Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
У 1977 годзе Іван Лагвіновіч быў прызнаны інвалідам III групы з прычыны прафесійнага захворвання. 3 шахты перайшоў на абагачальную фабрыку.
У 1990 годзе атрымаў пенсію і праз год вярнуўся на Радзіму. 3 1992 года жыў у Баранавічах, актыўна ўдзельнічаў у літаратурным жыцці.
Шлях да паэзіі простага палескага хлапчука быў няпросты. Вершы Іван Лагвіновіч пачаў пісаць яшчэ ў школе. У дваццаць гадоў упершыню надрукаваўся ў рэспубліканскай маладзёжнай газеце “Чырвоная змена”. Жывучы ў Данбасе (горад Чысцякова, пазней -Тэрэз), выступаў з вершамі ў перыядычных выданнях, друкаваўся ў калектыўных зборніках. Калі перабраўся ў Беларусь, выдаў пры дапамозе грамадскіх арганізацый і за ўласны кошт зборнікі вершаў Разлукі выраёвыя”, “Піліпаўка”, “Далёкае і блізкае”, “Ляда юдолі”, “Палыновыя кветкі”, “Элегія палескага матыля” (была выдадзена пасля смерці паэта ў 2011 годзе ў серыі “Кнігарня пісьменніка”). “Свечкі трыпутніка” пасляжыццёвая кніжка вершаў, рукапіс якой аўтар падрыхтаваў сам, але так і не паспеў выдаць. Гэта быў яго шосты паэтычны зборнік). 3 2000 года Іван Піліавіч быў актыўным сябрам творчага згуртавання “Святліца” (Баранавічы). Яго адметная нізка вершаў змешчана ў анталогіі беларускай паэзіі XX стагоддзя “Краса і сіла”.
У чэрвені 2003 года Іван Лагвіновіч быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Ён лаўрэат абласной літаратурнай прэміі імя Уладзіміра Калесніка (2008) за зборнік паэзіі “Палыновыя кветкі”.
Асноўным матывам творчасці паэта Івана Лагвіновіча з’яўляецца перажыванне за будучыню роднай краіны, за нашу беларускую спадчыну і культуру, за родных і блізкіх па духу людзей... Шкада толькі, што шырокае кола прыхільнікаў беларускай паэзіі мала ведае пра яго творчы плён.
Іван Піліпавіч сышоў у лепшы свет 29 сакавіка 2011 года, калі яму споўніўся толькі 71 год. Паэт шмат што паспеў зрабіць, шмат чаго мог бы і яшчэ, але цяжкая хвароба не дала здзейсніць усё задуманае. I ў нашай памяці ён назаўсёды застанецца руплівым творцам і сціплым чалавекам, адданым роднай зямлі і роднай матчынай мове...
Іван ЛАГВІНОВІЧ
Засланяю далонямі твар На мяжы паміж лугам і лесам. Сіратлівых лістоў ці не два Засталося на каліве лета.
Нацянькі, па халоднай вадзе, Бы паранены вой з поля бою, Куст каліны насустрач мне йдзе 3 акрываўленай галавою.
***
Берасцяным святлом Між бяроз на грудку Ад хандры гарадской Ацаляю душу. А зязюля раз-пораз Ку-ку ды ку-ку: Лічыць, колькі я вершаў Яшчэ напішу.
ЗАПАВЕТ
Я пад зоркаю цёмнай Талісман свой згубіў, Часта з чашы бяздоннай Горыч роспачы піў.
Землякі! Калі ўлетку Сном апошнім засну, Палыновыя кветкі Лягуць хай на труну.
He шукайце на помнік Мармур або граніт На капец кіне поўнач Згаслы метэарыт.
Быў я сціплым паэтам, He ўслаўляў міражы Помніка і букетаў Лепшых не заслужыў.
“БЕЛЫ ГАНАК” АЛЯКСЕЯ ГАНЧУКА
Зборнік “Белы ганак” жабінкаўскага журналіста, фатографа і паэта Аляксея Ганчука (кніга пабачыла свет у 2010 годзе) я даўно чакаў, ведаючы ад паэта Алеся Каско, што мой зямляк (родам з вёскі Навасёлкі Тэвельскага сельсавета Кобрынскага раёна) падрыхтаваў рукапіс. Яшчэ не будучы асабіста з ім знаёмым, я адчуваў сябе так, быццам мы выраслі на адной вуліцы.
Вершы паэта Аляксея Ганчука, сур’ёзна адабраныя для першага самастойнага зборніка, глыбокія па сэнсе і запамінальныя. Назва зборніка сімвалізуе адданасць і вернасць роднаму кутку, шчырасць і чысціню пачуццяў.
