Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Ліхія ў сад твой прыйдуць людзі I стопчуць яблыневы квет.
Пад зрэб’ем, бы пад павуціньнем, Заб’ецца грэшная душа.
Анёл у цемры сьлепкай зьгіне, Свайго шукаючы крыжа.
Тлум дзён сплыве... I недзе ўпотай Прарок народзіцца другі.
Зямля пачуе часу дотык Ад цеплыні яго нагі.
У цішыні сярод гаркоты Спакойна стане на зямлі...
Але ўсё гэта будзе потым Ніхто ня ведае, калі.
***
Пасівелая вечнасць.
Рвуць вятры далячынь. Задыхаецца вецер
У маўклівым плачы.
За сьцяною сутоньне.
Стужка дрэў і дамоў. Страх развеецца сёньня, Каб прыйсці заўтра зноў.
Будзе ўсё як і ўчора: Сон мой боль украдзе.
Мне прыпомніцца горад, Горад мар і надзей.
Ды пад зьзяньнем убраньня Новых зманлівых шыльд Пустата спадзяваньня Да пакутнай душы.
ЧАРНАВІКІ МІКОЛЫ ПАПЕКІ
Чаравікі ў далёкай дарозе, чарнавікі...
Мікола Папека
Упершыню пабачыў Міколу Папеку і пазнаёміўся з ім на Рэспубліканскім мерапрыемстве па архітэктуры, што праходзіла ў Брэсце ў зале пасяджэнняў гарвыканкама. Звёў мяне з ім мастак-архітэктар, педагог Кастусь Калодзіч.
У белай кашулі, чорных нагавіцах, сам чарнявы, смуглявы хлопец паказаўся напачатку сціплым і ціхім маладым чалавекам. Кастусь рэкамендаваў мне яго як паэта і пчаляра. Першае ўражанне аказалася падманлівым. He такі ўжо ціхі і сціплы па жыцці Мікола Папека, ураджэнец Івацэвіцкага раёна, які жыве і працуе ў вёсцы Лінава на Пружаншчыне, што ля вядомай чыгуначнай станцыі
“Аранчыцы” па чыгунцы ў бок Баранавіч.
Але так было наканавана лёсам, што пасля таго першага знаёмства пачалі сустракацца з
Міколам Папекам усё часцей і часцей, бо абодва займаліся літаратурай.
У 2006 годзе адбылася паездка берасцейскіх літаратараў да Ніны Мацяш у Белаазёрск. Сустрэліся напачатку ў бібліятэцы ў мясцовым Доме культуры, дзе правялі сход, выбраўшы старшынёй абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў замест Алеся Каско вядомую паэтку на прапанову яна пагадзілася пасля некаторага роздуму. Таксама на тым сходзе вылучылі кандыдатаў на прыём у сябры Саюза БП, сярод якіх быў і Мікола Папека, і я.
Пазней, ужо ў наступным годзе, з Міколам ездзілі ў Мінск, у Дом літаратара, на пасяджэнне секцыі паэзіі, дзе нас слухала камісія, у складзе якой былі Васіль Жуковіч, Аксана Данільчык, Эдуард Акулін, Віктар Слінко (загадчык секцыі паэзіі), пазней падышла і Вольга Іпатава.
Другім разам паехалі ўжо для зацвярджэння ў Саюзе на пісьменніцкую Раду. На той час прынялі ў Саюз яшчэ і Вадзіма Жылко з Лунінца, Аляксея Галаскока з Ганцавіч. Нас віншавалі Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Анатоль Вярцінскі, Вольга Іпатава... Атрымалі ў той дзень шмат станоўчых эмоцый, хаця давялося і пахвалявацца напачатку, бо такое бывае толькі раз у жыцці...
Дамоў вярталіся паасобку, але далейшыя сустрэчы працягваліся ўжо на пісьменніцкіх схо-
дах і літаратурных імпрэзах у Брэсце.
Першыя вершы Міколы Папекі былі надрукавны ў сярэдзіне 90-г гадоў у абласной газеце “ЗАРЯ”, у серыі “Берасцейскае вогнішча” быў выдадзены паэтычны зборнік “Чарнавікі” (у 1999 годзе). Як адзначыў сам аўтар, ён “удзячны двукрылым спонсарам”, гэта значыць пчолам. Мікола Папека пчаляр, мае асабістую гаспадарку. Таму і заснаваў у свой час абласную Мядовую літаратурную прэмію, якую пуд мёду штогод атрымліваюць берасцейскія літаратары за найбольш вартыя з пункту погляду заснавальніка кнігі.
