• Газеты, часопісы і г.д.
  • Непрыдуманыя партрэты  Лявон Валасюк

    Непрыдуманыя партрэты

    Лявон Валасюк

    Выдавец: Брэсцкая друкарня
    Памер: 284с.
    Брэст 2014
    123.53 МБ
    Вырабы з гліны пружанскага майстра Антона Такарэўскага гэта сапраўдныя творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, вынік штодзённай карпатлівай працы ў спалучэнні з талентам, атрыманым ад Бога і бацькоў, дзядоў, прадзедаў. Яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя ганчарны промысел быў вельмі пашыраны, і цэлыя вуліцы займаліся гэтым рамяством.
    Асабістае знаёмства са старым ганчаром (нарадзіўся Антон Рыгоравіч Такарэўскі 3 сакавіка 1904 года) адбылося ў канцы 80-х гадоў мінулага веку, калі майстар быў ужо чалавекам па-
    важанага ўзросту, заможным гаспадаром (рабіў з алюмінію чыгуны, якія прыносілі добры прыбытак, умеў класці печы). Але гэта не адчувалася, бо ён усё яшчэ многа часу праводзіў за любімай працай у Пружанах, дзе жыў і круціў год за годам ганчарнае кола апошні са старажытнага роду Такарэўскіх. Ён трымаў каня, бо “куды ж без каня?” Гаршчкі вазіў у Ружаны, Кобрын. Вельмі прыгожыя і моцныя былі яго вырабы, таму куплялі людзі з ахвотаю. А яшчэ Антон Рыгоравіч меў добрую гаспадарку, шмат зямлі. Праца была сэнсам яго жыцця. Дзетак любіў (дачка Марыя была ды прыёмныя сыны брата, які трагічна загінуў), жывёл, прыроду усё жывое.
    Антон Рыгоравіч быў не толькі таленавітым, але і вельмі працавітым чалавекам. Ім створана незлічоная колькасць керамічных вырабаў, дасканалых па форме, прыгожых і трывалых. Гліна, што аднойчы пабывала ў руках майстра, ужо ніколі не заставалася звычайным матэрыялам: яна набывала новае жыццё ў бліскучым чорна-глянцавым посудзе.
    У далёкім 15-м стагоддзі бярэ пачатак радавод славутага ганчара Антона Такарэўскага. Усе яго продкі былі знанымі майстрамі сваёй справы. Антон Рыгоравіч доўгі час заставаўся адзіным у рэспубліцы майстрам-ганчаром, які займаўся вырабам бытавой чарнаглянцавай ці задымленай керамікі.
    Для сваёй працы ён заўжды шукаў добрую гліну, за зіму даваў ёй прамерзнуць як след на двары. Ужо ўвесну ачышчаў ад карэньчыкаў, смецінак, прасейваў. Пасля размочваў, размінаў да патрэбнага стану і рабіў на ганчарным крузе посуд. Калі ён падсыхаў, вымалёўваў адпаліраваным крэмнем арнамент, пакідаў на матавай паверхні бліскучыя лініі, затым посуд зноў сушыўся. I толькі потым гліняныя вырабы праходзілі хрышчэнне агнём. Для гэтага майстар ставіў гліняны посуд у разагрэтую да белага калення печ, кідаў некалькі пучкоў смалкай сасновай лучыны. Пасля ўсяго шчыльна замазваў гарлавіны. У печы без доступу кіслароду пасля ўзаемадзеяння ўгарнага газу са злучэннем жалеза паверхня вырабаў набывала чорна-матавы, з серабрыстай павуцінкай колер, а геаметрычныя арнаменты станавіліся металічна бліскучымі. Пасля абпалу гліняныя вырабы заставаліся ў печы яшчэ двое сутак.
    Ганчарства мастацтва, якое з даўніны мае характар промыслу. Тут надзвычай важнае значэнне набывае традыцыя, напрацаваная пакаленнямі майстроў. Геаметрычны дэкор у выглядзе палосак, сеткі, ёлачкі ўпрыгожвае гліняныя вырабы з незапамятных часоў.
    Праца пружанскага ганчара была адзначана залатым медалём на I Усесаюзным фестывалі самадзейнай мастацкай творчасці працоўных СССР. Майстар казаў, што калі ўпершыню паспрабаваў гліну, то адразу прыйшло нястрымнае жаданне ляпіць гаршчкі.
    Памёр Антон Рыгоравіч Такарэўскі 4 кастрычніка 1984 года. Перад смерцю папрасіў, каб прывялі да яго каня. Каня прывялі пад акенца хаты, бо Антон Рыгоравіч ужо не мог самастойна выйсці на вуліцу. Так і да ганчарнага кола паднеслі яго, пасадзілі развітацца з такім родным і звыклым месцам яго шматгадовай працы. Праз некалькі дзён майстра не стала...
