Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Прыкметнай з’явай ў беларускай літаратуры стала выданне і другой паэтычнай кніжкі “Правінцыйныя фантазіі”(у 1995 годзе). Саюз пісьменнікаў адразу ж вылучыў зборнік на атрыманне Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы. На жаль, “добразычліўцы” ў вышэйшых колах улады не дазволілі ўганараваць правінцыйнага паэта...
Жыццёвы шлях таленавітага паэта абарваўся 17 верасня 2004 года ў вёсцы Лясная каля Баранавічаў, дзе ён дажываў свой век у доме састарэлых. Пахаваны Мікола Сымонавіч у Міхнавічах прыгарадзе Івацэвічаў. На надмагільным помніку ружанскі мастак Юрый Малышэўскі выбіў барэльеф паэта і словы ягонага верша:”О, як я многа хацеў вам сказаць...”
Мікола КУПРЭЕЎ
АПОШНЯЕ ВЯРТАННЕ
Прысела хатка адпачыць ля старой варшаўскай дарогі.
На саламяна-травяным плячы сумуе месячык двурогі.
На скошаных дзвярах замок з эпохі Рэчы Паспалітай.
Разбіты перунамі чыгунок чарнее ля трухлявага карыта.
3 зямлі пад месяцам блішчыць ад медаля бляшаная калодка.
Пад сцяной -
На сонцы і дажджы стамлёная каса літоўка.
Пад сухою вішняй стол, пад ім зламаная падкова, вокладкі Купала і Талстой, павуціна ў шклянцы Малянкова.
Я з гэтай шклянкі піў!
Тут чытаў Купалу і Талстога. Гэтую касой касіў ля бярозавага лесу маладога!..
Дошкамі забітае акно.
Пастукаў ціха...
He азвецца гаспадыня.
Дачка яе імклівым птушанём не вылеце на ганак, не абдыме...
Ля ўпалых веснічак стаю, не слухаю, не бачу ўжо нічога. Пакінуў месяц мілую страху.
Іду паціху на дарогу.
МАЯ СШЕКУРА
У 1985 годзе я набыў у кніжнай краме невялічкі зборнік вершаў “Маладыя галасы”, выдадзены “Мастацкай літаратурай”. Яго складалі вершы, надрукаваныя ў рэспубліканскіх газетах і часопісах. На той час я моцна цікавіўся паэзіяй, таму набываў усё новае, што прыкмячаў на паліцах кнігарняў.
Неяк нядаўна ізноў узяў у рукі гэты невялічкі зборнік, з цікавасцю пагартаў яго і звярнуў увагу на знаёмыя імёны: Эдуард Акулін, Алесь Бадак, Міхась Скобла.... У адным радзе з імі і Сяргей Амяльчук, земляк славутай паэткі Ніны Мацяш. На той час, калі выдаваўся зборнік, Сяргей, аказваецца, працаваў інжынерам у горадзе Балашова Маскоўскай вобласці. Для мяне гэта стала прыемнай нечаканасцю: я быў добра знаёмы з паэтам з Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці, які працаваў на брэсцкім заводзе “Газаапарат”.
Афармляючы апошнія два ягоныя паэтычныя зборнікі, доўга і ўважліва перачытваў вершы, адзначаючы для сябе шмат новага і цікавага. Паэт імкнецца падпарадкаваць арыгінальныя вершаваныя формы: санет, трыялет, верлібр, хайку...
Як і ў многіх літаратараў, яго паэтычны шлях пачынаўся ў школе. Пэўна, стымулам да творчасці Сяргея Амяльчука быў прыклад ягонай маці, якая пісала шмат вершаў на мясцовай мове (іх Сяргей збіраецца выдаць асобнай кніжкай). Першыя вершы будучы паэт напісаў у 1972 годзе. Яны былі пераважна на расейскай мове. Калі стаў студэнтам Маскоўскага авіяцыйнага тэхналагічнага інстытута імя К. Э. Цыялкоўскага, то пачаў пісаць і па-беларуску.
У снежні 1979 года малады інжынер упершыню адважыўся паказаць свае вершы зямлячцы Ніне Мацяш. Лепшымі былі беларускамоўныя. Пасля той памятнай сустрэчы пачаў пісаць толькі на роднай мове.
У свой час малады паэт з Белаазёрска ездзіў на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Зараніца” ў Брэст, у рэдакцыю газеты “Заря”, на матацыкле. Каментары, як кажуць, лішнія...
У 1999 годзе выйшаў з друку першы паэтычны зборнік Сяргея Амельчука “Дарога, вір і амфара”, у які ўвайшлі вершы, напісаныя з 1978 па 1999 гады (у 2003 годзе гэты зборнік быў перавыдадзены).
