Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Сплывалі, адыходзілі думкі, рабілася лёгка і спакойна. А праз хвіліну-другую з жахам адчуў, што кветкі больш не пахнуць. Ад гэтага стала раптам вусцішна. Сцепанула, холад прабег па спіне.
Усхапіўся на ногі, абазваў сябе дурнем і без разбору, без усялякага парадку стаў прыбіраць букеты з падлогі.
ЯК РОЎНЫЯ
Яна выкладае ў каледжы, ён рабочы на заводзе. Пад магазінам не стаіць, але вечарам, усялякае бывае, іншым разам вяртаецца з працы “пад мухай”. Зычны жаночы голас, зрываючыся на крык, з непрацяглымі перапынкамі гучыць у мяне за сцяною гадзіну і другую. Час ад часу ў гэты істэрычны маналог укліньваецца мужчынскі, з ноткамі апраўдання і пакаяння бас...
Так было. Але апошнім часам і чым далей, тым болей лаўлю сябе на думцы, што сварацца дзве жанчыны: у яго аднекуль узяліся высокія пісклівыя ноткі ў голасе, тактыку абароны замяніла наступленне.
Смешна і сумна.
КОЖНЫ 3 НАС-АПОШШ НА ЗЯМЛІ...
Грунтоўна пазнаёміўшыся з творчасцю жабінкаўскага паэта Васіля Гадулькі, зрабіў для сябе адкрыццё: тыя вершы, што зрэдзьчасу трапляліся мне на літаратурных старонках газеты “Заря”, не пакінулі глыбокі след у душы да таго часу, пакуль я не пазнаёміўся са старонкамі яго самотнага жыцця.
Нарадзіўся Васіль Уладзіміравіч 17 мая 1946 года ў вёсцы Федзькавічы Жабінкаўскага раёна ў сялянскай сям’і. Вучыўся спачатку ў Рагазнянскай сямігодцы, якую скончыў на выдатна, затым у сярэдняй школе ў Жабінцы. Васіль змалку быў вельмі сур’ёзным і стрыманым, рэдка ўдзельнічаў у хлапечых свавольствах. Ён болып часу аддаваў вучобе, кнігам. Асабліва захапляўся нямецкай мовай.
Пасля заканчэння школы Васіль паступіў у інстытут замежных моў. Вучыўся паспяхова. Захапіўся вывучэннем англійскай, італьянскай, французскай, польскай моў, на якіх мог свабодна гаварыць. Але інстытут так і не закончыў: пайшоў з апошняга курса па ўласным жаданні. Адслужыў у войску і вярнуўся ў родныя Федзькавічы.
Складаны перыяд у жыцці Васіля Гадулькі наступіў пасля трагічнай смерці брата Пятра. Душу ратавалі вершы, якія ён нікому не паказваў да 1986 года (пачаў пісаць на расейскай мове яшчэ ў школе).
У 1986 годзе з вершамі федзькавіцкага паэта пазнаёміўся Васіль Сахарчук, які працаваў на той час у жабінкаўскай раённай газеце “Сельская праўда”. Неўзабаве яны пазнаёміліся і пасябравалі. Васіль Гадулька пачаў удзельнічаць у пасяджэннях літаб’яднання “Плынь”. У хуткім часе ягоныя вершы былі ўпершыню надрукаваны ў раённай газеце, а напрыканцы таго ж 1986 года Васіль стаў удзельнікам рэспубліканскай літаратурнай нарады, якая праходзіла ў Доме творчасці “Іслач”. Паэзія Васіля Гадулькі была заўважана і высока ацэнена Рыгорам Барадуліным і Іванам Навуменкам.
Ужо ў наступным 1987 годзе вершы паэта з’явіліся не толькі ў абласным, але і ў рэспубліканскім друку: часопісе “Нёман”, газеце “Літаратура і мастацтва”, альманаху “Дзень паэзіі”, часопісе “Полымя”.
У тыя гады Васіль Гадулька працаваў на будоўлях, паляводам у мясцовым саўгасе. Пасля смерці маці замкнуўся ў сабе, пісаў, займаўся перакладамі.
У 1992 годзе паэт падрыхтаваў рукапіс паэтычнага зборніка, якому даў назву “Кропелька сонца”. Прыблізна сто вершаў на беларускай і расейскай мовах, вянок санетаў “Зорка радасці” і чатыры паэмы паэт палічыў вартымі ўвагі чытача. Рукапіс Васіль Сахарчук адаслаў у бібліятэку часопіса “Маладосць”. Пры жыцці паэта зборнік не выйшаў. На світанні 15 чэрвеня 1993 года Васіль Гадулька раптоўна памёр.
Выдадзены ў 2004 годзе “Літаратурай і мастацтвам” пры фінансавай падтрымцы Алеся Разанава і фірмы “БЕЛПГ”, каардынатарам якой быў знакаміты беларускі пісьменнік Леанід Дайнека, зборнік вершаў Васіля Гадулькі “ГОЛАС” стаў прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці не толькі Берасцейшчыны, але і Беларусі.
