Непрыдуманыя партрэты
Лявон Валасюк
Выдавец: Брэсцкая друкарня
Памер: 284с.
Брэст 2014
Прыезд Алеся Разанава ў Брэст заўсёды прыемная падзея, бо паэт, якога добра ведае Еўропа. мае што сказаць аматарам паэзі і літаратуры ўвогуле. Вось і майскі яго візіт са шведскімі літаратарамі (у 2012 годзе), які праходзіў у рамках акцыі “Дарогамі Адама Міцкевіча”, надоўга запомніўся землякам паэта. Мерапрыемства завяршыў паэтычны конкурс для школьнікаў. А ў яго журы, акрамя Алеся Разанава, былі Святлана Алексіевіч, Мікалай Аляксандраў і іншыя вядомыя літаратары.
Пісаць вершы Алесь Разанаў пачаў рана: у школе яго падахвоціў да гэтага настаўнік беларускай літаратуры. А першыя публікацыі з’явіліся ўжо ў 1961 годзе ў піянерскіх газетах. Зборнікі “Адраджэнне” (1970), “Назаўжды” (1974), “Каардынаты быцця” (1976), “Шлях 360” (1981) засведчылі неардынарнасць мыслення маладога аўтара, духоўнасць вершаванага тэксту. Наступныя паэтычныя зборнікі “У горадзе валадарыць Рагвалод” (1992), “Рэчаіснасць” (1998), “Каб мелі шчасце ўваскрасаць і лётаць” (2006), “Дождж: возера ў акумулятары” (2007) яшчэ больш упэўнілі чытача ў тым, што Алесь Разанаў напоўніў адметным сэнсам вершаваны радок, увёў у нацыянальнай літаратуры новыя паэтычныя формы, як аўтарскія (квантэмы, вершаказы, зномы), так і ўжо вядомыя за мяжой (пункціры і версэты). Ён далучыў нацыянальную культурную прастору да кантэксту сусветнай культуры і літаратуры.
За кнігу “Вастрыё стралы” (1988) паэту была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы.
Алесь Разанаў надзіва ўдумлівы творца, які імкнецца адшукаць духоўнае ў матэрыяльных рэчах, які паэтызуе чалавечнасць, усё прыгожае, светлае ў чалавеку і асуджае бездухоўнасць.
Алесь РАЗАНАУ
ДЗІДА
Дзіда паслухмяная, як дзіця, якое, калі яму кажуць: “Ідзі!..”, ідзе датуль і дагэтуль, дакуль яму кажуць, і разам з тым дасведчаная, як сталы дзед.
Нібы жардзіна рухомага плота, дзіда дзяжурыць то на дзядзінцы, то ў дзікім полі, загароджваючы дарогу непажаданым госцям.
У падзеях, дзе вырашаецца лёс дзяржавы, дзіда бярэ самы чынны ўдзел, здзяйсняючы подзвігі, здабываючы дружыне славу, а сабе падзяку і робячы дзіравымі доказы супярэчнікаў.
Але настае гадзіна і дзіда ўбіваецца ў дзірван, каб зрабіцца пярэдаднем і прадвобразам таго дрэва, пад якім знойдуць паразуменне ўсе людзі.
***
Зіхоткая поўня акно, ля якога глядзіць у душу нябыт.
* * *
Парушаны мур: чырванее жар цэгла ў бязмежжы сцюжы.
Зімовыя прыцемкі: снег настае, растае наваколле.
***
Вецер нямеча Са спеўным чалом. Няцерпіны меча Хутчэй быць мячом. Людзі галубяць дзень смерці, Быццам любімы цмен-квет. У струны вялікіх, паверце, Грае Усход неўпрыкмет.
Мажліва, нам новую гордасць Чароўца зіхотлівых гор дасць, I, многіх людзей праваднік, Я розум надзену, як белы ляднік.
ЗНАЁМЫ НЕЗНАЁМЕЦ МІХАСЬ РУДКОЎСКІ
Вядомы паэт, які апошнія гады жыў непадалёк ад інжынерна-будаўнічага інстытута на ўсходзе Брэста, вершы якога падабаліся мне са школьных гадоў, так і не сустрэўся на жыццёвым і творчым шляху... Мой зямляк і аднакурснік па інстытуце Валодзя Валасюк з Жабінкі неаднойчы прапаноўваў мне зайсці да Міхася Рудкоўскага, з якім ён быў добра знаёмы, на кватэру. Але лёсам было наканавана так, што сустрэча не адбылася. Затое зацікаўленасць да яго творчасці з гадамі яшчэ больш узмацнілася .