У Міколы ёсць верш пра чорнага бусла, які мне нагадвае самога аўтара:
Чорны бусел, чорны бусел-белагруд, памажы ты Беларусі, будзь жа тут, дзе даўно ўжо жаўталотаць не расьце, белы бусел не клякоча на страсе.
Чорны бусел,
чорны бусел-белагруд, табе лётаць над балотам
не дадуць.
тут рачулачкі і рэкі ў кайданах, і зямля пяском зьмяіцца на вятрах.
Чорны бусел, чорны бусел-белагруд...
Апошнія гады Мікола Папека многа часу праводзіць на месцы старых сядзібаў, паселішчаў з металашукальнікам, знаходзячы рарытэтныя рэчы. Яму пашанцавала адшукаць і старыя манеты, і пячаткі, і рэшткі зброі, і шмат чаго іншага, бо ён чалавек, апатаны гэтай справай. Мінулае роднага краю хвалюе паэта, не пакідае абыякавым. Таму ў яго дамашняй бібліятэцы так шмат кніг па гісторыі.
У 2012 годзе Мікола пераклаў і выдаў асобнай кніжкай паэму Юзафа Крашэўскага “Вёска”. Увогуле, ён апошнія гады не цураецца перакладаў з украінскай і расейскай моў. Адным словам: працуе!
Мікола ПАПЕКА
ЧАРАТЫ
Чародамі
Шпарка шпакі Лётаюць Над чаратамі.
Ластаўкі
He мінаюць стаўкі, А ласкі крыльляў У чаратах ласуюцца.
На воднай роўнядзі Лебедзі
3 хвалямі ладзяць Белым крыльлем Чараты гладзяць.
На водар грачанага мёду зьлятаюцца настырныя восы. Канула лета
ў Леты няспынныя воды,
а з водаў засмучаных нарадзілася Восень.
НІЧОГА БОЛЬШ... ІТОЛЬКІ ЧЫСТЫ ДАЛЯГЛЯД...
Гэтаму чалавеку ўдзячны найперш за тое, што на пачатку новага стагоддзя ён сур’ёзна параіў мне перайсці на родную беларускую мову (на той час я пісаў як па-беларуску, так і па-расейску). Гэта быў вельмі важны паварот у маёй творчасці (і ў жыцці адначасова). Лепей было б, канечне, каб такі пераход адбыўся гадоў на дзесяць раней, але, як кажуць, лепш пазней, чым ніколі...
Алесь Канстанцінавіч стаў рэдактарам маіх паэтычных зборнікаў і першай празаічнай кніжкі “Сцежкі да сядзібы” (абразкі маленства). Нашы творчыя сустрэчы тады найчасцей адбываліся ў памяшканні абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў па вуліцы Наганава, ля парка. Тады ж я зрабіў і вокладку для зборніка вершаў Алеся Каско “Трохкроп’е” (ужо крыху пазней атрымалася, на мой погляд, цікавая жывапісная работа паводле гэтай вокладкі, толькі больш каляровая і складаная карціна трапіла ў Маскву ў прыватную калекцыю да добрага чалавека). “Трохкроп’е” было выдадзена Алесем да свайго 50-гадовага юбілею, які ўрачыста адзначаўся ў вялікай зале Абласнога грамадска-культурнага цэнтра. На той ўрачыстай вечарыне я падарыў Алесю Канстанцінавічу і свой новы зборнік вершаў “Под знаком Стрельца” трэці і апошні расейскамоўны.
Асабістае знаёмства з Алесем Каско адбылося напачатку 80-х гадоў, калі ён са сваім сябрам Міколам Пракаповічам працаваў на брэсцкім тэлебачанні. Часцяком тады бачыліся ў горадзе, у студыі, бо мне самому па абавязку службы даводзілася шчыльна супрацоўнічаць з радыё і брэсцкім тэлебачаннем...
Неяк пасля таго, як у мяне выйшлі зборнікі вершаў “Блнкн дня” і “Краскн душн” (адзін з раздзелаў быў беларускамоўным), мне пазванілі з абласной бібліятэкі імя М. Горкага і ад імя Алеся Каско запрасілі на традыцыйную штогадовую творчую сустрэчу берасцейскіх літаратараў.
У тыя гады ў мяне нарадзілася думка напісаць партрэт паэта Алеся Каско. Наколькі ўдалым ён атрымаўся судзіць не мне. Сам партрэт немалых памераў, так бы мовіць, манументальны. А фонам стала сціплае памяшканне абласнога аддзялення СБП па вуліцы Наганава, дзе ў той час працаваў старшынёй Алесь Каско.