У сучаснай беларускай літаратуры паэт Васіль Гадулька з яго амаль нязменнай і чыстай нотай роспачы існуе як бы сам па сабе. Ён адзінокі тут, якім і быў пры жыцці.
Васіль ГАДУЛЬКА
Люба мне, калі ў прыціхлым садзе ў кронаў дрэў не згас яшчэ агонь. Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе матыльком на золкую далонь. Ветрык з ім свае спыняе гульні... Ці не для таго, каб нагадаць: усяго жывога лёс агульны пакрысе мярцвець і ападаць?
I хоць кажуць, што цвітуць увесну нават карчаваных дрэў камлі, я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну: кожны з нас апошні на Зямлі.
I хоць вецер гне сухое вецце, і хоць іней срэбрам лёг на скронь, нельга мне, шкада змахнуць, як смецце, ліст, які сагрэў маю далонь.
ДА КРЫТЫКАЎ
Дзівосных песень адгалоскі да нашых дзён дайшлі здалёк. А кветкі згортваюць пялёсткі, калі іх атуляе змрок.
He дагаджайце. Паспрабуйце, каб песня песняю была.
А лепей самі паспрабуйце вырошчваць кветкі без святла.
***
... хай сны юнацтва
двойчы не прысняцца -
я ўдзячны ім: яны дапамаглі
хоць трошкі над самім сабой падняцца, не адрываючыся ад зямлі.
ВЕЧНЫ БОР ПАЭТА ВАСІЛЯ САХАРЧУКА
паэта, журналіста, чалавека...
Смуглявы, з цёмнымі вачыма, высокага росту Васіль Сахарчук найперш быў вядомы мне як берасцейскі паэт з Жабінкі, дзе ён працаваў у раённай газеце “Сельская праўда”. Асабіста пазнаёміўся з ім у 2001 годзе ў аддзяленні Саюза пісьменнікаў на Наганава. I апошняя сустрэча з Васілём адбылася там жа: быў ён без асаблівага настрою, мала гаварыў, але запрашаў у Жабінку да сябе... Задуменныя вочы паэта маўчалі пра нешта асабістае, хавалі таямніцы душы. Праз нейкі час Васіля не стала: не захацеў сустрэць Паэт свой 50-гадовы юбілей сярод родных і сяброў. Такі вось лёс Васіля Сахарчука выдатнага
Вельмі прыемна, што адна з вуліц Жабінкі названа яго імем. Гэта даніна глыбокай павагі таленавітаму паэту і перакладчыку. Быў пачуты ўладамі калектыўны пісьмовы зварот у райвыканкам жабінкаўскіх літаратараў, журналістаў, культработнікаў, чытачоў. Да ўвагі былі прыняты і лісты кіраўнікоў абласных пісьменніцкіх аб’яднанняў Ніны Мацяш і Анатоля Крэйдзіча...
Нарадзіўся Васіль Якаўлевіч Сахарчук 10 ліпеня 1953 года ў вёсцы Свадзьбічы Бярозаўскага раёна, адным з самых шчодрых на паэтычныя таленты куткоў нашай Берасцейшчыны (паэты Ніна Мацяш, Алесь Разанаў, Раіса Баравікова, празаік Віктар Супрунчук, драматург Мікола Арахоўскі, публіцыст Анатоль Казловіч). Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у Мінскай вобласці, потым намеснікам дырэктара і настаўнікам гісторыі ў Высокаўскай сярэдняй школе Бярозаўскага раёна. Пасля адказным сакратаром жабінкаўскай раённай газеты “Сельская праўда”.
У спадчыну засталіся творы паэта Васіля Сахарчука, стваральніка высокай інтэлектуальнай лірыкі. Ён аўтар “кнігі ў кнізе” “Зорны мост” у калектыўным зборніку “Крыло”( 1984), зборнікаў вершаў “Даніна” (1988), “Ранішні госць” (1994), "Мой вечны бор” (2004) ”, Па-майстэрску перакладаў мастацкія творы з балгарскай мовы (“Апалавы пярсцёнак” Пеё Яварава, “Дзеці-героі” і “Пад сурдзінку” Дзімчы Дэбелянава...), з украінскай і расейскай моў.
“Лірычны герой Васіля Сахарчука шукае натуральнай паяднанасці з усім жывым, з цэлым Сусветам. Ён пазбаўлены душэўнага спакою. У яго нават узнікае пакутлівае адчуванне, што ён на радзіме сваёй жыве, бы ў чужой старане. Думаецца, што сённяшняя рэчаіснасць дае падставы для такіх адчуванняў...” так пісаў пра паэтычную творчасць жабінкаўскага паэта прафесар БрДУ імя A. С. Пушкіна Аляксей Майсейчык.