Аляксей, як паэт і патрыёт сваёй роднай зямлі, з болем у сэрцы адчувае ўсе беды, праблемы жыхароў цяперашніх вёсак, сваіх землякоў...
“Душа не церпіць ласкі...”, піша ён у адным з вершаў, выказваючы гэтым і свае адносіны да сучаснага жыцця, і пажаданне дае сваім суайчыннікам.
Па “продкавых дарогах” вандруе ён у пошуках матэрыялаў для мясцовых газет, з якімі плённа супрацоўнічае (было прыемна даведацца, што Аляксей Ганчук стаў уласным карэспандэнтам абласной газеты “Народная трыбуна”, якая выдаецца на роднай мове).
На скрыжаванні дарог і думак нараджаюцца радкі, якія захапляюць чытага сваёй дасканаласцю і пранікнёнасцю, на абсягах роднай зямлі знаходзіць фатограф Аляксей Ганчук натуру для фотаздымкаў.
Паэт-фатограф, паэтычная натура, ён па-свойму цікава ўзбагачае берасцейскую (беларускую) паэзію ўласным разуменнем і асэнсаваннем жыцця, паэтычным выказваннем думак. Ен тонка апявае навакольную прыроду і людзей, каторыя жывуць і працуюць на роднай зямлі.
Пазнаёміўся асабіста з Аляксеем не так ужо і даўно: у Пружанскім палацыку ў студзені 2010 года на ўручэнні Міколам Папекам літаратурнай Мядовай прэміі паэту з Баранавіч Алесю Корневу. 3 таго часу часта бачымся ў рэдакцыі газеты “Народная трыбуна” і не толькі... Адным словам: землякі!..
Аляксей ГАНЧУК
БЕЛЫ ГАНАК
Веснічкі рыпнуць у белым тумане, Спыняцца вечнасць, імгненні і дні...
Воблакам белым любоў і каханне, Ганак, які дзверы ў свет адчыніў.
Ён з бласлаўлення бацькоў ішыпшыны
Ранкам без слёз адпусціў птушанём.
Крылы гарэлі, ды праглі вышыняў.
Цяжкія ўзмахі. Над імі анёл...
Веснічкі рыпнуць у белым тумане, Лета мільгне на бязмежным двары. Воблакам белым любоў і каханне. Снежнасць язміну і ганак стары.
ЧОРНЫЯ СПІСЫ
Ёсць белыя людзі, Ёсць чорныя спісы. Адкуль жа ў тых спісах Мадонны ўзяліся?
Чым грэшныя сталі На роднай зямліцы? Жывуць, як і ўсе, Прагнуць вольна маліцца. За самых святых
I за наша святое За матчыну праўду, За шчасце людское. Прывусніцца йду Я да Дзевы Марыі За тых, каго білі, Каго замарылі... Шматкроп’е, Бо дыхае ў твар небяспечнасць. А кропкі расставіць Блакітная вечнасць.
I белыя спісы Маланкай сляпучай Абпаленых душаў Крануцца балюча.
***
Прыляціш туды, дзе веснічкі рыпелі, Дзе малочнх надвячоркаў прыгажосць, Дзе юнацтва салаўі за ноч адпелі... Тут даўно не гаспадар ужо, а госць. He ўздымаюць дзеці пыл да небакраю, I не чуюць травы “любая... люблю”...” Трэба ехаць, кропля жалю набракае. Набракае...
Пераважвае Зямлю.
Хапаюся за родную травінку, Што вырасла на матчынай мяжы. Мяжа усё вастрэйшым напамінкам Спытаць сябе, ці годна час пражыў. Было ўсяго, было ажно без меры, Ды, кажуць, нельга скардзіцца на лёс. 3 надзеяй адчыняю ранкам дзверы, Каб новы дзень жаданне жыць прынёс.
СПЫНЕНЫ ЛІСТАПАД
3 верасня 2009 года ў актавай зале Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М.Горкага адбылася прэзентацыя доўгачаканай кніжкі прозы “ПАСТКА ДЛЯ РЭХА” берасцейскага паэта і празаіка, ураджэнца Кобрыншчыны Алеся Паплаўскага.
Рэспубліканская выдавецкая ўстанова “Літаратура і Мастацтва” ў чарговы раз парадавала чытача кніжкай-зборнікам з серыі “Лімаўскі фальварак” (заснавана ў 2007 годзе), якая складзена з чатырох лірычна-філасофскіх аповесцей: “Пастка для рэха”, “Закахацца ў малпу”, “Бонза” і вядо-
май ужо аповесці “Піраміды”.