У 2011 годзе, напярэдадні свайго 60-годдзя, Алесь Канстанцінавіч выдаў зборнік вершаў “Нічога болып...”, а крыху пазней, ужо ў 2012-м, “Прыадхілены небасхіл”, у якім “горача адстойвае духоўны пачатак у чалавеку, погляд на яго як на неад’емную часцінку Сусвету, веру ў чысціню ягоных помыслаў, накрэсленых Усявышнім”. Гэтыя два зборнікі найбольш яскрава паказваюць моц паэтычнага таленту Алеся Каско.
He абмінуў у сваёй творчасці паэт і казачны свет роднай вёскі Чудзін, што на Ганцаўшчыне, напісаў для дзетак кнігу вершаў, піша і прозу. Ёсць у яго таксама мэта сабраць як мага болып цікавых гісторый-анекдотаў з жыцця літаратараў, якія б яскрава раскрывалі чалавечую сутнасць і творчую індывідуальнасць кожнага пісьменніка.
У Алеся Каско ўсё пачыналася з роднай вёскі Чудзін Ганцавіцкага раёна, дзе ён скончыў сярэднюю школу. Потым быў Брэсцкі педагагічны інстытут. Працаваў на абласным тэлебачанні, сакратаром аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў... Зараз жыве і працуе ў Жабінцы.
За паэтычную кнігу “Час прысутнасці” (1994) Алесю Канстанцінавічу ў 1995 годзе была прысуджана Літаратурная прэмія імя Аркадзя Куляшова. А за кнігу “Свой камень” у калектыўным зборніку “Трохперсце” ( сумесна з Міхасём Рудкоўскім (пасмяротна) і Міколам Пракаповічам) абласная Літаратурная прэмія імя Уладзіміра Калесніка (2008).
Пульсуе творчая плынь, і чытач працягвае чакаць новых вершаў, новых адкрыццяў і знаходак вядомага беларускага паэта Алеся Каско.
Алесь КАСКО
***
Так, гэта да скону -
Нябёсы ў вачах:
Сляза што дажджынка, Смяецца — што промень. He раз яшчэ чыстая сінь па начах, Як знічку, здагадку аброніць, Дыхне цеплынёю He раз па вясне, Журбою, як дымкай, Засмужыцца ўвосень.
А ў часе трывог
I сумненняў блісне Надзея высокая просінь.
***
Рака. Пясок. Бязлюдны бераг.
Спакой і глыбіня нябёс Нібыта ўсё жыццё я змераў I ўсё ў адной слязе прынёс.
Нібы з усіх шляхоў спакусных Вярнуўся сэрцам акрыяць Каля вытокаў, дзе ў хаўрусе Надзея, вера, Бог і я.
I ўжо няма балючых згадак, Як век, як шмат вякоў назад.
I толькі босы след, пачатак, I толькі чысты далягляд.
***
Зямля
не любіць пуставаць жадае быць жытнёвым полем; не будзеш сеяць і куколлем пачне патроху зарастаць.
Душа
не любіць пуставаць жыве надзеямі на шчасце; будзіць не будзем і ў мяшчанства пачне паціхеньку ўрастаць.
ПАЭТ-БАРД ЭДУАРД АКУЛІН
2012 год, які быў абвешчаны Годам кнігі, стаў для Эдуарда Акуліна Годам Берасцейшчыны, бо пабываў паэт-бард у нас ажно 12 разоў (па адным разе ў месяц!). Такі рэкорд наўрад ці калі нехта са сталічных літаратараў пераўзыдзе.
Гэта гаворыць пра тое, як Эдуард Аляксандравіч адносіцца да сваіх калег-літаратараў, да роднай літаратуры, да роднага слова. Ураджэнца гомельскага Палесся можна смела лічыць берасцейцам за той клопат аб творчасці нашых землякоў, якім ён жыве. Ды і берасцейцы заўжды радыя сустрэчы з вядомым паэтам і бардам. Амаль заўсёды Акулін прывозіць з сабою гітару, выконвае аўтарскія песні, адной з любімых у самых розных аўдыторыях з’яўляецца “Янка Купала”, ад якой нават дрыжыкі па целе прабягаюць: такое моцнае уздзеянне аказвае песня на слухачоў...
He так даўно Эдуард Аляксандравіч адзначыў свой залаты юбілей (7 студзеня 2013года) прыгожай вечарынай у Палацы мастацтваў у Мінску, дзе ў перапоўненай зале пасяджэнняў адбылася прэзентацыя кампакт-дыска з яго новымі песнямі і дзвюх кніжак паэзіі. Народжаны на Раство Хрыстова, паэт-бард у сваёй творчасці прытрымліваецца галоўных хрысціянскіх традыцый...