Змены, якія былі выкліканы ў грамадстве эпохай перабудовы і галоснасці, знайшлі сваё адлюставанне ў паэме-эсэ “Зямля крыві”, якая пісалася ў 1989-1991 гадах і была закончана ў чэрвені 2004 года (увайшла ў склад другога паэтычнага зборніка “Мая Сінекура”).
3 1989 года Сяргей Амяльчук пачаў плённа пісаць і празаічныя творы, пераважна апавяданні.
Але ўсе галоўныя кнігі наперадзе. Наколькі мне вядома, спіс запланаваных зборнікаў вершаў, прозы, публіцыстычных і дакументальных артыкулаў у Сяргея Амельчука складае два дзясяткі пунктаў.
Сяргей АМЯЛЬЧУК
***
Ул. А. Калесніку
На Пушкінскай, ля крамы “Зрабі сам”, 3 Калесьнікам сустрэўся неяк я.
Разгаманіліся.
Пра што не гаварылі толькі!..
Напрыканцы нясьпешнай той гамонкі Настаўнік вершатворцаў запытаўся: Ці пішаш што?
А я -... зманіў.
А я не пахваліўся, Што нешта вартае зноў выйшла з-пад пяра, Каб пахвальбой сваёй
He спудзіць музу.
А ён,
3 сусьветным сумам, Задумліва зазначыў, Што зараз многія не пішуць, I з мудрасьцю бацькоўскаю дадаў: Знаць, добра ты жывеш!..
ТРЫЯЛЕТ
Няхай шляхі ўсе ў Рым вядуць. А з Рыму дык вядуць дадому. Сэнс ісьцін нам не абмінуць: Няхай шляхі ўсе ў Рым вядуць. Стаптаны ногі і ня йдуць. Ды не зважаючы на стому, Няхай шляхі ўсе ў Рым вядуць. А з Рыму — дык вядуць дадому.
Калі з адзеньняў засталася толькі ноч I рук відушчых апантанасць, А шалі сэрцаў захісталіся шалёна,
Тады, для аднаўленьня раўнавагі, Мы перайшлі мяжу, якую толькі раз, Адзіны раз
нам суджана парушыць.
Сусьвет абняць раскінутыя рукі. I сон,
I сон твой залаты...
НЕЗВАРОТНЫ ШЛЯХ МІКОЛЫ СЯНКЕВІЧА
Першае знаёмства з творчасцю Міколы Сянкевіча адбылося па публікацыях ягоных вершаў і прозы ў перыядычным абласным і рэспубліканскім друку. Пазней пачалі час ад часу сустракацца на літаратурных мерапрыемствах у абласной бібліятэцы...
Нечаканая сустрэча адбылася і на пахаванні берасцейскага мастака і празаіка Івана Сычыка, які заўчасна пакінуў гэты свет у росквіце творчых сіл.
Мікола Сянкевіч шмат год працаваў настаўнікам пачатковых класаў, пакуль не быў запрошаны выкладаць у Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя A. С. Пушкіна. Сваім педагагічным вопытам і ведамі ён шчодра дзеліцца з будучымі настаўнікамі пачатковых класаў. He забывае і пра літаратурную працу. Апошнім часам Мікола актыўна супрацоўнічае з абласной газетай “Народная трыбуна”.
Так здарылася, што да 50-годдзя Міколы афармляў яму паэтычны зборнік “MAE ПРАКОСЫ”, а вось не так даўно, ужо і да 55-гадовага юбілею, кнігу прозы “НЕЗВАРОТНЫ ШЛЯХ”... Мікола Сянкевіч рэдактар трох апошніх (3, 4 і 5-га) нумароў літаратурнага альманаха Брэсцкага аддзялення СБП “Жырандоля”. Без яго актыўнай дапамогі цяпер цяжка абысціся берасцейскім літаратарам: Мікола стаў адметным рэдактарам паэтычных і празаічных кніг мясцовых аўтараў, часта піша прадмовы, выступае ў друку як літаратурны крытык.
А ў чацвер, 24 траўня 2012 года, у Дзень славянскага пісьменства, у Брэсцкай дзіцячай бібліятэцы імя А.С. Пушкіна, што па вуліцы Набярэжнай імя Францыска Скарыны, адбылася прэзентацыя новай кнігі прозы Міколы Сянкевіча “НЕЗВАРОТНЫ ШЛЯХ’’. Яна складаецца з аповесці “У аперацыйным блоку холадна”, апавяданняў “Жанчыны”, “Нара”, “Была ў мяне шапка”, “Неяк яно будзе” і шматлікіх мініяцюр, якія падзелены на тры раздзелы: “Вачамі настаўніка”, “Жыццё, яго вялікасць”, “He толькі жартам”.