    Антон Такарэўскі са збаном
    Чорна-глянцавы посуд
    Чорна-глянцавы посуд
    КАМЯНЕЦКІ МАНСТАР РАЗЬБЫ ПА ДРЭВЕ
    Народнага майстра разьбы па дрэве мастака Анатоля Туркова ведаю больш за 30 гадоў. Пазнаёміліся ў Камянцы, у мастакоўскай майстэрні пры раённым Доме культуры, якую Анатоль Савельевіч узначальваў з 1975 па 1985 гады. Той савецкі час быў спрыяльны для працы: афармленне дзяржаўных святаў, дамоў культуры, інтэр’ераў памяшканняў аб ’ектаў культуры, экстэр ’ ераў... Можнасказаць, праца кіпела...
    Нарадзіўся Анатоль у сям’і, дзе было шмат дзетак. Яго і брата бацькі аддалі вучыцца ў Высокаўскую школу-інтэрнат (будынак графіні Патоцкай), дзе хлопец пачаў самастойна маляваць, іграў у духавым аркестры, займаўся спортам. Апошнія два класы вучыўся ў СШ № 1 у Камянцы і адначасова займаўся малюнкам, жывапісам і лінагравюрай у студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Заслужанага настаўніка Беларусі Дзмітрыя Раманавіча Дошчыка.
    Калі запрасілі на працу ў раённую мастацкую майстэрню, дык не адмовіўся. Менавіта ён у 1976 годзе (райцэнтр рыхтаваўся да 700-годдзя) прыклаў свае працавітыя рукі да ўзвядзення манументальнага знака на ўездзе ў Камянецкі раён з боку Брэста, выканаўшы мастацкую частку. Напярэдадні 40-годдзя Перамогі стаў пераможцам усесаюзнага конкурсу на лепшае афармленне гарадоў у намінацыі “Малыя гарады” сумесна з калегам Юрам Шылам. За творчыя дасягненні Анатоль Савельевіч мае шматлікія ўзнагароды. Узнагародай для Анатоля Туркова, як ён лічыць сам, з’яўляецца і тое, што да гэтага часу стаяць з трох бакоў Камянца ўязныя знакі, што стаяць помнікі загінулым вайскоўцам, іншыя манументальныя знакі з жалезабетону, над якімі ён працаваў са сваімі калегамі. Усе гэтыя работы знаходзяцца ў Камянецкім раёне і добра захаваліся да гэтага часу.
    У горадзе яшчэ і цяпер стаіць дом вядомага беларускага жывапісца Ф. I. Дарашэвіча, ля якога да 100-га юбілею Фёдара Іванавіча Анатоль паставіў памятны знак з дрэва. На яго адкрыццё прыязджалі з Мінска дачка і ўнук мастака.
    3 2008 года ў Камянцы грамадскае аб'яднанне аматараў мастацтва рэгіёна “Белавежская пушча” і Берасцейшчыны “ТУР” пад кіраўніцтвам Анатоля Туркова праводзіць беларуска-польскія пленэры мастакоў, прысвечаныя памяці Ф. I. Дарашэвіча, і нават сфарміравала выставачны фонд гэтых работ. Па выніках кожнага пленэра праходзяць выставы ў Камянцы і Брэсце...
    У апошнія гады Анатоль Савельевіч плённа працуе з дрэвам на пленэрах і розных іншых мерапрыемствах, на якія атрымлівае запрашэнні з 2000 года. У 2004 годзе Анатоль Туркоў быў прыняты ў Беларускі саюз майстроў народнай творчасці.
    “Пушчанскі госць ”
    “Дзядок”
    А. Туркоў на свяце горада Брэста
    А. Туркоў са сваім творам. г. Камянец
    “Еўфрасіння Полацкая г. Камянец
    УЛАДЗІМІР ЧЫКВІН
    Ураджэнец Камянеччыны апошнія гады жыве ў Кобрыне, ён вядомы на Берасцейшчыне і далёка за яе межамі як разьбяр па дрэве, аматар драўляных лыжак, якіх сабраў ужо вялікую калекцыю. Дух Белавежскай пушчы наталяе магутнай жыццёвай сілай, надае фізічнай моцы настолькі, што камянецкія майстры не ўяўляюць свайго жыцця без родных мясцін. Уладзімір Чыквін увогуле збіраецца ў хуткім часе вярнуцца ў Дзмітровічы, у бацькоўскі дом, на пастаяннае месца жыхарства.
    Скончыўшы мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута, Уладзімір афармляў турбазы “Байсоорум” на возеры Ісык-Куль, “Казахзолата” у Алма-Аце, займаўся рэстаўрацыяй архітэктурных помнікаў у Кракаве, у якасці разьбяра працаваў у фарным касцёле ў Беластоку.