Лірычны герой-самотнік пералічаных аповесцяў нібы па чарзе пераходзіць з аднаго твора ў другі: яго супярэчлівасць з самім сабой яскрава выяўляецца ў кожным з іх, ён заўсёды ў вечным канфлікце-супрацьстаянні з недасканалым светам і маральна-выродлівымі спусташэнцамі... Кожная аповесць Алеся Паплаўскага гэта не што іншае, як гісторыя людской адзіноты.
Кніжка з густам аформлена мастаком А. Званаровым, што вельмі радуе, бо афармленне адразу надае добры настрой кожнаму, хто дакранаецца да вокладкі. Ды і ўвогуле мастацкае афармленне ў беларускіх выдавецтвах у апошні час пастаўлена на добры ўзровень, у многім гэтаму спрыяюць паліграфічныя магчымасці.
Як чытач, хачу адзначыць апошнюю аповесць “Піраміды”. Я пазнаёміўся з ёй раней, калі яшчэ рабіў афармленне першай кніжкі прозы Алеся Паплаўскага “Тэрыторыя скразнякоў”. Зараз прачытаў яе мо ў чацвёрты раз і не пашкадаваў патрачаны час.
На прэзентацыі не было вольных месцаў у зале: берасцейскія літаратары Леанід Філітаў, Кастусь Жмінько, Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, Уладзімір Глазаў, Васіль Барысюк, Мікалай Аляксандраў; навукоўцы-філолагі з Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя A. С. Пушкіна Генадзь Праневіч, Юрый Паталкоў і Мікола Сянкевіч; аматары літаратуры і проста знаёмыя Алеся Паплаўскага. 3 Мінска прыехаў загадчык аддзела прозы часопіса “Маладосць”, вядомы празаік Андрэй Федарэнка, які ў сваім змястоўным выступленні адзначыў адметнасць прозы Алеся Паплаўскага ў сучасным літаратурным працэсе.
Грунтоўны аналіз мастацкіх вартасцей твораў Алеся Паплаўскага даў паэт Анатоль Гарай.
Са сваімі меркаваннямі, думкамі і пажаданнямі выступілі Юрый Паталкоў, Мікола Сянкевіч, Алесь Каско, Мікалай Аляксандраў, Уладзімір Глазаў і іншыя.
Сам аўтар “Пасткі для рэха” расказаў пра сваю творчасць, адказаў на пытанні, прачытаў новыя вершы і, як бард, выканаў некалькі лірычных песень.
Прэзентацыя атрымалася добразычлівай, змястоўнай.
Алесь Паплаўскі пачынаў пісаць яшчэ школьнікам. Актыўна друкуецца з 80-х гадоў. Паэтычныя падборкі змяшчалі часопісы “Маладосць” і “Першацвет”, альманахі “Дзень паэзіі” і “Берасцейскія карані”, газеты “Заря” і “Чырвоная змена”. Яго першую паэтычную кніжку “Спынены лістапад” (1997) я пабачыў на паліцы кнігарні “Іскра”, што месціцца на рагу вуліц Пушкінскай і К. Маркса абласнога цэнтра. Спадабаліся вершы паэта-земляка (Алесь родам з вёскі Мазуры Кобрынскага раёна).
Згадваю адзін выпадак. Неяк у мастацкім салоне па вуліцы Набярэжнай настаўніца беларускай мовы і літаратуры ў размове заўважыла, што на Кобрыншчыне мала беларускамоўных літаратараў, бо так склалася гістарычна, што там размаўляюць больш на ўкраінска-польскай мове. Я не мог з ёю пагадзіцца і прапанаваў прачытаць вершы Алеся Паплаўскага. Крыху пазней, калі ўжо быў асабіста знаёмы са сваім земляком, Алесь выдаў і другі паэтычны зборнік “Незваротнасць “ (2001), а неўзабаве і кніжку прозы “Тэрыторыя скразнякоў” (2004), якую я з задавальненнем аформіў як мастак-дызайнер. Да ўсяго, потым зрабіў яшчэ дзве жывапісныя работы “Тэрыторыя скразнякоў”. Неўзабаве ў нас адбылася сумесная паездка ў Кобрынскі
раён у вёску Залессе, дзе мы выступалі перад школьнікамі і настаўнікамі ў мясцовым клубе... Прайшоў час, адсвяткаваны чарговы юбілей, да якога Алесь Паплаўскі выдаў новую паэтычную кніжку “Скрыжалі душы” (2013). Жадаю яму і надалей толькі зялёнага святла.
Алесь ПАПЛАЎСКІ
***
Захочаш сьлёз, а сьлёз не будзе. Зноў анямее белы сьвет.