На пачатку мерапрыемства слова ўзяў сам аўтар, які адзначыў, што гэтая сустрэча ў бібліятэцы імя А.С. Пушкіна чацвёртая па ліку і, відаць, яшчэ не апошняя. Дадаў з гумарам, што стаў бы лесніком, калі б не паступіў у свой час у Брэсцкі педагагічны інстытут, дзе зараз працуе старшым выкладчыкам.
Калега па працы ў дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна, загадчык кафедры беларускага літаратуразнаўства прафесар Зоя Мельнікава ў сваім выступленні звярнула ўвагу на тое, што апошнія 15 гадоў з’яўляецца першым чытачом і рэдактарам яго празаічных і паэтычных твораў. Яна добра ведае творчасць Міколы Сянкевіча, які працягвае добрыя традыцыі Івана Мележа і Івана Шамякіна, не парывае сувязі з малой радзімай, дзе яго заўжды чакае маці.
Зоя Пятроўна таксама звярнула ўвагу прысутных у зале на супрацоўніцтва Міколы Сянкевіча з абласной беларускамоўнай газетай “Народная трыбуна”, у якой ён на працягу некалькіх гадоў вядзе рубрыку “Матчына мова”. He цураецца Мікалай Іванавіч і працы з маладымі аўтарамі, дапамагаючы ім выдаваць першыя кніжкі. Яму, як рэдактару, многім абавязаны калегі-літаратары. “У Міколы Сянкевіча ёсць творчы патэнцыял, ёсць будучыня,” — дадала ў заключэнне Зоя Пятроўна.
Прысутныя калегі па пяры Леанід Філатаў, Ніна Борсук, Алесь Каско, Мікола Пракаповіч, старшыня Брэсцкага аддзялення СБП Іван Мельнічук далі высокую ацэнку мастацкай вартасці кнігі прозы, засяродзіўшы ўвагу на яе жыццёвай праўдзівасці, дакладнасці псіхалагічнага характару герояў, стылёвым майстэрстве аўтара.
У прыватнасці, паэт Алесь Каско адзначыў, што яшчэ сам Янка Брыль у свой час высока ацаніў мініяцюры Міколы Сянкевіча, што аповесць “У аперацыйным блоку холадна” гэта з’ява ў сённяшняй беларускай літаратуры і сур’ёзным крытыкам трэба абавязкова звярнуць увагу на гэты твор...
На вялікі жаль, па-ранейшаму фінансавы клопат па выданні кніг ляжыць не на дзяржаве, a на саміх аўтарах. Таму сціплы наклад кнігі Міколы Сянкевіча ў 99 асобнікаў гэта той максімум, на які можа адважыцца старшы выкладчык дзяржаўнага ўніверсітэта.
“Калі сітуацыя ў бліжэйшы час не зменіцца, то мы можам апынуцца на “незваротным шляху” да знікнення беларускай кнігі і беларускай літаратуры ў цэлым...” адзначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Саюза беларускіх пісьменнікаў паэт-бард Эдуард Акулін, які спецыяльна прыехаў на гэтую прызентацыю з Мінска.
Мікола СЯНКЕВІЧ
ЗАСТУПНІЦА
Бабуля шкадуе ўнукаў. Дзед не такі. Разгуляюцца жэўжыкі-непаседы, раскрычацца цыкне, бровы насупіць, бывае, і папругай прыстрашыць.
1 гэтым разам дурэлі, насіліся адзін за адным па хаце. Любімы кубак старога хрась са стала і на дробныя аскепкі.
Селі малыя на ложку ў кутку, сцішыліся...
To ж гэта я, дзеду, зусім ніякая стала, апраўдваецца бабуля. Выцірала стол, зачапіла пасудзіну вось табе і маеш.
Стары незадаволена бурчыць, дакарае жонку за слепату і непаваротлівасць. А вінаватыя ўнукі праз якую хвіліну туляцца да бабулі, са слязьмі просяць прабачэння, абяцаюць слухацца заўсёды-заўсёды.
Няпростая гэта справа народная педагогіка.
НАСТАЎНІК
Ледзь праціснуўся з букетамі кветак у пакой. Першы званок, лінейка. А свята на душы няма. Баліць галава ад жыццёвай неўладкаванасці, ад дзясяткаў “неабходна” і “тэрмінова”.
Наліў у вазы і слоікі вады, расставіў іх не разумеючы навошта на падлозе літарай “П”. На перакладзіне гладыёлусы і ружы, па баках астры і гваздзікі. Як быў у пінжаку, пад гальштукам, лёг на спіну, выпрастаў ногі, склаў рукі на грудзях.