    Аднойчы і назаўсёды Уладзімір Чыквін знайшоў прытулак у Кобрыне, дзе абсталяваў мастацка-вытворчую майстэрню, стаў адным з заснавальнікаў гарадской мастацкай галерэі “Bona Sforca”. Да гэтага часу жыве і працуе там, выязджаючы адно толькі на пленэры і іншыя мерапрыемствы. Аднак ніколі не забывае пра свой пушчанскі край, які заўжды вабіць яго сваёй спрадвечнай прыгажосцю.
    Добразычлівы чалавек, майстар сваёй справы, ён заўжды вітае пры сустрэчы цёплай усмешкай, добрым словам. He дарма што працуе з сонечным матэрыялам дрэвам.
    “Паркавая скульптура г. Кобрын
    Скульптура “Перапісчык Бярозка ”
    У Чыквін на свяце горада Брэста
    СЯЛЯНСКІ ФІЛОСАФ I МАСТАК
    19 снежня 2012 года, акурат “на Міколу”, народны майстар з хутара ля вёскі Стойлы Пружанскага раёна атрымаў з рук мастака-эмальера Міколы Кузьміча, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, незвычайны падарунак-узнагароду ордэн “За вернасць Бацькаўшчыне”. Ен мае выгляд васьміканцовай бронзавай зоркі, падобнай на калядную, а ў цэнтры выява анёла, які ляціць над вёскай і трымае ў руках хату Мікалая Тарасюка і створаны ім на ўласнай сядзібе музей “Успаміны Бацькаўшчыны”. Па кайме надпіс: “За вернасць Бацькаўшчыне”. Ганараванне слыннага майстра адбылося ў Пружанскім палацыку на адкрыцці ягонай персанальнай выставы, прымеркаванай да 80-годдзя з дня нараджэння.
    У юбілейным годзе прайшла таксама выстава арыгінальных твораў Мікалая Тарасюка ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, якая выклікала вялікую цікавасць у спецыялістаў, журналістаў і шматлікіх гледачоў. У работах майстра сялянскае жыццё сканцэнтравана так моцна, нібы стагоддзі гісторыі спрэсаваныя ў адным томе энцыклапедыі. Аўтар беражліва захоўвае ў сваіх творах народныя звычаі, традыцыі, святы. Як правіла, адной падзеі з жыцця вясковага чалавека напрыклад, вяселлю прысвечана цэлая серыя работ. Яго “драўляны народ” жыве там сваім спрадвечным клопатам: працуе, спраўляе вяселлі, ладзіць святы...
    3 асаблівай цікавасцю стаўлюся да такіх твораў народнага майстра, як “Мая Маруся” (“Драўляная нявеста”), “Жывы ў зямлю не палезеш”, “Сялянскае жыццё”, “Укрыжаванне” (“Распяцце”), “Пахаванне”, “Царква. Вянчанне” ды іншых работ, якія не пакідаюць абыякавым нікога, каму дарагая гэтая зямля і яе гісторыя.
    Мікалай Васільевіч, нягледзячы на свой сталы ўзрост, чалавек рухомы, імпульсіўны. Яго моцная ўнутраная энергетыка дапамагае адчуваць сябе гаспадаром на бацькоўскай зямлі, дзе ён жыве з сялянскай працы. Так жыў яго бацька Васіль, так жыў дзед Міхась, так жылі аднавяскоўцы, якія па запавеце продкаў згодна з непарушнай іерархіяй жыццёвых каштоўнасцей браліся шлюбам, будаваліся, працавалі на зямлі, сеючы хлеб, збіраючы ўраджай, нараджалі дзяцей, а калі надыходзіў час, то і адыходзілі ў лепшы свет.
    Мікалай Васільевіч у сваёй творчай працы адначасова сам сабе і рэжысёр, і акцёр, і галоўная дзеючая асоба створанага ім сцэнарыя... Усё жыццё гэтага чалавека звязана з адным месцам хутарам каля вёскі Стойлы, што на ўскрайку Белавежскай пушчы. Ён перажыў усіх сваіх аднавяскоўцаў, а гісторыю апусцелай вёскі ўвасобіў у мініяцюрных рознакаляровых фігурках з дрэва. Для іх Мікалай Васільевіч пабудаваў на ўласнай сядзібе музей, якому даў назву “Успаміны Бацькаўшчыны”. Музей майстра ўяўляе сабой простую драўляную хату з ганкам, на якім пад праваслаўным крыжам замацавана шыльда з назваю. А ўжо ў самой хаце збудавана цэлая вёска з вуліцаю і з хатамі, у якіх кожны з насельнікаў займаецца сваёй працаю, сваімі справамі. Усё гэта ўпарта і паслядоўна ствараў Мікалай Тарасюк сваімі рукамі з дрэва, лазы і саломы, усё гэта з’яўляецца часцінкай страчанай нашай Бацькаўшчыны, нашай агульнай гісторыі, вернутай народным майстрам у выглядзе экспанатаў ягонага музея.