Нарадзіўся будучы паэт 17 красавіка 1936 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Востраў Ганцавіцкага раёна, ля ракі Начы. Скончыў Пінскае педвучылішча, філалагічны факультэт Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна (завочна), працаваў настаўнікам, журналістам у ганцавіцкай раённай газеце, старшым рэдактарам на Брэсцкай студыі тэлебачання. У рэспубліканскім друку паэт пачаў выступаць з вершамі ў 1959 годзе.
Самабытны талент Міхася Рудкоўскага адразу заўважылі крытыкі і рэцэнзенты, вызначаючы ў творчасці паэта галоўную лінію тэму роднага і блізкага. Уладзімір Калеснік, які быў дарадцам і апекуном маладых талентаў на Берасцейшчыне і прысвяціў разгляду творчасці Міхася Рудкоўскага не адзін літаратурны артыкул, пісаў: “Сувязь лірычнага героя з жыццём была б аслаблена, калі б ён поўнасцю выжываў толькі ў лятунках і марах. Герой Міхася Рудкоўскага не адрываецца ад рэальнасці, ён толькі адыходзіць часам ад яе канкрэтных праяў, каб лепш убачыць галоўныя падзеі, здольныя ўзвысіць душу”, а гэта, як зазначае далей крытык, “няяркі гераізм штодзённай працы сучасніка і гераізм дабраты, сумленнасці, спагадлівасці”.
У 1966 годзе паэт быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Літаратурную працу ён годна спалучаў з работаю на Брэсцкай студыі тэлебачання ў якасці рэдактара літаратурна-драматычных і музычных перадач, дзе падрыхтаваў шэраг дакументальных фільмаў, вялікую колькасць літаратурных і краязнаўчых матэрыялаў, якія былі высока адзначаны сучаснікамі.
Міхась Рудкоўскі выдаў зборнікі паэзіі “Першыя вёрсты”, “Сінія Брады”, “Позвы”, “У краі тым...”, “Векавечная Бацькаўшчына”, “Засцярога”, “Трыгор’е”, “Гарынь”, кнігу выбраных твораў “Залатазвон”.
Вызначальныя рысы творчай асобы паэта Міхася Рудкоўскага — сумленнасць, працаздольнасць, шчырасць, патрабавальнасць. Абыякавасць, фальш, гультайства ў сям’і Міхаіла Іванавіча і Марыі Юльянаўны Рудкоўскіх лічыліся самымі вялікімі заганамі ў чалавеку.
ЗАПАВЕТ
Запомнілася гэта як святыня,
Як бацькі запавет: кім б ты ні стаў — Адной рукой гайдай калыску сына, Другой магілу
дзедаву папраў...
Міхась Рудкоўскі сваёй творчасцю дае красамоўны адказ на пытанне, якімі павінны быць паэт і паэзія, наглядна дэманструе і сцвярджае, што інтэлектуальнае багацце асобы абумоўлена здольнасцю ўспрымаць прыгажосць і сілу роднай прыроды. Паэт прысвяціў шмат вершаў роднаму краю, Палессю, Белавежскай пушчы, Берасцейшчыне ўвогуле...
Агульнапрызнана, што Міхась Рудкоўскі быў першым прафесійным паэтам на Берасцейшчыне.
Міхась РУДКОЎСКІ
ДОМА БЕЗ МАЦІ
Прыедзеш дадому, у кут запаветны Як брата цябе сустракаюць.
Хапае ўсяго у застоллі прыветным, Iтолькі яе не хапае.
I добра табе, і гасцінна у хаце, Ды толькі (ці гэта здаецца?) Чамусьці бацькоўская хата без маці Што грудзі жывыя без сэрца.
МОЙ ДЗЕД БЫЎ СЕЛЬСКІМ КАВАЛЁМ
Ул. Калесніку
Мой дзед быў сельскім кавалём, кавальскай справы каралём: калі каваць ужо каваў, не ў хаце ў кузні начаваў, а баляваць дык баляваць і дзень, і два, і тры, і пяць. Стары, а сіла у руках: рукі узмах душы размах. Спакойна дзед мой паміраў, не паміраў ён, а згараў, не дагараў ён, а згараў, як вугаль ў горне.
Папрасіў:
Вады, унучак, прынясі, усё ў грудзях маіх пячэ... Прынёс. Ён выпіў.
Мо яшчэ
з табой, унучак, будзем жыць, каваць плугі... Ну, ты бяжы гуляй... я ж трохі прыкарну...
I я памчаўся у вясну, а ён заснуў... навек заснуў... Сякеры гахкалі ў лясах, звінела у лугах каса, што дзед загартаваў: падковай высякаў агонь на кіламетры сотым конь, што дзед мой падкаваў.
А вечарам з падхмарных стром прагрукатаў над кузняй гром, і, зломленыя у крыле, маланкі ўпалі у траву...