Васіль САХАРЧУК
ПРЫЧАСЦЕ
Васілю Гадульку
Бягуць машыны па шашы.
Сабака вые каля плота.
А ён сядзіць.
На дне душы
гарчыць цыкутаю самота. Адзін.
Пакінуты няўзнак сябрамі, роднымі, каханай. Сядзіць, нібы пустэльны рак, самім сабой абрабаваны.
Надзейна спалены масты. Апошні ў памяці дыміцца. А ён сядзіць, нібы застыў і прыкіпеў да палавіцы.
У позірку мільгнуў наіў, дзе з прасветленай душою устаў і да краёў наліў у келіх жоўтага напою.
Устаў і нерухома стаў і з ціхай думкаю пра шчасце ён пачастунак свой прыняў, нібы царкоўнае прычасце.
Ён выпіў келіх свой нагбом. Ужо на золак стала брацца. I, як дзіця, забыўся сном.
Заснуў, каб больш не прачынацца.
НАЧНАЯ АКВАРЭЛЬ
У цёмна-блакітнай імгле надвячорка твой позірк мігцеў, бы зялёная зорка. А ноччу, калі ты прымружыла веі, убачыўся ў ім мне пыл снежнай завеі. Да самае раніцы зорка мне ззяла і белая замець гула, не сціхала.
***
У свет прыйшлі на міг, адведзены нам вечнасцю, кароткі, бы ў жніво світальны заркапад.
I толькі двойчы ён прымае нас асвечана: калі ідзём сюды, калі ідзём назад.
ВЯЧАСЛАУ БУРДЫКА
Невысокага росту, але прыкметны сваімі густымі сівымі вусамі і акуратна прыгладжанымі валасамі Вячаслаў Віктаравіч заўсёды вітае добразычлівай ўсмешкай, хаця на працы і па жыцці бывае так, што іншым разам трэба глянуць і пагрозліва...
Найперш ён — журналіст, які добра ведае сваю справу, доўгія гады працуе ў брэсцкіх абласных газетах: спачатку была “Заря”, апошнім часам “Народная трыбуна”...
Да яго заўжды прыемна заходзіць на працу ва ўтульны кабінет адказнага сакратара, дзе за
камп’ютарам яшчэ і руплівы загадчык аддзела га-
зеты Надзея Яцура. Папіць гарбаты ці кавы ў іхнім кабінеце заўжды прыемна.
Нарадзіўся Вячаслаў Бурдыка 19 лістапада 1955 года ў вёсцы Сваткі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Побач вёска Пількаўшчына, малая радзіма Яўгена Іванавіча Скурко (народнага паэта Максіма Танка). Менавіта ён і стаў хросным бацькам Славы. Вядома ж, даведаўся хлопец аб гэтым значна пазней, калі ўжо вучыўся ў школе і пачаў цікавіцца літаратурай. Маці тады і расказала аб яго раннім «знаёмстве» са знакамітым паэтам: маўляў, ён часта трымаў малога на руках, таму, пэўна, і перадаў частку сваёй творчай энергіі.
Праўда, з Максімам Танкам Вячаслаў Бурдыка больш ніколі потым ні ў юнацтве, ні ў дарослым жыцці не сустракаўся, хоць маці і неаднойчы раіла зайсці да Яўгена Іванавіча ў Мінску (калі Вячаслаў вучыўся на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта) і перадаць ад яе прывітанне. He зайшоў. Пасаромеўся. Шчыра прызнаецца, што сёння аб гэтым вельмі шкадуе.
Другая творчая сустрэча, якая ўжо больш рэальна паўплывала на творчы лёс Вячаслава Бурдыкі, адбылася ў горадзе Барысаве, калі ён вучыўся ў 10-ым класе 17-й сярэдняй школы. Класны кіраўнік даручыла яму дапамагчы дабрацца ў школу мясцоваму паэту Леаніду Рашкоўскаму той быў паралізаваны і мог перасоўвацца толькі ў інваліднай калясцы, а свае вершы пісаў, заціснуўшы аловак у зубах. Слава вёз пісьменніка праз увесь горад і вельмі ганарыўся тым, што знаходзіўся побач з такім легендарным чалавекам. А той жа яшчэ і размаўляў з ім, малечай, бы з дарослым, распытваў пра школу, цікавіўся планамі хлопца на жыццё, расказваў пра сябе і сваю творчасць. Потым Слава напісаў пра тую сустрэчу з Леанідам Рашкоўскім у раённую газету. Нататка была апублікавана, хлопца запрасілі наведваць школу рабселькораў, якая дзейнічала пры рэдакцыі, і... Карацей кажучы, Вячаслаў Бурдыка забыў пра мора, аб якім марыў да таго часу, і цвёрда вырашыў прысвяціць сябе журналістыцы і літаратуры.