партрэты, нацюрморты пастаянна прысутнічаюць на мальберце і эцюдніку мастака, які так любіць пісаць дажджлівае надвор’е з лужынамі, з мокрым асфальтам.
    “Начная вуліца”
    “Сонечны дзень ”
    “Помнік Афанасію Брэсцкаму”
    ПОМНІК 1000-годдзю БРЭСТА
    У ліпені 2009 года (за 10-год да 1000-гадовага юбілею Брэста) на святкаванні Дня горада на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Гогаля быў урачыста адкрыты помнік, прысвечаны 1000-годдзю Брэста. Кампазіцыя ўяўляе сабой трохузроўневую архітэктурную аснову. На верхнім узроўні фігура анёла з крыжом ахоўніка старажытнага Бярэсця. На сярэднім ярусе фігуры трох гістарычных асоб: князя Уладзімір-Валынскага Уладзіміра Васількавіча, Вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Вітаўта і Мікалая Радзівіла Чорнага. I тры зборныя вобразы Воіна, Летапісца і Маці. Ля падножжа помніка 12 пліт з тэкстамі, якія расказваюць пра гістарычныя вехі ў жыцці Брэста. На ніжнім кальцавым ярусе знаходзіцца гарэльеф скульптурная выява з бронзы, якая больш чым напалову выступае з плоскасці, на якой пазначаны важнейшыя этапы тысячагадовай гісторыі горада: адлюстраванне адной з легендаў пра заснаванне яго купцамі, удзел нашых землякоў у Грунвальдскай оітве і Берасцейская Біблія ў руках анёлаў над старажытным горадам, абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе і палёт двойчы Героя Савецкага Саюза Пятра Клімука ў космас...
    Вакол стварэння гэтага помніка вялося шмат дыскусій. Галоўным чынам, спрэчкі вяліся адносна таго, вобразы якіх асоб належала ўвекавечыць. Напачатку іх было восем, потым засталося шэсць. He стала фігуры пісьменніка-навукоўца Уладзіміра Калесніка, абаронцы Брэсцкай крэпасці Андрэя Кіжаватава, магутнай гістарычнай постаці Ягайлы... затое паўсталі тры ўмоўныя, зборныя, постаці, якія, на маю думку, не павінны знаходзіцца побач з рэальнымі гістарычнымі асобамі. Апошняе слова, пэўна, было за высокімі чыноўнікамі, інакш такога сумяшчэння рэальных і ўмоўных фігур не адбылося б.
    Так падрабязна апісаў помнік таму, што ён адразу стаў з’явай у культурным жыцці Брэста, яго сімвалам, месцам, дзе заўжды цікава і прыемна адпачыць, сустрэцца з сябрамі і знаёмымі.