Яшчэ і сёння на сяле нас Кавалёвымі завуць. Мой дзед быў сельскім кавалём, кавальскай справы каралём.
О, ЯК Я МНОГА ХАЦЕУ ВАМ СКАЗАЦЬ... ПАЭТ МІКОЛА КУПРЭЕЎ
Бачыў вядомага паэта “ўжывую” ўсяго толькі аднойчы: на юбілейнай вечарыне Алеся Каско ў Абласным культурна-грамадскім цэнтры па вуліцы Энгельса . Я спускаўся па прыступках лесвіцы ўніз, а Мікола Сымонавіч Купрэеў выходзіў праз дзверы на лесвічную пляцоўку. Сустрэліся поглядамі, я павітаўся, ён кіўнуў галавой у адказ. Так мы аднойчы пабачыліся і размінуліся назаўжды...
За творчасцю вядомага паэта і празаіка асабліва ўважліва сачыў у той час, калі ягоныя біяграфічнага характару аповесці друкаваліся ў часопісе “Крыніца”. Ведаючы Міколу Купрэева як выдатнага паэта (зборнікі вершаў “Непазбежнасць” (1967), “Правінцыйныя фантазіі” (1995), я быў прыемна здзіўлены, калі пабачыў яго першую аповесць у часопісе. 3 таго часу з нецярпеннем чакаў і чытаў яго новыя празаічныя творы. Паэт тонкай душы, Мікола Купрэеў быў творча самаадданым, не цярпеў фальшывай думкі і слова, хоць з вялікай неахвотай гаварыў пра літаратуру.
Пра выданне пасмяротнай кніжкі прозы Міколы Купрэева “Палеская элегія” парупіўся вядомы паэт і крытык Леанід Галубовіч, які быў апекунам і “душапрыказчыкам” Міколы Сымонавіча, ініцыятарам выдання і ўкладальнікам яго кніжкі.
Таленавіты беларускі празаік Андрэй Федарэнка пасля выхаду кнігі прозы Міколы Купрэева “Палеская элегія” прызнаўся, што пазнаёміўся з Купрэевым наноў:
- Я ведаў чалавека, падобнага на Міколу, Анатоля Сыса.Тыя ж звычкі, тая ж псіхалогія. Ёсць такія творцы, якія абсалютна свядома накіраваны на самазнішчэнне. Яны адмаўляюцца ад жонак, ад дзяцей, ні ад чаго не залежаць ні ад пашпарта, ні ад прапіскі...
Федарэнка прызнаўся, што вельмі насцярожана ставіцца да празаікаў, якія пішуць яшчэ і вершы. Проза вельмі капрызная жанчына. Яна не любіць, калі яе дзеляць з кімсьці. Таму Купрэеву, на думку Андрэя Федарэнкі, трэба было б засяродзіцца на чымсьці адным.
- Ён быў больш пейзажыст, маляваў словам. Калі ўзяць яго прозу з намерам выпісваць мудрыя думкі, сентэнцыі вы іх там не знойдзеце. Але ўбачыце малюнак, створаны натхненнем. Як верш. Проза яго была і ёсць дзіўная... (Андрэй Федарэнка).
Нарадзіўся Мікола Купрэеў у вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўніка пачатковай школы. Вайна апаліла дзяцінства будучага паэта і забрала маці.
Пасля вайны Купрэевы пераязджаюць на Брэстчыну, у вёску Старыя Пяскі Бярозаўскага раёна, дзе Мікола пайшоў у першы клас. Падчас вучобы ў школе ў яго і пачалі выяўляцца літаратурныя здольнасці (у 5-м класе ў газеце “Піянер Беларусі” быў надрукаваны верш Міколы Купрэева пра Першамай). Творчаму росту ў школьныя гады паспрыяла і захапленне паэзіяй Аляксандра Блока і Максіма Багдановіча.
У 1957 годзе, заканчваючы Івацэвіцкую сярэднюю школу, Мікола Купрэеў пачынае актыўна займацца творчасцю.
У 1962 годзе, скончыўшы Брэсцкі педагагічны інстытут, паэт едзе працаваць настаўнікам на Палессе. Ён далучаў дзяцей да чароўнага свету літаратуры ў Пінскім (у вёсцы Сташаны вучыў Міколу Антаноўскага і Анатоля Шушко), Ляхавіцкім і Ганцавіцкім (у Чудзінскай школе вучнем у яго быў быў Алесь Каско) раёнах.
Плёнам літаратурнай працы ў 60-я гады стала выданне зборніка паэзіі Міколы Купрэева “Непазбежнасць”. Яго паэзія выгадна вылучалася сярод вершаў іншых аўтараў Берасцейшчыны і рэспублікі таго часу.